Вы тут

Як прайсцi пасвячэнне ў мадэлi


З кожным годам гэта прафесiя становiцца ўсё больш запатрабаваная i папулярная ў Беларусi. Аднак для таго, каб асвоiць яе азы, трэба прайсцi сур'ёзнае навучанне. Менавiта для гэтага ў Мiнску iснуе Нацыянальная школа прыгажосцi, якая кожны год адкрывае свае дзверы для новых вучняў, што жадаюць скараць сусветныя подыумы.

Ужо шмат гадоў прафесiйны шлях для iх пачынаецца з пасвячэння. Мы пабывалi на дадзеным мерапрыемстве, пагаварылi з яго арганiзатарамi i пазнаёмiлiся з юнымi мадэлямi.


— Гэта адна з самых галоўных падзей нашай навучальнай установы, — распавядае арганiзатар i педагог Нацыянальнай школы прыгажосцi Элеанора Качалоўская, — яна ўжо, можна сказаць, традыцыйная! Пасвячэнне ў мадэлi праводзiцца штогод i абавязкова ў выглядзе моднага паказу. Ён з'яўляецца самым першым выхадам «навабранцаў» на подыум, i вялiкую адказнасць i хваляванне прыносiць тое, што ўдзельнiкi самi падбiраюць сабе ўвесь вобраз, пачынаючы з адзення i абутку i заканчваючы прычоскай i макiяжам. Гэтае мерапрыемства дазваляе не толькi пагрузiць вучняў у прафесiйную сферу мадэлiнгу, але i зрабiць аналiз iх прагрэсу, параўноўваючы першы паказ i справаздачнае выступленне ў канцы навучальнага года. Ну i, вядома ж, пасвячэнне — найлепшы спосаб раскрыць новых вучняў перад старэйшымi групамi i педагагiчным складам.

Не толькi мадэлi-па-чаткоўцы з хваляваннем ставяцца да пасвячэння. Пры падрыхтоўцы такога мерапрыемства працуе цэлая каманда прафесiяналаў, якая складаецца з галоўнага рэжысёра i двух педагогаў-арганiзатараў. Яно пачынае планавацца ў канцы жнiўня. Вядома, на працягу ўсяго часу праходзяць рэпетыцыi з новымi мадэлямi, каб яны больш камфортна адчувалi сябе перад гледачамi ў дзень пасвячэння.

— Кожны год мы стараемся зрабiць незабыўным i ўнiкальным, менавiта таму прыдумляем розныя тэматыкi для паказаў, — кажа Элеанора Качалоўская. — Тэмай пасвячэння-2020 стаў «ружовы шык». Гэта азначае, што ў вобразах усiх удзельнiкаў абавязкова павiнен быў прысутнiчаць хоць бы адзiн элемент ружовага колеру. Менавiта гэты кiрунак мы выбралi з-за актуальнасцi названага колеру ў новым фэшн-сезоне, а таксама з-за лёгкасцi яго спалучэння з iншымi. А каб гэты дзень адзначыўся ў памяцi нашых герояў не толькi добрым настроем, намеснiк дырэктара Дзмiтрый Часлававiч Урублеўскi падарыў усiм удзельнiкам фiрменныя майкi нашай школы.

Пасля размовы з арганiзатарам мы вырашылi пагутарыць з самiмi ўдзельнiкамi. Дарэчы, iх у гэтым годзе больш за пяцьдзясят чалавек. Прычым усе яны розных узростаў: самым маленькiм вучням школы ўсяго тры гады, яны ўваходзяць у склад групы «Красавiчок», а самым старэйшым ужо дваццаць пяць гадоў, i яны пачалi сваё навучанне ў групе «Прафесiйнай падрыхтоўкi».

— У Нацыянальнай школе прыгажосцi навучаюся ўсяго два месяцы, мне тут вельмi падабаецца, — дзелiцца сваiмi ўражаннямi васямнаццацiгадовая Аляксандра Саванец. Я доўга не рашалася паспрабаваць сябе ў ролi мадэлi, але шмат хто казаў, што для гэтага ў мяне ёсць усе дадзеныя, асаблiва мой высокi рост. (Смяецца.) У рэшце рэшт здалася, паспяхова прайшла адборачны кастынг для паступлення сюды. Калi нам абвясцiлi тэму нашага дэфiле, мы доўга абмяркоўвалi яе з групай, спачатку хацелi прыйсцi ўсе ў чорна-ружовай колеравай гаме, але паколькi многiм было складана падабраць лук у такiх колерах, вырашылi, што кожны прыйдзе ў тым, што яму падабаецца, але абавязкова з ружовымi элементамi. Мой вобраз досыць просты, але стыльны, а галоўнае, зручны — усё як я люблю (ён складаўся з ружовай футболкi, чорных штаноў i басаножак на абцасах). Пакуль я стаю тут, за кулiсамi, хвалявання амаль не адчуваю, але думаю, што калi выйду на сцэну, пачну перажываць мацней.

Мы пажадалi Аляксандры ўдачы на подыуме i пайшлi знаёмiцца з астатнiмi ўдзельнікамі. Праз пару крокаў сустракаем чатырохгадовую мадэль Олю Лушчык, гледзячы на вобраз якой, можна з упэўненасцю сказаць, што гэта сапраўды «ружовы шык». Дзяўчынка яшчэ вельмi малая, але ўжо ўсведамляе, што прафесiя мадэлi складаная i патрабуе шмат работы над сабой. Перад выступленнем адна з самых маленькiх вучанiц, як яна сама кажа, хвалюецца толькi ледзь-ледзь, бо падтрымаць яе прыйшоў любiмы тата Дзмiтрый.

— У школу прыгажосцi дачку прывяла мая жонка, яна сама раней мела вопыт работы ў гэтай сферы. Пакуль дачка зусiм маленькая, некаторыя словы яшчэ не зусiм добра вымаўляе, але мы ёю, безумоўна, вельмi ганарымся. Наколькi цяпер яе захапленне мадэльнай сферай сур'ёзнае, сказаць складана, наша справа пакуль што ўсяляк яе падтрымлiваць, а калi Волечка вырасце, зможа сама вырашыць, у якiм кiрунку хоча развiвацца, i калi раптам гэта будзе мадэльны бiзнес, я буду не супраць.

Да выхаду на подыум застаюцца лiчаныя хвiлiны, i мы заўважаем канкурсантак, якiя адрознiваюцца сваiмi вобразамi ад усiх астатнiх, бо ў iх няма нi аднаго ружовага элемента. Аказваецца, што гэта яшчэ адна традыцыя паказу пасвячэння: у кульмiнацыi выступлення на подыум выходзяць найлепшыя вучнi, якiя ўжо некалькi гадоў навучаюцца ў школе. Атрымлiваецца такi своеасаблiвы майстар-клас для пачаткоўцаў ад больш дасведчаных калег.

Ангелiна НОВIКАВА, студэнтка IV курса Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры i мастацтваў

Фота арганiзатараў

Загаловак у газеце: «Ружовы шык», або Прайсцi пасвячэнне ў мадэлi

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».