Вы тут

Чэрвеньскiя джыперы скараюць чарговую гульню


У адным з нумароў «Чырвонкi. Чырвонай змены» мы распавядалi пра смелых хлопцаў i дзяўчат з клуба «Jeepery_Cherven», што гойсаюць на жалезных «звярах»-джыпах па бездарожжы свайго раёна. Чым жа яны займаюцца цяпер, калi збiрацца гурбой небяспечна для здароўя, а заставацца дома —  вельмi сумна?


На шляху да мэты.

На дапамогу ўдзельнiкам клуба прыйшла адмысловая гульня «Засадзi iншага». Абавязковым атрыбутам у ёй, акрамя пазадарожнiка, з'яўляецца «пункт». Iм можа быць любы прадмет, якi агаворваецца на старце —  у чэрвеньцаў гэта шыльдачка з назвай гульнi i горада. Не абысцiся ўдзельнiкам i без навiгацыйнай праграмы, дзе можна стварыць геалакацыю. Задача аднаго экiпажа —  «засадзiць» iншыя. Iншымi словамi, схаваць шыльду ў найскладанейшае, але дасягальнае месца (найчасцей гэта лес) i пазначыць яго каардынаты ў праграме. Iншая каманда павiнна знайсцi схаваны аб'ект i сфатаграфавацца з iм («узяць «пункт»), а пасля адправiць здымак у агульны чат. Потым —  перавезцi прадмет у iншую лакацыю, пераадзначыць месцазнаходжанне i зноў скiнуць каардынаты астатнiм. Дзеяннi паўтараюцца, гуляць можна бясконца!

«Засадзi iншага» прыйшла з Расii спачатку на Гродзеншчыну. Ахоплiваючы клубы iншых гарадоў, абрастаючы новымi правiламi i нюансамi, гульня даляцела да Чэрвеня. Кожны экiпаж «Jeepery_Cherven» паспеў адправiцца па прыгоды мінімум па адным разе.

Хоць назва гульнi гучыць даволi сурова, мэта яе ўсё ж —  не пакiнуць чалавека ў лесе, а дадаць трошкi складанасцi, напоўнiць удзельнiкаў азартам, сапраўдным духам прыгод.

Своеасаблiвы дэвiз клуба.

—  Можна выкарыстоўваць розныя хiтрыкi, —  адзначыў стваральнiк i iдэйны натхняльнiк клуба «Jeepery_Cherven» Андрэй Юшко. —  Напрыклад, мы з экiпажам адвярнулi шыльду ад той дарогi, з якой пад'язджалi, каб яе было бачна з боку леса. Да таго ж выбралi вялiкае дрэва i схавалi «пункт» за iм. Каардынаты ёсць, але паспрабуйце знайсцi! Плюс тэлефон з навiгатарам —  не GPS-трэкер, не такi дакладны. Разбежка ў вас i ў iншай каманды можа дасягаць 20-30 метраў! Яшчэ ёсць месцы, якiя заблытваюць: там шмат дрэў, кустоў... Дарэчы, хаваць шыльду ў хмызнякi не забаронена. Не закiдваць углыб, канешне, але павесiць на iх так, каб «пункт» быў прыкрыты —  можна.

...Прынцыповая ўстаноўка —  пад'ехаць да месца схованкi на машыне, але рэкагнасцiроўку лепш праводзiць пешшу.

—  Сфатаграфавацца трэба так, каб адна рука ляжала на шыльдачцы, а другая —  менавiта на кузаве аўтамабiля, —  патлумачыў суразмоўнiк. —  Бо той жа бампер, якi мацуецца да яго, можна перанесцi на пэўную адлегласць. I гэта спросцiць задачу ўдзельнiку. Нават дзесяць сантыметраў адыгрываюць значную ролю... Бывалi выпадкi, калi людзi здымалi з машыны колы.

Абавязкова трэба адразу адпраўляць фота ў чат —  каб усе ведалi: «пункт» узяты. «Чуў, што ў вялiкiх гарадах людзi рабiлi гэта толькi праз некалькi дзён. А iншыя шукалi ж!» —  наракае Андрэй.

Андрэй Юшко з сынам.

Такiм чынам, гэтая гульня шмат у чым разлiчана на сумленне. Змахляваць можна заўсёды, але ў чым iнтарэс? «Няхай знайсцi месца будзе нялёгка. Але калi даехаў ты, ёсць шанц i ў iншых», —  упэўнены мужчына.

А вось жорсткiх часавых рамак няма. Шыльда можа стаяць не тое што пару дзён, а пару тыдняў i нават месяц! Залежыць ад занятасцi, настрою экiпажа, а таксама ад умоў надвор'я. Дарэчы, складанасць павышаецца з кожным днём.

«Адна справа, калi ты едзеш на наступны дзень, па «гарачых» слядах. Лес жа ўсё запамiнае, —  тлумачыць стваральнiк клуба. —  А iншая —  калi сабрацца праз тыдзень, ды яшчэ пасля дажджоў! Адбiткаў ужо не вiдаць. I зразумець, куды заехалi сапернiкi i як, ужо немагчыма».

Незнаёмая мясцовасць, шчыльны лес, мяккая ад дажджу зямля, каляiны. Няўжо джыперам не страшна загразнуць?

—  Ёсць такi момант, —  згадзiўся чэрвенец. —  На «пакатушках» —  выездах на мясцовасць з перашкодамi —  вы ўсе разам. Тады едзеш, не разбiраючы дарогi, бо ведаеш: выцягнуць любога. А тут ты сам за сябе. Вядома, можна патэлефанаваць сябрам. Але тыя не могуць хутка прыйсцi на дапамогу, бо на рабоце цi за горадам. Так можна прастаяць у лесе некалькi гадзiн. Таму варта ўважлiва «прамацаць» дарогу i толькi потым ехаць.

Джыпер Вiталiй Качэрскi з шыльдай.

Па тых жа прычынах перад стартам заўсёды неабходна зарадзiць тэлефон i ўзяць вады: невядома, колькi часу зойме пошук.

—  Увогуле, у нас патрабаванне: не адвозiць шыльду далей за свой раён i не больш чым за 30 кiламетраў, —  удакладнiў суразмоўнiк. —  Таму сама дарога можа заняць максiмум паўгадзiны. А вось шукаць пункт можна ад пяцi да 30 хвiлiн. Прасцей за ўсё лес «прачэсваць» пешшу. Няма рэзону «круцiцца» на машыне, ды i дрэвы ламаць. У гэтым мы заўсёды акуратныя.

Як правiла, удзельнiчаюць каманды на пазадарожнiках. На легкавым аўто таксама магчыма, хоць i складаней. Можа, атрымаецца на квадрацыкле, веласiпедзе, пешшу... Толькi перамяшчаць шыльду ў такiм выпадку нельга.

Дабiрацца да «пункта» ўдзельнiкам клуба даводзiцца праз гушчары i хмызнякi.

...Вiдавочна, што жыццё клуба вiруе, не спыняецца. У Андрэя Юшко i яго аднаклубнiкаў ужо ёсць пэўныя задумы на будучыню: новыя заезды, гульнi, спаборнiцтвы. Нi надвор'е, нi выклiкi часу не перашкодзяць упартым джыперам скараць новыя вяршынi.

Юлiя АДАМОВIЧ

Фота дадзена суразмоўнiкам

Загаловак у газеце: Знайдзi сам i «засадзi iншага»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».