Вы тут

​Як стаць доўгажыхаром? Цi варта ўвогуле iмкнуцца жыць доўга? Гутарка з герантолагам


У казках фiнал заўсёды аднолькавы: «Яны жылi доўга i шчаслiва». Давайце пагаворым пра доўгажыхарства. Працягласць жыцця залежыць ад самога чалавека або ад абставiн? З якога ўзросту трэба думаць аб старасцi, каб сустрэць яе годна? I ўвогуле: цi варта iмкнуцца жыць доўга? Пра гэта мы гутарым з кiраўнiком Рэспублiканскага геранталагiчнага цэнтра Людмiлай Жылевiч.


Людмiла Жылевiч — галоўны герантолаг Мiнiстэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскiх навук.

Праграма-максiмум

— Людмiла Аверкiеўна, ад чаго ў большай ступенi залежыць доўгажыхарства? Ад генетыкi, экалогii, сацыяльных умоў?

— У найбольшай ступенi працягласць жыцця залежыць ад псiхалагiчнай устаноўкi.

Дапусцiм, у вашым родзе з пакалення ў пакаленне жывуць доўга. I вы ўпэўнены, што ваш арганiзм мае вялiкi запас трываласцi i шанц дажыць да ста гадоў. Або адваротны варыянт: у чалавека ў родзе раннiя раптоўныя смерцi. Ад такiх людзей часта можна пачуць: «Я, напэўна, таксама не дажыву да 60». Гэтай перакананасцю чалавек запускае працэс паталагiчнага старэння. Падобныя ўстаноўкi («Я пражыву да ста гадоў» або «Я не дажыву да шасцiдзесяцi») становяцца тым самым трыгерам, якi вызначае хуткасць старэння, моц iмунiтэту, развiццё хвароб. Усё гэта ў першую чаргу рэгулюецца мозгам: якую праграму ты ўстанавiў, такi i будзе вынiк. У другiм прыкладзе праграму можна выбудаваць па-iншаму. Так, у маiм родзе былi раннiя смерцi, але я ведаю, ад чаго памерлi мае сваякi. Напрыклад, ад хвароб сiстэмы кровазвароту. Значыць, у мяне ёсць рызыка развiцця гэтых захворванняў. Я павiнен сачыць за станам крывi, сэрца i сасудаў, выключыць фактары рызыкi — курэнне, алкаголь, гiпадынамiю, лiшнюю вагу. Можна мець слабыя месцы ў генетыцы i дажыць да глыбокай старасцi. А можна быць з роду доўгажыхароў, але не стаць адным з iх. Такiх прыкладаў таксама мноства. «Мой дзед курыў, пiў i пражыў 97 гадоў!» Але ж дзед жыў у iншых умовах. У тыя часы людзi елi экалагiчна чыстыя прадукты i пiлi таксама не тое, што п'юць цяпер. Дзед жыў у экалагiчна чыстым рэгiёне, займаўся фiзiчнай працай, яго жыццё нельга было назваць поўным стрэсаў. А ў сучаснага чалавека, як правiла, сядзячая работа з вялiкiм псiхалагiчным перанапружаннем, пастаянны стрэс, не найлепшыя экалагiчныя ўмовы, няправiльнае харчаванне, гiпадынамiя. I вы дадаяце да гэтага курэнне i алкаголь... Варта разумець, што вы i ваш дзед — не ў роўных умовах.

— Ад людзей сталага ўзросту часта можна пачуць фразу: «Я не хачу жыць больш за 65 гадоў»...

— Гэта страх старасцi, i ён усё часцей праяўляе сябе апошнiм часам. Мы праводзiлi даследаванне, каб высветлiць, як успрымае старасць моладзь нашай краiны. Маладыя людзi на пытанне: «Што такое жыццё на пенсii?» адказвалi: «Гэта галеча, хваробы, бязвыхаднасць». У Еўропе на аналагiчнае пытанне моладзь адказвае iнакш: «Гэта свабода, магчымасць развiвацца i падарожнiчаць». Не дзiўна, што ў Еўропе працягласць жыцця большая, чым на постсавецкай прасторы. Чаму людзi баяцца старасцi? Яны баяцца бездапаможнасцi. Баяцца, што стануць залежныя ад iншых, павiнны будуць замяшчаць страчаныя функцыi за кошт блiзкiх. I гэта «ўтрыманства» ў дачыненнi да родных або дзяржавы ўспрымаюць, як велiзарны цяжар. Сёння працягласць жыцця ў нашай краiне павялiчылася: 78,4 года ў жанчын i 67 — у мужчын. Гэта значыць людзi сталi дажываць да тых захворванняў, да якiх раней мала хто дажываў — у першую чаргу гэта дэменцыя. I сёння пажылыя людзi баяцца нават не фiзiчнай слабасцi, а страты розуму, таго, што яны не змогуць адказваць за сябе. Але ж дэменцыя — не абавязковы вынiк жыцця. Так, мы баiмся, але што мы робiм, каб гэтага не адбылося?

«Вылечыць» старэнне немагчыма

— З якога ўзросту трэба думаць аб старасцi?

— Значна раней, чым прынята ў нас. У Беларусi людзi выходзяць на пенсiю i пачынаюць займацца сваiм здароўем. Гэта ўжо нядрэнна, але рыхтавацца да старасцi трэба замалада. У Еўропе ёсць цiкавыя праграмы: ужо ў малодшай школе дзецям прапануецца падумаць, што iм трэба зрабiць, каб дажыць да ста гадоў. I галоўны тэзiс — не «назапасiць пэўную суму, каб сустрэць старасць». Хоць вучаць школьнiкаў i гэтаму — як захаваць грашовыя сродкi, каб у старасцi быць незалежнымi. Але галоўны пасыл — у першую чаргу клапацiцца пра сваё здароўе. Гэта вельмi перспектыўныя праграмы, i мне хацелася б, каб яны былi i ў нашых школах. Ну, а канкрэтная ўзроставая мяжа, калi пара сур'ёзна паклапацiцца аб уласным здароўi — 45 гадоў. Менавiта на гэтым рубяжы пачынае праяўляць сябе працэс старэння арганiзма. Прыходзяць хваробы, пакутуе кровазварот i сардэчна-сасудзiстая сiстэма, пачынаюцца праблемы з апорна-рухальным апаратам, ад стомы i стрэсу з'яўляюцца кагнiтыўныя знiжэннi. У нашай ментальнасцi — махнуць на гэта рукой: выйду на пенсiю, тады i падлячуся. Але да пенсii нашы людзi звычайна прыходзяць з 5—6 хранiчнымi захворваннямi, якiя кардынальна мяняюць якасць жыцця i абмяжоўваюць магчымасцi. Каб забяспечыць сабе актыўную старасць, у 45 гадоў важна схiлiць галаву перад непазбежным i прайсцi абследаванне. Вы даведаецеся, у якiм стане ваш арганiзм i зможаце настроiць яго, як струну, для будучага даўгалецця. Да старасцi важна падрыхтавацца не толькi фiзiчна, але i псiхалагiчна. Беларусы, як правiла, аказваюцца да гэтага зусiм негатовыя. Напрыклад, трэба прыняць той факт, што наступiць дзень, калi вы пойдзеце са сваёй прафесii. I гадоў за пяць да гэтай падзеi прадумаць, чым вы будзеце займацца на пенсii. Напрыклад, пройдзеце перанавучанне, асвоiце новы навык i станеце IП. I ў першы дзень пенсii вы ўжо будзеце ведаць, чым займацца далей.

— Якiя хранiчныя хваробы выключаюць доўгажыхарства?

— Няма хвароб, якiя выключаюць доўгае жыццё. Я бачыла прыклады, калi чалавек са, здавалася б, найскладанейшым дыягназам, станавiўся доўгажыхаром. Калi генетыкi адкрылi целамеры — генетычна абумоўленыя патаўшчэннi ДНК, даўжыня якiх паказвае на закладзеную працягласць жыцця — стала здавацца, што доўгажыхарства або ранняя смерць — падзеi наканаваныя. А потым высветлiлася, што целамеры могуць даўжэць або станавiцца карацейшыя ў залежнасцi ад спосабу жыцця чалавека, яго настрою i клопату пра сваё здароўе.

— Што такое старэнне? I цi можна будзе калi-небудзь «вылечыць» старасць?

— Наўрад цi на нейкую iншую медыцынскую тэму распрацавана столькi тэорый, колькi iх iснуе на тэму прычын старэння арганiзма. Ёсць тэорыя назапашвання генетычных памылак, аксiдантнага стрэсу, парушэнняў у эндатэлii i мноства iншых. Але ўсё гэта толькi здагадкi. Думаю, старэнне — мультыфактарны працэс. Але важна разумець: старасць — не хвароба, вылечыць яе немагчыма. На пэўным жыццёвым этапе працэс фiзiялагiчнага старэння запускаецца, хочам мы гэтага цi не. Ён можа быць паталагiчны (паскораны) або фiзiялагiчны (натуральны). Праўда, сучасныя людзi пачынаюць старэць пазней, чым папярэднiя пакаленнi. Сусветная арганiзацыя аховы здароўя нават ссунула межы маладосцi амаль да 45 гадоў. Паглядзiце, як змянiлiся пажылыя людзi. У 65—70 гадоў гэта не згорбленыя дзядкi i бабулькi, гэта актыўныя грамадзяне. Дарэчы, генетычна ў чалавеку закладзена працягласць жыцця да 150 гадоў. I сучасная медыцына лiчыць, што гэта, у прынцыпе, дасягальна.

Рацыён доўгажыхара

— Больш за ўсё доўгажыхароў — у Японii i на Каўказе. Чаму менавiта ў гэтых рэгiёнах людзi жывуць доўга?

— На гэта ўплываюць менталiтэт i асаблiвасцi харчавання. У Японii ёсць i яшчэ адзiн нюанс — усходняя медыцына. Еўропа адышла ад нетрадыцыйных метадаў да лекавай медыцыны: у цябе ёсць праблема — ты шукаеш лекi. На Усходзе iншы падыход: у цябе ёсць праблема — ты шукаеш прычыну i аднаўляеш здароўе праз уздзеянне на яе. Акрамя таго, ва ўсiх рэгiёнах, якiя славяцца доўгажыхарамi, ёсць пэўныя асаблiвасцi харчавання: тут спажываюць свежыя натуральныя прадукты. Якасць ежы — адзiн з найважнейшых фактараў, якiя ўплываюць на актыўнае даўгалецце. Напрыклад, на Каўказе ў рацыёне заўсёды вельмi шмат зелянiны i свежае мяса, якое ў працэсе гатавання пазбаўляецца непатрэбнага тлушчу. У той жа Японii мяса амаль не ядуць, затое спажываюць шмат свежай рыбы — падкрэслiваю, свежай, а не замарожанай. Яна там даступная, як у нас цыбуля i часнок.

— А якi можа быць рацыён доўгажыхара для чалавека, што жыве ў беларускiм горадзе?

— Шукайце максiмальна натуральныя прадукты без дабавак, кансервантаў i глыбокай замарозкi. Замест крэветак запячыце бульбу ў мундзiрах у духоўцы i вы атрымаеце дзённую норму калiю. Замест грэйпфрута з'ешце яблык, што вырас у вёсцы ў бабулi. Каб атрымаць вiтамiн С, пакаштуйце не лайм, а журавiны. Тое, што можна з'есцi сырое, ешце сырое. I вельмi важна дадаць у рацыён досыць мяса — ахалоджанага, а не замарожанага, белага, а не чырвонага — гэта ў першую чаргу iндычка i трус. Бялок — гэта мышачны каркас, злучальная тканка, сухажыллi, а таксама выпрацоўка ўласнага калагену, якi не дае старэць скуры i суставам. Да БАДаў, дарэчы, я таксама стаўлюся станоўча. Але важна памятаць, што бiялагiчна актыўныя дабаўкi не могуць замянiць лекi.

Чаму жанчыны жывуць даўжэй

— Чаму беларускiя мужчыны жывуць менш, чым жанчыны?

— Пiк смяротнасцi мужчын у нашай краiне прыпадае на ўзрост ад 45 да 50 гадоў. Падышоўшы да гэтай узроставай мяжы, наш сярэднестатыстычны мужчына падрасцiў дзяцей, пасадзiў дрэва i пабудаваў якi-нiякi дом — назапасiў грошай на «дачку i тачку». На жаль, класiчная нацыянальная мужчынская праграма вельмi абмежаваная, i вось ён яе выканаў. З жонкай яны ўжо прыцерлiся адно да аднаго — нi моцных станоўчых, нi адмоўных эмоцый. Што далей? Мужчына перастае развiвацца: кладзецца на канапу i пачынае нарошчваць метабалiчны iндэкс. Услед за недахопам фiзiчнай актыўнасцi i ростам масы цела прыходзяць гiпертанiя, праблемы з сэрцам, цукровы дыябет. Мужчыну сумна, але ён не шукае новыя сферы прымянення свайго розуму i навыкаў. Не хачу сказаць, што гэта аксiёма. Напрыклад, бiзнесмены, як паказвае практыка, не спыняюцца ў развiццi, бо адчуваюць адказнасць за свой бiзнес. Ёсць у нашай краiне нямала мужчын i ў iншых прафесiйных сферах, якiм i ў 50, i ў 60 ёсць куды iмкнуцца. Але нават у сельскай мясцовасцi, дзе, здавалася б, невысокi ўзровень жыцця прымушае людзей пастаянна шукаць варыянты заробку, мужчына сярэдняга ўзросту, страцiўшы работу, наўрад цi паедзе працаваць у суседнюю вёску, не будзе шукаць, як перапрафiлявацца, калi ў яго прафесiйнай сферы зацiшша. А вось нашы жанчыны будуць шукаць варыянты заўсёды. Яны будуць шыць, вязаць, вырошчваць агароднiну-садавiну на продаж, яны дабягуць да суседняга населенага пункта, калi там ёсць работа.

— Жанчыны ў Беларусi больш актыўныя — i таму жывуць даўжэй?

— Так. Актыўныя жанчыны, на якiх да глыбокай старасцi «ўсё трымаецца» — наша нацыянальная рыса. У бабуль ёсць моцная матывацыя — унукi. Для доўгажыхарства патрэбны зацiкаўленасць, нейкая справа, якая не дае апусцiць рукi; мэта, якая падтрымлiвае. А даляжаць на канапе да ста гадоў пад сiлу вельмi нямногiм. Усе доўгажыхары да самага апошняга дня сацыяльна актыўныя. Калi гэты чалавек быў слесарам, то i ў старасцi ён ходзiць па вёсцы i дапамагае суседзям; калi ён быў настаўнiкам, то i на пенсii займаецца рэпетытарствам. Кожны доўгажыхар знаходзiць для сябе нейкую рэалiзацыю. Яшчэ адна форма самазахавання ў нашага народа — гэта дача. Як герантолаг я бачу, што гэтую форму рэалiзацыi ў нашых умовах пераацанiць проста немагчыма. Спадзяюся, у краiне будуць развiвацца новыя формы сацыяльнай актыўнасцi, такiя як унiверсiтэты трэцяга ўзросту, школы актыўнага даўгалецця, прафесiйная пераарыентацыя i iншыя.

— А позняе дзiця для мужчыны — гэта стымул да доўгажыхарства?

— Я ведаю сем'i, якiя дажываюць разам да глыбокай старасцi. Такiя людзi захоўваюць яснасць розуму, у iх прыгожыя, кранальныя адносiны. Але часта ў апошнiя гады сустракаецца i iншая сiтуацыя, калi мужчына, не разлiчыўшы свае сiлы, уступае ў новы шлюб. Вядома, маладая жонка матывуе сачыць за сваiм здароўем i адпавядаць яе патрабаванням. Але фiнал такой гiсторыi можа быць сумны. Так цi iнакш, статыстыка кажа пра тое, што адзiнокiя мужчыны жывуць менш, чым тыя, з кiм побач жанчына.

Навошта жыць да ста гадоў

— У доўгажыхарства ў Беларусi — жаночы твар?

— Наадварот, якраз мужчынскi. Пасля 65 гадоў у нашага насельнiцтва — твар адзiнокай жанчыны. Але калi мужчына перажывае крызiс 45-50 гадоў i пераступае 70-гадовы рубеж, ён, як правiла, жыве даўжэй. Сярод доўгажыхароў, чый узрост перавалiў за 90, большасць — адзiнокiя мужчыны.

— I напрыканцы: цi трэба iмкнуцца жыць доўга?

— Адназначна, трэба. Асаблiва цяпер, калi адкрылася столькi магчымасцяў для рэалiзацыi ў розных кiрунках людзей усiх узростаў. Даўгалецце — гэта бонус, якi цывiлiзацыя падарыла чалавеку. I iм трэба правiльна скарыстацца. Асабiста я, напрыклад, хачу як мага даўжэй быць са сваiмi дзецьмi i ўнукамi i вярнуцца да сваёй даўняй творчай мары. Для моладзi ў сучасным свеце асаблiва важна, каб побач быў чалавек мудры, дасведчаны, якi ў хвiлiну адчаю выслухае, падтрымае i дасць слушную параду. Маладым людзям, нягледзячы на сучасны тэмп жыцця i тэхнагеннае стагоддзе, заўсёды патрэбна цёплае святло роднага ачага, якое захоўваюць для сваiх унукаў бабулi i дзядулi.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Доўга i шчаслiва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?