Вы тут

Родныя ветлы, родныя хаты


Вяртанне да мясцін, дзе прайшло тваё дзяцінства, — гэта заўсёды пара цёплых і душэўных сустрэч з роднымі людзьмі, успамінаў пра мінулае ды развагаў пра будучыню


Ізноў мы ў Рэчыцы

З палескае Рэчыцы, ведаю, многія ў свой час падаліся ў вялікі свет. Бо гэта — горад на Дняпры, рацэ трох народаў: пачынаецца яе шлях да Чорнага мора ў Расіі, цячэ бацька-Дняпро праз Беларусь ды ўпрыгожвае сабой нашу зямлю, а потым асвячае й братнюю Украіну. Велічная рэчка сама нібы падказвае нам: трэба быць гнуткім, варушыцца, рухацца па жыцці сваім уласным рэчышчам. Да таго ж так сталася, што менавіта ў Рэчыцы, на знакамітым сярод геолагаў ды багатым на карысныя выкапні Прыпяцкім прагіне, развівалася за савецкім часам беларуская нафтаздабыча. Яшчэ ў 1965‑м было ўтворана вядомае нафтаздабыўнае ўпраўленне “Рэчыцанафта”. І я, была пара, гадаваўся ў вёсцы з вельмі красамоўнай назвай: Гарывада. Ну не трэба ж, падаецца мне, і вялікім спецыялістам быць, каб задумацца: а што там за вада такая, што гарыць, зафіксавана была ўдумлівымі ды назіральнымі продкамі? А калі ў Беларусі — дзякуючы спецыялістам з розных куткоў Савецкага Саюза — склалася ўжо свая моцная “нафтавая школа”, і пачала з дзясяткаў свідравін здабывацца палескае чорнае золата, прыйшла пара й Рэчыцы аддаваць запазычанае. І моцныя рэчыцкія хлопцы, мужчыны масава паехалі працаваць вахтавым метадам на іншых радовішчах вялікай краіны. Сотні, тысячы палешукоў так і пусцілі там з часам свае карані.

“Дняпроўскія хвалі ды водар лугоў —/ У сэрцы маім назаўсёды./ Вадою дзяцінства змываю ізноў/ Жыццёвыя беды-нягоды…” Так і хочацца гаварыць з замілаваннем, светлымі вершамі, калі бачыш Дняпро з высокага берага ў Рэчыцы. Мне тут кожны раз хораша й вольна дыхаецца. Хоць успаміны пра дзяцінства маё ваеннае, пасляваеннае — не заўсёды светлыя. Гэта ж тут гадавала мяне дарагая матуля: Праскоўя Якаўлеўна, у замужжы Котава. Яе й Параскай звалі. Пра тое нядаўна расказваў на тэлекамеру. Сябры падгаварылі: давай, кажуць, зробім тэлефільм да 80‑х угодкаў (якія ўжо не за гарамі). Вядома ж, паехалі спецыяльна ў Рэчыцу. Згадваў я там пра далёкае былое, пра станаўленне як харэографа, няпросты шлях у народнае мастацтва. І менавіта ж у Рэчыцы, малым зусім, чуў я й бачыў сардэчныя, тужлівыя ўдовіны песні (ад якіх на вачах і цяпер міжволі наварочваюцца слёзы). На вячорках пасляваенных спрабаваў танчыць маленькім, паглядваючы на мясцовых кабет, моцна ўчапіўшыся дзеля раўнавагі за матуліну спадніцу. Толькі зайграе гармонік суседа — і я ў танец з усімі.

Жылі мы тады, вядома ж, бедна, і ўсё ж багацці душэўныя свае па куточках не прыхоўвалі. Згадваю той час — і ёсць адчуванне: мы ўсе былі родныя. Усе — сваякі. Адно аднаго паважалі, шанавалі. Дапамагалі ў горы, падзялялі-прымнажалі хвіліны простай, нібы кавалак чорнага жытняга хлеба, радасці.

Прыгожая наберажная Дняпра ў Рэчыцы

Рэчыца — светлы бераг майго дзяцінства. Тут і сёння жывуць мае родныя людзі з котаўскага радаводу. Самаму меншаму на пачатку восені 2020‑га было ўсяго пяць месяцаў. І ён усміхаўся дзеду Міколу. Вядома ж, у нашым родзе жанчыны зменьваюць прозвішчы, выходзячы замуж. Гэта сёння ўжо й Лаханько, і Цімашэнкі… Зрэшты, гэтак жа й Дняпро, думалася мне, па доўгай дарозе да мора ўбірае ў сваю плынь можа сотні рэчак — тым і моцны, і прыгожы. Гэтаксама й наш род Котавых залучае ў сябе ручаіны з іншых крыніц. Мне ж прыемна ўсведамляць, што пры тым павага да продкаў, удзячная памяць пра іх ёсць важны складнік духоўнага жыцця маіх родзічаў, сваякоў. І не варта казаць: маўляў, само ўсё так складваецца. Далёка ж не! Беларускія традыцыі выхавання, гарманічнага жыцця ў супольнасці — гэта штодзённая духоўная праца многіх пакаленняў людзей. Мы з гадамі й самі пераконваемся: нельга, каб чалавек рос, як кажуць, на лес гледзячы. Цяпер жа й вучоныя, даследуючы жыццё клетак чалавечага арганізма, сцвярджаюць: далёка не ўсё вырашаюць гены. Якраз навакольнае асяроддзе, у тым ліку й карпатлівае выхаванне тысячамі розных сігналаў фармуюць нас пад сябе. Прычым яшчэ ў матчыным улонні, кажуць, закладваюцца на ўзроўні падсвядомасці нейкія ключавыя, найбольш важныя праграмы, якія потым рэалізуюцца ў суперскладанай машыне пад назвай чалавек.

Мікола Котаў на высокім беразе Дняпра

Нас, помніцца, з дзяцінства вучылі любіць родную зямлю. Працу. Бацькаўшчыну. Згадваю яшчэ й бабуляй маёй, відаць, пасаджаныя ветлы каля хаты — а ветлай у нашых мясцінах называюць вярбу з белым лісцем. Вось якія жывыя, магутныя біямагніты ёсць у роднай маёй старонцы! Памятаю я й той пясок, у якім поўзаў галышом. Загартоўка на ўсё жыццё! Згадваю й мячык з анучак, якім гулялі мы ў футбол на той вуліцы, дзе я нарадзіўся. А мне ж хутка 80…

Сёння жывуць мае родзічы не толькі ў Беларусі: у Германіі, Латвіі, Расіі, Украіне. У братняй краіне на поўдзень хоць і далёкая радня, але ж мне — блізкая й таксама дарагая.

З роднымі людзьмі ў восеньскіх кветках

Вераснёўскім днём пабачыў: вёска мая Гарывада, таксама мне родная, нібыта крыху пасівела. Ды яна па-ранейшаму працуе, спявае й шмат усяго памятае. Мы ж, хто знітаваны з тымі мясцінамі на ўсё жыццё, памятаем сваіх продкаў-родзічаў. Простыя, на першы погляд, правілы выжывання ў соцыуме. Пра тое, дарэчы, мы час ад часу гаворым па душах з пісьменнікам, прадпрымальнікам Валерыем Сарокам, які й дапамог нам зладзіць невялічкую тэлеэкспедыцыю (са мной былі Сяргей Яноўскі, Аляксандр Гаварко, Васіль Кулікоў) на маю Бацькаўшчыну. Дарэчы, мы з Валерыем Іларыёнавічам абодва — сыны франтавікоў. Ягоны бацька, Ларывон Сарока (з вёскі Скакуноўшчыны Бешанковіцкага раёна Віцебшчыны) таксама калісьці гартаваў свой характар ў полымі жорсткіх войнаў. І двойчы ў Вялікую Айчынную прайшоў праз нямецкі палон. Сям’я нават пахаронку атрымала, і толькі амаль праз год пасля Перамогі вярнуўся салдат дадому. А мой бацька, Конан Котаў, так і застаўся ў ёй назаўсёды. Вечная памяць яму.

Ля магілы маці

Дзякуй за цёплыя твае далоні, прыдняпроўская мая Рэчыца! Мы яшчэ сустрэнемся з табою.

Мікола Котаў, харэограф, ганаровы жыхар горада Турава.

Фота: Васіль Кулікоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».