Вы тут

Повязі нашага братэрства


Прадстаўнікі розных этнасаў жывуць у Казахстане у адзінай культурнай прасторы, у атмасферы гарманічнага суіснавання культур і рэлігій. Таксама й беларусы, якія апынуліся ў розныя часы ў далёкай ад Беларусі краіне, робяць значны ўнёсак у яе развіццё.


Леанід Піталенка і Амбасадар Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў на форуме ў Мінску. 30.10.2009 г.

Вялікі казахскі стэп, багатая гісторыя й культура казахскага народа трывала ўвайшлі ў маё жыццё. У тым ліку пахам палыну, мелодыямі вялікага Курмангазы, філасофскай паэзіяй ды словамі настаўлення ад выбітнага мысляра, філосафа Абая Кунанбаева, вершы якога гучаць у нашым часе й на беларускай мове. А нас, беларусаў у Казахстане, — дзясяткі тысяч. У горадзе Алматы шмат гадоў дзейнічае Рэгіянальны Беларускі культурны цэнтр, якім я й цяпер кірую. Пра добрыя справы яго актывістаў, пра падзвіжнікаў беларуска-казахскага пабрацімства й супрацоўніцтва пойдзе далей гаворка.

З Віцебска — у Алма­-Ату

У нашым беларускім коле стала добрай традыцыяй святкаваць разам Наўрыз, Дзень Адзінства народа Казахстана 1 Мая, Дзень падзякі й Дзень домбры, Масленіцу, Дзень Івана Купалы, адзначаем таксама іншыя важныя даты. На 60‑годдзе, 65‑годдзе, 70‑годдзе Вялікай Перамогі ды ў Дзень вызвалення Беларусі ветэранам-удзельніцам вызвалення нашай зямлі ўручаліся юбілейныя медалі Рэспублікі Беларусь, грошы, каштоўныя падарункі. Мы актыўна ўдзельнічаем у “Гутарках на Шаўковым шляху”, ініцыятар і кіраўнік якіх — дыпламат, культуролаг Мурат Ауэзаў. Беларусы разам з іншымі актывістамі этнакультурных аб’яднанняў 2 мая 2019 года ў Доме дружбы Алматы здзейснілі кулінарнае падарожжа ў плыні фестывалю “Достық дастархан”: ён знаёміць казахстанцаў са звычаям й традыцыям розных этнасаў, спрыяе міжкультурным кантактам і супрацоўніцтву. Акімат Алматы, сакратарыят Асамблеі народа Казахстана горада і тэлеканал СТВ падрыхтавалі серыю тэлепраграм “Туған еў” — пра культуру, літаратуры, нацыянальныя кухні этнасаў Казахстана. Прычым і прадстаўнікі Беларускага культурнага цэнтра ў іх актыўна паўдзельнічалі.

У кожнага з нас, чальцоў БКЦ, быў свой шлях у краіну стэпаў. Я ж упершыню прыехаў у Казахстан у 1964 годзе: у складзе студэнцкага будатрада. Як аказалася, надоўга. Між тым пра экзатычны стэпавы край ведаў з дзяцінства. Наша настаўніца малодшых класаў Ганна Міхайлаўна часам распавядала, як пасля ранення лячылася ў Алма-Аце, пра горад, у якім уздоўж вуліц растуць яблыні ды яблык еш — колькі хочаш. Мы, беларускія дзеці пасляваенных гадоў, якія ў сваёй вёсцы з выпаленымі садамі, акрамя глыбокіх варонак ад снарадаў, нічога такога не бачылі, былі ўражаны той карцінай, якую сабе ўяўлялі. Асабліва запомнілася, як Ганна Міхайлаўна са слязамі на вачах чытала верш “Ленинградцы, дети мои” Джамбула Джабаева. Казахі яшчэ з тых школьных гадоў бачыліся мне добрымі, спагадлівымі людзьмі. Пасля заканчэння Віцебскага педінстытута я прыехаў працаваць у Алма-Ату. Дарэчы, жонка мая, аграном па спецыяльнасці, з якой я пазнаёміўся ў Джанібеку, у будатрадзе, — ураджэнка Талгара. (Цяпер Жанібек — сяло ў Заходне-Казахстанскай вобласці, непадалёк ад мяжы з Расіяй, адміністратыўны цэнт Жанібекскага раёна. Талгар — райцэнтр у Алмацінскай вобласці, на паўночных схілах Заілійскага Алатау, за 25 км на ўсход ад Алматы. — Рэд.)

Працаваў я спачатку настаўнікам у сярэдняй школе, затым дзесяць гадоў — у Міністэрстве асветы Казахстана. Больш за дваццаць гадоў быў дырэктарам Станцыі юных натуралістаў. Экалагічную адукацыю, фітадызайн, “зялёную” архітэктуру ды й само знаёмства са светам жывёл і раслін мы лічылі самымі асноўнымі складнікамі ў сістэмнай працы з дзецьмі. Папулярным быў гурток “Залатая саломка”. Дарэчы, традыцыі пляцення з саломкі характэрныя для народных промыслаў рускіх, беларусаў, літоўцаў, уласцівыя й казахам. Тэрыторыя Станцыі юннатаў Алма-Аты стала цэнтрам адпачынку жыхароў бліжэйшых мікрараёнаў горада. А я ж хоць паступова й прырос да Казахстана, але памяць пра Беларусь жывая ў сэрцы маім заўсёды. Кожная сустрэча з казахстанскімі беларусамі была падставай для шчырых размоў, успамінаў. Памятаю, як рэктар Казахскай галоўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Казахстана Павел Аляксандравіч Атрушкевіч запрасіў нас, сваіх землякоў, каб стварыць Беларускі культурны цэнтр. Мэты ж мы ставілі такія: падтрыманне нацыянальных моўных і культурных традыцый, наладжванне культурных і дзелавых сувязяў з Беларуссю, удзел беларусаў у стварэнні грамадзянскай супольнасці ў незалежным Казахстане. Гэта быў няпросты, віхурны час развалу Савецкага Саюза, узнікнення межаў і нацыянальных валют… Стварэнне ў той час нацыянальных культурных цэнтраў (а неўзабаве — па ініцыятыве й пад кіраўніцтвам Першага Прэзідэнта Рэспублікі Нурсултана Абішавіча Назарбаева — Асамблеі народа Казахстана), шмат у чым дапамагло прадухіліць масавы ад’езд прадстаўнікоў некарэннай нацыянальнасці з Казахстана, умацавала стабільнасць і міжнацыянальную згоду ў краіне. (Асамблея народа Казахстана — кансультатыўна-дарадчы орган пры Прэзідэнце Казахстана, які спрыяе распрацоўцы й рэалізацыі нацыянальнай палітыкі ў дзяржаве. — Рэд.)

Дыпламатычныя адносіны паміж незалежнымі Рэспублікай Казахстан і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўлены 16 верасня 1992 года. Амбасада Рэспублікі Казахстан у Мінску адкрылася 9 студзеня 1993 года, і трохі пазней — 13 ліпеня 1997 года — Амбасада Рэспублікі Беларусь у Алматы, тагачаснай сталіцы. Пазіцыі нашых краін па большасці праблем рэгіянальнай і міжнароднай палітыкі супадаюць, адносіны развіваюцца ў атмасферы ўзаемаразумення й даверу. Мы супрацоўнічаем у палітычнай сферы, эканамічнай, навуковай і культурнай. Аснова ж гуманітарнай ды культурнай супрацы паміж дзяржавамі — Пагадненне паміж Урадамі ў галіне культуры, навукі ды адукацыі ад 17 студзеня 1996 года.

Беларускі культурны цэнтр у Алматы й вобласці працуе з 1991 года, зарэгістраваны быў афіцыйна ў снежні 1992‑га. Ля вытокаў стварэння БКЦ былі Е. П. Иванов, М. М. Каледич, Е. А. Юриков, В. Л. Гульницкий, Е. А. Моисейчик, А. Ф. Цеховой, Л. И. Подольский, П. А. Жукович ды іншыя. (Ініцыялы й прозвішчы падаем паводле рускамоўнага арыгінала. — Рэд.). На пачатку 90‑х беларускія культурныя цэнтры былі ў Алматы, Паўладары, Усходнім і Паўночным Казахстане, цяпер іх яшчэ больш — ужо 12. Асацыяцыя Беларускіх культурных цэнтраў Казахстана пакуль афіцыйна не зарэгістраваная, але ж існуе, і супляменнікі мяне абралі яе старшынёй. Так што я ўжо амаль 30 гадоў працую на адказных беларускіх грамадскіх пасадах: бо яшчэ ў снежні 1992‑га Павел Атрушкевіч, якога мы абралі кіраўніком НКЦ “Беларусь”, прапанаваў радзе абраць мяне яго намеснікам. (Павел Атрушкевіч 14 гадоў быў рэктарам Казахскай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, выбіраўся народным дэпутатам Парламента краіны, быў сенатарам і 9 гадоў — намеснікам старшыні Асамблеі народа Казахстана. Якую, як і раней, па гэты час узначальвае Першы Прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў. Пра тое больш падрабязна можна пачытаць у тэксце Леаніда Екеля “Открытая книга” (СБ, 09.07.2008). Калі ж Павел Аляксандравіч у 2000‑я гады перабраўся на жыхарства ў Беларусь (дарэчы, меў лецішча непадалёк ад роднай вёскі — у мястэчку Новы Свержань), то кіраўніцтва Беларускім культурным цэнтрам перайшло да ягонага намесніка Леаніда Піталенкі. — Рэд.)

Нашы ў стэпавым краі

Павел Атрушкевіч

Актыўны перасяленчы рух з Беларусі ва Усходні Казахстан распачаўся ў 1909 годзе. Гэта былі сем’і Міцкевічаў, Склярнікавых, Карнейчыкаў, Угольнікавых, Падскрэбкаў, якія прыбылі з Мінскай губерні. Прычым назвалі яны сваё сяло Мар’іна Горка — у памяць пра родныя мясціны. (У Мінскай вобласці Беларусі цяпер Мар’іна Горка — гэта цэнтр Пухавіцкага раёна. У Казахстане тагачасныя перасяленцы заснавалі вёску Мариногорка: у Какпецінскай воласці Сяміпалацінскай губерні. Гэтыя звескі знаходзім у кнізе “Белорусы Восточного Казахстана”, яе выдалі актывісты Беларускага культурнага цэнтра з горада Усць-Каменагорска ў 2017 годзе. Там жа пішацца, што першымі беларускімі пасяленцамі ў Казахстане былі катаржныя ссыльныя (з 1839 па 1863 год) з Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай губерняў. Многія з іх засталіся жыць у гарадах Усць-Каменагорску ды Сяміпалацінску. — Рэд.). Варта заўважыць, што калі прадстаўнікі некаторых народнасцяў апынуліся ў Казахстане ў асноўным у выніку высылак, гвалтоўных перасяленняў, то большасць беларусаў (за выключэннем рэпрэсаваных) — цалкам свядома й па сваёй волі.

Такім чынам, першая масавая хваля беларусаў-перасяленцаў прыбыла ў Казахстан у перыяд Сталыпінскіх аграрных рэформаў. А другую хвалю ўтварылі эвакуяваныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І трэцяя, самая масавая, была ў гады асвойвання цалінных і абложных зямель. Перасяленцы, якія прыбылі ў Казахстан у пошуках лепшае долі й для аказання братэрскае дапамогі, былі гасцінна прынятыя казахскім народам. Так фармаваліся ды мацнелі повязі нашага братэрства. Сёння нашчадкі перасяленцаў — самых розных хваляў і гадоў — працуюць у сферы эканомікі, культуры, адукацыі Казахстана, займаюцца прадпрымальніцтвам, прадстаўленыя ў дзяржорганах, у савеце АНК.

У жніўні 2009 года ва Усходнім Казахстане прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100‑годдзю з часу пасялення беларусаў у стэпавым краі. У іх прынялі ўдзел тагачасны Амбасадар Беларусі ў Казахстане Васіль Гапееў, дэлегацыя з Беларусі на чале з намесніцай старшыні выканкама Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Таццянай Ішуцінай, прадстаўнікі бізнес-структур.

Казахстанскі рэктар з беларускай Мархачоўшчыны

З бязмежным пачуццём падзякі я згадваю ўсё, што зрабіў на карысць Казахстана і таксама беларускай дыяспары ў гэтай краіне мой зямляк, беларус Павел Атрушкевіч: як навуковец, кіраўнік ВНУ ды бачны палітычны й грамадскі дзеяч. Ён, ураджэнец вёскі Мархачоўшчыны Стаўбцоўскага раёна Міншчыны, у 1952 годзе закончыў Нясвіжскае педвучылішча, папрацаваў настаўнікам, а пасля й дырэктарам сямігадовай школы. А калі ў 1958‑м закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках (Магілёўшчына), то стаў інжынерам-землеўпарадчыкам і атрымаў накіраванне ў Алма-Ату. Там і пачынаў новую для сябе працоўную дзейнасць інжынерам і начальнікам аддзела Цэнтральнай комплекснай экспедыцыі. З 1961 па 1980 гады Павел Аляксандравіч выкладаў у Казахскім політэхнічным інстытуце, прайшоў шлях ад асістэнта, старшага выкладчыка, дацэнта да сакратара парткамітэта й загадчыка кафедры. Стаў кандыдатам тэхнічных навук: абараніў ў 1971‑м дысертацыю “Сучасныя вертыкальныя рухі зямной кары на Алма-Ацінскім геадынамічным палігоне”. Быў прафесарам, членам-карэспандэнтам НАН Казахстана, загадваў кафедрай інжынернай геадэзіі Алма-Ацінскага архітэктурна-будаўнічага інстытута.

Вучні прафесара Паўла Атрушкевіча, выпускнікі Казахскай галоўнай архітэктурна-будаўнічай акадэміі (рэктарам яе беларус быў у 1987–1999 гады) працуюць сёння ў Казахстане й далёка за яго межамі. Вядомы вучоны ў галіне прагназавання землятрусаў геадэзічнымі метадамі, даследаванняў устойлівасці буйных народнагаспадарчых аб’ектаў, размешчаных у сейсманебяспечных зонах, распрацаваў унікальную методыку вызначэння дэфармацый зямной паверхні, ужывальную на многіх геадэзічных палігонах краін СНД і далёкага замежжа. Аўтар манаграфіі “Геадынамічныя даследаванні на Алмацінскім палігоне” Павел Атрушкевіч, калі быў намеснікам старшыні Камітэта па навуцы й адукацыі Вярхоўнага Савета Казахстана, непасрэдна ўдзельнічаў у фармаванні заканадаўчых актаў, палажэнняў, праграм развіцця вышэйшай школы й навукова-даследчых цэнтраў краіны. Ён аўтар больш чым 100 навуковых прац, публікацый у айчынных і замежных выданнях. У лістападзе 1999‑га быў прызначаны дэпутатам Сената Парламента Казахстана, чальцом Камітэта па міжнародных справах, абароне й бяспецы, пасля — чальцом Камітэта па сацыяльна-культурным развіцці.

Лаўрэат Прэзідэнцкай прэміі міру й духоўнае згоды Павел Атрушкевіч у 2003 годзе выдаў кнігу ў дакументальнай серыі біяграфій з глыбока сімвалічнаю назвай “Душа живет в Казахстане”. А потым яго паклікала да сябе родная Бацькаўшчына: ён жыў некаторы час у Мінску, на лецішчы ў Новым Свержні.

Адна з нашых апошніх сустрэч з Паўлам Аляксандравічам была ў Мінску — восенню 2009‑га: на ІІ Форуме культурнай і навуковай інтэлігенцыі нашых краін “Казахстан — Беларусь: досвед гуманітарнага супрацоўніцтва й захавання міжнацыянальнай стабільнасці”. У працы форуму тады паўдзельнічалі й нашы супляменнікі з Казахстана Аляксей Цэхавой ды Святлана Ананьева. Святлана прэзентавала калектыўную манаграфію Інстытута літаратуры й мастацтва імя М. А. Ауэзава “Міжнародныя сувязі казахскай літаратуры ў перыяд Незалежнасці”. Вялікую цікавасць навукоўцаў і дыпламатаў выклікаў раздзел кнігі, прысвечаны казахска-беларускаму літаратурнаму супрацоўніцтву — гэта быў першы досвед абагульнення дасягнутага ў такой гуманітарнай галіне. Я з вялікім задавальненнем слухаў прывітанне Паўла Атрушкевіча ў адрас удзельнікаў форуму, потым гутарыў з ім асабіста на прыёме ад імя Амбасадара Казахстана ў Беларусі Анатоля Смірнова. Павел Аляксандравіч жыва цікавіўся пытаннямі развіцця навукі і адукацыі ў Казахстане, навінамі з жыцця суайчыннікаў, працай нашага БКЦ.

Павел Атрушкевіч (справа) з жонкай Ларысай Аляксандраўнай і Леанідам Піталенкам у Мінску. 30.10.2009 г. Фота Івана ЖДАНОВІЧА

(Пра той знакавы форум мы расказвалі ў тэксце “Цэнтр Еўропы і сэрца Еўразіі” (ГР, 12.11.2009). І тады ўжо было бачна, што Павел Аляксандравіч адчуваў сябе не лепшым чынам — здароўе падводзіла. Паводле вестак, знойдзеных намі ў інтэрнэце, ён памёр у Адэсе, дзе апошнім часам жыў, у 2014 годзе. Магчыма, у знак ушанавання памяці Паўла Атрушкевіча яго імем варта было б назваць вуліцы ў Алматы, Нур-Султане, ды і ў Мінску, Стоўбцах. Ці можа й БКЦ ў Алматы назваць ягоным іменем? — Рэд.)

Працяг будзе

Леанід Піталенка, кіраўнік Рэгіянальнага Беларускага культурнага цэнтра, г. Алматы

Ад рэдакцыі. Грунтоўны тэкст Леаніда Піталенкі даслала ў рэдакцыю Святлана Ананьева — літаратуразнаўца, кандыдат навук, дацэнт і да таго ж чалец праўлення Беларускага культурнага цэнтра ў Алматы. З ёй мы сустракаліся на пачатку года ў Мінску, калі праходзіла чарговая Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, дамовіліся пра далейшае супрацоўніцтва. Пра тое гл.: “Розныя мовы. Адзін Сусвет” — ГР, 24.04.2020). Магчыма, з часам беларусы Алматы выдадуць і адпаведную кнігу пра супляменнікаў, якія не згубіліся ў Казахстане.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».