Вы тут

Мелодыі светлай тугі


У Мінску ўшанавалі памяць кампазітара й былога музычнага кіраўніка “Песняроў” Алега Молчана


Фота БЕЛТА

26 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Алега Молчана. Менавіта ў гэты дзень год таму перастала біцца яго сэрца.

Дошка ўстаноўленая на доме, дзе нарадзіўся й жыў Алег Молчан у дзяцінстве — у Мінску, па вуліцы Ракаўскай, 20. Яе стварылі беларускія скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў. Ідэя такога ўшанавання памяці належыць удаве кампазітара, спявачцы Ірыне Відавай. Дапамаглі яе ўвасобіць у жыццё Нацыянальны фонд падтрымкі праваўладальнікаў (Расія) і Беларускі саюз музычных дзеячаў, а таксама Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкам.

За дзень да падзеі, 25 кастрычніка, у Белдзяржфілармоніі прайшоў канцэрт памяці кампазітара. Аўтаркай праекта й вядучай канцэрта была Ірына Відава. Сачыненні Алега Молчана выконвалі Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Наталлі Міхайлавай, Мітрапалічы хор Свята-духава кафедральнага сабора Мінска (рэгент Віталь Сабалеўскі). Выйшлі на сцэну і ўдзельнікі розных гадоў ансамбля “Песняры”: народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, заслужаны артыст Беларусі Анатоль Кашапараў, заслужаны артыст Беларусі Вадзім Касенка, Уладзімір Марусіч, Андрэй Усанаў ды іншыя. Выступалі вакальны гурт “Чысты голас”, гурт “Бай сіці”.

Алег Молчан стаў вядомым як аўтар хітоў: “Маргарыта”, “Стася”, “Малітва”, “Песня мая”, “На адной хвалі”, “Lіebe Love L’amore” ды іншых. У канцэрт былі ўключаны й яго вакальныя, інструментальныя творы, а таксама музыка да спектакляў. Алег Молчан быў віртуозным піяністам. Яго фартэпіянныя п’есы ў часе канцэрта выканаў Аляксандр Музыкантаў.

Перад пачаткам канцэрта ў фае Вялікай канцэртнай залы пры ўдзеле Музея Уладзіміра Мулявіна ладзілася выстава фотаздымкаў, канцэртных касцюмаў, інструментаў, рукапісных клавіраў, нотных і CD-выданняў Алега Молчана. Можна было набыць двайны CD-альбом “Алег Молчан. “Песняры”, песні, апрацоўкі” (выпушчаны абмежаваным накладам на вінілавых дысках, што павінна парадаваць калекцыянераў) ды “Ірына Відава і Алег Молчан. На адной хвалі”.

У Беларускай дзяржфілармоніі Алег Молчан працаваў з 1987 года, пісаў песні й песенныя цыклы для салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, харавых калектываў і вакальных ансамбляў. Ён стаў вядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі ў часе супрацы з ансамблем “Песняры” і яго мастацкім кіраўніком, народным артыстам Беларусі Уладзімірам Мулявіным. Алег Молчан быў ушанаваны медалём Францыска Скарыны.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.