Вы тут

Сузор’е слаўных драматургаў


Літаратурна­-дакументальная экспазіцыя “Творчасць як жыццё…” адкрываецца днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры


Ці ёсць у Неба графік паставак на беларускую зямлю таленавітых драматургаў? Хто б ведаў… Але ж год 2020‑ы нам дае цікавую магчымасць паразважаць пра тое. Ну як гэта зладзілася ўсё, што адразу сышліся й 100‑годдзе з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, і 90‑годдзе з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча, і 70‑гадовы юбілей Аляксея Дударава?

Тры яркія асобы.

Кожны з адметным талентам, сваім поглядам на жыццё: удумлівым, адметным, беларускім.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што іхняя творчасць істотна ўплывае на духоўнае жыццё нацыі, а закладзеныя ў драматычных творах юбіляраў-драматургаў ідэі спрыяюць сталенню ўсіх нас як асоб. Нават у тым выпадку, калі ў тэатрах мы й не надта часта бываем. Але ж соцыум — сістэма, дзе ўсё з усім узаемаспалучана. І калі, скажам, з’яўляюцца ў культурнай прасторы такія творы, як “Трыбунал” Андрэя Макаёнка ці “Напісанае застаецца” Алеся Петрашкевіча, ці “Вечар” Аляксея Дударава — то гэта й нябачным чынам уплывае на кожную клетачку ва ўсім грамадскім арганізме. Гэта, вобразна кажучы, як “Таблетка пад язык” (яшчэ адна з п’ес Андрэя Макаёнка): прыняў яе — і па ўсім целе, калі да месца былі прынятыя лекі, адчуваеш належны эфект. Ці не адчуваеш — гэта ўжо як пашанцуе, як хто ўладкаваны.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Творчасць як жыццё…”, што адкрываецца днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, прысвечана адразу тром юбілярам. “Беларуская драматургія ў савецкі перыяд стала нацыянальным здабыткам і атрымала значны рэзананс і папулярнасць далёка за межамі Беларусі, — чытаем у прэс-рэлізе, дасланым у рэдакцыю. — Юбіляры 2020 года Андрэй Макаёнак, Алесь Петрашкевіч і Аляксей Дудараў — яскравыя прадстаўнікі жанру”. Народны пісьменнік Беларусі Андрэй Макаёнак (1920–1982) узбагаціў беларускую драматургію новымі жанрамі, дзякуючы яму з’явіліся ў нас трагікамедыя, сатырычная камедыя, камедыя-рэпартаж, сентыментальны фельетон ды іншыя. Алесь Петрашкевіч (1930–2012) працаваў у розных жанрах драматургіі ды глыбока распрацоўваў тэму гістарычнага мінулага Беларусі як у п’есах, так і будучы кіраўніком цэнтра па выданні гістарычна-дакументальных хронік “Памяць”. Дарэчы, ён стаў і лаўрэатам Дзяржпрэміі Беларусі (1976) за ўдзел у падрыхтоўцы й выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

І сёння ў добрай творчай форме знаходзіцца Аляксей Дудараў, які нарадзіўся ў вёсцы Кляны, на Дубровеншчыне, у 1950 годзе — і ў адзін дзень (6 чэрвеня) з Аляксандрам Пушкіным. Прынамсі, ягоныя п’есы “Не пакідай мяне” ды адна з апошніх “Малая радзіма” пра тое сведчаць. Іх, дарэчы, друкаваў летась і сёлета часопіс “Беларусь. Belarus”. Апошняя, на мой погляд, вельмі прыдатная й для пастановак у самадзейных тэатрах, што працуюць пры беларускіх суполках замежжа. Да таго ж Аляксей Ануфрыевіч рэалізуе сябе і ў жанры гістарычнай драмы. “Ягоныя творы вызначаюцца вастрынёй маральнай праблематыкі, псіхалагізмам, аналітычнасцю” — чытаем у прэс-рэлізе.

Чым адметная новая экспазіцыя ў Музеі літаратуры? Побач з прадметамі з яго фондаў прадстаўлены матэрыялы Беларускага дзяржархіва-музея літаратуры й мастацтва (БДАМЛІМ), “Гасцёўні Уладзіслава Галубка”, сямейных архіваў Алы Андрэеўны Макаёнак, Таццяны Аляксееўны Петрашкевіч і мастака-пастаноўшчыка Дзмітрыя Максімавіча Мохава (эскізы да спектакляў Андрэя Макаёнка і Аляксея Дударава). Так што ствараецца цікавая мазаіка й пра юбіляраў, і пра каштоўныя здабыткі нацыянальнай літаратуры ў жанры драматургіі.

Экспазіцыя “Творчасць як жыццё…” будзе дзейнічаць да 21 студзеня 2021 года.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.