Вы тут

Каранавiрус дазволiў пратэсцiраваць унутраны турыстычны рынак


Каранавiрус не толькi прымусiў многiя турыстычныя кампанii пераарыентавацца i паспрабаваць накiраваць сваiх клiентаў да беларускiх прадуктаў, але i дазволiў пратэсцiраваць унутраны турыстычны рынак.


Так, цiкавасць да падарожжаў унутры ўласнай краiны сёлета была незвычайная. У цёплыя днi нават выстройвалiся чэргi каля раскручаных аб'ектаў, напрыклад такiх, як Белавежская пушча цi Брэсцкая крэпасць. Загружаныя былi i аграсядзiбы, у многiх з iх прадбачлiвыя турысты бранiравалi месцы загадзя — i не прагадалi: у летнi час нават не ўсiм ахвотным удалося патрапiць у хаткi на вёсцы. Да таго ж павялiчаны попыт на сваё ўскрыў шэраг праблем, якiя трэба вырашаць. Датычацца яны самых розных галiн. Так, неабходна развiваць прыдарожны сэрвiс, павялiчваць месцы для стаянак, прадумваць iнфраструктуру i праграмы, якiмi можна заняць гасцей. Актуальна i сумесная работа з Мiнiстэрствам аховы здароўя, важна своечасова атрымлiваць статыстыку па распаўсюджваннi хваробы, працаваць на прафiлактыку, не забывацца на дэзынфекцыю, масачны рэжым, рассадку ў аўтобусах у шахматным парадку, наяўнасць дазатараў з дэзсродкамi ў месцах, якiя наведваюць турысты.

Натуральна, знайшлiся рызыкоўныя падарожнiкi, якiя паспрабавалi выехаць у заморскiя краiны (але ў параўнаннi з мiнулым годам план па выязных турыстах выкананы толькi працэнтаў на 40). Большасць жа з тых, хто звычайна ў адпачынку песцiўся на прагрэтых сонцам пляжах, нарэшце саспелi да знаёмства з цiкавiнкамi ўласнай краiны. Аказалася, што шмат людзей раней нiколi не былi ў iншых рэгiёнах. Напрыклад, тым, хто нарадзiўся на Брэстчыне, нiколi не даводзiлася падарожнiчаць па Вiцебшчыне i наадварот.

Многiя беларусы нарэшце даехалi да тых куточкаў, вандроўкі ў якiя даволi доўга адкладвалi. I былi прыемна ўражаныя. Нездарма кажуць, што, «каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба ў розных краях пабываць». Любыя заморскiя экскурсii прайграюць у параўнаннi з тым, што сёння можа прапанаваць беларуская вёска. Гаспадары аграсядзiб аб'ядноўваюцца ў кластары i працуюць з турыстамi па розных праграмах: ладзяць майстар-класы па рамёствах, вучаць варыць сыры i пячы хлеб, частуюць нацыянальнымi стравамi, граюць на музычных iнструментах, запрашаюць ва ўласныя тэматычныя музеi, праводзяць квэсты.

У нас створаны шыкоўныя турыстычныя прадукты, аналагаў некаторым айчынным экскурсiям няма нiдзе ў свеце. Напрыклад, толькi ў Беларусi можна прайсцiся ў балотаступах па балоце цi праехацца на спецыяльным паравозiку па вузкакалейцы да мясцiн, у якiх здабываецца торф. Ёсць у нас i начныя экскурсii, байдарачныя сплавы i нават бегавы турызм, калi можна займацца спортам i адначасова знаёмiцца з прыгожымi мясцiнамi i гiсторыяй. Сталiчныя экскурсаводы пачалi вадзiць вялiкiя групы па спальных раёнах, каб мiнчане змаглi больш даведацца пра гiсторыю мясцiн, у якiх жывуць.

Паступова развiваецца прамысловы турызм: наведаць вытворчыя аб'екты ахвотныя могуць не толькi ў Мiнску, але i ў рэгiёнах. Сёння можна паназiраць за вытворчасцю сыроў у Тураве, згушчонкi ў Глыбокiм i Рагачове, мукi ў Лiдзе, пабываць на Аршанскiм iльнокамбiнаце i сфатаграфавацца з магутнымi «БелАЗамi». Цi не найлепшая гэта рэклама для прадпрыемстваў i прасоўвання айчынных тавараў, а для дзiцячых груп — яшчэ i азнаямленне з дасягненнямi сваёй краiны.

З 2003 года Мiнiстэрства спорту i турызму i Нацыянальнае агенцтва па турызме праводзяць рэспублiканскi турыстычны конкурс «Пазнай Беларусь», якi таксама спрыяе росту цiкавасцi да падарожжаў па краiне. Так, удзельнiкi намiнацыi «Я пазнаю Беларусь» павiнны аб'ехаць i сфатаграфаваць як мага больш знакавых мясцiн, архiтэктурных помнiкаў. Самых актыўных чакаюць каштоўныя прызы. Дарэчы, у дапамогу падарожнiкам арганiзатары склалi спiс, у якiм знаходзiцца 600 аб'ектаў! А можа вам пашанцуе ў намiнацыi на найлепшую фатаграфiю — тут журы будзе ўлiчваць, якой убачылi сваю краiну аўтары работ, што незвычайнага здолелi даведацца. Яшчэ не позна далучыцца — вынiкi конкурсу будуць падводзiцца ў снежнi. Таксама ў межах «Пазнайкi» будуць выбiрацца найлепшыя аграсядзiбы, туркампанii i экскурсаводы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?