Вы тут

«Вынiк ПЛР можа быць станоўчы да двух-трох месяцаў». Спецыялiсты адказалi на самыя распаўсюджаныя пытаннi пра COVID-19


Каранавiрусная iнфекцыя працягвае iмклiва пашырацца ва ўсiм свеце. Тым часам медыкi на аснове папярэднага вопыту «першай хвалi» мяняюць некаторыя падыходы да лячэння. Цi трэба рабiць кантрольны ПЛР-тэст пры выпiсцы? Чаму ПЛР-вынiк застаецца станоўчы цягам двух-трох месяцаў i цi заразны ў гэты час чалавек? Спецыялiсты Мiнiстэрства аховы здароўя, эксперты кафедраў БДМУ i БелМАПА адказалi на пытаннi, што часта задаюць урачам розных спецыяльнасцяў, якiя цяпер працуюць у стацыянарах i палiклiнiках i аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з iнфекцыяй COVID-19.


— Цi з'яўляецца КТ-карцiна двухбаковай вiруснай пнеўманii падставай для пастаноўкi дыягназу COVID-19 без дадатковага лабараторнага пацвярджэння?

— Так, КТ органаў грудной клеткi дазваляе вiзуалiзаваць змены, па якiх з высокай верагоднасцю можна выказаць здагадку пра дыягназ iнфекцыi COVID-19 (адчувальнасць каля
95 працэнтаў).

Гэтага дастаткова для вызначэння тактыкi вядзення пацыента. У такiм выпадку выкарыстоўваюцца клiнiка-рэнтгеналагiчныя крытэрыi пастаноўкi дыягназу, прызначаюцца адпаведнае абследаванне i лячэнне пацыента. Лабараторнае пацвярджэнне iнфекцыi COVID-19 неабходна правесцi пасля для канчатковай верыфiкацыi дыягназу, статыстычнай рэгiстрацыi такiх выпадкаў, ажыццяўлення выплат.

— Цi абавязкова прызначэнне антыбiётыкаў пры падазрэннi на COVID-19?

— Не. Антыбiётык не дзейнiчае на вiрус. Антыбактэрыяльнае лячэнне назначаецца пры наяўнасцi або падазрэннi на бактэрыяльную этыялогiю захворвання. Таксама ранняя антыбактэрыяльная тэрапiя назначаецца пры падазрэннi на сепсiс да высвятлення яго этыялогii. Ва ўмовах стацыянара вызначэнне спецыфiчнага бiямаркера пракальцытанiну можа дапамагчы разабрацца, цi ёсць сiстэмная бактэрыяльная iнфекцыя ў пацыента. Дадзены падыход рэгламентаваны загадам Мiнiстэрства аховы здароўя ад 2020/10/20 № 1106.

— Цi ёсць сэнс у кантрольным ПЛР-даследаваннi насаглотачных змываў у пацыентаў перад выпiскай?

— Няма. Пасля 10-14-га дня захворвання большасць пацыентаў не кантагiёзныя, пры гэтым вынiк ПЛР можа заставацца станоўчы да двух-трох месяцаў за кошт дэтэкцыi кавалачкаў генетычнага матэрыялу нежыццяздольнага вiруса, што прадэманстравана ў шэрагу клiнiчных даследаванняў. Згодна з загадам Мiнiстэрства аховы здароўя ад 2020/10/20 № 1106, закрыццё лiстка непрацаздольнасцi ў пацыентаў з бессiмптомнай i лёгкай формамi адбываецца не раней 14-га дня, з сярэднецяжкай i цяжкай формамі — не раней 21 дня, што больш чым дастаткова для спынення выдзялення пацыентам жыццяздольнага вiруса.

— Калi ў чалавека пры добрым самаадчуваннi сералагiчным метадам выяўлены iмунаглабулiны М (IgM) пры адсутнасцi клiнiчнай карцiны, то ён хворы на COVID-19?

— Улiчваючы нiзкую спецыфiчнасць IgM (гэта значыць высокую верагоднасць падманна станоўчага вынiку) пры адсутнасцi «клiнiкi» нiчога рабiць не трэба, акрамя выпадкаў, калi пацыент быў кантактам першага ўзроўню. У апошнiм выпадку пацыенту дыягнастуецца бессiмптомная форма COVID-19 i арганiзоўваецца медыцынскае назiранне.

— Цi патрэбна дыхальная гiмнастыка пацыентам з COVID-19 у стацыянары? У прыватнасцi, надзiманне шарыкаў?

— Не. З дыхальнай гiмнастыкай лепш пачакаць да поўнага клiнiчнага выздараўлення, нарошчваць нагрузку на органы дыхання неабходна павольна i паступова. Празмерная актыўнасць у вострым перыядзе захворвання можа хутчэй нашкодзiць, чым дапамагчы.

— Калi неабходна назначаць дэксаметазон?

— Пры наяўнасцi ў пацыента запаленчага сiндрому i з'яўленнi дыхальнай недастатковасцi, якая патрабуе дадатковай рэспiраторнай падтрымкi. Дэксаметазон не паказаў сваю эфектыўнасць у даследаваннi Recovery ў пацыентаў з iнфекцыяй COVID-19 без дыхальнай недастатковасцi.

— У якiх выпадках мэтазгодна выкарыстоўваць тацылiзумаб?

— У выпадку прагрэсуючага цячэння пнеўманii, выклiканай COVID-19, i з'яўлення прыкмет гiперзапаленчага сiндрому. Дадзены лекавы сродак скiраваны на iнгiбiраванне найважнейшага супрацьзапаленчага цiтакiну IL-6, якi з'яўляецца адным з ключавых медыятараў развiцця некантралюемага запаленчага адказу, што ў вынiку i прыводзiць да дысфункцыi органаў. Прыкметамi гiперзапаленчага сiндрому з'яўляецца захаванне лiхаманкi, прагрэсуючае нарастанне гiпаксемii.

— Цi з'яўляецца тацылiзумаб лекавым сродкам, якi паляпшае функцыю дыхання?

— Наўпрост не, а толькi апасродкавана, праз купiраванне празмернай запаленчай рэакцыi, якая запускае развiццё вострага рэспiраторнага дыстрэс-сiндрому.

— Цi з'яўляецца рэмдэсiвiр эфектыўным лекавым сродкам пры COVID-19?

— Маюцца даказаныя даныя аб яго эфектыўнасцi ў пацыентаў, якiя маюць патрэбу ў падтрымцы кiслародам, але не знаходзяцца на ШВЛ.

— Цi эфектыўныя для лячэння COVID-19 азельтамiвiр, флустоп, тамiфлю?

— Не. Iнгiбiтары нейрамiнiдазы эфектыўныя толькi ў дачыненнi да грыпу А. Яны могуць назначацца пацыентам з COVID-19 пры немагчымасцi выключыць у iх iнфекцыю на грып, але не для лячэння ўласна каранавiруснай iнфекцыi.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: tvr.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.