Вы тут

Спрыяльны мікраклімат паміж Мінскам і Нальчыкам


У часе мінскага Форуму рэгіёнаў Урад Кабардзіна-Балкарыі з Урадам Беларусі падпісалі “Дамову аб супрацоўніцтве”


За сталом Павел Сідарук з калегамі-кіраўнікамі дагестанскага, карачаеўскага, грузінскага НКЦ Кабардзіна-Балкарыі

Нядаўна ў рэдакцыю па электроннай пошце напісаў Павел Сідарук, зямляк з Кабардзіна-Балкарыі. Нагадаў пра ранейшую размову пра тое, як важна беларускім суполкам замежжа не толькі, як кажуць, сябе весяліць, але й спрыяць эканамічнай, культурнай супрацы Бацькаўшчыны з іншымі краінамі. “То ёсць на гэтую тэму навіна: у часе мінскага Форуму рэгіёнаў Урад Кабардзіна-Балкарыі з Урадам Беларусі падпісалі “Дамову аб супрацоўніцтве”, — паведаміў Павел Фёдаравіч. — І з тае нагоды наша суполка — грамадскі рух “За яднанне, сябры!” — зладзіла імпрэзу. Запрасілі на яе актывістаў іншых нацыянальна- культурных аб’яднанняў Кабардзіна-Балкарыі”.

Пра вечарыну “Белорусы вновь собирают друзей” напісала ў “Кабардино-Балкарской правде” Ірына Багачова. Праходзіла імпрэза ў Нальчыку ў Фондзе культуры: на яго базе больш за 20 гадоў дзейнічаюць два дзясяткі нацыянальных культурных цэнтраў Кабардзіна-Балкарыі. Былі ў зале іх актывісты, прадстаўнікі рускай, украінскай, грузінскай, татарскай, карэйскай, дагестанскай ды іншых нацыянальнасцяў. Падтрымалі беларусаў, павіншавалі з падзеяй і прадстаўнікі Кабардзіна-Балкарскага аддзялення агульнарасійскага грамадскага руху Усерасійскі жаночы саюз “Надежда России” ды рэгіянальнай грамадскай арганізацыі па пашырэнні народнай культуры, касцюмаў, звычаяў “Птицы счастья”.

У часе сустрэчы старшыня Кабардзіна-Балкарскага грамадскага руху “За яднанне, сябры!” Павел Сідарук заўважыў: сёлета з‑за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэспубліцы не ўдалося беларусам КБР адзначыць, як заўсёды, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. То восеньскую сустрэчу сяброў ён прапанаваў лічыць прысвечанай як гэтай, так і іншым падзеям. У прыватнасці, 28 кастрычніка — 120‑годдзе з дня нараджэння Алі Шагенцукава: паэта, пісьменніка, заслужанага дзеяча мастацтваў КБР АССР, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, які загінуў у 1941 годзе ў фашысцкім канцлагеры на тэрыторыі Беларусі. Даце прысвечаны імпрэзы, якія праводзяцца і ў Расіі, і ў Беларусі, падкрэсліў Павел Фёдаравіч. І беларусы КБР таксама ў тым задзейнічаныя.

Важнай падзеяй восені стаў VІІ форум рэгіёнаў Беларусі ды Расіі, які прайшоў у верасні ў Мінску. На форуме, нагадаў выступоўца, падпісана й поўнамаштабнае міжурадавае Пагадненне паміж Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь. Яно прадугледжвае паглыбленне супрацы ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і сацыяльна-культурнай сферах — дзеля таго, каб больш эфектыўна выкарыстоўваць наяўныя вытворчыя, фінансавыя, інтэлектуальныя, культурныя ды іншыя магчымасці. Пагадненне спрыяе рэалізацыі палажэнняў майскага Указа Прэзідэнта Расіі ў частцы павелічэння да 2024 года аб’ёму гандлю з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза ў паўтара раза.

Павел Сідарук яшчэ казаў, што пытанні міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння актуалізаваныя па ініцыятыве прэзідэнтаў дзвюх краін. Беларусь цяпер — адзін з ключавых партнёраў КБР на міжнароднай арэне. За апошнія гады аб’ём экспартных, імпартных аперацый з нашай краінай істотна вырас, і ёсць яшчэ значны патэнцыял для развіцця двухбаковай супрацы. З Кабардзіна-Балкарыі ў Беларусь пастаўляюцца зерне, кандытарскія вырабы, крухмал, кансервавая й прамысловая прадукцыя, у тым ліку алмазны інструмент, кабелі, абутковы кардон, рэгулятары, транзістары ды многае іншае. У Кабардзіна-Балкарыю наладжаны пастаўкі пластмасы й вырабаў з яе, дываноў, тэкстылю, паперы і кардона. У КБР, дарэчы, рэгулярна праводзяцца кірмашы беларускіх тавараў. Далей прыводзіліся канкрэтныя лічбы. “Мы рады, што Працяглы перыяд падрыхтоўкі пагаднення завяршыўся падпісаннем дакумента, і гэта — вялікая падзея для ўсіх беларусаў у Кабардзіна-Балкарыі”, — падкрэсліў Павел Сідарук. Ён нагадаў, што, на жаль, у Беларусі цяпер неспакойна з‑за напружанай палітычнай абстаноўкі: “Ды ўсім нам хочацца, каб жыццё ў дзяржаве ўвайшло ў нармальнае рэчышча й краіна прадаўжала славіцца сваімі добрымі справамі. На гэтай вечарыне мы хочам прадэманстраваць, што на Паўночным Каўказе сябруюць прадстаўнікі розных народаў — то няхай і ў Беларусі прынцыпы міралюбства, сяброўства перамагаюць палітычныя амбіцыі”.

Добрыя словы ў адрас беларусаў ад імя калег казаў старшыня грузінскага культурнага цэнтра КБР “Риони” Анзор Лабжанідзэ. Прадаўжылася вечарына культурнай праграмай, аснову якой склалі выступленні ансамбля “Каларыт” пад кіраўніцтвам Таццяны Чумаковай, які дзейнічае пры суполцы “За яднанне, сябры!”. Завяршылася сустрэча пачастункамі (на сталах былі беларускія нацыянальныя стравы), сяброўскім чаяваннем.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.