Вы тут

Ліквідатар з велізарным стажам


У доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Пятра Пруднікава, які ўзначальвае Цэнтр хімізацыі ды сельскагаспадарчай радыялогіі “Брянский”, — беларускія родавыя карані


Хоць пра наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС мы найчасцей згадваем штогод 26 красавіка, ды ёсць людзі, якія ўвесь час працуюць, як кажуць, на перадавой па важнай радыелагічнай тэме. Актуальная ж яна й сёння ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, Расіі ды Украіны, на землі якіх у выніку трагічных падзей 1986 года выпадалі радыеактыўныя ападкі.

Мінула 34 гады, але ж дагэтуль “чарнобыльскі след” прачытваецца спецыялістамі, што робяць спецыяльныя замеры, у Гомельскай ды Магілёўскай абласцях Беларусі, на суседняй расійскай Браншчыне. Жыхары пацярпелых рэгіёнаў прызвычаіліся да сітуацыі, аднак па-ранейшаму пад кантролем там застаецца “радыечысціня” прадуктаў харчавання, месцаў пражывання людзей, ёсць асаблівасці ў апрацоўцы зямель, пры гаспадаранні ў лясным сектары.

У нас на Браншчыне працуе адметная Федэральная дзяржаўная бюджэтная ўстанова: Цэнтр хімізацыі ды сельскагаспадарчай радыялогіі “Брянский”. Пры падтрымцы Урада вобласці спецыялісты Цэнтра вырашаюць важныя пытанні, якія тычацца вывучэння й ліквідацыі наступстваў аварыі. Прычым работа вядзецца ў цесным узаемадзеянні з беларускімі калегамі. Узначальвае ж Цэнтр чалец Беларускага зямляцтва на Браншчыне Пётр Пруднікаў — доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар. Працуе ён у сістэме аграхімічнай службы ўжо больш за 40 гадоў, з іх 15 — дырэктарам Цэнтра. Пётр Віталевіч да таго ж і ліквідатар наступстваў аварыі, за што адзначаны граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Расіі, медалём “У памяць пра ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС”. Але ж па сутнасці сваёй працы наш зямляк — ліквідатар з велізарным стажам!

Пётр Пруднікаў мае званне “Ганаровы аграхімік Расіі”, ушанаваны сярэбраным медалём “За ўнёсак у развіццё аграпрамысловага комплексу Расіі”, граматамі Міністэрства, Губернатара, Бранскай абласной Думы. Так адзначана ягоная вялікая праца не толькі па вывучэнні радыяцыйнага становішча ў галіне са складаннем карт, але й за практычны ўнёсак у развіццё агракомплексу рэгіёну. Па яго ініцыятыве, напрыклад, адкрыты й функцыянуюць 10 кар’ераў па здабычы мінеральных рэчываў, неабходных для вапнавання кіслых глебаў ды павышэння іх ураджайнасці. Да таго ж на землях вобласці, што маюць павышанае ўтрыманне радыенуклідаў, выкарыстоўваюцца новыя, надзвычай эфектыўныя комплексныя ўгнаенні. Пётр Пруднікаў — навуковец, кіраўнік у сваёй галіне з аўтарытэтам, можна сказаць, на дзве краіны: Расію і Беларусь. Часам сябрам з Беларускага зямляцтва ён расказвае пра асаблівасці сваёй працы, пра супрацу з беларускімі навукоўцамі-землякамі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Ганарыцца й шыкоўным будынкам Цэнтра, у рамонт якога ды сучаснае аснашчэнне ён, як кажуць, уклаў душу.

Варта нагадаць, што знакавыя расійска-беларускія сумес- ныя праекты ў нашым постчарнобыльскім жыцці — адкрыццё Цэнтра радыяцыйнай медыцыны ды экалогіі ў Гомелі (2003 год), рэканструкцыя ды абсталяванне Медыцынскага радыелагічнага навуковага Цэнтра Расійскай акадэміі медыцынскіх навук (Обнінск) і Усерасійскага Цэнтра экстраннай ды радыяцыйнай медыцыны МНС Расіі (Санкт-Пецярбург). Створаны таксама адзіны рэгістр Расіі ды Беларусі па ўсіх катэгорыях асоб, якія падвергліся радыяцыі. У цяперашнім часе рэалізуецца новая праграма Саюзнай дзяржавы на 2019–2022 гады, паводле якой прадугледжана стварэнне ўмоў бяспекі для тых, хто жыве на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях Расіі ды Беларусі. На такія мэты будзе выдзелена 992 мільёны 384 тысячы расійскіх рублёў.

Пад асабістым кантролем у Пятра Пруднікава й работа Цэнтра па вяртанні ў гаспадарчы абарот сельгасугоддзяў ды зямель ляснога фонду. І кожны гектар зямлі, адваяваны ў радыяцыі (а іх больш за 5 тысяч), ён лічыць перамогай. Так і ёсць! Спецыялісты “Брянскагрохимрадиологии” пастаянна працуюць для таго ў “гарачых”, небяспечных зонах, у палявых умовах. Вядуць даследчую працу, хоць і рызыкуюць здароўем. Але ж разумеюць, што вынікі такіх даследванняў — унікальныя, вельмі патрэбныя й сёння, і ў будучыні. Рухае ж такімі людзьмі вялікая любоў да роднай зямлі, клопат пра здароўе як людзей, так і самой Зямлі-матухны, якая захварэла па віне людзей ды патрабуе да сябе ўвагі. То як тут не назавеш супрацоўнікаў “Брянскагрохимрадиологии” на чале з беларусам Пятром Пруднікавым дактарамі зямлі!

Такім людзям, усім ліквідатарам звычайна мы напрыканцы красавіка выказваем словы падзякі за гераізм, за мужнасць, праяўленыя пры ліквідацыі наступстваў аварыі. Слава тым, хто першыя прынялі на сябе ўдар нябачнай стыхіі! Аднак не будзем забываць: такое змаганне прадаўжаецца й цяпер. Штодзень! Яно, дарэчы, падобнае да таго, як мужна змагаюцца з каранавірусам, нябачным няўзброеным вокам, нашы медыкі. Па сутнасці, яны — таксама ліквідатары, толькі наступстваў пандэміі. А перамога, я ўпэўнены, будзе за намі й на гэты раз!

Мікалай Голасаў, кіраўнік Беларускага зямляцтва на Браншчыне

Ад рэдакцыі. На партале rіastrela.ru мы знайшлі тэкст, змешчаны ў ліпені пад назвай “В Брянске чествуют разработчика методики по возделыванию “чернобыльских” почв”. У публікацыі паведамляецца, што Пятру Пруднікаву, распрацоўшчыку методык па ўнясенні ўгнаенняў, якія даюць магчымасць вырошчваць ураджаі на забруджаных радыяцыяй глебах, споўнілася 65 гадоў. “Праца Пруднікава адзначана не толькі ў вывучэнні радыяцыйнай абстаноўкі ў Бранскай вобласці. Яго веды актыўна прымяняюцца на практыцы аграрыямі”. І ўвогуле Пётр Віталевіч з калектывам “вядзе вялікую працу па ўводзе ў абарот закінутых сельгасугоддзяў і зямель ляснога фонду”. Нашы калегі нагадваюць, што прылеглы да Беларусі рэгіён цяпер — у лідарах сярод расійскіх рэгіёнаў па гэтым паказчыку, і што актывізацыя такой працы была ініцыяваная губернатарам рэгіёну Аляксандрам Багамазам.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?