Вы тут

У Залессе – па музыку


У музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага нядаўна адсвяткавалі 255-годдзе з дня нараджэння аўтара паланэза “Развітанне з Радзімай”. Як і пры жыцці дыпламата й кампазітара, там гучала музыка.


Так сёння выглядае адноўленая сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага

Дарогі, дарогі, дарогі… Бывае, цяжка ўявіць сабе, куды яны цябе прывядуць і кім ты на іх будзеш. Мы вандравалі на аўтобусе ў дажджлівую й ветраную кастрычніцкую нядзелю па паўночнай частцы Гродзеншчыны, куды сталічныя госці наведваюцца зрэдку. Праязджалі праз Маладзечна, вёску Мясота, Смаргонь, Солы, Астравец… Ехалі па старадаўнім Віленскім тракце. Дарэчы, у 1979 годзе ў гонар тракта ўстанавілі помнік: чатыры валуны ля вёскі Мясота, што пад Маладзечна. Па гэтай дарозе ездзілі яшчэ нашы продкі. Па ёй, гавораць, часта дабіраўся да Вільні й Міхал Клеафас Агінскі. У ягоным былым палацы, што непадалёк ад сучаснай вёскі Залессе Смаргонскага раёна, і месціцца Музей-сядзіба М.-К. Агінскага. Калі наш аўтобус нарэшце скіраваўся туды, падумалася: мабыць, самотна было жыць у беларускай глушы такому актыўнаму палітыку, як Агінскі, ды яшчэ на працягу 20 гадоў.

Сапраўды, сваім сучаснікам Міхал Клеафас быў вядомы як дзейны палітык і дыпламат, аўтар грандыёзнага праекта аўтаноміі Вялікага Княства Літоўскага. Да таго, як прыехаць жыць на Смаргоншчыну, ён паспеў пабываць у ролі дэпутата сейма ў Варшаве, амбасадарам у Галандыі ды Англіі, камандзірам уласнага атрада з 480 чалавек у часе паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а таксама сенатарам Расійскай імперыі. Агінскі ведаў імператара Францыі Напалеона Банапарта і рускага цара Аляксандра І. Магчыма, свой прыезд у беларускае мястэчка Міхал Клеафас успрымаў як ссылку і атаесамляў з поўным яго забыццём. Сапраўды, у беларускай глушы, сярод лесу, наўрад ці спадзяваўся ён на прызнанне грамадскасцю сваіх палітычных ідэй, вядомасць і славу. Але дарогі прывялі Міхала Клеафаса менавіта сюды, дзе змог расквітнець ягоны талент музыканта. І былы палітык не згубіў сябе сярод мілых сэрцу беларускіх краявідаў…

Мы пад’язджалі да музея. Вось яны, сапраўдныя каштоўнасці, што грэюць душу кожнага чалавека: утульная сядзіба, сямейны ачаг, асенні лес, маленькая рачулка… Ва ўсім там чуецца свая непаўторная мелодыя, якую трэба ўмець улавіць. У Агінскага ж атрымалася адчуць не толькі наваколле, але й самога сябе, зразумець, хто ён такі на самой справе.

Да сядзібы набліжаліся мы пешшу, па дарозе сярод старых ліп. У яе канцы віднеўся палац. І гэта быў палац не палітыка, а музыканта, без лішняй пампезнасці й вычварнасці. Нездарма прыхільнікі творчасці Міхала Клеафаса Агінскага называлі гэтае месца “Паўночнымі Афінамі”. Іх кампазітар-аматар ствараў, памятаючы, як у дзяцінстве яму прыемна было бавіць час у Слоніме, у доме свайго дзядзькі, вялікага літоўскага гетмана Міхала Казіміра Агінскага. Слонім, які ў тыя часы быў буйным культурным цэнтрам Рэчы Паспалітай, дзядзька Міхал Казімір называў любоўна “Палескімі Афінамі”. Там, у яго рэзідэнцыі, куды часта прыязджаў малады Міхал Клеафас, дзейнічаў тэатр з опернай, балетнай і драматычнай трупамі, быў і аркестр. Ставіліся польскія, італьянскія, французкія й нямецкія оперы. Дзядзька сам пісаў музычныя творы, складаў вершы, граў на некалькіх музычных інструментах. Ягоны прыклад і абстаноўка, што панавала ў “Палескіх Афінах”, дапамаглі развіцца й музычным схільнасцям маленькага Міхала Клеафаса. Першым настаўнікам музыкі ў хлопчыка быў Восіп Казлоўскі, прыдворны музыкант Агінскіх, пазней знакаміты кампазітар, вядомы як аўтар паланэза “Гром победы, раздавайся!”. (Гэты музычны твор, дарэчы, быў неафіцыйным рускім нацыянальным гімнам у канцы XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя. Гімн створаны ў 1791 годзе Гаўрыілам Дзяржавіным (словы) і Восіпам Казлоўскім (музыка). — Рэд.) Іграць на скрыпцы Міхал Клеафас вучыўся ў Івана Манэ Ярновіча, а потым удасканальваў майстэрства ў італьянскага скрыпача й кампазітара Джавані Баціста Віоцці, а таксама ў французкага скрыпача й кампазітара Пьера Байо. Музыка духоўна падтрымлівала і ўзбагачала Агінскага. Падобна, яшчэ тады ён абраў яе ў свае спадарожніцы.

А палітычнай кар’еры для сына, пэўна, больш хацеў яго бацька-дыпламат, чым сам Міхал Клеафас. Хлопчык нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў Гузаве, ля Варшавы, у сям’і Анджэя Агінскага, каралеўскага сенатара й ваяводы Троцкага, і яго жонкі Паўліны з Шэмбекаў. Ужо ў 21 год малады Агінскі стаў дэпутатам сейма ад Троцкага ваяводства й быў прызначаны фінансавым упаўнаважаным Фінансавай камісіі. Ён доўгі час актыўна займаўся палітыкай і не мог шмат часу прысвячаць складанню музыкі.

Свае “Паўночныя Афіны” Міхал Клеафас пачаў разбудоўваць толькі ў 37 гадоў: пасля вандровак па розных краінах, пасля ўсіх сваіх палітычных прыгод, уздымаў і падзенняў, пасля разводу з першай жонкай Ізабелай Лясоцкай. У мястэчка, з якога вядзе радавод Залессе, Агінскі прыехаў у 1802 годзе. Там ён атрымаў у спадчыну ад свайго дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францыска Ксаверыя драўляную сядзібу. На яе месцы ён і ўзвёў новы мураваны палац у стылі класіцызму, а вакол яго стварыў англійскі парк з Лебядзіным востравам, шматлікімі альтанкамі, масткамі й кветкавымі клумбамі.

Уладкаваўшы ўтульнае гняздзечка, Міхал Клеафас вырашыў ажаніцца ў другі раз. Яго новай абранніцай стала экстравагантная італьянка Марыя дэ Нэры, удава Каэтана Нагурскага з Вільні. У Агінскіх нарадзілася трое дзяцей: дзяўчынкі Эма, Іда і сын Ірыней. Іх партрэты можна пабачыць на сцяне сёння ў адноўленым палацы ў Залессі. Уся сям’я Агінскага жыла музыкай. Дзецям яе выкладалі лепшыя настаўнікі. А іхні бацька часта найграваў новыя музычныя творы на піяніна, нават не занатоўваючы іх. У сядзібу прыязджала шмат гасцей, каб паслухаць музыку й патанцаваць. У палацы вітаў дух творчасці.

Музычная гасціная ў “Паўночных Афінах”

Першы пакой, у які нас, турыстаў, запрасілі, быў музычнай гасцінай: з піяніна, скрыпкай, віяланчэллю, домрай ды іншымі музінструментамі. Ад іх выгляду становіцца цёпла на душы. Невядома, колькі аматараў музыкі заходзіць сюды, як і раней, з трапяткім сэрцам… Праз нізкае акно віднеецца лес, пажоўклыя лісты ціха падаюць з дрэў на зямлю. Маленькая рачулка спакойна выгінаецца ля іх карэнняў. Ёй, пэўна ж, і непатрэбна кудысьці спяшацца, каб адчуць жыццё…

Потым нам захацелася прайсціся па іншых пакоях. Хто ведае, можа, знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай” Агінскі напісаў менавіта ў адным з іх. Гэты ягоны твор у 90‑я гады мінулага стагоддзя, калі Беларусь набыла незалежнасць, ледзьве не стаў гімнам нашай дзяржавы.

Асноўную частку невялікай музычнай спадчыны Агінскага, што дайшла да нас, складаюць фартэпіянныя п’есы: паланэзы й мазуркі, а таксама маршы, менуэты й вальсы. Вядомыя таксама оперы, баявыя песні й некалькі рамансаў. Асабліва праславіўся Агінскі сваімі паланэзамі, напісаў іх больш за 20. Для Міхала Клеафаса Агінскага гэта быў не толькі танцавальны жанр. З яго дапамогай ён ствараў своеасаблівыя лірычныя паэмы, якія ўкладваліся ў самастойныя фартэпіянныя п’есы. Выразны, пругкі рытм паланэза пры тым злучаўся з плаўнымі вакальнымі інтанацыямі раманса-элегіі. Такім чынам Агінскі паэтызаваў не толькі польскі танец. Яго творы выдаваліся й выконваліся па ўсёй Еўропе — у Парыжы й Пецярбурзе, Лейпцыгу й Мілане, а таксама ў Варшаве.

Некаторыя даследчыкі ягонай творчасці схільныя думаць, што Міхал Клеафас пры жыцці ніколі б не падумаў, што мы, сённяшнія, будзем яго памятаць не як палітыка, а найперш як кампазітара й музыканта, складальніка жыццесцвярджальных паланэзаў. Але пасля наведвання сядзібы ў Залессі ёсць адчуванне, што недзе ў глыбіні сэрца Агінскі на тое ўсё ж спадзяваўся.

Памёр Міхал Клеафас у Фларэнцыі, куды паехаў паправіць сваё здароўе, 15 кастрычніка 1833 года. У Італіі яго прызналі вялікім чалавекам ды ўдастоілі гонару быць пахаваным у пантэоне Санта Крочэ, дзе знаходзяцца саркафагі самых знакамітых італьянцаў усіх часоў: Галілея, Мікеланджэла, Керубіні, Расіні.

Запрашаем праехаць у гісторыю сядзібы

Сядзіба ў Залессі перажывала й не лепшыя часы. Яна прыйшла ў заняпад пры Генрыху Высоцкім (прапраўнук Міхала Клеафаса Агінскага) і была распрададзена па частках. Адраджаць яе беларуская дзяржава пачала ў 2010 годзе. І ўжо ў 2014‑м сядзіба была поўнасцю адноўлена. Аранжарэя, 13 залаў на 898 квадратных метраў, капліца, парк, возера — палац і навакольная тэрыторыя раскінуліся ажно на 25 гектараў. Сёння іх даглядаюць музейшчыкі. Дарэчы, калектыў Музея-сядзібы М.-К. Агінскага за свой праект “Вяртанне Паўночных Афін” у 2016 годзе быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры й мастацтва.

Ганна Лагун

У беларускай глыбінцы Міхал Клеафас пражыў каля 20 гадоў. Каб палюбавацца беларускімі краявідамі, сярод якіх нараджалася цудоўная музыка, у Залессе прыязджае нямала турыстаў з розных краін. Музычная спадчына ў Агінскага — невялікая, але інтарэс да асобы самога кампазітара ўзрастае. Цікава, што ягоныя продкі жылі калісьці паблізу сучаснай Магілёўшчыны, былі праваслаўнага веравызнання й мелі беларускае прозвішча Глушонкі. Агінскімі ж (у польскім вымаўленні лепш казаць Агіньскімі) яны сталі пасля таго, як род завалодаў маёнткам Агінты. (“Дзмітры Глушонак (?— да 1510), ад вялікага князя Аляксандра атрымаў маёнтак Агінты ў Жыжмарскім павеце,” — чытаем у Вікіпэдыі. Пэўна што дарунак той шчодры атрымаў продак кампазітара ад вялікага князя літоўскага (1492–1506) і караля польскага (1501–1506) Аляксандра Ягелончыка (1461–1506). “Маладзечанская газета” летась пісала, што Агінты (цяпер пасяленне называецца Уагінтай) разам з гмінным цэнтрам Жыжмары (па-літоўску Жыжмарай) і павятовым горадам Кайшадорысам знаходзяцца па дарозе Вільнюс — Каўнас (раней Коўна), за 60 кіламетраў ад літоўскай сталіцы. Варта нагадаць, што ў часы ВКЛ Кайшадорыскі павет уваходзіў у склад Віленскага ваяводства, як і Ашмянскі (з яго Смаргонню, Ашмянамі ды іншымі цэнтрамі. — Рэд.)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».