Вы тут

Любоў да грыбоў


Судакрананне з непаўторным светам беларускіх лясоў увосень можа быць велізарнай асалодай. Да таго ж такі занятак яшчэ й заўсёды выгадны для сямейнага бюджэту.


Баравік з-пад Сіманавічаў

Бачылі б вы, колькі машын стаіць па Беларусі пры трасах у лясных масівах, пры грыбных мясцінах (якія ж не ўсім і вядомыя), калі толькі пракоціцца пагалоска: грыбы пайшлі! А колькі грыбнікоў розным чынам прабіраецца ў глыбіні лясных нетраў!.. Цяпер апенькі бяруць. А раней, калі вераснёўскія дажджы прамачылі ўгрэтую за лета глебу, хораша “пайшлі” баравікі, махавікі, падасінавікі, падбярозавікі ды іншыя розныя. Устаяць перад спакусай аматарам грыбных квэстаў складана, ды яшчэ калі добры лес пад бокам. А лясы ў Беларусі, нагадаем, займаюць амаль 40 працэнтаў тэрыторыі!

Вось і кіраўніца суполкі “Голас Радзімы” Таццяна Дзяменнікава з украінскага горада Мікалаева пабывала ў матулі (як заўсёды: бульбу капаць дапамагала) ў вёсцы Сіманавічы Глускага раёна Магілёўшчыны. У рэдакцыю пісала: “З Беларусі ад’язджаць не хацелася... Цудоўнае надвор’е, паветра, гародніна-садавіна з матулінага сада й агарода, смачныя беларускія прадукты й вясковы спакой. Да таго ж два разы былі ў лесе. Сабралі 2 кілаграмы брусніц і розных грыбоў. Прычым грыбоў наеліся, як кажуць у нас у вёсцы, уволю. Варылі, а потым смажылі з цыбуляй. Ну вельмі смачна! Мне пры тым успаміналася й дзяцінства, і юнацтва, і ўсё лепшае, што звязана з родным краем. А брусніцы замарозілі й прывезлі ў Мікалаеў. Вельмі, кажуць, каштоўная для здароўя рэч”.

Удалае ціхае паляванне Таццяны Дзяменнікавай

З шэрагу дасланых Таццянай здымкаў мы выбралі два: гожы крамяны баравічок ды россып іншых, сабраных у родных мясцінах. Што ж любоў да грыбоў — гэта ў дадзеным выпадку, можна сказаць, любоў да малой радзімы…

Раіса Цімафееўна — дасведчаная грыбніца

А здымак Раісы Цімафееўны Плашчук за пераборкай грыбоў зроблены ў вёсцы Пасадзец: гэта ў Лагойскім раёне Міншчыны, таксама ў верасні. Якраз там, дарэчы, нарадзіўся й класік беларускай літаратуры Змітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік). Раіса Цімафееўна жартам кажа, што мае ажно тры радзімы. Нарадзілася ў Расіі, на Волзе (у Татарстане), доўгі час жыла ў Заходняй Украіне (Цярнопальская вобласць, горад Залешчыкі), а цяпер перабралася “бліжэй да дзяцей”, у Беларусь. Грыбы ж беларускія ёй прыйшліся вельмі даспадобы.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.