Вы тут

Лукашэнка: Барацьба з хваробай павінна праводзіцца на ўсіх франтах — лячэбным, арганізацыйным, эканамічным і нават палітычным


Прэзідэнт Беларусі правёў нараду аб супрацьдзеянні распаўсюджванню вірусных інфекцый.


Пра закрыццё межаў: “Ніякай палітыкі тут няма. Рашэнне сур’ёзнае, носіць абмежавальны характар, гэта часовае рашэнне”

Па словах кіраўніка краіны эпідэмічная сітуацыя ў свеце на сённяшні дзень развіваецца па адным з самых негатыўных сцэнарыяў. «Я маю на ўвазе не рэкордныя лічбы захворвання ў большасці еўрапейскіх дзяржаў. І нават не поўны лакдаўн у некаторых краінах. Відавочна, што шкода эканомікам будзе нанесена непапраўная, але зараз думаць варта не пра яе. Яшчэ не паспелі з’явіцца эфектыўныя і надзейныя лекі ад каранавіруса, а ён ужо муціраваў і стаў прыстасоўвацца да ўжываных метадаў барацьбы з ім», — выказаў заклапочанасць Лукашэнка.

Ён дадаў, што так званая новая іспанка захоплівае Заходнюю Еўропу — таму не маглі пакідаць межы для ўезду ў краіну адкрытымі. Тым больш што пік у Беларусі не пераадолены.

«Ніякай палітыкі тут няма. Рашэнне сур’ёзнае, носіць абмежавальны характар. Але гэта часовае рашэнне, — сказаў Прэзідэнт. — Усе дзяржавы прыбягаюць да гэтых метадаў. Калі мы кажам, што межы ў нас зачынены для тых, хто спрабуе да нас уехаць з-за межы, зразумела, з захаду (з Расіяй у нас няма межы), гэта таму, што мы бачым велізарны выбух захворванняў».

“Лішніх урачоў у нас няма. З’ехаў — назад не вернешся!”

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, два дні таму Польшча пачала па ўсім свеце збіраць медыцынскі персанал, каб аказваць дапамогу людзям.

«Асабліва просяць нашых урачоў прыехаць у Польшчу, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з кавідам. Хачу папярэдзіць: лішніх урачоў у нас няма. Нам самім неабходна лячыць сваіх людзей. Але згодна свайму прынцыпу — мы нікога трымаць не будзем. Трэба разумець: з’ехаў — назад не вернешся! Там будзеш працаваць і зарабляць вялікія грошы, за якімі з’ехаў. Гэта не пагроза — гэта прыказ для ўрада», — заявіў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што «даў прыказ камандуючаму памежнымі войскамі — не пускаць у краіну не толькі людзей з чужым пашпартам, але і тых разумных беларусаў, якія выехалі за межы ў гэты няпросты час». «Заразу нам завозіць не трэба. Няважна, з якім пашпартам гэта зараза. Паехалі вучыцца туды, хай вучацца. Паехалі працаваць туды, хай працуюць. Мы ж не перашкаджалі гэтаму. Хай там працуюць і вылечваюцца», — канстатаваў Прэзідэнт.

«Наша сістэма аховы здароўя мае ўсе запатрабаваныя рэсурсы»

У вяснова-летні перыяд на дзяржаўным узроўні былі своечасова прынятыя меры, якія разам з актыўнымі дзеяннямі сістэмы аховы здароўя далі чаканы станоўчы вынік — запэўніў кіраўнік краіны.

«Аднак сезонны перыяд росту вострых рэспіраторных захворванняў і каранавіруснай інфекцыі ў гэтым годзе прагназуецца больш доўгім. Нельга ігнараваць і дадатковы негатыўны ўплыў масавых мерапрыемстваў, з-за якіх крывая захворвання паўзе ўверх, — сказаў Лукашэнка. — Гэта не значыць, што мы, як было вясной у некаторых дзяржавах, усё зачынім: школы, універсітэты, аптэкі, бальніцы, увядзём каменданцкі час і перавядзём усіх на каранцін. Мы павінны ўспомніць тое, што было вясной і летам і крочыць гэтым шляхам. А там, дзе мы можам абысціся без масавых мерапрыемстваў, давайце абыдземся».

Прэзідэнт дадаў, што наша сістэма аховы здароўя мае ўсе запатрабаваныя рэсурсы — бальніцы, медыцынскі персанал, лекі, абсталяванне, сродкі індывідуальнай абароны.

«Урачоў у нас дастаткова кваліфікаваных. У часы Караніка (Уладзімір Каранік — былы міністр аховы здароўя — „Зв“.) у пачатку года мы навучыліся змагацца з гэтым злом, не маючы не вопыту, не лекаў, не разумеючы, як змагацца. Не хапае сярэдняга медыцынскага персаналу, як я сказаў, патроны падносіць — давайце задзейнічаем нашых студэнтаў, заплацім гэтым студэнтам. Можа менш будуць бадзяцца па вуліцах», — прапанаваў кіраўнік краіны.

Ён запэўніў, што ахова здароўя ў далейшым будзе забяспечана неабходным для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ў поўным аб’ёме, фінансаванне галіны, як гэта было заўсёды, павінна быць устойлівым, прадуманым і арыентаваным на вынік.

Прэзідэнт адзначыў, што не варта разлічваць на сродкі банкаў і арганізацый з-за мяжы:

«Мы павінны самі лячыць сваіх людзей. Але прашу ўлічваць, што адзін дзень лячэння кавід-хворых абыходзіцца ад 90 да 220 рублёў. Думайце галавой, як мы будзем лячыць. Гэта велізарныя грошы. Лепш гэтыя грошы аддаць у заробак людзям, чым часам бяздумна тэсціраваць, выпісваць нейкія лекі. Таму я паклікаў сюды губернатараў. Гэта ваш абавязак. Лішніх грошай у краіне няма. Мы і так убухалі на гэта больш за 500 мільёнаў долараў толькі прамых укладанняў, я ўжо не кажу пра ўскосную дапамогу людзей і іншых структур».

Лукашэнка параіў максімальна выкарыстоўваць лічбавыя інфармацыйныя платформы для сувязі з медыцынскімі работнікамі ў рэгіёнах, каб атрымліваць усю інфармацыю аб праблемах, аператыўна прымаць меры, абменьвацца вопытам і найбольш эфектыўнымі практыкамі.

«Сёння прапануюцца таксама дадатковыя меры для стрымлівання эпідэміі, у тым ліку абмежавальныя. Мы заслухаем аргументы, і калі настаў час недзе ўводзіць абмежаванні, то пойдзем на гэта, — заявіў Прэзідэнт. — Трэба камусьці каранцін, каменданцкі час за суткі будзе ўведзены, як некаторыя патрабавалі. Зачынім усіх так, што камар носа не падточыць і ніхто нос не высуне за дзверы. Але ці трэба гэта? Адназначна не. Сёння беларускі вопыт на вуснах усіх разумных людзей у свеце».

Лукашэнка даручыў арганізаваць рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19

У перыяд вясновай хвалі каранавіруса стаўка была зроблена на мясцовыя ўлады як на апорныя цэнтры прыняцця аператыўных рашэнняў.

«І гэта практыка даказала сваю эфектыўнасць. Сёння складваецца падобная сітуацыя, — канстатаваў кіраўнік краіны. — Таму нам трэба на працягу аднаго-двух дзён арганізаваць рэгіянальныя штабы. Лічу, што персанальную адказнасць за іх працу і вынікі павінны несці губернатары і мае памочнікі, інспектары ў абласцях. Дапамагаць ім будуць лепшыя ўрачы-інфекцыяністы, прадстаўнікі медыцынскай навукі, іншыя спецыялісты».

За Брэсцкую і Гродзенскую вобласці будзе адказваць старшыня Гродзенскага аблвыканкама і былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Яму ў дапамогу — галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы Аляксандр Карпіцкі і рэктар ГрДМУ Алена Краткова.

У Віцебскай адказныя — рэктар ВДМУ ордэна Дружбы Анатоль Шчасны, загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў ВДМУ Валерый Сямёнаў, галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы Таццяна Кавалёва.

У Гомельскай — рэктар ГДМУ Ігар Стома.

У Магілёўскай — член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Беларусі Алег Суконка і намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы Ірына Бас.

У Мінскай — памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач, намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Аляксандр Тарасенка, прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Дзмітрый Данілаў, у дапамогу галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта Ірына Абельская.

Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі і в. а. міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч адказваюць за Мінск.

Групу экспертаў, якія будуць кансультаваць усе рэгіёны, сфарміруе і ўзначаліць загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў, які мае ганаровае званне народны ўрач Беларусі.

«Барацьба з хваробай павінна быць сістэмнай і праводзіцца на ўсіх франтах — лячэбным, арганізацыйным, эканамічным і нават палітычным», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны даў загад, што ўсякае тэсціраванне павінна быць у лабараторыях, якія вызначыць Мінаховы здароўя, асабліва гэта тычыцца Мінска.

«У нас некаторыя разумныя закупілі абсталяванне і сталі шкуру драць з людзей. Псіхоз ствараюць у грамадстве, і яны бягуць у гэтыя лабараторыі і да 300 рублёў даходзіць адзін тэст. Калі хтосьці з прыватных лабараторый хоча дапамагчы дзяржаве, то на дзяржаўных умовах», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

«Забяспечце пастаянную сувязь з насельніцтвам праз сродкі масавай інфармацыі па эпідэмічнай сітуацыі ў краіне”

Звярнуў увагу ён на неабходнасць забеспячэння насельніцтва інфармацыяй.

«Забяспечце пастаянную сувязь з насельніцтвам праз сродкі масавай інфармацыі па эпідэмічнай сітуацыі ў краіне і прымаемых мерах. Адказвайце на пытанні, якія ўздымаюць людзі на месцах, аж да прамых сустрэч з імі», — кастатаваў Прэзідэнт.

Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, тэмы, якія сёння абмяркоўваюць, застануцца ў прыярытэце да таго часу, пакуль небяспека не абміне. Або па крайняй меры не знізіцца да мінімальна прымальнага ўзроўню.

«Прашу без інсінуацый, без панікі. У нас няма прычын для панікі, абсалютна няма. Я часта кажу як чалавек, які перанёс гэту хваробу, самае страшнае ў гэтай хваробе — паніка і псіхоз, — выказаўся кіраўнік краіны. — Усім акажам неабходную дапамогу. Усе, каго магчыма выратаваць усімі магчымымі і немагчымымі метадамі, будуць выратаваны».


Барыс Андрасюк: З расійскім бокам ідзе адпрацоўка трансфера перадачы тэхналогіі вытворчасці вакцыны ад каранавіруса

Пасля нарады на пытанні журналістаў адказаў намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк.

Па яго словах, ніякія надзвычайныя і нечаканыя абмежаванні не абмяркоўваліся. Не плануюць працягваць і восеньскія канікулы для школьнікаў: «Пакуль не плануецца, але гэта будзе вырашацца па меры развіцця эпідэміі», — адзначыў ён.

Сярод асноўных даручэнняў кіраўніка краіны — праверыць спраўнасць і гатоўнасць абсталявання.

«Абсталявання ў нас дастаткова. Гэта і апараты ШВЛ, і кіслародныя кропкі. Іх колькасць нарасцілі ўдвая з сакавіка.  Акцэнтавалі ўвагу на кіслароднай бяспецы», — расказаў намеснік міністра аховы здароўя.

Разглядалася, па яго словах, пытанне аб вытворчасці расійскай вакцыны ад каранавіруса ў Беларусі. «Мы зараз адпрацоўваем з расійскім бокам пляцоўку. Мы практычна ўжо ўзгаднілі яе — гэта Белмедпрэпараты. Цяпер ідзе адпрацоўка трансфера перадачы тэхналогіі. Што гэта будзе за тэхналогія, што гэта будзе за вакцына — размова ідзе непасрэдна паміж спецыялістамі», — паведаміў Барыс Андрасюк.


Кіраўнік групы экспертаў Ігар Карпаў: Дапамога павінна дастукацца да кожнага рэгіёну

Кіраўнік групы экспертаў, якія будуць кансультаваць рэгіёны, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў расказаў журналістам, што на спецыялістаў кладзецца вялікая адказнасць па наладжванні арганізацыі працэсу па супрацьдзеянню і лячэнню каранавіруса.

«Хачу акцэнтаваць увагу — важна, як гэтая работа арганізавана на месцах. Дапамога павінна дастукацца да кожнага рэгіёну. Яна павінна быць максімальна стандартызавана. Гэтым займаліся ў мінулы раз, ездзілі па самых аддаленых ад Мінска рэгіёнах. Зараз гэта работа будзе працягнута», — сказаў спецыяліст.

Народны ўрач Беларусі зноў нагадаў пра асноўныя правілы бяспекі падчас распаўсюджвання інфекцый:

«Першае, канешне, гэта дыстанцыяванне. Мы намагаемся трымаць дыстанцыю 1,5 метры — гэта важна. Важны аспект, які выйшаў на другое месца — гэта праветрыванне памяшкання, каб пазбавіцца дысперсных часціц, якія бываюць у паветры. Гэта рэальна зніжае магчымасць захворвання. Не трэба забываць пра гігіену рук, — пералічвае Карпаў. — І, нарэшце, нашэнне масак. У цяперашні час з ростам захваральнасці гэта мэтазгодна. Трэба памятаць, што гэта ў значнай ступені — адказнасць перад іншымі людзьмі і перад сабой».

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».