Вы тут

Ён перастаў чуць людзей. Пра фільм «Праўда і справядлівасць»


Большую частку нацыянальных эпасаў, у  якіх пісьменнікі вырашылі паказаць пэўны гістарычны перыяд жыцця сваёй краіны ва ўсіх магчымых падрабязнасцях і адлюстраваць побыт як мага большай колькасці сацыяльных слаёў, цяжка перавесці ў кінафармат. У гэтага ёсць некалькі асноўных прычын, першая з якіх — велізарная колькасць дробных апісальных дэталяў, якія на экране проста не «будуць працаваць належным чынам». Другая  — значны аб’ём матэрыялу, які неабходна адаптаваць, каб атрымаўся якасны завершаны прадукт. Трэцяя — нацыянальная спецыфіка, якой прасякнуты твор і якая, хутчэй за ўсё, не будзе зразумела носьбітам іншай культуры (за выключэннем навукоўцаў, што займаюцца гісторыяй рэгіёна або нацыі). Ці справіліся стваральнікі фільма «Праўда і справядлівасць» з азначанымі трыма праблемамі?


Адказ на гэтае пытанне, на мой погляд, можа быць толькі адзін — адназначнае «так», але пра ўсё па парадку. Фільм «Праўда і справядлівасць» зняты рэжысёрам Танэлем Таомам і заснаваны на рамане эстонскага празаіка Антона Хансана Таамсарэ. Дакладней нават будзе сказаць, што «Праўда і справядлівасць» грунтуецца на першай кнізе з аднайменнай пенталогіі, прысвечанай развіццю эстонскага грамадства ў 1870—1930 гадах. Як і многія іншыя нацыянальныя эпасы, «Праўда і справядлівасць» звяртаецца да класічнага метанімічнага пераносу — гісторыя аднаго роду і канкрэтнага месца становіцца гісторыяй цэлага народа і ўсёй краіны. Гэта адзін з самых распаўсюджаных прыёмаў, які ўжываюць пісьменнікі, ствараючы нацыянальныя эпасы, таму нядзіўна, што і эстонскі класік вырашыў да яго звярнуцца.

Аднак звычайна нават асобныя кнігі такіх эпічных рэалістычных серый уяўляюць сабой практычна непад’ёмныя для звычайнага чалавека энцыклапедыі, дзе ў падрабязнасцях зафіксаваны ўсе аспекты жыцця мяшчан, сялян і вышэйшых слаёў грамадства. Пры гэтым часта ў творах прысутнічае і досыць складаны сюжэт, у развіцці якога прымаюць удзел як гістарычныя асобы, так і выдуманыя персанажы, прычым колькасць і першых, і другіх можа быць сапраўды велізарнай. Якім жа чынам можна пазбегнуць таго, каб фільм нават па адным рамане з пенталогіі ператварыўся ў сямігадзінную напаўдакументальную стужку, дзе акцёры ў аўтэнтычных касцюмах кропля ў кроплю адыгрываюць сюжэт рамана?

Па-першае, неабходна скарыстацца правілам, якое ў чымсьці падобна да вядомага метадалагічнага прынцыпу «брытвы Акама», што ў скарочанай версіі гучыць так: «Не варта прыцягваць новыя сутнасці без крайняй на тое неабходнасці». Стваральнікі фільма менавіта так і вырашылі зрабіць, таму ў цэнтры ўвагі лёс усяго аднаго персанажа — Андрэса, галоўнага героя першага рамана і фільма. Мужчына набывае хутар на Варгамяэ («злачынных гарах») і становіцца першым у родзе, гісторыі якога і прысвечана пенталогія.

Па-другое, трэба не здрадзіць гістарычнай дакладнасці першакрыніцы, бо стварэнне праўдападобнай панарамы жыцця ў той ці іншы перыяд часу — ледзь не самая важная мэта. Для гэтага неабходна звярнуцца да кансультантаў, наняць прафесійных касцюмераў і гэтак далей. Але разам з тым, калі гаворка заходзіць пра кіно, то-бок мастацтва, дзе ўсё-такі самым важным з’яўляецца менавіта дзеянне (калі мы выносім за рамкі арт-хаус), то неабходна захаваць баланс паміж паказам гістарычных рэалій і развіццём сюжэта, бо ў адваротным выпадку хронаметраж будзе няўхільна расці, а ён і ў фінальным варыянце «Праўды і справядлівасці» выйшаў немалы. Гэты баланс стваральнікі змаглі вытрымаць, выкарыстаўшы самы вытанчаны спосаб з магчымых: замест таго, каб акцэнтаваць увагу на розных побытавых дробязях, праўдападобную гістарычную карціну жыцця эстонскіх сялян канца ХIX стагоддзя паказвалі пры дапамозе мастацкіх дэталяў.

Мы ўвесь час бачым розныя касцюмы, напрыклад, рабочае адзенне галоўнага героя: простая шырокая кашуля, грубыя боты і штаны, і яно відавочна адрозніваецца ад больш параднага варыянта, у якім селянін ходзіць у суд. Прычым на гэтым увага не засяроджваецца. Стваральнікі вырашылі дасягнуць праўдападобнасці не тым, каб увесь час «кідаць» у гледача гістарычную правільнасць фільма (чым, на жаль, часта грашаць, напрыклад, расійскія рэжысёры), а дэталямі ў кадры. Розныя прылады для працы ў полі, інтэр’ер дома, карчмы або суда, прыстасаванні для будаўніцтва хаты, ход святкаванняў, асаблівасці вядзення гаспадаркі, ежа — да ўсіх гэтых шматлікіх аспектаў самага звычайнага жыцця заможных сялян падышлі з увагай і беражліва перанеслі дэталі на экран, я ўпэўнены, у поўнай адпаведнасці з  тым, як гэта апісваў Антон Хансан Таамсарэ. Паколькі ўвесь гэты побыт існуе на фоне, але пры гэтым прыцягвае ўвагу нацыянальным і гістарычным каларытам, глядач міжволі цікавіцца ім, але пры гэтым не адчувае, што яму спрабуюць пад выглядам мастацкага фільма прадаць выпуск дакументальнай перадачы з рэканструкцыямі.

Больш за тое, у гэтай стужцы няма нейкай таннасці, якая часам непрыемна псуе ўражанне ад работ вельмі важных для нацыянальнага кінематографа. Па тых ці іншых прычынах не знаходзяцца іншыя спонсары, акрамя дзяржавы, якая, так ужо павялося, не заўсёды аказвае неабходную падтрымку. «Праўда і справядлівасць» — вельмі стыльны і прыгожы фільм, зняты па ўсіх законах сучаснага вялікага кіно, але пры гэтым ён не прэтэндуе на славу блакбастара (хоць у Эстоніі гэты фільм і стаў самым праглядаемым, пабіўшы папярэдні рэкорд «Аватара» Джэймса Кэмерана). Балоты вакол Варгамяэ, сама гара, вёска, палі, на якіх працуе Андрэс і яго сусед, — усё гэта паказана і з любоўю (бо пераносіць на экран настолькі значны твор для эстонскай літаратуры — задача вельмі ганаровая), і з нейкай халоднай аддаленасцю, паколькі Варгамяэ цяжка назваць месцам, дзе жыццё лёгкае і прыгожае.

Акрамя візуальнага складніка, фільм вылучаецца і музычным суправаджэннем. Кампазітар Міхкель Зільмер змог стварыць музычнае палатно, якое ўражвае сілай: разам ён сшыў элементы народнай музыкі, сучаснага фолку і даркэмбіенту, дзякуючы чаму гукавое афармленне ў «Праўдзе і справядлівасці» становіцца яшчэ адным элементам апавядання. Напрыклад, у некаторых сцэнах, дзе не прамаўляецца ніводнага слова, нам застаецца счытваць усё з  кантэксту і карцінкі на экране, і музыка сваёй трывожнасцю або, наадварот, лёгкімі матывамі падказвае, якое дзеянне будзе далей: трагічнае або аптымістычнае.

І вось цяпер, калі мы пагаварылі ўжо пра ўсе «тэхнічныя» аспекты фільма, даведаліся пра першакрыніцу і кантэкст, варта звярнуцца непасрэдна да таго, пра што ж гэтая стужка і на якой частцы вельмі складанага і шматмернага сюжэта пенталогіі вырашыў зрабіць акцэнт рэжысёр. Галоўны герой карціны Андрэс — заможны селянін, які купляе аддалены хутар на Варгамяэ, акружаны балотамі, ды і яшчэ з не самай лепшай рэпутацыяй з-за «другога гаспадара гары». Яго завуць Пеару, гэта вельмі канфліктны п’яніца, які паспеў зжыць двух папярэдніх гаспадароў хутара, што цяпер належыць Андрэсу. Завязка гучыць вельмі тыпова, калі не сказаць пасрэдна. Здаецца, што і дзеянне будзе ў фільме развівацца вельмі лінейна і прадказальна.

Ёсць два варыянты. Першы: галоўны герой доўга і пакутліва «ваюе» са сваім суседам і зямлёй, паступова гартуецца, пераадольвае цяжкасці, у выніку ловіць непрыяцеля на якім-небудзь злачынстве, заслугоўвае павагу людзей з вёскі, становіцца аўтарытэтам для мясцовых жыхароў і ў выніку ператварае глухое Варгамяэ ў квітнеючы хутар, усе жывуць доўга і шчасліва, канец. Другі, менш аптымістычны, заканчваецца тым, што галоўны герой співаецца, здаецца, і ў выніку чарговая перамога застаецца за Пеару. Аднак у рэчаіснасці сюжэт «Праўды і справядлівасці» значна глыбейшы, чым звычайная гісторыя пра барацьбу са знешнімі абставінамі. Гэта гісторыя пра чалавека, якога сапсавала ўласная мара.

Андрэс імкнецца ператварыць свой хутар у прыгожае месца, каб яго дзеці хацелі застацца тут жыць і з удзячнасцю ўспаміналі бацьку нават пасля яго смерці. Прычым селянін кіруецца не славай, хутчэй, гэтая мара выцякае з  працавітасці і зацятасці, якіх Андрэсу не займаць. І  спачатку мы бачым яго выключна як станоўчага персанажа: ён практычна не ходзіць у карчму, шмат працуе, з дабрынёй ставіцца да Юся, якога наймае сабе ў дапамогу, любіць маладую жонку. Звычайна да гэтай кропкі персанажы нацыянальных эпасаў прыходзяць толькі ў канцы, калі за плячыма ўжо незлічоная колькасць няшчасцяў, калі герой перапоўнены рэлігійнай ці жыццёвай мудрасцю. Але паступова пастаянныя суды з Пеару, які пры дапамозе хлусні і хітрасці штораз выйграе ў Андрэса, неўрадлівыя землі, балоты, нядобразычлівасць жыхароў найбліжэйшай вёскі прымушаюць галоўнага героя счарсцвець.

Ён усё больш працуе і ўсё менш увагі надае сям’і. Нават сама яго знешнасць становіцца як быццам больш грубай і менш яркай: з прыгожага і моцнага мужчыны Андрэс ператвараецца ў шэрага старога, які можа выклікаць толькі страх, але ніяк не павагу. Смерць жонкі, замах з боку Юся, хвароба, якая забірае трох дзяцей, — усё гэта робіць Андрэса жорсткім фанатыкам, які дзеля сваіх жаданняў можа ахвяраваць чым заўгодна. І злая іронія сітуацыі заключаецца ў наступным: усё, што робіцца галоўным героем, робіцца для будучыні сваёй сям’і, але ў пагоні за гэтай будучыняй ён абсалютна забывае, што ёсць проста цяпер. І ў выніку Варгамяэ, якое Андрэс доўга спрабаваў ператварыць у любімы дом для сваіх дзяцей, становіцца для іх не больш чым турмой пад кіраўніцтвам бацькідэспата.

І гэта — моцная асабістая трагедыя, для якой не такія ўжо важныя гістарычныя кантэкст і дакладнасць. Рэжысёр вырашыў сканцэнтраваць увагу на тым, як адзін чалавек, кіруючыся добрымі мэтамі, становіцца монстрам, для якога ў выніку мэта становіцца значна важнейшай за прычыны, па якіх ён гэты шлях абраў. Тлумачэнне дае сам фільм, некалькі метафізічнае, але, тым не менш, прыгожае: Андрэс, які на працягу ўсяго жыцця чытаў Біблію і мала меў зносін з людзьмі, паколькі быў заняты працай, у выніку перастаў чуць усіх, хто яго акружае, бо ўсё сэрца запоўніла занадта «моцнае Слова Божае», падобна таму, як алкаголікі могуць перастаць п’янець ад самай моцнай гарэлкі. Але, нягледзячы на, здаецца, беспаваротныя змены, Андрэс у канцы ўсё ж знаходзіць сілы хаця б зрабіць спробу вярнуць сабе чалавечае аблічча, бо «адзінае, што можа зрабіць чалавек, які збіўся са шляху, гэта вярнуцца ў  самы пачатак, убачыць свае памылкі і прайсці гэты шлях па-іншаму».

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Кадры з фільма «Праўда і справядлівасць»

Друкуецца ў ЛіМе.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.