Вы тут

Хрушчоў быў дэпутатам Гродзенскага гарсавета? Працягваем знаёміць чытачоў з архіўнымі дакументамі


Мікіта Хрушчоў у гарсавеце дэпутатаў. І лазні... без мыла, але з напоямі

«МС» працягвае знаёміць сваіх чытачоў з архіўнымі дакументамі, якія друкуюцца на афіцыйнай старонцы Гродзенскага гарсавета дэпутатаў і ў яго Тэлеграм-канале — усе гэтыя матэрыялы нагадваюць аб пакручастай гісторыі абласнога цэнтра ў няпростыя пасляваенныя, складаныя пяцідзясятыя і стваральныя шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. З якой нагоды мы гэта робім? Сёлета Гродзенскі гарадскі Савет дэтутатаў адзначае свой 80-гадовы юбілей.


Паплечнік правадыра

Вясной 1953 года адбыліся выбары ў гарадскі Савет дэпутатаў працоўных чацвёртага склікання. Са справаздачы мандатнай камісіі аб выніках выбараў даведваемся, што «ў склад дэпутатаў абраны найбліжэйшы паплечнік і вучань таварыша Сталіна — Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў». Трэба сказаць, што ў той час дэпутацкі корпус горада налічваў 231 дэпутата. Што ён тут забыў, задасца пытаннем чытач? Адкажам: на той час гэта было традыцыяй — прадстаўнікоў вышэйшых органаў кіравання вылучаць у склад прадстаўнічай улады на месцах. Такі крок, безумоўна, рабіўся нездарма — усё вырашалася на палітычным алімпе. Тым больш што памежны Гродна меў стратэгічнае значэнне для кіраўніцтва краіны Саветаў. Дарэчы, высветліўся цікавы факт: планы па вылучэнні дэпутатам гарсавета былі адносна самога Сталіна, але... прывядзём некалькі цытат са справаздачы мандатнай камісіі без скарачэнняў (каб адчуць усю патэтыку таго моманту):

«Працоўныя горада на перадвыбарных сходах першым кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета вылучалі вялікага з найвялікшых, лепшага з найлепшых — правадыра і настаўніка, роднага бацьку Савецкага народа і ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна.

Зараз, калі ўвесь Савецкі народ, усе працоўныя панеслі найцяжэйшую страту — скон вялікага правадыра, сябра і настаўніка Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна, доўг кожнага дэпутата, як і ўсіх савецкіх людзей, цвёрда ісці па шляху, намечаным вялікім Сталіным, свята выконваць яго запаветы, аддаць усе свае сілы і веды на карысць любімай Радзімы, яшчэ больш шчыльна з'яднацца вакол ЦК КПСС, нашага роднага Савецкага Урада.

Працоўныя горада ганарацца тым, што ў скалад дэпутатаў Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных абраны найбліжэйшы паплечнік і вучань таварыша Сталіна — Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў».

Ці быў сам Хрушчоў падчас абрання ў Гродне, з архіўнага дакумента не вынікае. З гісторыі вядома, што ён не раз бываў у Беларусі, дзе любіў адпачыць і папаляваць на дзікую жывёлу. Атрымліваецца, што абранне ў склад гарсавета дэпутатаў папярэднічала статусу Генсека ЦК КПСС, бо на гэтую пасаду ён быў вылучаны толькі ў верасні 1953 года і кіраваў вялікай краінай Саветаў ажно да 1964-га.

Пацікавіліся мы і тым, хто яшчэ трапіў у склад тагачаснага гарсавета. Як высветлілася, з 231 дэпутата большасць — гэта мужчыны, іх колькасць складала 161 чалавек. Таксама сярод народных абраннікаў пераважная большасць служачыя — 164 чалавекі, астатнія 67 дэпутатаў — рабочыя. Па ўзроўні адукацыі сто чалавек мелі незакончаную сярэднюю і пачатковую адукацыю, вышэйшую — толькі 50 чалавек. Узроставая лінейка таксама была разнастайная (да 24 гадоў — 17 чалавек, ад 50 і вышэй — 45 дэпутатаў), як і сфера прафесійнай дзейнасці (ад кіраўнікоў партыйных і савецкіх арганізацый да навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх устаноў адукацыі).

Цікавы і нацыянальны складнік: у шматнацыянальным горадзе сярод народных абраннікаў былі, натуральна, беларусы (123), рускія (82), украінцы (16), яўрэі (3), палякі (2), татары (2), армяне (1), латышы (1) і карэлы (1).

Справаздачу мандатнай камісіі зацвердзілі на першай сесіі гарадскога Савета дэпутатаў працоўных чацвёртага склікання.

Прыхільнікам пары

Пагарталі мы і першыя рашэнні таго склікання. Напрыклад, на адной з сесій народным абраннікам даводзілі сітуацыю з падрыхтоўкай горада да зімовага перыяду. І калі цяпер на парадку дня больш знаходзяцца пытанні апрацоўкі вуліц адмысловымі сумесямі ад галалёдзіцы, то на той час улады горада непакоіў запас паліва, у тым ліку і для лазняў. Гэта цяпер лазня ўспрымаецца як нейкае захапленне, а ў 50-я гады мінулага стагоддзя гаворка ішла аб штотыднёвых санітарна-гігіенічных працэдурах гараджан — мыліся ж усе тады ў лазні!

«Усе лазні, як першая, так і другая часткова рэканструяваны, цалкам адрамантаваны. Назапашана паліва на зімовы перыяд і захоўваецца на складах. Можна запэўніць смела, што лазні № 1 і № 2 палівам забяспечаны да чэрвеня месяца 1954 года», — рапартавалася ў дакладзе. — «Разам з вялікай работай, якая была праведзена, лазні яшчэ цалкам не забяспечваюць патрэбу працоўных горада неабходнымі паслугамі. Яшчэ адсутнічае запатрабаванае санітарнае становішча, нізкая культура абслугоўвання персаналу. У лазні ёсць гандлёвы пункт, які прапануе толькі спіртныя напоі, а калі працоўны захоча набыць мыла, мачалку, зубную шчотку, там гэтага няма. Дырэктару патрэбна прыслухаццца да скаргаў працоўных і пераарыентаваць работу на карысць справы».

Дакументам таксама прапануецца адказнаму работніку гарвыканкама арганізаваць гандаль у лазнях таварамі, звязанымі з санітарным абслугоўваннем гараждан: «У лазні № 1 няма ніякага шапіка для продажу напояў, неабходна гэтаму пытанню неадкладна аддаць сур'ёзную ўвагу».

Працягваючы тэму гандлю і непасрэдна напояў, у адным з дакументаў таго часу чытаем: «Гандаль у горадзе сезоннымі таварамі (як садавіна, агародніна, бульба, марожанае) арганізаваны слаба. Продаж піва і ахаладжальных напояў арганізаваны дрэнна. У зімовы перыяд часта не бывае піва ў падагрэтым выглядзе, а летам — у ахалоджаным».

З тае пары мінула амаль сем дзясяткаў гадоў, а пеннага напою ў падагрэтым выглядзе нават і не ведаю, дзе ў Гродне можна пакаштаваць зімой...

Выпіць, а закусіць?

Асобна хацелася б спыніцца на такім забытым паняцці як дзяржплан. На сесіях народным абраннікам падрабязна расказвалі аб поспехах і хібах яго выканання. Лідарамі былі перапрацоўшчыкі аграпрамысловай прадукцыі: вытворцы мясной і малочнай прадукцыі, іншых харчовых тавараў, таксама лёгкай прамысловасці і некаторыя іншыя. Але ж цікавасць выклікае не гэта, а інфармацыя аб тых, хто той самы дзяржплан не выканаў і чаму.

Напрыкалад, чытаем: «Гархарчакамбінат летась спрацаваў вельмі дрэнна, нягледзячы на тое, што вытворчую праграму па валавой прадукцыі выканаў на 121 %. Што забяспечыла гэты высокі працэнт перавыканання плана? А вось што! Ёсць у Гархарчакамбіната «канёк», які заўсёды яго вывозіць — гэта вытворчасць пладова-ягаднага віна. Дарэчы, у ім няма ніякай патрэбы пры наяўнасці ў горадзе вінзавода. А як справы з выкананнем плана па іншых відах тавараў? Вось напрыклад, па засолцы гуркоў план выкананы на 1,2 %. Саленнем капусты, таматаў, сушкай пладоў і ягад абсалютна не займаліся. Не займаліся пастэрызацыяй сокаў. Не выкананы план па марынаванні і засолцы грыбоў, вырабе сталовага хрэну, мочаных яблыкаў і іншага. Ва ўсіх гэтых вырабах насельніцтва мае вострую патрэбу. З 18 запланаваных вырабаў план не выкананы на 12, ці ж можна прызнаць такую работу здавальняючай? Канешне, не!» — запэўніваюць аўтары даклада.

Трэба сказаць, што ў сучасных гараджан патрэба ў мочаных яблыках і салёных грыбах, можа, і засталася, а вось з хрэнам справы з цягам часу наладзіліся — зараз яго на гандлёвых паліцах колькі заўгодна і на сталах гаспадынь ён наўрад ці перавядзецца.

Працяг будзе.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Адзін з 231-го!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?