Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Сарока сароку бачыць здалёку

А жанчына — жанчыну

...Калі няма родных братоў ды сясцёр, дык за блізкую радню тады і сяброўкі.

Мы з Вікай у адным пад'ездзе раслі, у адну школу хадзілі, адны і тыя ж фільмы глядзелі і кніжкі чыталі... На канікулы, праўда, раз'язджаліся па сваіх вёсках і бабулях, сумавалі адна без адной, нават ліставаліся, і ў мяне тады пісьмы былі кароткія, бо я не ведала, што ў іх пісаць... Затое ў Вікі — якраз наадварот. Пасля школы яна збіралася стаць філолагам...

Так яно ўрэшце і атрымалася, але ж перад гэтым у яе жыцці — ну далібог, як у доме Аблонскіх! — усё чыста змяшалася. Па-першае, паехаўшы паступаць, Віка без памяці закахалася (і гэта было ўзаемна!). А далей — зацяжарала, выйшла замуж, пераехала да свекрыві, уладкавалася на работу, нарадзіла...

Аднак пры гэтым — што добра — вучобу не кінула: перавялася на завочнае, брала з сабой малога і нейкую з бабуль, і ўтрох яны ехалі здаваць экзамены.

...Пра адзін з іх Віка расказала мне пад вялікім сакрэтам: я паабяцала — нікому з яе радні, з настаўнікаў, з агульных знаёмых... А «ўсяму свету» яно ж можна, як быццам? Тым больш што столькі часу прайшло.

Значыць, Віка здае рускую літаратуру. Выцягвае білет, рыхтуецца расказваць пра жыццё і творчасць Ясеніна.

А прымае той экзамен ці не прафесар: факт, што вельмі, вельмі пажылая жанчына, да таго ж — вялікая знаўца прыгожага пісьменства. Студэнцкае сарафаннае радыё перадавала, што калі ўхітрыцца і падчас адказу на білет «увінціць» пару вершаў — залік ці экзамен будзе ў кішэні!

Якраз на гэта Віка і разлічвала, бо (малое на руках!) да экзамену падрыхтавалася дрэнна, а вось вершаў ведала процьму. Ну які б прачытаць? Зірнула ў акно, за якім гуляла мяцеліца, і ціха пачала:

Однажды,

в студёную зимнюю пору,

Я из лесу вышел;

был сильный мороз.

Гляжу...

Глядзела і прафесарка... На Віку... Ва ўсе вочы.

— Ой, гэта ж Някрасаў... Прабачце! — павінілася студэнтка. — Можна я пачну яшчэ раз?

— Калі ласка, — дазволіла экзаменатарка.

Віка зноў паглядзела ў акно і з пафасам выдала:

Буря мглою небо кроет,

Вихри снежные крутя;

То, как зверь, она завоет,

То заплачет, как дитя...

Змоўкла... Не таму, што забылася: успомніла свайго Мікітку.

— У мяне сынок, — сказала той прафесарцы. — Сёння ўсю ноч капрызіў — не даў мне паспаць. Але ж я помню: гэта быў Пушкін, а Ясенін... У яго цудоўныя вершы! Зараз... Я толькі збяруся з думкамі, добра?

Прафесар згодна кіўнула і стала чакаць: нават вочы прыплюшчыла. Віка — зноў жа гледзячы ў акно — пачала:

Ты жива еще,

моя старушка?

Жив и я.

Привет тебе, привет!..

Прафесар адразу ж, пасля першага радка, «прачнулася», здзіўлена паглядзела на спалоханую студэнтку, цяжанька ўздыхнула, вывела ў залікоўцы чацвёрку і адправіла Віку дамоў.

...Шчасце — гэта і сапраўды, калі цябе разумеюць.

Любоў Чарнец, г. Барысаў


На чатырох нагах

Нездарма кажуць, што багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца... Ну і няхай: раскажу.

Значыць, неяк, праходзячы каля сметніка, я ўбачыў там не дужа вялікую, але ж кучу з выкінутай мэблі: нейкіх шафак, столікаў, крэслаў, сярод якіх мой позірк выхапіў адно — скураное, кабінетнае, колеру сафары. У мяне дома якраз такое было, у куце стаяла, бо ножка зламалася, а замяніць...

Тут усе «ногі» былі цэлыя, значыць, калі адну адкруціць... Адвёртка патрэбна.

Хуткім крокам я рушыў дамоў, «узброіўся», вярнуўся назад. Крэсла было на месцы, але, як аказалася, звычайнай адвёрткай там нічога не зробіш — патрэбна так званая «зорачка». Таму я зноў падаўся дадому і назад вярнуўся ўжо на ровары (пехатой снаваць ніякага здароўя не хопіць).

Еду, значыць, і думаю, што рэч файная! Такая не паляжыць: як піць даць нехта яе прысабечыць, бо столькі высокіх дамоў вакол... Столькі вокнаў...

Аж бачу, не — стаіць! Я толькі за справу, як раптам:

— Э-э, пастой... Гэта маё крэсла. Жонка, дурніца, выкінула.

— Значыць, пішы прапала, — кажу. — Было тваё, стала маё.

— Не, — упёрся той асталоп і як пацягне рэч да сябе.

Мая «зорачка» ў адзін бок ляціць, балты ў другі... «Во, думаю, гаспадар знайшоўся! Нябось бутэльку хоча сарваць?»

— Добра, — кажу яму, — я куплю ў цябе гэта крэсла.

— А колькі дасі? — насцярожыўся той.

— Пяць рублёў досыць?

— Давай!

Я ў кашалёк, а там — хіба карткі ляжаць.

— Пайшлі, — кажу, — да магазіна. Паўтарачку піва куплю.

— Лепш паўлітра гарэлкі.

А сам зноў за крэсла і цягу... Значыць, майму і далей без ножкі стаяць?

— Не, — кажу, — пачакай.

Ускочыў я на ровар, прывёз гэтаму абэлтуху пляшку беленькай. Абмен адбыўся.

...У той жа дзень я перабраў сваё крэсла — паставіў яго на чатыры нагі, прысунуў да стала, усеўся і напісаў вось гэту гісторыю. Малаверагоднага, што ў конкурсе яе прызнаюць найлепшай, але ж нехта, можа, усміхнецца? А хтосьці — яшчэ і даведаецца, дзе шукаць патрэбныя ножкі.

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна


Паспех — людзям на смех

Згадзіцеся: досыць часта здараецца, што нейкая нікчэмная, смеху вартая дробязь разбурае добра прадуманыя напалеонаўскія планы.

Не ведаю, як тое было з самім Напалеонам, але ж недзе чытаў, што пакуль ён не выправіўся ў маскоўскую вандроўку транзітам праз Беларусь, усё ў яго ішло найлепшым чынам, з-за чаго ў гонар гэтага імператара і сталі называць нават самыя авантурныя задумкі...

Тут і зараз — толькі пра маю... Адну.

Значыць, некалі пасля арміі я вярнуўся дамоў і адразу далучыўся да шматлікай кампаніі дзецюкоў, якія адслужылі раней і цяпер маглі піць ці не ўсё, што гарыць, ды шукаць прыгод. Пажадана любоўных...

У мяне перад гэтымі хлопцамі была істотная перавага: пакуль яны са сваёй бутэлькай «чарніла» ці пляшкай гарэлкі хаваліся ад участковага па розных завуголлях, я мог спакойна зайсці ў адно добрае месца, выпіць-закусіць, нават застацца нанач.

І ўсё — дзякуючы бацьку. Адразу пасля вайны ён уладкаваўся працаваць у лясніцтва, стаў добрым лесніком, але аднойчы зваліўся з воза і зламаў нагу. Дзякаваць богу, услед за ім ехаў яшчэ адзін воз і нават сам ляснічы — на матацыкле з люлькай... Якраз у ёй пацярпелага дамчалі да бальніцы — нагу «злажылі», праўда, неяк няўдала...

Ламаць свае косці яшчэ раз бацька адмовіўся, так што хадзіць яму стала куды цяжэй, а ўжо на вялікія дыстанцыі ды па лесе дык і наогул... Давялося згадзіцца на пасаду вартаўніка. Заробак у выніку стаў меншы, але затое амаль цэлымі днямі бацька быў дома, даглядаў гаспадарку, з якой наша сям'я і жыла. А бліжэй да ночы ён ішоў вартаваць — сам будынак лясніцтва, трактар, канюшню на восем коней, вялікае гумно з сенам... Для чалавека немаладога ды кульгавага тэрыторыя была немалая, таму ахоўваць яе дапамагаў сабака па мянушцы Барбос...

Я таксама ўбаку не стаяў: яшчэ школьнікам і да службы ў войску, калі бацька адчуваў сябе кепска, падмяняў яго. А таму добра ведаў і паднаглядную тэрыторыю, і сабаку, і тое, у якім кутку ляжаць афіцэрская плашч-палатка, якая служыла вартаўніку прасціной, мяшок з сенам замест падушкі, старая ватная коўдра ды некалькі такіх жа посцілак...

І яшчэ адна досыць важная акалічнасць: за тры гады службы ў Запаляр'і жывую жанчыну я бачыў толькі чатыры разы. Гэта здаралася, калі, днявалячы на КПП, расчыняў вароты перад «козлікам» камандзіра часці, а побач з ім сядзела жонка...

Можа, таму пасля арміі я быў вельмі падобны на таго пеўня, які, убачыўшы курыцу, думае: не даганю, дык хоць сагрэюся...

Праўда, тут, дома, бегчы не было за кім: усе дарослыя дзяўчаты ўжо мелі па кавалеру, а самыя прыгожыя дык нават па некалькі. Заляцацца да нейкай старшакласніцы здавалася мне заняткам доўгім і турботным. Так што заставалася хіба залётніца — Галя-гастралёрка, якая (калі верыць сябрам) перажыла ўжо шмат няўдалых «каханняў» і зараз шукала новае. А таму перспектыва закруціць з ёй раман выглядала цалкам рэальнай.

Да таго ж на дварэ быў май, субота, у клубе — вяселле, танцы і не пад нейкія там заёрзаныя пласцінкі, а пад сапраўдны аркестр — акардэон, бубен і цымбалы...

Ад душы пад іх наскакаўшыся, я прапанаваў Галіне трохі адпачыць — пасядзець дзе-небудзь у зацішку, пасля чаго (як не сорамна ў тым прызнавацца) павёў яе не ў калгасны сад, не да рэчкі, а ў бок лясніцтва.

Ноч тады была ціхая-ціхая, настрой — самы што ні ёсць рамантычны, можа, нават узнёслы, а далей...

Ужо на подступах да «аб'екта» нам насустрач выскачыў радасны Барбос, «пацалаваўся» са мной, досыць стрымана павітаў Галіну і пабег наперад — як бы «паказваць» дарогу. Аднак пры гэтым слуп не прапусціў — спыніўся, каб пад самым ліхтаром справіць патрэбу.

— Во гультай! Ён нават лапу не падняў, — здзівілася Галя.

— Стары... Яго і да «дзевак» ужо не цягне, — галантна паддакнуў я.

Галя чамусьці зарагатала, а сабака, відаць, абразіўся, бо аж зайшоўся ад брэху...

На гэты шум з канторы выскачыў заспаны бацька. Пазнаў мяне і хацеў супакоіцца, але, убачыўшы Галю, не стрымаўся — плюнуў і загнуў такога мацюка...

Дзеўка рванула ходу. Барбос яшчэ раз загаўкаў.

— Каб ты здох! — пажадала яму Галіна.

А я пасля гэтага мусіў зайсці да бацькі ў кантору, выслухаць яго доўгую гнеўную мараль і толькі потым пайсці дадому.

З Галяй мы больш не сустракаліся, бо яна досыць хутка з'ехала на нейкую камсамольскую будоўлю.

А Барбос — застаўся, гады са два пажыў яшчэ. Ды і потым я заўсёды ўспамінаў яго. Успамінаў з удзячнасцю, бо калі б не ён...

Хто ведае, як склалася б тая майская ноч, наступны дзень ды і жыццё ўвогуле.

Б. К., г. Глыбокае

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».