Вы тут

На наступным тыдні споўніцца 85 гадоў з дня нараджэння Людмілы Гурчанкі


На наступным тыдні, 12 лістапада, споўніцца 85 гадоў з дня нараджэння вялікай артысткі Людмілы Гурчанкі. Сябе яна рэалізоўвала як актрыса і спявачка. У кіно запомнілася гледачам сваімі камедыйнымі і вострахарактарнымі ролямі ў фільмах «Карнавальная ноч», «Мама», «Саламяны капялюшык» і іншых. А яе драматычны талент можна назіраць у карцінах «Дваццаць дзён без вайны», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх», «Пяць вечароў», «Сібірыяда»... Таксама Людміла Маркаўна стала аўтарам кніг «Маё дарослае дзяцінства» і «Апладысменты». У тэлеэфіры згадаць актрысу на наступным тыдні зможам на тэлеканалах «Беларусь 3» і на «Культуры».


На сацыякультурным тэлеканале пакажуць фільм з удзелам Людмілы Гурчанкі «Раман і Франчэска» (1960) рэжысёра Уладзіміра Дзенісенкі. Кінастужка пераносіць гледача ў 1941 год і распавядае гісторыю сустрэчы марака і спявачкі, у каханне якіх умяшалася вайна. Савецкі гандлёвы карабель прыбывае ў італьянскі порт, дзе Раман чуе чароўны голас Франчэскі і ўлюбляецца ў дзяўчыну. А раніцай пачынаецца вайна. На зваротным шляху карабель топяць фашысты, аднак боцману і мараку ўдаецца ўратавацца. Яны становяцца ўдзельнікамі Супраціўлення. А пасля заканчэння вайны карабель Рамана зноў аказваецца ў знаёмым порце, аднак ці зможа хлопец знайсці за кароткі час каханую?

У эфіры канала «Культура» ў пятніцу 13 лістапада пакажуць фільм «Рэцэпт яе маладосці» (1983) рэжысёра Яўгена Гінзбурга. Мюзікл знялі на «Мосфільме» па матывах п'есы Карала Чапека «Сродак Макропуласа». Дзея кінастужкі адбываецца прыблізна ў пачатку ХХ стагоддзя. Знакамітая спявачка Эмілія Марці прыязджае на гастролі ў еўрапейскі горад. Якраз у гэты ж час у вярхоўным судзе збіраюцца закрыць справу «Грэгар — Прус» — цяжбу, якая доўжыцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Альбер Грэгар беспаспяхова спрабуе адсудзіць сабе спадчыну барона Ёзафа Пруса, аднак не можа давесці, што з'яўляецца яго спадкаемцам. Эмілія нечакана ўмешваецца ў ход працэсу і паведамляе пра месцазнаходжанне дакументаў, якія даказваюць сваяцтва Грэгара і Пруса. Аднак, ведаць пра такое мог толькі блізкі чалавек, а ўлічваючы, што барон памёр каля ста гадоў таму, то напрошваецца шмат пытанняў, хто гэтая жанчына. Аказваецца, Эміліі больш за трыста гадоў, але, дзякуючы чароўнаму эліксіру алхіміка Макропуласа, выглядае яна толькі на 35…

Яшчэ для прыхільнікаў Людмілы Маркаўны на «Культуры» плануюць паказ выпуску праграмы «Лінія жыцця» з удзелам артысткі. Дзе яна расказвала пра сваё ваеннае дзяцінства, пра бацьку, ролі, якія давялося ўвасобіць на экране ў фільмах Эльдара Разанава і Уладзіміра Мяньшова, а таксама выконвала некаторыя са сваіх песень. «Я жыву і працую для вас, — казала тады артыстка. — Калі я ў кадры, я прадчуваю, як вы ўсміхнецеся ці заплачаце, гледзячы на экран. Калі выходжу на сцэну і чую вашы апладысменты — гэта для мяне як узлёт у неба, як узмах крылаў». Гурчанка была перакананая, што гады загартавалі яе: у іх былі заключаны перажыванні, якія потым увасобіліся ў вобразы жанчын, на чыю долю выпала шмат выпрабаванняў.

У нядзелю, 15 лістапада, «Культура» пакажа выпуск праекта «Рамантыка раманса», прысвечаны Людміле Гурчанцы — «Жыццё маё — кінематограф». У праграме прымаюць удзел Нона Грышаева, Ірына Клімава, Наталля Быстрова, Наталля Вінакурава і ансамбль пад кіраўніцтвам Ігара Тукалы.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Сустрэчы з вялікай актрысай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.