Вы тут

Галоўны рэдактар «Мінскай праўды» Ларыса Коршун: Хочацца, каб газета была элітарным прадуктам


Газета «Мінская праўда» 1 лістапада адзначыла 70-гадовы юбілей. Выданне сёння мае сваё адметнае аблічча на рынку сродкаў масавай інфармацыі і працягвае рознабакова развівацца, адаптуючыся пад патрабаванні часу і аўдыторыі. Не так даўно было створана інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда», куды ўвайшлі абласная газета, раённыя выданні Мінскага, Уздзенскага і Дзяржынскага раёнаў, а таксама абласное радыё «Мінская хваля». Такая рэарганізацыя дае падставы думаць, што гісторыя выдання працягваецца і ў ёй будзе яшчэ шмат адметных старонак. З нагоды святочнай даты «Звязда» распытала галоўнага рэдактара «Мінскай праўды» Ларысу Коршун пра традыцыі, якім хочацца застацца вернымі, а таксама пра сучаснасць і магчымасці ёй адпавядаць, не губляючы сваіх пазіцый на рынку СМІ.


— Ларыса Міхайлаўна, вы адзін з самых маладых рэдактараў у гісторыі «Мінскай праўды». Ішлі на гэтую пасаду з тым, каб захаваць яе гісторыю і традыцыі ці рабіць рэформы?

— У мяне з «Мінскай праўдай» цесная сувязь з 2017 года, калі яе і Дзяржынскую газету «Узвышша» аб'ядналі ў выніку рэарганізацыі. І з тых часоў я, можна сказаць, з выданнем не разлучалася. Той крок стаў для ўсіх нас вялікім стымулам для росту. Газеты перайшлі на каляровы друк «4 на 4», вёрстка стала новая. Таму, ужо азіраючыся на той час, разумееш, што без перамен рух наперад проста немагчымы. Але гэта не значыць, што мы абмінаем увагай гісторыю выдання. Бо вельмі важна берагчы мінулае і памятаць пра тое, што было зроблена людзьмі да цябе. Зроблена ж вельмі многа, інакш газета не святкавала б сваё 70-годдзе. Разам з тым важна прыўносіць і нешта новае. І гэта той шлях, па якім мы ідзём сёння.

— Што вас зараз натхняе штосьці мяняць?

— Людзі. Бо, калі глядзіш на людзей і чытаеш матэрыялы пра іх, то разумееш, што без чалавека газета губляе сваю каштоўнасць. Таму гэта для нас у прыярытэце. Зараз мы змянілі вёрстку, газета выглядае як таблоід, і тут важны перш за ўсё чалавек. Мне здаецца, такой жа стратэгіі прытрымліваліся і мае папярэднікі сярод журналістаў і рэдактараў «Мінскай праўды».

Несумненна, аператыўнасць, якасць падачы інфармацыі, імкненне рабіць па-новаму. Бо ў прынцыпе, усё паўтараецца з году ў год. Чытаць кожны раз пра суботнік у адным і тым жа фармаце нецікава, а вось калі пашукаць у гэтай тэме новы ракурс, то ў чытача ўзнікне жаданне пачытаць матэрыял. На жаль ці на шчасце, але час уносіць свае карэктывы ў нашу работу. Напрыклад, зараз у моладзі кліпавае мысленне, і мы павінны ўлічваць гэта і змяняцца. Таму ў нашых матэрыялах мы робім шмат вынасак, буйныя фотаздымкі, загалоўкі і падзагалоўкі. Гэта дазваляе звярнуць увагу на матэрыял, бо сёння ўжо нікога не здзівіш вялікім аб'ёмам тэксту. А вось напісаць коратка і ёмка — больш складана, але ў такога матэрыялу больш шанцаў быць заўважаным чытачом.

— Сёння, калі казаць пра навіны, падзеі людзі адсочваюць хутчэй з дапамогай сацыяльных сетак, чым традыцыйных СМІ. Што вы робіце, каб не страціць увагу сваёй аўдыторыі?

— Па-першае, трэба раз'яднаць патокі інфармацыі. Калі мы кажам пра газету, то тут у прыярытэце аналітычная інфармацыя. Хочацца, каб газета была элітарным прадуктам. Калі ты прачынаешся, варыш каву і чытаеш яе. Ды і ўлічваючы сённяшнюю сітуацыю ў краіне, недахоп аналітыкі востра адчуваецца. Лічу, пры ўмове, калі ўсё будзе цікава падавацца на старонках выдання, то нас будуць чытаць, купляць і выпісваць. А ўся рэпартажная інфармацыя з мерапрыемстваў добра падыходзіць для сайта, дзе ў прыярытэце фота-, відэакантэнт. Плюс трэба займацца інтэграваннем, як і робяць у некаторых газетах, размяшчаючы тыя ж QR-коды, якія дазваляюць пераходзіць на сайт выдання ці на YouTube-канал. У прынцыпе, месца ўсёй аператыўнай інфармацыі — гэта выключна сайт, сацыяльныя сеткі і месенджары. Людзі лепш успрымаюць навіны там, а не ў газеце праз некалькі дзён.

— Як спраўляецеся з канкурэнцыяй з боку раённых і рэспубліканскіх выданняў?

— Канкурыраваць складана, паколькі друкаваных выданняў вельмі шмат. І для нас пэўная складанасць яшчэ і ў тым, што калі ў іншых абласцях ёсць абласныя цэнтры, на якія там і арыентуюцца газеты, то ў нас гэтага няма. Мы разумеем, што Мінск і так дастаткова перанасычаны рознымі СМІ, а наша асноўная аўдыторыя знаходзіцца ў рэгіёнах. Каб зацікавіць гэтую аўдыторыю, мы размяшчаем геалакацыю. То-бок чытач адразу можа сарыентавацца, што гэта напісана пра яго мясцовасць. Бо людзям перш за ўсё цікава чытаць пра сваё. А там, можа, ён і на аналітыку зверне ўвагу. У выніку чалавек падтрымлівае ваша выданне і рублём. Для гэтага газета павінна быць канкурэнтаздольная на рынку СМІ. І нам у гэтым сэнсе складана спаборнічаць нават не з рэспубліканскімі выданнямі, а з раённымі, бо апошнія даюць найбольш інфармацыі пра рэгіёны. Але тут мы, як мне здаецца, не столькі канкурыруем, колькі дапамагаем адно аднаму. Вось глядзіце, у нас у холдынгу, дзе аб'яднаны абласная газета з раёнкамі Дзяржынскага, Уздзенскага і Мінскага раёнаў, чытач атрымлівае адразу дзве газеты. І за кошт гэтага ён мае магчымасць чытаць інфармацыю пра сваю мясцовасць, пададзеную з розных ракурсаў і ў розных жанрах. Думаю, названы падыход, які паспяхова рэалізавалі ў свой час, добра паказвае сябе і сёння.

— «Мінская праўда» ў параўнанні з іншымі выданнямі візуальна адметная. Гэта такая правакацыя, каб звярнуць на сябе ўвагу ці свядомы крок у развіцці?

— Так, гэта было ўзважанае рашэнне, і ў прынцыпе ніякай правакацыі мы ў ім не хавалі, але з пэўнай крытыкай пры пераходзе на новую вёрстку давялося сутыкнуцца. Мы пайшлі часткова тым жа шляхам падачы ідэалагічна правільнай інфармацыі, як робяць гэта ў незалежных СМІ нашай краіны. Калі такія фарматы апраўдваюць сябе за мяжой і тыя ж таблоіды карыстаюцца попытам у чытача, то што перашкаджае нам выкарыстоўваць падобны падыход? Асабліва ў наш няпросты час, калі так важна даносіць патрэбную інфармацыю да аўдыторыі. Чаму не падаваць яе цікава і няхай часам нават правакацыйна? Мы неяк нават зрабілі першую паласу ў плакатным стылі, дзе адштурхоўваліся ад нумара The Guardіan, калі яны апублікавалі партрэт беларускай дзяўчыны з недзяржаўнай сімволікай. Мы не рабілі з гэтага сакрэту, хоць некаторыя СМІ і спрабавалі абвінавачваць нас у плагіяце, але нам хацелася проста адказаць брытанскаму выданню на гэта сваёй асацыяцыяй. І мы прадставілі на першай паласе дзяўчыну з нашым дзяржаўным сцягам. Вядома, разумелі, што такі ход можа выклікаць розныя рэакцыі. Але лепш так, чым маўчаць, быццам бы нічога вакол цябе не адбываецца. Заўсёды ёсць магчымасці адпавядаць часу.

— «Мінская праўда» — цэнтральная газета цэнтральнага рэгіёна краіны». Наколькі складана адпавядаць гэтаму дэвізу?

— Спрабуем, хоць самім сябе складана ацэньваць. Наколькі мы паспяховыя ў гэтым, думаю, лепш судзіць нашым чытачам. Хоць часам здаецца, што ты ўсё зрабіў нzправільна і не так, а чалавек тэлефануе і дзякуе.

— То-бок, зваротная сувязь з чытачамі не губляе сваёй сілы...

— Трэба разумець, што з часам званкоў і пісем будзе яшчэ менш, чым зараз. Таму што развіваюцца новыя формы сувязі. Мы вось збіраем прапановы па змяненнях у Канстытуцыю і іх дасылаюць толькі з выкарыстаннем формы зваротнай сувязі на сайце і праз тэлеграм-бот. Набраць тэкст і імгненна адправіць яго адрасату людзям сёння прасцей, чым ісці на пошту і дасылаць ліст.

— Юбілей газеты, якая адзначае 70-годдзе, для вас — падстава задумацца пра што?

— Па-першае, мне хочацца падзякаваць усім тым людзям, якія ў розныя гады працавалі ў «Мінскай праўдзе». Тое, што наша газета сёння існуе і працягвае развівацца — гэта вынік работы многіх пакаленняў журналістаў і кіраўнікоў выдання. Шчыра пераканана, што кожны рэдактар «Мінскай праўды» ўкладваў у яе сваю душу і час, каб зрабіць газету максімальна цікавай для чытачоў. Я працягваю тое, што зрабілі мае папярэднікі. Без гэтага быў бы немагчымы наш рух наперад. І для нашага калектыву 70-годдзе выдання — добрая нагода яшчэ больш аб'яднацца і стаць мацнейшымі. Спадзяюся, газета адсвяткуе яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Бо ў нас цікавая гісторыя, якую варта згадваць, расказваць і працягваць агульнымі сіламі. Мы, дарэчы, калі пагарталі архівы газеты, убачылі, што раней пісалі даволі адкрыта і востра. І нам варта працягваць заставацца вернымі такому кірунку.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва «Мінскай праўды»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.