Вы тут

Быкаў, Шамякін, Караткевіч і... эмодзі. Якія нестандартныя падыходы да развіцця ў вучняў эмпатыі, каманднага духу і вобразнага мыслення прапануюць сёння настаўнікі?


«Яшчэ ўчора ў нас былі добрыя адносіны з Германіяй, бо мы ж суседзі, дацкая і нямецкая мова вельмі падобныя. А сёння немцы маршыруюць па вуліцах нашага горада, іх можна ўбачыць з вакна, бо кароль аддаў загад не аказваць супраціўленне нацыстам. Ён хоча выратаваць нашы жыцці».

«Мой бацька працаваў у паліцыі і за гэта яго схапілі і адправілі ў Сібір. Нас выселілі з кватэры, цяпер мы жывём у вёсцы ў сваякоў, недалёка ад Юрмалы. Матуля сказала, што мы з сястрой ужо дарослыя і зможам нейкі час пажыць у сваякоў, а потым яна і тата вернуцца».

«Зусім нядаўна мы жылі шчасліва, усё здавалася такім бязвоблачным, а зараз я сяджу ў лагеры для малалетніх злачынцаў. Мяне пасадзілі, таму што мой тата быў членам гарадскога савета Таліна. Яго арыштавалі адразу, як Савецкі Саюз захапіў Эстонію. Я не ведаю, дзе ён. Мне вельмі дрэнна».

«Нацысты запоўнілі парыжскія вуліцы. Яны фатаграфуюцца на фоне Эйфелевай вежы. Усюды паразвешвалі свае сцягі са свастыкай...»

Пра Другую сусветную вайну знята шмат дакументальных і мастацкіх фільмаў. Запісана мноства ўспамінаў сведкаў тых падзей. Але ў школьнай праграме ў падручніку для 10-га класа па гэтай тэме прыводзіцца мноства назваў, лічбаў, імен і падзей, за якімі ўбачыць і адчуць самую бязлітасную вайну ў гісторыі чалавецтва даволі праблематычна. І зусім немагчыма разабрацца ў яе першапрычынах.

Настаўнік гісторыі з Крычаўскай сярэдняй школы № 1 Андрэй КУЗЬМІН вырашыў зрабіць стаўку на эмоцыі і пачуцці школьнікаў. Падчас свайго майстар-класа на EdCamp Belarus — 2020, прысвечанага «пачуццёвым метадам» выкладання свайго прадмета, ён расказаў калегам, як яму ўдаецца зачапіць вучняў тэмай на ўроку і прымусіць прапусціць яе праз сябе.


За сухімі радкамі параграфа

Андрэй КУЗЬМІН: «Трэба прымусіць дзяцей паплакаць, калі не вонкава, то хоць бы ўнутрана».

— Выкладаць гісторыю ў школе ўвогуле вельмі цяжка, праблем — мільён, і адна з іх — недасканаласць падручнікаў, — разважае педагог. — Па іх ёсць пытанні з пункту гледжання і логікі, і захавання гістарычнай праўды. Ёсць таксама пытанні да методыкі і паслядоўнасці выкладання матэрыялу — ды, шчыра кажучы, яны папросту нецікавыя. І як жа нам дастукацца да дзяцей? Канешне, праз іх пачуцці. Напрыклад, перад пачаткам вывучэння Другой сусветнай вайны я прапаную дзецям паглядзець відэаролік, прысвечаны сумеснаму параду нямецкіх і савецкіх войскаў у Брэсце 22 верасня 1939 года. Гэта ключ да падзей, што адбываліся ў той час у Польшчы і што будуць адбывацца пазней. Затым увесь клас дзеліцца на дзве часткі: на краіны, якія былі акупаваныя фашысцкай Германіяй, і краіны, якія знаходзіліся пад Савецкім Саюзам. Вучні разбіраюць рэплікі сваіх аднагодкаў з гэтых краін, якія я рыхтую ім загаддзя. Кожны можа паставіць сябе на месца свайго равесніка і паспрабаваць адчуць тое, што адчувалі яны: страх, роспач, бездапаможнасць, горыч страт.

Ёсць такі сумны жарт. «Ці ведаеце вы, што такое Халакост? Ведаю, гэта такі шпалерны клей...» Дык вось, каб у рэальнасці вашы вучні не блыталі Халакост са шпалерным клеем, трэба пры вывучэнні гэтай тэмы прымусіць іх паплакаць, калі не вонкава, то хоць бы ўнутрана. Яна вельмі няпростая для сучасных дзяцей, бо размова ідзе пра падзеі амаль 80-гадовай даўнасці. І трэба дастукацца да іх душы.

Тое ж трэба зрабіць і пры вывучэнні падзей Грамадзянскай вайны ў Савецкай Расіі і сталінскіх рэпрэсій. Вельмі важна, якія відэаролікі і фотадакументы вы ім прапануеце. Хачу папярэдзіць, што да іх падбору трэба ставіцца вельмі асцярожна, памятаючы, што перад вамі ўсё ж такі дзеці. Неабходна знайсці нейкую «залатую сярэдзіну», каб не нашкодзіць іх псіхіцы. Відэа можа быць і дакументальнае, і мастацкае, кожны педагог сам вырашае, дзе знаходзіцца тая самая «залатая сярэдзіна». Але вучні павінны пагрузіцца ва ўнутраны свет і эмацыянальны стан іншага чалавека (гэта спрыяе развіццю ў іх эмпатыі), бо за сухімі радкамі з параграфаў школьнага падручніка стаяць жывыя людзі са зламанымі лёсамі.

Пры разглядзе некаторых тэм я выкарыстоўваю так званы тэатр на ўроку. Важна ўсё: позіркі, міміка, жэсты, паўзы... Адным словам, мы разам з вучнямі паглыбляемся ў кантэкст падзей шматгадовай даўнасці.

Не баяцца выходзіць за рамкі

«Усё не тое, чым здаецца, або Як стварыць каманду з дапамогай кнігі без слоў» — так называўся майстар-клас настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 1 з Пастаў Іны ПЛЕШАВЕНІ. На кірмашы педагагічных ідэй EdCamp Belarus — 2020 педагог паабяцала пагаварыць пра такія важныя кампетэнцыі ХХІ стагоддзя, як уменне камунікаваць, працаваць у камандзе і выходзіць за межы рамак, у якіх мы знаходзімся. Праблема камандаўтварэння аказалася блізкая вельмі многім удзельнікам педагагічнай неканферэнцыі…

Іна ПЛЕШАВЕНЯ: «Комікс «ZOOM» можа быць карысны і для медыяадукацыі, і для сторытэлінгу».

— Год таму я даведалася ад калегі з Грэцыі пра існаванне надзвычай цікавай кнігі «Zoom» амерыканскага мастака-ілюстратара венгерскага паходжання Іштвана Баньі. У ёй няма ніводнага слова, яна складаецца з 31 ілюстрацыі. Выданнем The New York Tіmes «Zoom» яна была ўключана у топ найлепшых кніг года. Пазней яе выдалі ў 18 краінах свету, — расказала Іна Плешавеня. — Размова ідзе пра комікс, у якім кожны наступны фрэйм уключае ў сябе папярэдні, такім чынам глядач увесь час адсоўваецца ад першапачатковай сцэны, і толькі ў канцы разумее, што максімальны «зум» (павелічэнне) быў у самым пачатку.

Але прычым тут камандаўтварэнне? Малюнкі ў кнізе пададзены матрошкай, разам яны складаюць адзіны сюжэт (адбываецца быццам бы павелічэнне «зума»), вось толькі ўдзельнікі практыкавання гэтага не ведаюць. Настаўнікі, падзеленыя на групы, атрымалі па адной старонцы (адным малюнку) з ілюстраванай кнігі (кожная ўтрымлівае пэўную інфармацыю). Задачай групы было выкласці іх у лагічнай кніжнай паслядоўнасці, не паказваючы карцінкі адно аднаму, а толькі распавядаючы, што на іх намалявана. Можна было выкарыстоўваць таксама міміку і жэсты, спрабуючы знайсці ў групе малюнак, які папярэднічае твайму ў кнізе, і малюнак, які размяшчаецца ўслед за ім.

На завяршэнне Іна Плешавеня пацікавілася ў калег: «З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся пры выкананні задання? Якія спасабы ўзаема-дзеяння выкарыстоўвалі ў камандзе? Ці ўсе былі згодныя з парадкам размяшчэння карцінак? А ці ўсе прыслухоўваліся да меркавання іншых? Ці быў лідар у камандзе і людзі, якія стаялі збоку? Лідар узяў на сябе адказнасць?»

Насамрэч, гэтае практыкаванне выкарыстоўваецца для тымбілдынгу і дапамагае сфарміраваць з групы калектыў аднадумцаў, наладзіць паміж імі ўзаемадзеянне з мэтай вырашэння агульнай задачы. Акрамя таго, яно дае магчымасць патэнцыяльным лідарам праявіць свае здольнасці і ўзяць пад свой кантроль працэс вырашэння такой задачы. У выніку ўдзельнікі з дапамогай логікі збіраюць прыгожую і яркую гісторыю сусветнага маштабу.

Іна Плешавеня выкарыстоўвае кнігу Іштвана Баньі для аб'яднання класнага калектыву і папярэджання булінгу, але бачыць у ёй значна большы патэнцыял. З яе дапамогай можна развіваць не толькі нестандартнае мысленне, камунікатыўныя навыкі і камандны дух. Яна можа быць карысная для медыяадукацыі, выкарыстоўвацца для сторытэлінгу.

— А яшчэ можна ўключыць крэатыў і самім прыдумаць кнігу па такім жа прынцыпе, — прапануе яна. — Галоўнае — не баяцца выходзіць за ўмоўныя рамкі...

На мове малюнкаў

Вучыць пакаленне візуалаў — задача няпростая. Паспрабуйце завалодаць іх увагай. Вучні не будуць слухаць доўга маналог настаўніка. Нельга прыйсці ў клас, штосьці расказаць, а потым патрабаваць, каб дзеці гэтую інфармацыю за вамі паўтарылі. Ранейшыя педагагічныя прыёмы ўжо не працуюць. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з дзяржаўнай гімназіі № 1 г. п. Зэльва Наталля СТУПЧЫК выкарыстоўвае на сваіх уроках эмодзі і скрайбы.

— На сучасных вучняў абрушваецца такі паток інфармацыі, з-пад якога выбрацца амаль немагчыма. Усім знаёмая сітуацыя, калі вучні не спраўляюцца з заданнем, кідаюць яго і пачынаюць рабіць усё, што заўгодна, толькі не тое, што мы ад іх чакаем. Таму патрэбныя пэўныя «кручкі», каб яны здолелі дастаць неабходную інфармацыю і разматаць клубок ведаў, — разважае педагог. — А тэксты бываюць не толькі класічныя. Ёсць яшчэ і мова малюнкаў: вобразы, сімвалы, схемы, знакавыя мадэлі…

Наталля СТУПЧЫК: «Тэксты бываюць не толькі класічныя. Ёсць яшчэ і мова малюнкаў...»

Для даведкі: эмодзі — мова ідэаграм і смайлікаў, якая выкарыстоўваецца ў электронных паведамленнях і вэб-старонках. Графічная мова, дзе словы замяняюцца спалучэннем карцінак, з'явілася ў Японіі і хутка распаўсюдзілася па ўсім свеце. У 2015 годзе Оксфардскі слоўнік назваў «эмодзі» словам года. Дарэчы, мова малюнкаў ужо афіцыйна замацаваная ў розных анлайн-перакладчыках. І яна вельмі блізкая і зразумелая сучасным вучням.

— Ёсць шмат карысных сайтаў з эмодзі. Ёсць сайты, якія дапамагаюць у іх стварэнні. Але як жа гэта працуе на ўроку? Для прыкладу, з дапамогай эмодзі мы шыфруем творы. Першы радок — гэта яго назва, а другі і трэці — кароткі змест, — растлумачыла Наталля Ступчык і прапанавала калегам канкрэтныя прыклады. Тыя з задавальннем «расшыфравалі» творы Васіля Быкава «Знак бяды», Івана Шамякіна «Сэрца на далоні», «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага, «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча і іншыя. А потым ім прапанавалі самім зашыфраваць з дапамогай эмодзі верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей»...

— Мова малюнкаў заснаваная на асацыяцыях. І не прачытаўшы твор, ты не зможаш зашыфраваць яго змест. А мне адразу бачна, што для дзяцей засталося ў творы незразумелае, — кажа Наталля Ступчык. — Увогуле, тое, што адбывалася нават 20-40 гадоў таму, зусім далёкае для нашых вучняў, у творах класікаў яны сустракаюць шмат складаных для іх слоў і паняццяў, а мы з дапамогай малюнкаў можам засяродзіць увагу на нейкіх важных для разумення твора момантах. Можна прапанаваць вучням набор эмодзі, каб тыя расставілі малюнкі ў лагічным парадку.

Яшчэ адзін прыём — скрайбінг, які мае на ўвазе таксама работу з малюнкамі. Гэта спосаб падачы інфармацыі, пры якім тое, што кажа выступоўца, ілюструецца ў рэжыме рэальнага часу фламастарам або аплікацыяй на дошцы ці паперы. Адбываецца візуальная фіксацыя ключавых момантаў. Вядома, што больш за 80 працэнтаў інфармацыі чалавек успрымае візуальна. Праз тры дні ён у стане ўспомніць толькі дзесяць працэнтаў ад усяго аб'ёму пачутага. Разам з тым вусны аповед «з малюначкамі» запамінаецца нашмат лепш, чым звычайная «лекцыя». А на ўроках літаратуры скрайбінг дапамагае дзецям візуалізаваць іх чытацкія ўражанні.

— Скрайбінг — гэта працэс, а скрайб — прадукт, карцінка, набор малюнкаў на зададзеную тэму, аб'яднаных агульнай ідэяй, — тлумачыць Наталля Ступчык. — Скрайбы могуць быць маляваныя, аплікацыйныя, магнітныя, камп'ютарныя... Я карыстаюся наступным алгарытмам стварэння скрайбаў. Спачатку рыхтую сцэнарый, прадумваю асноўную ідэю і яркія вобразы. Выбіраю форму і спосаб падачы. Рыхтую скрайб-набор. Можна стварыць скрайбы самому або падабраць камплект патрэбных малюнкаў. На «ўра» ў мяне ідзе выкарыстанне скрайбаў пры вывучэнні тэмы «Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі». Візуальна дзецям прасцей зразумець, што паняцці «жывое і нежывое» ў навакольным свеце і «адушаўлёнае і неадушаўлёнае» ў мове не заўсёды супадаюць.

Скрайб можа ўяўляць з сябе стужку з некалькіх малюнкаў, размешчаных гарызантальна, але ж яны могуць быць прадстаўлены і ў выглядзе кола, вертыкальнай паласы, квадрата. Можна ствараць скрайб-карты падарожжа па апавяданні ці параграфе з падручніка па любым прадмеце. Прапануйце вучням размясціць прадметы, звязаныя з мастацкім творам, у пэўнай паслядоўнасці. Можаце дадаць і скрайбы не па тэме. Вучні павінны адабраць з іх толькі тое, што трэба.

Створаны скрайб падыдзе для тлумачэння новага матэрыялу і праверкі засвоенага, можа быць выкарыстаны як сродак абагульнення вывучанага, як аснова для дамашняга задання, як суправаджэнне да «мазгавога штурму» на ўроку. Гатовы скрайб — цудоўны наглядны дапаможнік, які можна выкарыстоўваць так, як гэтага патрабуе сітуацыя. Можна папрасіць навучэнцаў пракаментаваць прадстаўлены скрайб, адказаць на пытанні, знайсці памылку ў ім, абмеркаваць убачанае. Методыка работы з канкрэтным скрайбам будзе залежаць ад падрыхтаванасці класа і пастаўленых дыдактычных задач. Відавочна адно: дзякуючы скрайбінгу ўрокі «ажыўляюцца». А яшчэ ён развівае такія важныя навыкі лагічнага, вобразнага, крэатыўнага і крытычнага мыслення...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.