На радзіме вядомага беларускага літаратара Івана Сяркова, у Пакалюбіцкай СШ Гомельскага раёна, адбылася цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў міжнароднага юніёр-конкурсу тэматычных сачыненняў «Нашчадкі Вялікай Перамогі».
Творчае спаборніцтва праводзілася летась упершыню ў межах рэалізацыі Дагавора аб супрацоўніцтве паміж адміністрацыяй Няклінаўскага раёна Растоўскай вобласці (Расія) і Гомельскім райвыканкамам і ў межах рэалізуемага на тэрыторыі Растоўскай вобласці культурна-адукацыйнага праекта «Берагі дружбы» і Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя дажынкі», які праводзіцца Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ.
— Асноўныя мэты конкурсу, на які паступіла каля 100 работ, — фарміраванне патрыятычных поглядаў і актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў падрастаючага пакалення на аснове агульнай гісторыі Расіі і Беларусі, далучэнне падлеткаў да культурнаасветніцкай і творчай дзейнасці, — адзначыў старшыня абласной пісьменніцкай суполкі, сузаснавальнік конкурсу з беларускага боку Уладзімір Гаўрыловіч. — Задача — далучэнне дзяцей да найлепшых узораў гістарычнай і мастацкай літаратуры, правядзенне сумесных мерапрыемстваў.
— У наш час, калі прайшло ўжо шмат гадоў ад пачатку і завяршэння Вялікай Айчыннай вайны, важна памятаць подзвігі, якія здзейснілі нашы землякі, і быць удзячнымі ім за гэта, зазначае ў сваім сачыненні, прысвечаным народнаму пісьменніку Беларусі Івану Мележу, вучаніца Пакалюбіцкай СШ Таццяна Шутава, — прывёў прыклад Уладзімір Гаўрыловіч. — Памяць пра нашага земляка і сёння жыве ў сэрцах жыхароў Расіі. Гэтак жа, як і мы, беларусы, яны шануюць унёсак Івана Паўлавіча ў вызваленне Растоўскай вобласці.
У Пакалюбіцкай СШ Уладзімір Гаўрыловіч урачыста ўручыў Таццяне Шутавай сертыфікат удзельніка конкурсу і дыплом лаўрэата III cтупені.
Кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі ад імя аргкамітэта падзякаваў удзельнікам конкурсу, якія не прайшлі ў фінал, і прапанаваў лепш падрыхтавацца, каб перамагчы ў наступным годзе. Ён таксама ўручыў падзяку Ганне Макаранцы — настаўніцы Таццяны Шутавай.
Па выніках конкурсу выдадзены зборнікі найлепшых сачыненняў «Літаратурны дэбют», вершаў і паэтычных перакладаў «Нашчадкі Вялікай Перамогі», якія падчас урачыстай цырымоніі былі падораны школе, пераможцам і лаўрэатам творчага спаборніцтва.
Дарэчы, удзельнікамі сёлетняга конкурсу былі вучні Растоўскай і Гомельскай абласцей ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Разам з тым у ім маглі ўдзельнічаць прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Творчыя работы вучні накіроўвалі па чатырох намінацыях. Для беларускіх школьнікаў яны называліся «Мы памятаем!» — пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Растоўскай вобласці і «Я вамі ганаруся» — пра беларусаў, якія абаранялі і вызвалялі Растоўскую вобласць. Для школьнікаў Растоўскай вобласці «Мы памятаем!» — пра падзеі вайны на тэрыторыі Беларусі і «Я вамі ганаруся» — пра герояў-землякоў з Растоўскай вобласці, якія вызвалялі нашу рэспубліку.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ
«Я разумеў, які цяжкі матэрыял трэба будзе ўвасобіць на сцэне».
Пачнём святочны шопінг, вядома ж, з ёлачкі.
Цяльцам лепш не прымаць паспешлівых рашэнняў.
«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».