Вы тут

Тэхніка чыстай плыні


Для сённяшніх аўтараў-пачаткоўцаў пытанне «Ці патрэбна кніга?» надзвычай вострае. Ніякіх іншых шляхоў для развіцця сябе ў літаратуры, акрамя публікацый у часопісах і ранняга ці позняга выдання кнігі, раней не было. Цяпер такія шляхі ёсць — у асноўным, звязаныя з інтэрнэтам. Аднак яны, калі і дазваляюць прапусціць прыступку з публікацыямі ў часопісах, рана ці позна мусяць прывесці да выдання кнігі. Разважанні пра ролю і значэнне першай кнігі ў жыцці аўтара — тэма для іншага тэксту. Тут варта закрануць толькі адзін з аспектаў — самаідэнтыфікацыю.


Выдаючы зборнік вершаў, аўтар дэкларуе сябе як паэта. Выдаючы кнігу прозы, адпаведна, як празаіка. Як вызначыць сітуацыю, калі малады пісьменнік змяшчае ў сваёй першай кнізе ўсё: і разважанні, і прозу, і вершы? Ці ёсць гэта адмаўленнем ад канкрэтнай ідэнтыфікацыі або імкненнем проста выдаць усё, што назапасілася, каб не было пра што шкадаваць?

Такім зборнікам усіх праяў творчай асобы на першы погляд паўстае кніга Паўла Любецкага «У асноўным без рыфмы» (Логвінаў, 2020). У ім ёсць вершы, дзённікавыя запісы, проза выдуманых аўтараў і сюжэты для фільмаў. Назвы раздзелаў намякаюць на тое, што кніга  — салянка з усяго, што прыйшло аўтару ў галаву, але гэтае ўяўленне развейваецца, як толькі даходзіш да нязвыклых частак.

Але найперш — трыццаць старонак вершаў. Ужо ў іх бачны асноўныя тэмы, якія цікавяць аўтара. Космас, вечнасць, глыбока схаваныя законы светабудовы, сэнс і значэнне чалавечага існавання, прырода чалавечага розуму і веры ў найвышэйшае. Тэхнічна гэта выканана так, што тэксты, нягледзячы на тэмы, не выглядаюць занадта пафасна. Паэт увогуле адмаўляецца ад фармальных абмежаванняў. Гэта не значыць, што рыфмы і рытму ў тэкстах зусім няма. Гэта значыць, што яны ўзнікаюць тады, калі аўтару хочацца. Месцамі рытм нагадвае дзіцячыя вершы, часам тэкст драбніцца на аднаслоўныя радкі і стварае сутаргавы рытмічны малюнак. Але найбольш удалыя прыклады ўвогуле пазбаўлены рытму. Там, дзе ствараецца эфект чыстай плыні свядомасці, выбраныя аўтарам тэмы чытаюцца найбольш натуральна. Той жа прынцып працуе і з рыфмай. Калі гульні з рытмам аўтару ўсё ж удаюцца, то рыфма сваёй максімальнай спрошчанасцю і банальнасцю адно толькі псуе агульную карціну.

Лексічнае напаўненне тэкстаў рэалізоўвае не самы нязвыклы аксюмаран: яно адначасова занадта абстрактнае і занадта канкрэтнае. Іншымі словамі, аўтар вывальвае на чытача свае разважанні, выкарыстоўваючы абстрактныя назоўнікі і не афармляючы іх у вобразныя структуры. Матэрыял для вершаў — разважанні без граму рэчаіснасці і побыту, над якімі, як магічна-рэалістычныя прывіды, лунаюць асобныя метафары.

ночь — это время долгожданной свободы

ото всех не тобой обусловленных

условностей

мысли в голове прокручиваются с безумной скоростью

и исчезают, унося от тебя собой дневные заботы

Кожны з вершаў — гэта разгорнутая на некалькі сказаў ці строф думка, дзе вобразы паўстаюць у якасці ўпрыгожванняў ці аргументаў, пацвярджаюць думку, а не выяўляюць яе.

Павел Любецкі карыстаецца «непаэтычнай» мовай, піша ў стылістыцы звычайнай гаворкі. Але тэма яго літаратурных разважанняў прымушае да гэтай стылістыкі двух студэнтаў філасофскага факультэта. Часам у тэкставай плыні ўзнікаюць быццам бы выпадковыя іскрынкі гукапісу і анамальныя канструкцыі кшталту «колбасится огромная тусовка», якія парушаюць звыклы тэмп успрымання. Аднак асноўная рыса паэзіі Паўла Любецкага — афарыстычнасць.

У адным з апошніх вершаў аўтар нечакана ўводзіць булгакаўскага Іешуа Га-Ноцры і пачынае тэкст са слоў:

Иешуа, ну ты и вляпался!

Ты же просто пророк, философ,

аполитичный малый.

а у тебя тут стукач среди учеников,

а Пилат шьет тебе экстремизм:

хотят дать высшую меру.

Увесь верш выбудаваны на тым, што раней бачылася як лексічныя анамаліі. Аўтар раптоўна паказвае сябе чалавекам, прывязаным да рэчаіснасці. Далейшыя некалькі вершаў раскрываюць Паўла Любецкага па-іншаму. У іх заўважны рысы непапулярнай паэзіі мінулага стагоддзя накшталт канцэптуалізму і метарэалізму.

Больш за палову зборніка складаюць празаічныя эксперыменты аўтара. Дзённікавыя запісы Паўла — чыстая слоўная руда, неапрацаваны матэрыял, які мог бы стаць вершам. Менш афарыстычнасці, больш плыні свядомасці, неаформленасць. Тут сярод абстрактных разважанняў — спробы самаасэнсавання. Астатнія раздзелы — «Проза выдуманых аўтараў» і «Сюжэты для фільмаў» у нязвыклай, гульнявой празаічнай форме праводзяць тыя ж філасофскія тэмы. Аўтар перакладае свае ідэі наконт зместу і формы на паперу, быццам спрабуючы іх на трываласць, шукаючы новыя шляхі для пошукаў у сваёй неабмежаванай тэме.

Тэматыка разважанняў утварае шчыльныя сувязі паміж часткамі.

Уся кніга — спроба паглядзець на свет зверху. Асэнсоўваючы рэлігію, мастацтва, ісціну, аўтар часам ажыўляе гэтыя абстрактныя рэчы. Абсалютная фрагментарнасць па форме кампенсуецца еднасцю зместу.

Вяртаючыся да пытання, зададзенага на пачатку, можна сказаць, што кніга Паўла Любецкага «У асноўным без рыфмы» вырашае не праблемы творчай самаідэнтыфікацыі творцы (здаецца, ён увогуле не мае ў ёй патрэбы) і не становіцца зборнай салянкай з усяго, што было напісана за гады «бязкніжжа». Гэта своеасаблівы арт-аб’ект, канцэптуальны альманах шляхоў у пошуку адказаў на вечныя пытанні, які стварае ўражанне пра аўтарскі стыль быццам мімаходзь.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

Як арганізаваць правільны догляд за валасамі гарачай парой

У 90 % выпадкаў людзі не ведаюць, як правільна мыць галаву.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У Блізнятаў ёсць шанц кардынальна змяніць жыццё.

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.