Вы тут

Юрка Голуб. «Смутак вечны вачэй...»


Так здарылася, што я быў апошнім з літаратараў, які бачыў жывым Юрку Голуба. 28 верасня паехаў у Гродна, загадзя дамовіўшыся з ім: сустрэнемся і ён мне перадасць усё, што ў яго было, звязанае з жыццём і творчасцю заходнебеларускага паэта Міхася Васілька (Міхася Касцевіча, 1905—1960). Дарэчы, сын Міхася Васілька Леанід Касцевіч некалі шчыраваў у газеце «Праца», пісаў матэрыялы пра жыццё і справы Зэльвеншчыны. «Забірай усё сабе, Сярожа, бо я больш нічога не напішу пра Васілька. За мяне зробіш ты. Я ўжо рыхтуюся туды…» — сказаў мне Юрый Уладзіміравіч у тэлефоннай размове. «Куды туды?» — пытаюся. «Ты што, не ведаеш, куды людзі рыхтуюцца?..» — здзіўлена запытаў старэйшы сябра.


Землякі Юрка Голуб і перакладчыца Алена Таболіч у Зэльве

Мы сустрэліся ў яго гродзенскай кватэры, Юрый Уладзіміравіч перадаў папку з матэрыяламі пра Васілька, падпісаў зборнічак паэзіі грузінскага паэта Нікалоза Бараташвілі, які ён пераклаў на беларускую мову, і мы пайшлі. «Я цябе правяду да прыпынку, а сам пайду па справах», — сказаў паэт.

Мы ціха рухаліся па праспекце Будаўнікоў, гутарылі пра жыццё-быццё. І зноў Юрый Уладзіміравіч нагадаў, што ён «рыхтуецца ўжо туды». Я яму сказаў: рана рыхтавацца, бо не ўсё зроблена, не напісана новых кніг, не выдадзена. А ён стаяў на сваім: «Ды напісана шмат. Ляжыць дома новая кніга паэзіі, абяцалі ў Мінску выдаць, але так і не выдалі…»

Няспешна ідучы да прыпынку, вялі гутарку і пра літаратуру, пісьменнікаў. Юрка Голуб быў цудоўным апавядальнікам: ведаў шмат, сустракаўся з цікавымі людзьмі, расказваў захапляльна — слухаць яго можна было бясконца.

Да прыпынку пад’ехала слонімская маршрутка, і мы пачалі развітвацца. Юрый Уладзіміравіч моцна ціснуў маю руку і глядзеў проста ў вочы. Заўважна было, што ён не хацеў са мной расставацца, хаця і спяшаўся кудысьці. Падалося, хутка заплача...

Я сеў у маршрутку, а ён стаяў на прыпынку. Калі аўтамабіль пачаў рухацца, памахаў мне рукой і пайшоў па сваіх справах. А праз некалькі дзён патэлефанаваў пісьменнік Валянцін Дубатоўка: у  Юркі Голуба здарыўся інсульт, ён у цяжкім стане ў  рэанімацыі.

12 кастрычніка не стала яшчэ аднаго журналіста, публіцыста, перакладчыка. Але найперш — паэта. А Зэльвеншчына страціла знакамітага земляка, які любіў родны кут больш за ўсё на свеце. Дзясяткі вершаў Юрка Голуб прысвяціў сваім землякам і роднай Зэльве. А такія радкі, як з верша «Побач з Зэльвенскім вадасховішчам», запамінаюцца адразу:

На вадохрышча ладзяць

Вадасховішчу одум

 З-пад Бародзіч Уладзя,

З Караліна Мікодым…

Калі я вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, французскую мову ў нас выкладала Святлана Мікалаеўна Любіч. І калі Святлана Мікалаеўна даведалася, што пішу вершы, то вельмі ўзрадавалася. «Будзеш з французскай мовы перакладаць творы французскіх паэтаў», — сказала яна і прынесла вершы Поля Элюара, Луізы Мішэль, Сальвадора Далі, Эжэна Пацье і іншых. Пераклады даваліся цяжкавата, але нешта ўсё ж атрымлівалася. Потым чытаў іх перад аднакурснікамі, а Святлана Мікалаеўна мяне хваліла і ставіла добрыя адзнакі. Аднойчы перад усёй групай яна сказала прыблізна так: «Ты мне нагадваеш майго любімага студэнта Юрачку Голуба, якога некалі тут вучыла. І ён перакладаў таксама вершы французскіх паэтаў і друкаваў іх. Вельмі добры быў студэнт! — успамінала Святлана Мікалаеўна. — Як убачыш Юрку, перадавай самае гарачае прывітанне!»

Вокладка кнігі «Поруч з дажджом», 2001

Было прыемна чуць такія словы. Мы часта з Юрыем Уладзіміравічам прыгадвалі нашу апантаную выкладчыцу, якая любіла і Беларусь, і ўсё французскае. Пераклады з французскай мовы Голуб друкаваў у розных рэспубліканскіх выданнях.

Часта Юрка Голуб гасцяваў у Алега Лойкі ў Слоніме — калі той пайшоў на пенсію, жыў у родным горадзе на беразе Шчары. Алег Антонавіч некалі кіраваў універсітэцкім літаб’яднаннем «Узлёт». Наведваў «Узлёт» і Юрка Голуб. У 1967 годзе выйшаў з друку другі «ўзлётаўскі» зборнік паэзіі «Натхненне». Часта бяру ў рукі гэтую кнігу, з  небудзённай цікавасцю гартаю, чытаю і  сёння. Яўгенія Янішчыц, Мар’ян Дукса, Сяргей Законнікаў, Анатоль Казловіч, Алесь Разанаў, Казімір Камейша, Уладзімір Дзюба — аўтары «Натхнення» тады былі маладымі і ад Бога таленавітымі. Сярод гэтых талентаў — і Юрка Голуб. Зачытваюся яго юнацкімі радкамі:

Маладыя мадонны

З белым плёсам плячэй!

Усплывае з прадоння

Смутак вечны вачэй…

Юрка Голуб і Алег Лойка гадзінамі разважалі пра літаратуру, прыгадвалі той час, які яны перажылі, тых, з кім сустракаліся... А калі вяртаўся Юрый Уладзіміравіч у Гродна, нараджаліся слонімскія радкі. Напісаўся і напаўжартоўны верш «Слонімскія настроі», прысвечаны Алегу Лойку:

А ў Слоніме

Дыму шмат у коміне.

Трэсне раптам комін —

Задубее Слонім.

У 2016 годзе я склаў кнігу вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаных старажытнаму Слоніму і яго ваколіцам, а таксама знакамітым людзям слонімскай зямлі. Назву ж да кнігі ніяк прыдумаць не змог. І прыгадаў гэты верш Юркі Голуба, дзе назва верша якраз пасавала да назвы кнігі. Патэлефанаваў Юрыю Уладзіміравічу і папрасіў дазволу на тое, каб зборнік назваць «Слонімскія настроі». «Буду рады і  задаволены, калі назва майго верша паслужыць назвай усёй кнігі», — сказаў Юрка Голуб. Кніга пабачыла свет у мінскім выдавецтве «Кнігазбор». Туды, дарэчы, акрамя верша «Слонімскія настроі» ўвайшоў і  класічны верш Юркі Голуба «Слонімскі апокрыф»…

Пасля заканчэння Зэльвенскай сярэдняй школы Юрка Голуб паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Закончыўшы, пачаў працаваць рэдактарам літаратурна-музычных перадач на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання. У 1978 годзе паэт загадваў аддзелам культуры абласной газеты «Гродзенская праўда», а праз год стаў загадчыкам аддзела культуры мастацкага вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. З 1972 года вёў на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання штомесячную перадачу «Гродзеншчына літаратурная», дзе знаёміў з творчасцю пісьменнікаў-землякоў. Пад рэдакцыяй Юркі Голуба выйшлі з друку некалькі літаратурных гадавікоў пісьменнікаў Гродзеншчыны «Галасы».

Шлях у літаратуру Юрка Голуб пачаў у 1963 годзе, калі Ваўкавыская раённая газета апублікавала першы яго верш. Потым паэтычныя радкі друкаваліся ў іншых газетах і часопісах. З друку выходзяць яго паэтычныя зборнікі «Гром на зялёнае голле», «Дрэва навальніцы», «Векапомнае поле», «Помню пра цябе», «Сын небасхілу», «Поруч з дажджом», «Багра», «Краявід», «Зажураны камень» і  іншыя. Творчасць Юркі Голуба была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова.

Пра гродзенскага паэта можна прыгадваць шмат. Ён быў творцам з адметным почыркам і светапоглядам. Шкада, што на літаратурных імпрэзах мы больш не сустрэнем яго, не пачуем яго цікавых успамінаў пра людзей і  Юркі Голуба ніколі ўжо не будзе з  намі поруч. Але заўсёды будуць жыць і гучаць яго магутныя вершы, у якіх паэт застаўся верны сваім вытокам — непаўторнай Бацькаўшчыне, глыбінным карэнням чалавечай душы, усяму, што створана людскім розумам і рукамі.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фотаздымкі прадастаўлены аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».