Вы тут

Лабірынты краіны цудаў


Выйсці за межы рэчаіснасці і зазірнуць у чужыя сны, фантазіі і думкі з патаемных куткоў розуму і душы, здаецца, ледзь не асноўная мэта сюррэалізму, кірунку даволі выразнага па сваёй эстэтыцы, але часам незразумелага непатрабавальнаму гледачу з-за пэўнай супярэчлівасці. Нягледзячы на тое, што сапраўднае мастацтва сюррэалісты бачылі ў адарванасці ўласнай свядомай думкі (бо яна суб’ектыўная, а мастацтва павінна быць аб’ектыўным), іх пошукі дагэтуль многімі лічацца творчасцю пра сябе і для сябе.


Работа Сальвадора Далі «Шалёнае чаяпіцце» з серыі «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў».

Такая інтымнасць мае месца, прытым у любым відзе і плыні мастацтва, але толькі сюррэалізм прапаноўвае зазірнуць у сон — працяг рэальнасці, на якую не ўплывае так званая цэнзура свядомасці. Толькі гэта ўжо тэрыторыя Зігмунда Фрэйда і яго псіхааналізу, што ў пэўнай ступені паўплываў на развіццё стылю.

Пра ўсё гэта добра ведаюць аматары сюррэалізму, хоць пазнаёміцца з яго найлепшымі ўзорамі ў Беларусі магчыма даволі рэдка. І зараз надарылася такая магчымасць: у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстаўка «Сальвадор Далі. Тайнапіс», дзе прадстаўлены 61 літаграфія і ксілаграфія самага яркага прадстаўніка сюррэалізму, у прыватнасці, яго кірунку, звязанага больш з ірацыянальным, чым з падсвядомым. Графічная спадчына мастака даволі вялікая, але амаль невядомая шырокай публіцы. Работы прадстаўлены калекцыянерамі і галерэямі Еўропы (Францыя, Данія, Германія) і Амерыкі. На фарміраванне калекцыі пайшло тры гады.

— Усе работы Далі маюць велізарную каштоўнасць, — адзначае куратар праекта Алег Рыжкоў. — Зборную выстаўку сфарміравалі нашы партнёры з СанктПецярбурга, а мы дапоўнілі яе беларускімі ўдзельнікамі: задзейнічана 35 айчынных творцаў. Сярод іх як мэтры, так і маладыя мастакі, якія працуюць у стылі сюррэалізм. Праекты, якія аб’ядноўваюць беларускіх аўтараў і нейкае гучнае імя, даюць магчымасць больш поўна паказаць айчыннае мастацтва. Бо, як правіла, людзі не вельмі ўважліва сочаць за творчасцю беларускіх мастакоў.

Вялікі і жудасны

Дакладнасць, выразнасць вобразаў і ліній — асноўныя характарыстыкі работ Сальвадора Далі. Візуальны падман як адна з найбольш яскравых прыкмет сюррэалізму ў прадстаўленых работах Далі адыходзіць на другі план. Уся экспазіцыя падзелена на пяць частак. У адной зале глядач знаёміцца з мастацкай інтэрпрэтацыяй «Алісы ў Краіне цудаў» (1969—1984). У 1969 годзе адзін з рэдактараў выдавецтва Random House наняў Далі, каб той праілюстраваў абмежаваны тыраж твора пісьменніка, паэта і матэматыка Чарльза Доджсана, знакамітага пад псеўданімам Льюіс Кэрал, у рамках серыі «Кніга месяца». У выніку атрымалася 12 (па ліку раздзелаў) геліягравюр, а таксама лаканічная гравюра-франтыспіс: у іх вядомая ўсім казка набыла новыя рысы. Сярод твораў — «Уніз па трусінай нары», «Сіні Вусень дае парады», «Каралеўскі кракет», «Бег па крузе і доўгае апавяданне» і г. д. У творы «Шалёнае чаяпіцце» мастак цытуе самога сябе праз вобраз мяккага гадзінніка  — найбольш яскравага і пазнавальнага. Дарэчы, кнігу з ілюстрацыямі Сальвадора Далі, што пабачыла свет праз 100 гадоў пасля першай публікацыі, назвалі «сустрэчай двух вялікіх сюррэалістаў». Праз нейкі час, у 1984 годзе, «Прыгоды Алісы ў Краіне цудаў» былі выпушчаны ў выглядзе асобнай серыі літаграфій. Між тым мастак неаднойчы звяртаўся да вобраза дзяўчынкі: яе сілуэт узнікае ў бронзавай скульптуры «Аліса ў Краіне цудаў» (1977—1984) і ў дзвюх літаграфіях «Шлях да звышгранічнага» і «Шлях да мары» (1979).

18 твораў з серыі «Далініянскія коні» (1972—1983)  — адна з найбуйнейшых частак выставачнага праекта. Крыніцай натхнення для маляўнічай серыі сталі антычныя, хрысціянскія і сярэднявечныя легенды і міфы. Так, вобраз святога Георгія — увасабленне раскошы і велічы каталіцкай веры, да якой мастак звярнуўся ў  сталыя гады. Вобраз рамантыка Дон Кіхота ўвогуле суправаджаў Далі на працягу ўсяго жыцця. На карцінах глядач сустрэне і Траянскага каня, і Буцэфала, любімца Аляксандра Македонскага, і Лэдзі Гадзіву на скакуне… Мастаку ўдалося паказаць на паперы легкаважнасць каня, яго свавольства і перадаць пачуцці вершніка-пераможцы.

Трэцяя частка выстаўкі Сальвадора Далі — 8 выбраных работ з серыі «Кармэн» (з унікальнага выдання 1968 г.). На іх можна ўбачыць выразныя патрэты герояў твора Праспера Мерымэ, віды Севільі, горныя пейзажы, сцэны карыды. Кожная работа з серыі мае алоўкавы подпіс аўтара.

20 ілюстрацый да аповесці Пэдра дэ Аларкона «Трохвуголка», выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі ў 1958 годзе, — яшчэ адзін складнік экспазіцыі. Няхітрая гісторыя млынара і яго жонкі, якія жывуць душа ў душу, і фанабэрыстага вяльможы-карэхідора, які беспаспяхова спрабуе спакусіць жонку млынара, бярэ пачатак у папулярным у Іспаніі XIX стагоддзя народным рамансе. Спецыяльна для выдання з ілюстрацыямі сюррэаліста быў зроблены штамп у выглядзе сілуэта трохвугольнага капелюша. Яго мяккі адбітак можна ўбачыць на некаторых лістах. Цікава, што «кніга мастака», што рыхтавалася да выдання ў Парыжы і Манака, была выпушчана невялікім тыражом у 290 экзэмпляраў, значная частка якога, а менавіта імянныя выданні, прызначалася членам Новага парыжскага кніжнага клуба. Увогуле, «кніга мастака» — асаблівы кірунак у мастацтве XX стагоддзя. Мастакі рэдка строга прытрымліваліся літаратурнага сюжэта, ствараючы самастойныя творы арыгінальнай друкаванай графікі. Сальвадор Далі не выключэнне. Яго ілюстрацыі да «Трохвуголкі» вельмі аддалена адлюстроўваюць канкрэтныя сцэны і падзеі аповесці. Яны поўныя яркіх далініянскіх вобразаў, сярод якіх матылькі, сілуэты аслоў, мыліцы — для Сальвадора Далі з дзяцінства гэта быў сімвал падтрымкі, урачыстасці і нават высакамернасці.

Работа Надзі Бука «Інстаграм».

Заключная частка экспазіцыі — трыпціх «Трылогія кахання», у аснове якога — матывы карт Таро, з’явіўся ў 1976 годзе, калі мастаку споўнілася 72 гады, а яго Гале — 82. Тут, як і ў многіх прадстаўленых на выстаўцы работах, няма тыповага сюррэалістычнага напластавання розных частак рэальнасці. «Абяцанне кахання (Умеранасць)», «Прынц кахання (Павешаны)» і  «Бяссмерце кахання (Вежа)» — у гэтых кампазіцыях адчуваецца майстэрства сталага мастака, здольнага без звыклых правакацый перадаць па-сапраўднаму сюррэалістычны сэнс рэальнасці.

Біёграфы адзначаюць, што Далі браўся за працу адразу ж пасля абуджэння, калі мозг яшчэ цалкам не вызваліўся ад вобразаў падсвядомасці. Часам ён нават прачынаўся сярод ночы з гэтай жа мэтай. Такі метад адпавядае аднаму з прыёмаў псіхааналізу — запісу сноў адразу ж пасля абуджэння. Лічыцца, што з цягам часу свядомасць скажае вобразы сну. У размове з амерыканскім мастацтвазнаўцам Сэлданам Родманам мастак адзначыў: «Калі я ствараю мяккі гадзіннік ці нагу кіламетровай даўжыні, я капірую самым сумленным і фатаграфічным чынам адно з маіх уяўленняў».

(Не)агульныя кропкі

Складанасць плыні ў тым, што пад творчасцю любога з сюррэалістаў нельга падвесці агульную рысу, якая змагла б даць адназначную і адначасова дакладную характарыстыку стылю ў цэлым. Напрыклад, аўтаматызм, уласцівы творчасці мастакоў ранняга этапу развіцця сюррэалізму — Максу Эрнсту і Андрэ Масону, не сустракаецца ў выразных кампазіцыях Сальвадора Далі і Рэнэ Магрыта. Гэтаксама складана ацэньваць даволі розныя творы айчынных творцаў, прадстаўленыя ў галерэі Міхаіла Савіцкага ў жанрах жывапісу і графікі. Сярод знакамітых беларускіх мастакоў і пачаткоўцаў, якія альбо натхняліся творчасцю пры стварэнні сваіх работ Сальвадора Далі, альбо блізкія па стылі да знакамітага сюррэаліста, — Яна Бельская, Іван Папоў, Надзя Бука, Ангеліна Вашчанка, Таццяна Гершгорына, Дзіяна Горбач, Валянціна Малажавая, Дзмітрый Каштальян, Марк Раманюк. Прадстаўлены ў экспазіцыі тры работы Максіма Лагуна, 14-гадовага мастака з аўтызмам. Да таго ж можна ўбачыць і скульптурныя кампазіцыі. Так, дэмантруюцца работы Юрыя Анушкі «Яшчэ раз пра каханне» (2008), «Паядынак» (2007), «Вялікае каханне» (2010). Сярод іншых скульптараў — Хізры Асадулаеў, Максім Пятруль, Яўгенія і Канстанцін Мужавы, Лілія Нішчык, Уладзімір Слабодчыкаў і Аляксандр Шапо.

Работа Уладзіміра Слабодчыкава «Вегетарыянскі сняданак».

Некаторыя творы адразу звяртаюць на сябе ўвагу алюзіямі на Далі: «Караблі Іераніма» (2015) Івана Папова, «Пагоня за поспехам» (2017), «Пагоня за поспехам. Эпізод 2» (2019) Дзмітрыя Каштальяна і «Заклік да вышыні» (2017) Анастасіі Ладыкі ўтрымліваюць пэўныя вобразы, падобныя да тых, што глядач успрымае як прыкмету сюррэалізму. Некаторыя ж, здаецца, наадварот, далёкія ад стылю, як, напрыклад, «26 мурашак» (2020) Уладзіслава Зайца ці «Кармэн» (2020) Вольгі Жук. Прысутнічаюць і творы, дзе шукаць агульныя кропкі сюррэалізму не даводзіцца — мастак усё зрабіў за гледача, выразна акрэсліўшы кожную дэталь і прапанаваўшы свой варыянт бачання той ці іншай метафары («Муза» (2018) Дзмітрыя Траяновіча, ці «Замкнёнае кола» (2017) Дзмітрыя Каштальяна). У рэшце рэшт наведвальніку ёсць з чым параўноўваць: уключаючы спадчыну Сальвадора Далі, экспазіцыя складаецца з 160 твораў. Арганізатары імкнуліся размясціць работы ўсіх жадаючых, акрамя тых, што не падыходзяць пад катэгорыю 0+. Параўнаць, асэнсаваць і зрабіць свае высновы можна на працягу амаль двух месяцаў: выставачны праект «Сальвадор Далі. Тайнапіс», арганізаваны пры падтрымцы Музея гісторыі горада Мінска і Выставачнай залы LIBRA, працуе да 20 снежня. Дарэчы, для поўнага паглыблення ў свет сюррэалізму арганізаваны культурны квэст і прагляд дакументальнага фільма пра жыццё і творчасць Далі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».