Вы тут

Андрэй Дударэнка: Трапляеш у тэатр — радуйся. Ты ў мастацтве


Дзевяць тэатраў, трыццаць дзевяць рэжысёраў, безліч роляў у кіно і тэатры. Такому рэспандэнту амаль не трэба задаваць пытанні. Андрэй Дударэнка — чалавек напраўду ўнікальнага лёсу, гісторыі якога хапіла б на цэлую кнігу. Пра тое, як змяняўся тэатр на працягу паловы стагоддзя і як у яго уплятаўся жыццёвы шлях чалавека, варта пачуць з першых вуснаў.


Сцэна са спектакля «Гора ад розуму».

Даўгалецце і характар

Калі пачалася вайна, мы, дзеці, за адзін дзень пасталелі. Выхоўваліся не ў цёплых цукерачных умовах, а ў жорсткай, катаржнай працы. Днём — у калгасе, увечары — на агародзе, са скацінай. Думаю, можа, таму і пражыў дзевяноста гадоў. Бо дзяцінства не было. Мо ў гэтым і ёсць сакрэт чалавечага даўгалецця. У любым выпадку, у дзіцяці трэба выхаваць характар, каб яно магло супраціўляцца абставінам.

А што значыць характар? Я  ніколі не курыў. Ніколі не цягнуўся да алкаголю. Да гэтага часу ўстаю рана: зарадка, праціранне падлогі і халодны душ. З сацабароны прапануюць дапамогу: я ж інвалід па зроку. Адмаўляюся, усё раблю сам: хаджу ў краму, гатую ежу, езджу на спектаклі.

Але таксама за маё «даўгалецце» дзякуй мінскім урачам. Пятай паліклініцы, якая дапамагае мне, сочыць. Хірургам бальніцы імя Сямашкі. У  Бараўлянах, у анкалагічнай клініцы, мне дваццаць гадоў таму зрабілі аперацыю — складаную, з апраменьваннямі, ускладненнямі. Аперацыю рабіў уролаг Суконка. Алег Рыгоравіч, я жывы. Мне дзевяноста гадоў. Дзякуй!

Шлях да свайго

У час вайны, акрамя вучобы, я вазіў у цэнтральную сядзібу малако. На бычках. Ехаў пяць кіламетраў у мароз. Пакуль еду, малако замярзае. Вяршкі зверху, я іх па дарозе як марозіва еў. Зваротная дарога самая цяжкая. Таму што вязу не толькі малако, але і трыкутнічкі-лісты. І пахаванкі. Гэта самае жудаснае — уручаць лісткі смерці.

Прафесія селяніна ў мяне ў  крыві. А да Ленінградскага інстытута за плячыма — яшчэ тры прафесіі: інжынер-гідратэхнік па праектаванні малых і  сярэдніх гідрастанцый на рэках Урала, афіцэр сувязі ў  Савецкай арміі, тэхнолаг камнеапрацоўкі самацветаў. Але ўсё кінуў і паехаў у тэатральны інстытут. Я б і без вучобы сышоў у самадзейнасць ці гарадскі тэатр. Гэта натура чалавека: яго ўвесь час нешта турбуе.

Я ўдзячны лёсу, што прывёў мяне ў тэатр. Гэта маё. Усё роўна, якіх перамог я дасягнуў. Важна, што гэта мая справа. Папрацаваў я ў 9 тэатрах Савецкага саюза. З іх чатыры акадэмічныя. Пераязджаў не таму, што не мог прыжыцца. Гэта цікаўнасць. Чатыры гады — і мне надакучвае горад. У кіно іграў шмат. І да гэтага часу б іграў, але цяпер адмаўляюся: амаль не бачу, не хачу ствараць складанасцей для каманды. Адзін з апошніх спектакляў мне дапамагаў рыхтаваць сусед. Але з 1988 года знаходжуся тут. Я прыехаў у Мінск з Таліна па запрашэнні Сашы Ткачонка, мы з ім разам ігралі ў «Ламаносаве». Так закальцаваўся мой лёс: алтайскі беларус вярнуўся да каранёў, на сваю гістарычную радзіму.

Іншая генерацыя

Адзін мудры грымёр з МХАТа мне казаў: тэатры ў прынцыпе ўсе аднолькавыя. Але я заспеў яшчэ тэатр з трывалымі традыцыямі: «Чырвоны факел», Яраслаўль. Цяпер малады акцёр паціскае руку рэжысёру і  ўсім старэйшым акцёрам. Раней такога не было.

У старым тэатры была строгая іерархія, абсалютная дысцыпліна. У кожным тэатры было па тры суфлёры. Зараз гэтую прафесію ліквідавалі, а яна вельмі патрэбная. Сістэма работы была зручнейшая. У старым тэатры акцёр не выходзіў на сцэну, пакуль не бачыў у будцы чалавека з тэкстам п’есы.

Вельмі сумна, што нашы цяперашнія акцёры варацца ва ўласным соку, не бачаць іншых тэатраў. Я, пакуль вучыўся, паглядзеў усе сусветныя тэатры: Лорэнс Аліўе ў «Атэла», Шэкспіраўскі тэатр (я 15 «Гамлетаў» глядзеў). Французскі тэатр зусім іншы, рамантычны, ён бліжэйшы да нас. Нямецкі тэатр Брэхта жорсткі, рацыянальны. Не столькі эмоцыі  — колькі логіка і тэкст. Алена Вайгель, жонка Брэхта, іграла Матухну Кураж. Эрнст Буш, які іграў у «Каўказскім крэйдавым коле» Брэхта. Марыя Казарэц падарыла мне фатаграфію. Я  бачыў яе ў спектаклі «Марыя Цюдор» з Жэрарам Філіпам у французскім тэатры. І МХАТ, і Малы тэатр  — гэта цалкам іншая генерацыя акцёраў, іншы маштаб. І ўсё гэта я бачыў.

Цяпер усё сышло ў мітусню, у заробкі. Таму крыху крыўдна за цяперашніх хлопцаў. Тэорыя — педагогі, сістэма Станіслаўскага — гэта ўсё добра, але трэба яшчэ і самому нешта глядзець. Каб не пераймаць, а вучыцца.

Самае складанае

Кадр з фільма «Закон», 2002 г.

Асноўныя складанасці ў працы — эмацыянальныя. Фізічныя — калі тэмпература пад 39, а іграць больш няма каму. І ты ідзеш. Або вось, кажуць, васьмігадзінны працоўны дзень. Але акцёр працуе пастаянна. Ён вучыць тэкст не ў тэатры — у транспарце, па дарозе ў краму. Часам забываешся, пачынаеш жэстыкуляваць, народ азіраецца.

Самае складанае — не маючы таленту, трапіць у тэатр. Грызе зайздрасць, незадаволенасць. Цяжка зайздросным людзям. Трапляеш у тэатр — радуйся. Ты ў мастацтве. Усё роўна, што ты іграеш.

Каласальная канцэнтрацыя мары, якая супадае са здольнасцямі, — гэтае спалучэнне, напэўна, і ёсць талент. Некаторыя рэчы растлумачыць цяжка. Напрыклад, што такое каханне? Фізікі, хімікі парознаму ўспрымаюць каханне. А Паскаль казаў: гэта зацямненне розуму. І так і ёсць, бо незразумела, за што адзін чалавек любіць іншага.

На самыя складаныя пытанні ёсць адказы ў літаратуры. Я  ўсім сваім сваякам кажу: прывучайце дзяцей да паэзіі, да літаратуры.

Чэхаў — самы акцёрскі пісьменнік. Я даваў некаторым калегам спіс з 30 апавяданняў Чэхава, у якіх згадваюцца акцёры. Ён іх любіў, але не шкадаваў у сваіх творах. Нават не ведаю, ці чытаюць цяпер. З кнігай ужо не ўбачыш нікога — толькі мабільнікі. Ведаю, што і ў іх можна чытаць, але мяне гэта ўсё здзіўляе.

Калі мы вучыліся, было такое жаданне чытаць, цэлы сусвет быў у чытанні. Тады моднымі былі Рэмарк, Хемінгуэй. Любімыя пісьменнікі...

Калі памёр Бальзак, крытыкі казалі, што жанр рамана вычарпаў сябе. А калі з’явіўся Дастаеўскі, аказалася, што жанр толькі пачынаецца, але на іншай глыбіні. Ён з-за пазухі выняў зусім нязвыклага чалавека. Дастаеўскі  — грандыёзная постаць. Як у Расіі абысціся без Талстога, Пушкіна, Дастаеўскага, Чэхава? Магутная класіка. Французскі раман заўсёды зацягвае, там сюжэт, лёгкасць. Дастаеўскі выварочвае. А Талстой... «Калі злыя людзі аб’ядноўваюцца і  робяць зло, то чаму добрыя людзі не могуць аб’яднацца і пярэчыць гэтаму злу?» — так ён пісаў.

У нас спрабуюць паставіць «Братоў Карамазавых», але я не вельмі веру ў гэтую ідэю. Як іграць? Ён жа герояў да мяжы даводзіць, эмацыянальнай. Дастаеўскага нельга іграць як Астроўскага. Тут тэмперамент не найграны. Як сыграць Івана, які ў космас пасылае: «Я не Бога не прызнаю, я свет ім створаны не прызнаю». Калі ты гэта дрэнна прачытаеш, то і не трэба іграць больш нічога. Не ведаю, можа быць, і атрымаецца нешта паставіць.

Запытваецеся, навошта патрэбна мастацтва? Вы не думалі, чаму любое стварэнне мае патрэбу гуляць: кацяняты, шчанюкі, маленькія львы, плямістыя алені? Гульня — гэта пазнанне. Блюзнерства ўласціва чалавеку.

Як у вёсцы: бралі жалезную засланку ў рукі, апраналі нейкую маску на твар і прамаўлялі рыфмаваны тэкст. Гэта таксама тэатр, забава, гульня.

Нашу прафесію я б назваў свавольствам, блюзнерствам, ператвораным у законнасць. Па сутнасці, справа майго жыцця — гульня і перайманне, якія аформіліся ў тэатр і сталі мастацтвам.

Запісала Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.