Літаратура і літаратурны працэс — у пэўным сэнсе розныя рэчы. Калі існаванне першай вызначаецца пісьменнікамі і іх творамі, то другі — ужо складаная, неадназначная сістэма, якая залежыць ад мноства фактараў і ствараецца працай мноства людзей. Для існавання літаратурнага працэсу недастаткова аўтараў і тэкстаў. Жыццё твора ў кантэксце забяспечваецца працай рэдактараў і кнігавыдаўцоў, журналістаў і крытыкаў, перакладчыкаў і ўкладальнікаў, літаратуразнаўцаў і даследчыкаў. Кажуць, што апошніх бракуе ў сучаснай беларускай літаратуры. Але праблема вырашальная тады, калі ёсць у каго павучыцца.
Вячаслаў Рагойша — доктар філалагічных навук, даследчык і творца, які ў сваёй прафесійнай дзейнасці сабраў усе спецыяльнасці, неабходныя для функцыянавання літаратурнага працэсу. І дадаў яшчэ адну, ад якой залежаць ледзь не ўсе грамадскія працэсы, — працу настаўніка.
Навуковец прысвяціў шмат часу і сіл філалагічнаму факультэту БДУ. Адсюль пачаўся яго даследчыцкі шлях: у 1963 годзе ён скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, у 1967-м абараніў кандыдацкую дысертацыю па паэтыцы Максіма Танка і з тых часоў выкладае на факультэце. У 1993-м атрымаў ступень доктара пасля абароны дысертацыі «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя ў кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад». А у 1994-м ініцыяваў адкрыццё кафедры тэорыі літаратуры і ўзначаліў яе.
«Праца ва ўніверсітэце асаблівая: сумяшчае абавязкі звычайнага выкладчыка (накшталт настаўніцкай працы ў школе) і навукоўца. Тое, што ты як навуковец, даследчык адшукаў, выявіў, вынайшаў, тут жа, на лекцыі, можаш паведаміць сваім вучням, студэнтам, увесці адразу, як кажуць, у навуковы і культурны абыходак. “Чыстаму” навукоўцу (скажам, супрацоўніку літаратурнага навукова-даследчага інстытута) гэтага трэба чакаць месяцамі, а то і гадамі. Мы ж выхоўваем кадры для нацыянальнай асветы, культуры, навукі, узровень і патрыятычны запал якіх залежыць і ад нас. Бадай, у кожным раёне Беларусі (ды і за яе межамі) працуюць дзясяткі маіх вучняў, якімі вельмі ганаруся», — распавядаў Вячаслаў Рагойша Сяргею Чыгрыну ў інтэрв’ю некалькі гадоў таму.
У шэрагу цікавасцей даследчыка — мастацкія пераклады і міжлітаратурныя сувязі, знакавыя асобы ў беларускай літаратуры. Адна з важных частак яго працы — даследаванне творчасці Сяргея Палуяна — беларускага літаратара пачатку ХХ стагоддзя, які пісаў у «Нашу ніву», падтрымліваў сувязі з Купалам, Коласам, Багдановічам і іншымі. Вячаслаў Рагойша і яго жонка Таццяна Кабржыцкая склалі зборнік твораў Палуяна «Лісты ў будучыню», а пазней выпусцілі сумесную кнігу «Сляды знічкі: пра Сяргея Палуяна». Два гады таму пабачыла свет кніга «Сяргей Палуян. След, вечна жывы», дзе сабраны творы пісьменніка, успаміны і даследаванні пра яго.
Многія, хто сёння так ці інакш звязаны з філалогіяй і літаратурай, прайшлі праз школьную алімпіяду па беларускай мове і літаратуры. Адзін з галоўных успамінаў пра тыя часы, які застаўся ў аўтара гэтых радкоў, — праца з «Паэтычным слоўнікам» Вячаслава Рагойшы. Дасканалае тлумачэнне разнастайных тропаў на прыкладах з найлепшых беларускіх твораў, асноўныя з якіх трэба было вывучыць на памяць… Сёлета «Паэтычны слоўнік» перавыдадзены ў «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» пад назвай «Верш. Паэзія. Энцыклапедычны даведнік».
Дзякуючы такой працы не толькі студэнты і іншыя даследчыкі пашыраюць і ўдакладняюць свой навуковы інструментарый, але і пісьменнікі пачынаюць больш арыентавацца ў тым, якімі прыёмамі яны карыстаюцца.
Унёсак Вячаслава Рагойшы ў айчынны літаратурны працэс складана ацаніць у поўнай меры, бо немагчыма адсачыць, колькі яго студэнтаў і чытачоў адкрылі для сябе новыя межы ў беларускай літаратуры.
Сённяшні літаратурны працэс недасканалы, нягледзячы на ўпартую працу мэтраў і маладых даследчыкаў. Шмат таямніц застаюцца нераскрытымі, а непрыязна настроеная да літаратуры сучаснасць мае свае наступствы. Ёсць шмат пра што хвалявацца. Але, як адзначаў Вячаслаў Рагойша, «трэба, нават хвалюючыся, працаваць, а не сядзець склаўшы рукі і хвалявацца. Працаваць, разумеючы, што, толькі актыўна працуючы дзеля роднай культуры, мовы, літаратуры, выхоўваючы адукаваных і нацыянальна свядомых маладых працаўнікоў, мы ўрэшце “дойдзем да Беларусі”».
Ганна ІВАНОВА
Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.
Дзяцінства — найлепшая краіна.