Вы тут

Аўтакрамы Капыльскага райспажыўсаюза абслугоўваюць 153 населеныя пункты


Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў Капыльскім раёне, што на Міншчыне, і паглядзела, як тут наладжана абслугоўванне жыхароў аўтакрамамі

З кожным годам у сельскай мясцовасці змяншаецца колькасць жыхароў. Старыя адыходзяць у іншы свет, а моладзь пакуль рэдка пераязджае на малую радзіму. Паралельна ў многіх вёсках зачыняюцца стацыянарныя магазіны. Іх проста немэтазгодна тут трымаць. Вялікія выдаткі ідуць на аплату камунальных паслуг, электрычнасці, ацяплення, зарплату прадаўцу. Разам з тым дзяржава не пакідае жыхароў сам-насам са сваімі праблемамі. На змену стацыянарным крамам прыходзяць аўтакрамы «на колах».


Напрыклад, дзесяць аўтамагазінаў Капыльскага райспажыўсаюза Мінскай вобласці па дваццаці маршрутах абслугоўваюць 153 населеныя пункты раёна.

Разам з кіроўцам Віктарам Чэчыкавым і прадаўцом Вольгай Карпяленяй мы загружаемся спачатку на складзе ў Капылі, затым у Цімкавічах рознымі прадуктамі. Дружны тандэм абслугоўвае 19 населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва 474 чалавекі. Сёння экіпаж наведае дзевяць вёсак.

— Выбар прадукцыі на складах вельмі шырокі, як малочнай, так і каўбаснай. Яе завозяць не толькі ад вытворцаў Мінскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў краіны. Вялікім попытам карыстаюцца і прадукты мясцовай вытворчасці, якія выпускае ўнітарнае прадпрыемства «Капыльскі кааппрам», кандытарскія цэхі райспажыўсаюза, — кажа прадавец і адначасова спрытна выкладае тавар на вітрыну. Трэба, каб было ўсё прыгожа, акуратна, каб пакупнік ацаніў, што да яго ставяцца з павагай.

— Мы неабыякавыя да патрэб нашых пакупнікоў. Вывучаем, аналізуем попыт, кошт прадуктаў харчавання. Глядзім, напрыклад, каб яны былі натуральныя, а цэны — прымальныя, — кажа начальнік участка Капыльскага райспажыўсаюза Марына Кнышэвіч.

Разам з Марынай Сяргееўнай мы накіроўваемся ўслед за аўтакрамай. Першы населены пункт, праз які пралягае маршрут, — вёска Дзярэчына, дзе пражывае 74 чалавекі. Тут машына робіць пяць супынкаў. Людзі ведаюць, калі чакаць аўтакраму, бо кожная «стаянка» абсталявана спецыяльнай таблічкай з інфармацыяй: хто абслугоўвае маршрут, калі прыйдзе машына, куды можна патэлефанаваць, каб зрабіць папярэдні заказ на закуп усіх відаў другаснай сыравіны, дзікарослай і сельскагаспадарчай прадукцыі.

— І такія звесткі размешчаны ў месцах, дзе спыняюцца нашы аўтакрамы, ва ўсіх населеных пунктах, — дадае Марына Сяргееўна.

— Да нас аўтакрама прыходзіць два разы на тыдзень. Гэтага дастаткова. Людзей у нас мала засталося, старых забіраюць дзеці на зіму ў горад, — выказвае меркаванне Дзмітрый Турбан, жыхар вёскі Дзярэчына. — Я, напрыклад, купляю малако, смятану, сыры, каўбасы. Бульба ды агародніна свая. Жонка — інвалід, я перанёс аперацыю на сэрцы, так што хатнюю гаспадарку давялося згарнуць, трымаем толькі курэй. Ды і навошта дадатковыя клопаты на старасці гадоў, калі ўсё неабходнае даставіць райспажыўсаюз.

Марыя Працко выкарыстоўвае бацькоўскі дом пад дачу.

— Дзеці адправілі мяне з горада на прыроду, далей ад каранавіруса. Маўляў, мама, у тваім узросце нельга рызыкаваць здароўем, — смяецца Марыя Аляксандраўна. — Для мяне гэта і лепш, свежае паветра, цішыня. А што датычыцца прадуктаў харчавання, то тут праблем няма. Усё неабходнае купляю ў аўтакраме. Адной мне трэба нямнога. А летам, калі прыязджаюць унукі, то пакупкі падвойваюцца. Заказваю малым і марожанае, і розныя ласункі — вядома ж, дзеці. Я вельмі задаволеная абслугоўваннем — вельмі ветлівая ў нас прадавец, прывозіць заўсёды толькі самыя свежыя прадукты. Ніколі не было такога, каб яны былі пратэрмінаваныя. Акрамя таго, машына прыходзіць у азначаны час, не даводзіцца чакаць.

— Так, мы стараемся вытрымліваць графік, — канстатуе Вольга Карпяленя. — І жыхары нас не падводзяць, збіраюцца своечасова.

— Вольга Мікалаеўна, цяжка працаваць, стамляецеся? Гэта ж не жартачкі абслужыць за дзень столькі пакупнікоў? — цікаўлюся ў сваёй суразмоўніцы. — І пры гэтым быць ветлівай, вытрыманай, усміхацца. А яшчэ ж трэба і план выконваць.

— Так, мне штомесяц даводзяць план. Напрыклад, у кастрычніку ён быў 33 тысячы 400 рублёў. Прадала тавараў амаль на 36 тысяч. Што датычыцца напружанай працы, то за столькі гадоў да яе прывыкла. На першым плане для мяне, каб пакупнікі былі задаволеныя.

Віктар Чэчыкаў водзіць аўтакраму ўжо шэсць гадоў.

— Вы даязджаеце да самых аддаленых ад бойкіх шляхоў вёсак. А што, калі дарогу размые дажджом або замяце снегам?

— Усё роўна прабіваемся наперад. Просім, каб выцягнулі трактарам, тэлефануем старшыні сельсавета, каб прыслала снегаачышчальную тэхніку. Людзі ж не могуць заставацца без прадуктаў харчавання, — адказвае Віктар Іванавіч.

На наступным супынку нас чакае ўжо некалькі чалавек... і некалькі катоў.

— Яны адчуваюць, калі прыходзіць машына і выходзяць разам з намі, труцца каля ног, заглядваюць у вочы, чакаюць пачастункаў, — смяюцца гаспадары «мурак» ды «барсікаў». — І ім нешта купляем.

— А што для сябе выбіраеце? Кожны на свой густ, хтосьці бярозаўскую каўбасу, а нехта слонімскую. І пад заказ прывозяць прадукты. Сёння замовіш, а наступным разам прывязуць, — кажа Соф'я Фісько. — Мы нікому не аддадзім гэтую машыну. Яна новая, з нізкай вітрынай, што вельмі зручна і для старых, і для інвалідаў. Прадаўца і кіроўцу таксама не зменім. Яны выключныя людзі. Калі майго старога дома няма, то Віктар Іванавіч прынясе сумку з пакупкамі да хаты. І ездзіць па пакупкі нікуды не трэба. А вясной нам і насенне прывязуць — морквы, буракоў, капусты, — хто што закажа.

— Для паляпшэння абслугоўвання вясной і летам пераглядаюцца графікі работы аўтамагазінаў. Пры складанні маршрутаў улічваецца прыток насельніцтва, пажаданні жыхароў. Маршруты распрацоўваюцца так, каб максімальна ахапіць жыхароў вёсак і пасёлкаў, прыезджых, дзе адсутнічае стацыянарная сетка, а таксама — на аддаленых ад магазінаў вуліцах буйных населеных пунктаў. Напрыклад, у вёсцы Бучаціна ёсць крама, але старыя, нямоглыя людзі не могуць туды дайсці. Таму тут робім два прыпынкі. У адной з вёсак у мужчыны няма абедзвюх ног. Прадавец сам заходзіць да яго ў дом, аддае тавар і цікавіцца, што яму патрэбна наступным разам, — адзначае Марына Кнышэвіч.

— Тэхніка ёсць тэхніка. Часам здараюцца і непрадбачаныя абставіны, паломкі. Што робіце ў такім разе?

— Для таго каб не дапусціць зрываў, затрымак па маршруце, у райспажыўсаюзе ёсць два дадатковыя аўтамагазіны, аснашчаныя ўсім неабходным абсталяваннем, а таксама прадугледжана дадатковая загрузка аўтамабіляў у буйных гандлёвых аб'ектах — магазінах «Ластаўка», «Івушка». Акрамя таго, перад выездам на маршрут штодня стан тэхнікі правяраецца адказным спецыялістам, — тлумачыць Марына Кнышэвіч.

Тым часам наш аўтамабіль бяжыць па дарозе хутка і спраўна. І мы, праехаўшы восем вёсак, дасягаем самай крайняй — Старыны. Тут жывуць 34 чалавекі, якія чакаюць нас на пяці прыпынках.

— Нам прывозіць прадукты і індывідуальны прадпрымальнік. Але ў яго не такі разнастайны выбар. Звычайна прапаноўвае тавар якога-небудзь аднаго вытворцы. А нам на старасці гадоў хочацца паласавацца і рыбкай, і каўбасой, і смачнай выпечкай ды марожаным,— кажуць яны. З поўнымі сумкамі прысмакаў задаволеныя пакупнікі разышліся па дамах, пры гэтым пажадаўшы прадаўцу і кіроўцу добрага дня. Хоць гэта ўжо быў надвячорак — на вуліцы цямнела.

А заўтра дружны тандэм з самай раніцы зноў загрузіць машыну прадуктамі і ў дарогу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Абслугоўванне на колах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?