Вы тут

Жанчына з Віцебска вырабляе кветкавыя кампазіцыі з халоднага фарфору


Святлана Старынская з Віцебска вырабляе кветкавыя кампазіцыі з халоднага фарфору. Першае ўражанне тых, хто не ведае пра яе хобі, ад убачанага — сапраўдныя кветкі. На блізкай адлегласці нават падаецца, што яны жывыя. Сярод іншага добра бачны прожылкі на пялёстках, толькі тыя чамусьці не пахнуць. Але, калі майстар дае патрымаць ружу, інтуітыўна на ўзроўні самазахавання людзі бяруць сцябло ніжэй «шыпоў». Такое адчуванне, што насамрэч уколешся!


Карэспандэнт «Звязды» папрасіў у Святланы правесці майстар-клас. Жанчына, дарэчы, расказала, што навучылася ствараць прыгажосць падчас прагляду аналагічных паказальных заняткаў у інтэрнэце, сур'ёзна захапіўшыся фарфорам гадоў пяць таму. Наконт таго, адкуль увогуле паходзіць тэхніка халоднага фарфору, самая распаўсюджаная версія, распавядае, што яе прыдумалі ў Аргенціне ў пачатку мінулага стагоддзя. У аснове сучаснай сумесі — кукурузны крухмал, клей ПВХ, алей і гліцэрын. Пасля варкі атрымліваецца нешта накшталт пластыліну ці хлебнага мякішу — гэткі прыемны аналаг гліны. Мяць гэты «паўфабрыкат» — задавальненне, бо адчуванне, як у дзяцінстве, калі мама ці бабуля даручала дапамагчы раскатаць цеста. І адначасова працэс супакойвае.

«Канешне, атрымлівацца больш-менш прыгожа стала пасля вялікай колькасці спроб і памылак. Шмат матэрыялу патраціла, пакуль не знайшла ідэальны для сябе «рэцэпт масы» для лепкі», — згадвае суразмоўніца.

Перад пачаткам стварэння кветак яна робіць тэсціраванне «гліны», імкнецца, каб, напрыклад, пялёсткі руж гнуліся і праз некалькі месяцаў. Пакуль сябры не падарылі трафарэт для пражылак, прыкладала да сумесі сапраўдныя кветкі. Увогуле, Святлана стараецца ва ўсім дасягнуць максімальнага падабенства.

Каб зрабіць адну ружу, неабходна гадзін пяць-шэсць. Святлана падкрэслівае, што робіць нешта толькі тады, калі ёсць добры настрой. А на вазон з кветкамі можа патраціць і пару тыдняў. «Зямля» зроблена з заваркі гарбаты. Усё настолькі натуральна, што, паўтаруся, не верыцца ў нейкую штучнасць. Калі працуе, не спяшаецца. Любіць усё рабіць, слухаючы аўдыяверсіі гістарычных раманаў.

Святлана, як, бадай, усе людзі з залатымі рукамі, спачатку рабіла кветкі ў падарунак сваякам, сяброўкам, знаёмым. Потым пачалі прасіць зрабіць аналагічнае іх калегі, знаёмыя.

«Ну і проста вымушана была стаць прафесіянальным стваральнікам кампазіцый з халоднага фарфору», — жартуе майстар.

Цэны на інструменты для работы з халодным фарфорам (цікава, назва аднаго з іх — булька) высокія. Але пачаткоўцам не трэба адразу іх купляць. Можна выкарыстоўваць падручныя сродкі: аловак, зубачысткі, іголкі.

Кошт твораў майстар спачатку не захацела агучваць. Адчувалася, што няма ў яе камерцыйнай жылкі. Урэшце сказала, што за адну ружу, напэўна, папрасіла б рублёў пятнаццаць, а за вазон 40 рублёў, а мо і больш...

Грошы ж яна траціць на матэрыялы і інструменты. Лічыць, што няма мяжы дасканаласці. І якім бы ні быў узровень твораў, можна зрабіць яшчэ лепш. Мастак павінен пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства. І Святлана гэта робіць увесь час, нягледзячы на тое, што сама — інвалід другой групы па зроку.

«Увесь час з дзяцінства насіла акуляры. Вельмі хацела стаць настаўнікам, як мама, ці выхавальнікам. Але мама мяне пашкадавала і адгаварыла, каб са зрокам не з'явілася яшчэ больш праблем», — распавядае майстар.

Што датычыцца адукацыі, яна завочна скончыла палітэхнікум у Мінску. Там атрымала спецыяльнасць, звязаную з эканомікай, атрымала дыплом бухгалтара. А пачынала працоўную дзейнасць у аддзеле кадраў на віцебскім заводзе «Эвістар». У Брэсце, дзякуючы таварыству інвалідаў па зроку, паўгода вучылася на курсах камп'ютаршчыкаў. Інтэрнэтам навучылася карыстацца менавіта там, як і спампоўваць праграмы.

«У тэме, як той казаў. Магу дапамагчы знаёмым, калі нязначныя праблемы з кампом», — усміхаецца Святлана.

Ёй пакуль няма каму перадаць сакрэты майстэрства. Спадзяецца, што сын створыць сям'ю, дзе і народзіцца ўнучка. Канешне, і ўнуку будзе вельмі рада.

Гутарылі мы, дарэчы, у аддзяленні знаходжання для людзей з інваліднасцю тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Віцебска. Загадчыца гэтай установы Алеся Сярогіна расказала, што творы спадарыні Святланы будуць прадстаўлены на выстаўцы творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ружы з халоднага фарфору ​і з цеплыні жаночых рук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.