Вы тут

Экзістэнцыя выбару Сяргея Палуяна: чаму?..


Для беларускага літаратурнага працэсу першага дзесяцігоддзя ХХ ст. асоба Сяргея Палуяна з’яўляецца адной з найбольш значных. Малады творца знаходзіўся каля вытокаў фарміравання літаратурнай беларускай мовы і  станаўлення прафесійнай беларускай крытыкі і літаратуразнаўства, сваёй творчасцю актыўна ўплываў на гэтыя працэсы, працаваў у рэдакцыі грамадска-палітычнага выдання, штотыднёвіка «Наша ніва», які аб’яднаў вакол сябе ўсю нацыянальную творчую грамадска актыўную інтэлігенцыю. Гэта асоба, пад уплывам якой фарміраваўся талент нацыянальнага генія Максіма Багдановіча як паэта і крытыка.


Сяргей Палуян. Малюнак М . Будавея

У творчасці Сяргея Палуяна яскрава адлюстравана праблема экзістэнцыяльнага выбару з акцэнтам на асабістым «я». Праблема гэтая надзвычай абвостраная і  ў сучасным дысгарманічным свеце. Пра гэта сведчыць і з’яўленне дакументальнамастацкіх кніг — даследаванняў чалавечай экзістэнцыі ў кантэксце эпахальнага крызісу, напрыклад, кнігі «Зачараваныя смерцю» Святланы Алексіевіч, «Пісьменнік і самагубства. Энцыклапедыя літаратурыцыда» Грыгорыя Чхартшвілі, і несуцяшальная статыстыка суіцыдаў, калі чалавек вырашае праблему экзістэнцыяльнага выбару, па ўласнай волі ставячы кропку над «і» ў  спрадвечным гамлетаўскім пытанні. Так, як гэта зрабіў Сяргей Палуян у ноч на 20 (8 па старым стылі) красавіка.

Сярод беларускіх літаратараў нямала тых, хто скончыў жыццё самагубствам: Іван Рубін, Васіль Сахарчук, Ігар Паглазаў, Яўгенія Янішчыц, Алесь Асташонак, Юры Гумянюк, Ігар Канановіч. Значна больш тых творцаў, у жыцці якіх мелі месца суіцыдальныя спробы, але магчымыя трагічныя вынікі іх учынкаў змаглі прадухіліць. Так, напрыклад, Янка Купала ў 1930 годзе зрабіў сабе харакіры, але быў выратаваны дактарамі. Яшчэ больш пісьменнікаў, якія з прычыны розных трагічных альбо непрымальных для сябе абставін, з якіх не бачылі ніякага канструктыўнага выйсця, вялі лад жыцця, які прывёў да заўчаснай смерці: Уладзімір Караткевіч, Анатоль Сыс, Мікола Купрэеў, Васіль Гадулька, Уладзіслаў Рубанаў.

Біяграфія і творчасць Сяргея Палуяна даюць магчымасць звярнуць спецыяльную ўвагу на экзістэнцыяльную праблематыку, зафіксаваную ў яго спадчыне. Калі сыходзіць з жыцця праз самагубства звычайны чалавек, не літаратар, для грамадства ён застаецца збольшага незразумелай «рэччу ў сабе»: няма магчымасці да апошняга прасачыць яго думкі, можна толькі прыняць трагедыю... Што тычыцца пісьменніка, то чытачы могуць зазірнуць у яго душу праз творчасць, якая становіцца аб’ектам даследавання і вывучэння, апынуцца «ўнутры» яго экзістэнцыі, прайсці побач з ім і паглядзець на свет яго вачыма.

Пад тэрмінам «экзістэнцыя аўтарскага “я”» разумеецца светаадчуванне творцы, тое, як ён асэнсоўвае сваё жыццё, перажывае існаванне і што пра яго думае, а таксама як гэта адлюстроўваецца ў творах.

Каб разгадаць загадку вобраза Сяргея Палуяна, аднаго з самых трагічных пісьменнікаў у беларускім літаратурным працэсе пачатку ХХ стагоддзя, звернемся да яго біяграфіі, да аповедаў тых, хто быў з ім знаёмы, сябраваў, да сведчанняў родных і, вядома, да твораў. Гэта дасць магчымасць прааналізаваць, наколькі адлюстраваліся ў творах пісьменніка рэаліі, што прывялі да суіцыду.

 У актыўным літаратурным працэсе Сяргей Палуян затрымаўся каля года. З  творчай спадчыны засталося зусім небагата: з мастацкай прозы — апавяданне «Вёска» і верш у прозе «Хрыстос уваскрос!»; 13 публіцыстычных нарысаў і дзясятак крытычных. З твораў паўстае шырокі, шматгранны талент надзвычай чулай і ўлюбёнай у  беларушчыну душы.

У сімвалічна-лірычным апавяданні «Вёска» надзвычай уражвае глыбокі песімізм аўтара, адчуванне суцэльнай безвыходнасці і прыгнечанасці. На падставе тэксту зразумела, што ў  аўтара няма надзеі на перамогу дабра, на тое, што не за гарамі святлейшыя дні і часы, што знікне «смурод і халадэча і прыйдзе воля».

 Але калі супаставіць і параўнаць тэкст апавядання і радкі з развітальнага ліста (які таксама можна аднесці да мастацкай спадчыны пісьменніка), становіцца зразумелым, што абодва тэксты ідуць з аднаго і таго ж эмацыянальнага і настраёвага поля. То-бок у апавяданні лірычны герой «глядзеў на свет» вачыма старых занядбаных хат, а ў лісце, адкінуўшы за непатрэбнасцю «дэкарацыі», выказваўся ад свайго імя. Пераўвасабляцца ў іншыя вобразы на парозе смерці ўжо не мела сэнсу. Словы, якімі напісана пра смерць (у тэксце яны выдзелены. — Заўв. аўт.), адны і тыя:

«...Відаць, трэба памерці вёсцы. Вочы яе ўжо даўно патухлі. Але яна яшчэ міргае імі, хоча ўгледзіць сонечнае святло. Можа, тое святло аджывіць яе. Шмат у якіх шыбах няма шкла, яны пазатыканыя анучамі. Але тымі, што яшчэ засталіся цэлымі, яна павяртаецца да сонца. Сонечнае святло бледна адбіваецца ў іх, мутным бляскам адсвечваецца. Вочы вёскі ўжо загніліся, зацвілі плесняй. Міргае яна імі, нічога не бачачы. Але смерць адчувае. Баіцца яе. А ў старое сэрца сцішна прабіраецца слабая надзея. Вёска марыць і марамі хоча адагнаць ад сябе здань смерці Марыць вёска, а смерць калышацца ад смеху ў старой каплічцы. Шчэрыць зубы ды ізноў сухім пальцам ківае на вёску...»

Смерць перамагае. Аўтар не пакідае ніякай надзеі на іншае выйсце. Смерць паўстае не як абгрунтаваны вынік тых падзей, якія мелі месца ў мінулым, а як неабходнасць...

Тое ж і ў апошнім лісце Сяргея:

«...Шкода паміраць так марна, але трэба. Я так люблю жыццё, светласць і красу, ды не на маю долю выпала гэта. У марах жыццё — казка, а спраўдзі — гніццё раба…»

У бязрадасным апісанні алегорыя вёскі — родны край. Аўтара працінае глыбокі боль за яго. Надзеі на адраджэнне краю няма, паміж радкоў апавядання не прачытваецца заклік да змагання. Калі ж зняць умоўны першы пласт алегарычнасці, можна меркаваць, што пісьменнік «прымяраў» на сябе вобраз вёскі, за якой так пільна сочыць смерць. Ён пісаў апавяданне нібыта пра сябе, калі ўжо вырашыў галоўнае пытанне: варта альбо не варта цягнуць цяжар жыцця. Несумненна, пад вобразам вёскі — роднага краю — хаваецца сам аўтар, яго разважанні пра ўласнае існаванне, яго ўнутраная экзістэнцыя. Найперш гэта характарыстыка душэўнага разладу, надрыву, надлому, глыбокага псіхічнага крызісу, у якім існаваў пісьменнік, можна меркаваць, працяглы час. Гэта тая плынь свядомасці, якая і вынесла знясіленага знешнімі выпрабаваннямі лірычнага героя (і самога творцу) да адпаведнага «вырашэння» праблемы.

Пра тое ж — і сведчанні нешматлікіх сяброў і знаёмых Сяргея Палуяна. Паўло Багацкі, тагачасны рэдактар часопіса «Украінская хата», дзе друкаваўся Сяргей Палуян, згадваў: «…гэты чалавек доўга хадзіў з пячаццю смерці, яго гарачае, заўсёды палкае і бадзёрае сэрца ўжо было авеяна жахам вечнага канца. …Тыя вочы, якія з такой зацікаўленасцю глядзелі далёка наперад, якія так пільна сачылі за кожным найменшым крокам развіцця любай для яго справы — адраджэння “забранага краю”, — ужо свіціліся бляскам холаду, мёртвасці і згасання. Ён быў ужо не наш, а “з таго свету”...»

Згадаем некралог Цішкі Гартнага (нашаніўскага сябра Сяргея): «...Палуян доўга хварэў душэўнаю хваробаю, якая пад канец надта моцна скавала яго, так моцна, што яму, маладому, жыццярадаснаму, не міл казаўся гэты свет і людзі. Ён думаў аб загадцы смерці, аб “тым” свеце…»

У 1928 годзе спецыяліст па літаратурных сувязях Пётр Бузук, пішучы пра сяброўства Сяргея Палуяна і ўкраінскага паэта Грыцька Чупрынкі, згадваў, што ў  сяброў была дамова падвесці рахункі з жыццём.

Усё вышэйпералічанае дае падставы меркаваць, што ідэя самагубства і так званая «зачараванасць смерцю» (тэрмін узяты з назвы дакументальнай кнігі Святланы Алексіевіч «Зачараваныя смерцю». — Заўв. аўт.) авалодала маладым пісьменнікам задоўга да здзяйснення яго фатальнай задумы, магчыма, неўзабаве пасля сыходу з  бацькоўскага дома ў 1908 годзе, калі ён пераехаў у Кіеў (менавіта да гэтага перыяду адносіцца яго знаёмства з Г. Чупрынкам і іх «дамоўленасць»). Развіццё сітуацыі спрыяла такому «сыходу»; яго душэўная адзінота, расчараванне ў людзях, гісторыі, грамадстве і дэпрэсія паглыбляліся, і ўсё гэта на фоне беспрасветнай галечы і сухотаў, што пачалі развівацца. Але, як і ў пераважнай большасці падобных выпадкаў, нейкае канкрэтнае здарэнне з’явілася «апошняй кропляй», якая перапоўніла «сасуд» яго душэўнай трываласці. Найбольш верагодна, ён перажываў усё ў сабе, моўчкі, бо жыў адзін, і нават да сябра Мікіты Шапавала ў развітальным лісце пісаў: «Я ніколі не меў больш блізкага чалавека, чым вы, але і вы былі далёка ад мяне. Не зналі вы мяне. Век сам. Я нікога не меў блізкага...» Сведчанне М. Шапавала ледзь-ледзь прыўздымае «завесу» на карысць меркавання: «…Незадоўга перад смерцю Сяргей прынёс у рэдакцыю кіеўскага выдання сваю працу. Ён гаварыў нібы сам сабе: “Няма прынцыпаў нідзе. У дробязях жыцця звініць адна няпраўда. Людзі… гэта нешта такое жорсткае, чаго нідзе не ўбачыш. Усё сусветнае зло сканцэнтравалася ў чалавеку, знайшло сваю канкрэтную форму ў гэтай загадкавай злой істоце...”»

Надпіс на адвароце здымка Максіма Багдановіча. Трыялет, прысвечаны Сяргею Палуяну, 1910 г

Такім чынам, галоўнае, пра што думаў Сяргей Палуян, што раскрывае экзістэнцыяльную праблематыку, апасродкавана ці напрамую знайшло адлюстраванне ў яго творах. Праблема выбару была для маладога творцы надзвычай актуальнай. Склад яго характару, псіхалагічныя асаблівасці, уласцівыя адпаведнаму ўзросту, і жыццёвыя абставіны, у якіх апынуўся пісьменнік, спрыялі яго заўчаснаму сыходу, аб якім ужо больш ад стагоддзя шкадавалі і шкадуюць крытыкі, літаратуразнаўцы, дый проста аматары беларушчыны: якога генія мела б наша літаратура, калі б талент Палуяна, які так моцна «выбухнуў» на пачатку яго творчасці, «разгарэўся» на ўсю моц!..


Даведка «ЛіМа»: Сяргей Епіфанавіч Палуян нарадзіўся 20 (8 па старым стылі) кастрычніка 1890 г. у Брагіне ў шматдзетнай сям’і. Дакладную дату яго нараджэння высветлілі даследчыкі творчасці Вячаслаў Рагойша і Таццяна Кабржыцкая. Бацька Сяргея браў зямлю ў арэнду, а з цягам часу змог набыць частку маёнтка Крышычы (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Вучыўся ў Мазыры ў шасцікласнай прагімназіі, у Мітаўскай гімназіі ў Латвіі. З-за «нядобранадзейнасці» (удзелу ў рэвалюцыйным руху 1905 г.) над юнаком навісла пагроза выключэння, і бацька, не чакаючы «воўчага білета», забірае сына дадому. Дома, сярод сялян, Сяргей вядзе рэвалюцыйную прапаганду, што было прычынай сямейных скандалаў. Ва ўзросце 18 гадоў Сяргей пакідае Крышычы і ад’язджае ў Кіеў. Жыве на выпадковыя заробкі, удзельнічае ў Кіеўскім падполлі, супрацоўнічае з украінскім друкам і «Нашай Нівай». У сярэдзіне лета 1909 г. пераязджае ў Вільню, уладкоўваецца ў «Нашу Ніву». Быў паплечнікам Цішкі Гартнага і Янкі Купалы. Менавіта Палуян выцягнуў з архіва вершы Максіма Багдановіча, якія рэдакцыя палічыла «незразумелымі для народа», і пераканаў усіх супрацоўнікаў, што творы маладога паэта павінны пабачыць свет. Паміж літаратарамі завязалася перапіска, Палуян выхоўваў творчы густ Максіма Багдановіча, стаў для яго сапраўдным сябрам (пра што сведчыць хаця б тое, што зборнік «Вянок» прысвечаны памяці С. Палуяна). Верагодна, у пачатку 1910 года Сяргей Палуян зноў пераязджае ў Кіеў, дзе ў ноч з 7 на 8 красавіка (па старым стылі) 1910 г. у безвыходнасці і галечы скончыў жыццё самагубствам. Значная частка твораў Сяргея Палуяна пакуль не выяўлена. Ёсць успаміны яго сучаснікаў, што ён пісаў вершы і п’есы.

Тадора ШПІЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».