Вы тут

Повязь роднасці


Паэтам заўсёды было ўласціва здзіўляцца ды здзіўляць іншых. І нават самае звычайнае ў нашым жыцці яны здольны пераўвасабляць у незвычайнае, набліжаючы яго да ўзораў сусветнага хараства і непаўторнасці, надзяляючы нават самае непрыкметнае, а то і нязначнае, рысамі значнасці. Ні на якой геаграфічнае мапе не знойдзеце вы ні Крывіцкага Рова, ні Белай Гары, а вось на ўмоўнай паэтычнай мапе Фёдара Гурыновіча яны даўно існуюць і вабяць сваёй гожасцю і непадабенствам з усімі іншымі славутымі мясцінамі свету, а таму і вартыя самай высокай паэзіі.


Фёдар Гурыновіч. Фота з сайта Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».

А Роў той — усяго нейкая ручаіна каля вёскі Крывічы на Салігоршчыне, а Белая Гара — толькі нейкі ўзгорак з чыстым і адлівістым жаўтапёсам. І не верце, калі вам скажуць, што даўно ўжо зніклі яны ў непрадказальнай і бязлітаснай прасторы часу. Яны існуюць, дзякуючы яму, паэту, які з’явіўся на свет у гэтых самых мясцінах у верасні далёкага ўжо 1950 года, каб пазначыць потым метай вечнасці тое, што для іншых, магчыма, даўно знікла з памяці. І невыпадкова сваю першую кнігу паэт назаве «Хлеб і соль». Што датычыцца солі, дык яна ў аўтара сімвалізуе не толькі беларускую гасціннасць — гэта слёзы тых самых крывічоў (адсюль і назва вёскі), што, «змяшаўшыся з крывёю, густа праліваліся з вачэй і закамянелі пад зямлёю».

Паэты, як вядома, пачынаюцца ў дзяцінстве. І талент кожнага ў многім залежыць ад таго, наколькі ўражлівымі былі яго дзіцячыя гады. Фёдар Гурыновіч шчыра прызнаецца, што пісаць вершы яго змусіла сама прырода. «Прырода — дзіўная кніга, — казаў наш славуты зямляк, аўтар кнігі “Зялёнае царства” Дзмітрый Кайгародаў, — і шляхі да насалоды чыстай і ўзвышанай у сэрца чалавека яна пракладвае сама». Магчыма, гэта само жыццёвае шанцаванне, што дзіцячыя гады Ф. Гурыновіча цесна і неадчэпна прывязаны да трох «П»: прырода, паляванне і паэзія. Вершы ён пачаў пісаць у шостым класе і нават асмеліўся даслаць іх на суд самому Петрусю Броўку, і атрымаў адказ не лепшы, як мы ўсе, хто працаваў у літаратурных рэдакцыях: «Пабольш чытайце мастацкай літаратуры!» Але і без гэтай парады чытаў пачатковец шмат. Ды на першым плане, як прызнаецца ён сам, было паляванне: «…Без палявання я не мог пражыць і тыдня. І вось — уявіце толькі — і маркі, і ўсе памятныя кнігі я прамяняў на порах, на таго “Белага мядзведзя” ў  кампактных картонных каробках, што каштаваў 51 капейку. Нават наручны гадзіннік “Юнацтва”, падараваны татам на шаснаццацігоддзе, аддаў за паўкаробкі выбуховага парашку». Стрэльба і аж да самазабыцця любоў да роднай прыроды… Прызнацца, мне, чалавеку, які нарадзіўся ў пушчанскай вёсцы, дзе не было ніводнага паляўнічага, згадзіцца з гэтым напачатку было цяжкавата. Але яно так і ёсць на самай справе. Гэта ў аратага, які ідзе за плугам, няма часу слухаць песню жаўранка, якую спявае над ім роднае неба. А ў паляўнічага, калі ў яго яшчэ добры слых, часу хапае і на любаванне прыродай, і на слуханне песні. Таму і шчыра ўспрымаеш ранні верш Фёдара пра рыбалова, які, заслухаўшыся птушыным спевам, выпусціў з рук вясло.

Яго першыя вершы былі адразу заўважаны. Добрае слова пра маладога паэта сказалі тады прызнаныя майстры паэтычнага слова Пімен Панчанка, Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін і Вера Вярба. Калі на самым пачатку маладому аўтару было дастаткова аднаго захаплення ці добрага замілавання ўбачаным, то ўжо ў наступных кнігах з’явілася больш роздуму і засяроджанасці, больш сталага пранікнення ў само жыццё, у тыя складанасці і супярэчнасці, якія падсцерагаюць кожнага. Адну са сваіх кніг Фёдар Гурыновіч так і назваў — «Дачыненне». Дачыненне для паэта, як вынікае з яго вершаў, — гэта быць у адказе за ўсё, што творыцца побач, вакол цябе самога, ды і ў свеце. Ён выступае шчырым абаронцам роднай прыроды, з болем піша пра апусцелую і асірацелую вёску. Несціханым болем адгукаецца ў яго сэрцы «Чарнобыль злавесны». Усё ўражлівае, на чым спыняецца вока паэта, ён імкнецца данесці праз малюнак, праз яркую і запамінальную дэталь. Вось, напрыклад, якой застаецца ў нашых вачах пакінутая вёска:

Вісіць на грушыне ватоўка,

Мышамі сточаны рукаў.

З кішэні ў ёй тырчыць паштоўка:

«На май прыедзем. Сустракай!»

Сказана сцісла, але пераканаўча. І мы ўжо разумеем, што ніякай сустрэчы не будзе. І словы на паштоўцы застануцца толькі сумным абяцаннем.

Сапраўдным «вясковым лірнікам» можна назваць Фёдара Гурыновіча за адзін толькі яго верш «Балада пра карову». Памятаю, як трывожліва ўразіў мяне ён, калі ўпершыню з’явіўся ў часопісе «Полымя», а крыху пазней і ў кнізе «Запрашаю пад дождж» (2000). І ўразіў не таму, што сам я разам з маці аднойчы перажыў тое ж самае развітанне з роднай рагатай карміцелькай. Здзівіла і ўразіла тое майстэрства, з якім аўтар малюе стан чалавечай душы, якой трэба развітвацца з тым, што яе ўсе гады прывязвала да самога жыцця, да роднай зямлі і ўсяго роднага. Спашлюся на канцоўку гэтага верша:

Грыміць насустрач воз, нібы тартак.

Чаму ж вось так, па-здрадніцку?

Няйначай,

Тут недарэчнасць? Як жа гэта так?..

Карова плача…

І матуля плача…

Гэта надта сумна і трывожна, калі на вачах паэта, а значыць, і ў полі зроку ўсіх тых, хто чытае гэтыя радкі, рвецца спаконвечная нітка повязі з тым родным, без чаго нельга ўявіць і нас саміх. Рвецца ніць повязі, і яшчэ мацней завязваецца ў сэрцы вузел даўняга сыноўняга болю. А ўся творчасць паэта, як можна пераканацца з  яго шматлікіх кніг, скіравана на мацаванне той самай ніці роднаснай повязі. А ў жыцці яно так: страчанае не вяртаецца да нас праз наш боль. Але ён перасцерагае нас ад страт новых.

Самай знакавай і, магчыма, галоўнай у творчасці паэта Гурыновіча я смела назваў бы яго паэму «Роднасць». Рускамоўны варыянт мае назву «Год — як жыццё, жыццё — як год». Хай сабе ўнутрана твор дзесьці пераклікаецца з «Порамі года» Х. Данелайціса, але ўвесь змест яго, уся аснова і высновы падкрэслена беларускія. Зусім нескладаная кампазіцыйная будова кнігі: кожны каляндарны месяц аднаго года — як своеасаблівы раздзел і нейкі адрэзак у біяграфіі аўтара. А ў цэлым гэта наша сялянскае жыццё ў прамежку (хай і сумна гучыць) ад калыскі да труны. Мост памяці перакідваецца ад адной падзеі да другой, ідзе своеасаблівы дыялог паміж мінулым і сённяшнім, чуваць перагук галасоў, эпох і дат. Вясковае жыццё аўтар ведае дасканала, нават у драбніцах, бо змалку быў далучаны да нялёгкай сялянскай працы, да звычаяў, будняў і свят. Падзеі паўстаюць перад намі на фоне хай ужо і не першабытнай, але яшчэ звабнай роднай прыроды. Мне здаецца, што наша сённяшняя паэзія занадта сурбанізавалася, набыла рысы і акрэсленасць гарадской шэрасці і  суровасці, як і сама душа былога вяскоўца. А вось мяккае, пяшчотнае, што яшчэ дарэшты не страціла прырода і  чаго не стае душы, не заўсёды сустрэнеш і  ў  радках паэтаў. Фёдар Гурыновіч тут — добрае выключэнне. Ён якраз з тых творцаў, хто не баіцца зачапіцца за «рыфы прыгажосці і прапісных ісцін» (М. Танк). Душа яго заўсёды настроена на лірычны лад, пад рукамі — багатая палітра свежых фарбаў, а ў запасніках памяці — шмат меладычнага і гукавога з музычным. І ён ведае, як гэтым распарадзіцца, каб выглядаць самому не нейкім сузіральнікам ці толькі відавочцам, а быць саўдзельнікам таго, чым мае здзівіць. За ўсім, што ён малюе, бачу перш за ўсё яго самога. А для прыкладу вазьму хоць бы гэты малюнак той самай пары, калі надыходзіць Спас:

Зусім не як вясною шчоўкаў дрозд,

І драч скрыпеў, як поўны сена воз,

І згорбленая ад пладоў каліна

Да чырвані ўжо гронкі накаліла.

Дзесяткі пераплеценых бяроз

Працягвалі лятучыя галіны.

Калючы куст шыпшыны ружавеў,

І раннія ўжо птушкі ў вырай звалі

І мітусіліся, як на вакзале.

Канчаўся баль, і конікі ў траве

У футаралы сумна ладавалі

Маленечкія скрыпачкі свае.

Адзін з апошніх зборнікаў

Нават у роздуме, у шматлікіх развагах паэта перавага заўсёды аддаецца малюнку. Часта малюнак кладзецца на малюнак — усё, як на кінастужцы, удумліва кадруецца. І няма адчування нейкай даўнасці, аддаленасці ў часе ці прыблізнасці. Усё — як толькі што, у гэтую самую хвіліну, усё свежае, са знакам здзіўлення. Відаць, так і трэба. У сапраўдным мастацтве, у паэзіі не павінна быць мінулага і цяперашняга часу, а, як зазначаў Станіслаўскі, рух з «учора» ў «заўтра». Крытыкі часта павучаюць нас, што пра вайну трэба пісаць вайной. Згаджаючыся з гэтым, скажу, што і вершы аб прыродзе трэба пісаць толькі прыродай. І не інакш. Менавіта гэтага правіла прытрымліваецца і Гурыновіч. Не памятаю, каб у  каго з  яго равеснікаў было столькі россыпу самых кідкіх фарбаў, цэлых вясёлкавых перапляценняў, гукавога меладычнага пераліву, як гэта ёсць у яго. Паэтычныя кнігі так і стракацяць назвамі звяроў, птушак, дрэў, раслін. Аднак там не толькі іх назвы, але і  яны самі, жывыя істоты і расліны. Таму і няма адчування, што ты чытаеш нейкі прыродазнаўчы даведнік. Тут жыве музыка фарбаў і гукаў, творыць цуды свае прырода.

У той самай паэме «Роднасць» клапатліва ўзноўлены аўтарам усе шматлікія рамёствы, якімі здаўна жыла патрыярхальная вёска. І ўзноўлены з даволі пераканаўчай этнаграфічнай дакладнасцю, у яркіх і запамінальных дэталях.

Паэтычны вобраз Фёдара Гурыновіча часцей за ўсё будуецца на традыцыйных параўнаннях. Яны зрокавыя. Па іх можна і меркаваць, наколькі багатая зрокавая памяць паэта. Вядома ж, не абыходзіцца і без паўтораў, а часам і перабору нейкіх адценняў. Што ж, агрэхі здараюцца і ў бездакорнага аратага.

Мы даўно сябруем з Фёдаравм Гурыновічам. І хоць я ніякі не паляўнічы, неаднойчы грэліся разам каля незабыўных паляўнічых вогнішчаў, смакавалі, запіваючы бярозавікам, духмяную юшку, вялі гамонку пра паэзію, сакрэты майстэрства і вялікую сілу слова. Тое, што я чуў там, ён паўтарыў і ў вершы: «Які там пісьмовы стол! Прырода — мой дом бясцэнны». Больш як паўвека нястомнага шчыравання на паэтычнай ніве, больш як тры дзясяткі кніг, вершаваных, празаічных, дарослых і дзіцячых,  — думаю, гэта немалы набытак паэта і паляўнічага, жыццялюба і прыродалюба. А паляўнічае слова «трафей» мы заменім гэтым разам словам «пошук». Хай спрыяе і надалей і ўзнагароджвае паэта добры паэтычны пошук!

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.