Вы тут

Бездань, намаляваная на плоскасці


Шмат хто з заўзятых прыхільнікаў высокага мастацтва не прызнае «Восеньскі салон» значнай для беларускага культурнага жыцця падзеяй, паколькі лічыць гэтую штогадовую выстаўку, якая праводзіцца пры падтрымцы Белгазпрамбанка, чыста камерцыйнай і вельмі банальнай, мерапрыемствам, дзе нельга ўбачыць нічога, што заслугоўвала б хоць мінімальнай увагі эстэтычных гурманаў. Але разам з тым «Восеньскі салон» немагчыма ігнараваць, таму што, па-першае, гэта адна з тых нешматлікіх выставак, дзе можна ўбачыць работы маладых беларускіх мастакоў, па-другое, гэта адзіная ў Беларусі (калі казаць пра роўныя з «Восеньскім салонам» маштабы) экспазіцыя, якая прытрымліваецца папулярнага на захадзе фармату выстаўкі-продажу.


Падчас агляду экспазіцыі «Восеньскага салона».

Дзве праблемы

Аднак, нягледзячы на тое, што «Восеньскі салон» ні ў якім разе нельга ігнараваць тым, хто сочыць за сучасным беларускім мастацтвам і імкнецца трымаць руку на пульсе часу, праект мае шэраг праблем, пра якія не сказаць будзе проста няправільна. Тым больш улічваючы той факт, што на «Восеньскім салоне — 2020» гэтыя хібы сталі асабліва відавочнымі і могуць камусьці сапсаваць агульнае ўражанне. Пра іх ужо не раз казалі, бо праявіліся гэтыя недахопы яшчэ на першым «Восеньскім салоне» і з таго часу пераследуюць выстаўку няўхільна і няўмольна, бо па нейкай прычыне арганізатары нічога не плануюць прадпрымаць для паляпшэння сітуацыі, хоць крытыка іх стылю працы ўвесь час тычыцца адных і тых жа аспектаў. На ўсіх праблемах спыняцца няма сэнсу, паколькі іх часта аналізуюць і разбіраюць, а таму варта звярнуць увагу на тыя, што ў гэтым годзе дасягнулі крытычнага ўзроўню і непасрэдна ўплываюць на якасць выстаўкі і ўражанні наведвальнікаў.

Першая праблема заключаецца ў непразрыстасці механізму адбору работ, якія ў выніку выстаўляюцца ў «Палацы мастацтва». На першы погляд усё здаецца даволі простым і відавочным: мастакі падаюць заяўкі, арганізатары іх разглядаюць і прымаюць калегіяльнае рашэнне, якія творы маюць права быць прадстаўленымі аўдыторыі падчас правядзення «Восеньскага салона». І калі з празрыстасцю этапу падачы заявак усё проста і зразумела, як і з фінальным спісам, што заўсёды публікуецца ў агульным доступе за пэўны час да адкрыцця выстаўкі-продажу, то вось з адборам ёсць пытанні.

Дакладны спіс журы, якое адбірае работы для ўдзелу ў «Восеньскім салоне», пабачыць калі і можна, то з цяжкасцю. Нават на афіцыйным сайце праекта «Арт-Беларусь», які займаецца арганізацыяй выстаўкі, нельга знайсці нічога, акрамя абстрактных фармулёвак пра тое, што членамі журы з’яўляюцца «вядомыя куратары, мастацтвазнаўцы і мастакі з розных краін Еўропы». З аднаго боку, гэта можа для кагосьці і не быць праблемай, але вось выпадак з дапушчэннем на выстаўку адкрытага плагіяту выклікае пытанні наконт кампетэнтнасці журы. Было б зразумела, калі б яно прапусціла копію карціны невядомага мастака ў агульнавядомым жанры, але адзін з мастакоў прадставіў плагіят у жанры мастацкай каліграфіі, які, мякка кажучы, непапулярны, прычым плагіят работы заснавальніка гэтага жанру — мастака Пакраса Лампаса. І вось Пакраса цяжка назваць невядомым, хоць яго творчасць ацэньваюць вельмі па-рознаму. Не можа не выклікаць здзіўлення той факт, што журы з Еўропы, дзе цяпер квітнее сучаснае мастацтва рознай ступені канцэптуальнасці, год за годам працягвае прадстаўляць публіцы абсалютна банальныя нацюрморты з бэзам (абавязкова з бэзам — чамусьці іншыя нацюрморты, калі яны не канцэптуальныя, знайсці на «Восеньскім салоне» нельга).

Другая праблема ўжо больш суб’ектыўнага характару, але яна ў гэтым годзе чамусьці асабліва кідаецца ў вочы, хоць на «Восеньскім салоне — 2018» яе можна было ігнараваць (і атрымліваць вялікае задавальненне ад выстаўкі). Праблема гэтая наўпрост звязана з папярэдняй. Калі мы не ведаем, хто сапраўды знаходзіцца ў журы конкурсу, то не можам ведаць і пра тое, якімі прынцыпамі кіруюцца пры ўхваленні работ. І, мяркуючы па творах «Восеньскага салона — 2020», прынцыпы гэтыя ў нейкай ступені схаваныя і ад саміх членаў журы, бо пры знаёмстве з экспазіцыяй здаецца, што нейкіх выразных крытэрыяў адбору не было зусім. Вядома, «Восеньскі салон» заўсёды вылучаўся прадстаўленнем работ усіх магчымых жанраў і кірункаў (сёння мастакі не абмяжоўваюць сябе толькі жывапісам, графікай і скульптурай), але гэтым разам здаецца, што аўтары не імкнуліся да разнастайнасці і звярталі няшмат увагі на тое, ці будуць карціны цікавыя як творы мастацтва, а не прадметы для ўпрыгожвання інтэр’ера.

Прымат формы над зместам

Абедзве гэтыя праблемы ў сваёй сукупнасці, назапасіўшы максімальную крызісную энергію да гэтага года (пяцігоддзе як-ніяк), сталі прычынай таго, што наведвальнік, які прывык да сучаснага мастацтва або праглядаў работы на папярэдніх «Восеньскіх салонах», застанецца ў вельмі зблытаных пачуццях. Ён убачыў вялікую колькасць твораў ва ўсіх магчымых тэхніках: пачынаючы ад фатаграфіі і класічнага жывапісу алеем, заканчваючы канцэптуальнай інсталяцыяй лялек. Усе гэтыя работы, або як мінімум большасць з іх, пакінулі ў гледача вельмі прыемнае эстэтычнае ўражанне, паколькі выкананы тэхнічна выдатна, а некаторыя нават можна назваць майстэрскімі, напрыклад, гіперрэалізм ад пастаяннай удзельніцы «Восеньскага салона» Алесі Скарабагатай. Былі мініяцюры, велізарныя палотны, скульптуры, інсталяцыі і нават інтэрактыўныя плакаты з выявамі знакамітасцей, але чамусьці ад усяго гэтага не застаецца нічога, акрамя пустэчы, як пасля прагляду прыгожага, але дурнаватага і пустога фільма.

Пераходзячы ад аднаго твора да іншага, спыняючыся і імкнучыся прааналізаваць кожны, нельга не заўважыць, што на «Восеньскім салоне» да пераважнай большасці прадстаўленых работ можна прымяніць адну і тую ж разумовую формулу: «я магу вельмі доўга ўзірацца ў дэталі, у тэхнічныя нюансы, напрыклад, падцёкі фарбы або алоўкавыя рыскі, але як толькі спрабую прааналізаваць далей тэхнікі, то ўпіраюся ў сцяну». Адкуль жа ўзялася гэтая сцяна? Чаму яна ўзнікае практычна кожны раз, калі глядзіш на работы сучасных беларускіх мастакоў?

На мой погляд, гэтая сцяна — вынік супрацьстаяння формы і зместу, якое ўзнікла ў ХХ стагоддзі і актуальна да гэтага часу. Кожная цаглінка тут — паміж сэнсам твора і гледачом — гэта ордэн, які сведчыць, што ў шматлікіх бітвах у сваёй галаве мастак штораз працягваў выбіраць форму, а не змест. Менавіта таму яго работа можа быць вяршыняй майстэрства ў вельмі складанай тэхніцы, яна можа быць колькі заўгодна эстэтычнай і прыгожай, але ў выніку за фасадам застаецца толькі пустэча. Прыгожая карцінка і нічога больш. На жаль, вялікая частка работ на «Восеньскім салоне» ў гэтым годзе — менавіта прыгожыя карцінкі, якія, вядома, не адмяняюць уменняў удзельнікаў, але пры гэтым як быццам з  пагардай ставяцца да ідэі, згодна з  якой у выяўленчым мастацтве павінна быць нешта акрамя прыгажосці. Як быццам аўтары думаюць, што гледачы павінны з усяго галаўнога механізму ўключаць толькі вочы, каб глядзець на карціны, і рот, каб выказваць захапленне, абсалютна ігнаруючы ўсе астатнія разумова-аналітычныя працэсы, якімі павінна суправаджацца знаёмства з любым творам мастацтва.

Работа Юліі Мацура «Познія яблыкі ранняй вясны», 2020 г.

Асабліва гэта заўважна па той частцы выстаўкі, якая прысвечана графіцы і фатаграфіі. Графіка дзіўная тым, што нават кожнаму, хто адмаўляе выяўленчае мастацтва, прыемна глядзець на творы, дзе шмат дэталяў, дзе ёсць карпатлівая праца мастака над усімі лініямі і  штрыхамі. Мы быццам несвядома адчуваем колькасць сіл і часу, якія патраціў аўтар, каб скончыць карціну. Але разам з тым за чорна-белым малюнкам нейкіх сюррэалістычных відаў, як, напрыклад, на работах Кацярыны Майлычкі, або палохаючых вобразаў экалагічнай катастрофы Аляксандры Перадзе, мы таксама інстынктыўна хочам убачыць нешта яшчэ, акрамя відавочнага сэнсу, які і так счытваецца з першага ж погляду. Часам бывае і так, што ўся сутнасць заключаецца толькі, уласна, у тэхнічнасці малюнка, у майстэрстве аўтара, як у работах Кацярыны Пракоп’евай, чые вялікія графічныя творы ўражваюць дэталізацыяй, але пры гэтым прадстаўляюць увазе даволі тыповую фантастычную гіпертрафіравана-гатычную архітэктуру, якая ўжо даўно і надоўга пасялілася ў масавай культуры.

Большая частка фатаграфій і зусім выклікае здзіўленне: гэта або проста прыгожыя ў максімальна агульнапрынятым сэнсе віды прыроды, або мадэльная фатаграфія, якая мала чым адрозніваецца ад «Інстаграма» прафесійнай мадэлі, або рэдкія прыклады каляканцэптуальнасці, дзе ўсё зводзіцца да наўмысна пакінутых дэфектаў, размытай макраздымкі або сумяшчэння архіўных і сучасных фота з якой-небудзь «глыбакадумнай» назвай. Па-першае, дзіўна, што на выстаўцы, якая спачатку адносілася выключна да выяўленчага мастацтва, столькі месца аддадзена на фатаграфію (гэта таксама мастацтва, але ўсё ж мае сэнс аддзяляць яе), па-другое, незразумела ў такім выпадку: па якім прынцыпе звычайнае фота прыгожай дзяўчыны на прыродзе павінна лічыцца мастацтвам, а здымак хатняга ката — не.

Але пры гэтым ёсць на «Восеньскім салоне» і цікавыя ва ўсіх сэнсах работы, напрыклад, лялечная інсталяцыя Вольгі Пранкевіч, дзе кожная лялька — адна з ролевых мадэляў жанчыны ў нашым грамадстве, а подпісы да малюнкаў — разважанні пра тое, як сацыяльнае асяроддзе мяняе гэтыя ролевыя мадэлі, прычым далёка не заўсёды ў лепшы для саміх жанчын бок. Цяжка будзе прайсці міма бронзавых скульптур пераможцаў Ost Art Festival 2020, таму што большая частка з работ уяўляе сабой якраз вельмі блізкі да ідэальнага баланс паміж формай, тэхнікай і зместам, сімвалізмам, канцэптуальнасцю адлюстраванага. Так, наўрад ці гэты сімвалізм можна назваць вельмі глыбокім, але на фоне захаплення маладых мастакоў яркімі, але пустымі вобразамі гэта ўжо з’яўляецца цікавым.

Работа Івана Арцімовіча «KISS», 2020 г

 «Восеньскі салон — 2020» паказаў, наколькі шмат праблем назапасілася калі не ў самім сучасным беларускім мастацтве, то ў фармаце гэтай выстаўкі. Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, адрозніваюцца сапраўды прафесійным падыходам мастакоў, але вось з-за тэхнічнага прафесіяналізму большая частка твораў губляе ўнутраную глыбіню. Што сімвалічна, бо першы твор, на які, хутчэй за ўсё, трапіць погляд наведвальніка «Восеньскага салона», — гэта «Бездань» — цёмны, з разводамі, роўны круг, які павінен быць, напэўна, поўным глыбінных сэнсаў, але замест гэтага з’яўляецца проста прыгожым кругам і нічым іншым.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.