Вы тут

«Духоўна я нарадзіўся ў Нясвіжы»


Так кажа Леў Гумілеўскі — мэтр скульптурнага мастацтва. Штогод, 31 кастрычніка, ён імкнецца ў княжацкі горад свайго юнацтва, каб з роднымі і сябрамі адзначыць пашпартны дзень нараджэння там, дзе пачаўся яго шлях у мастацтва.


Леў Гумілеўскі.

Напярэдадні 90-гадовага юбілею майстар завітаў у  Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Тут у стацыянарнай экспазіцыі «Шляхі» як падарунак экспануецца выстаўка з фондаў музея «Мой кліч вечавы». Гэтыя творы Льва Гумілеўскага перагукаюцца з вобразамі Янкі Купалы, створанымі ім для тэматычных раздзелаў, звязаных з побытам паэта ў Маскве ў гады Першай і Другой сусветных войнаў. А ў міжваенны час Масква стала месцам нараджэння будучага скульптара і яго старэйшага брата Міколы ў сям’і Мікалая і Франі Гумілеўскіх. Шмат гісторый з жыцця распавёў ён на сустрэчы ў музеі, а потым і ў «беларускім Луўры» — майстэрні на вуліцы Гая, дзе сярод мноства абліччаў — скульптурны партрэт матулі і яе фотаздымак.

Аж у Маскву ўцякла ад нежаданага старога жаніха Франчэска з Жарнелішак каля Відзаў, дзе спявала ў хоры велічнага касцёла. Вярнуцца на бацькаўшчыну перашкаджала мяжа, сям’я апынулася ў Старым Барысаве, дзе заспелі вайна, акупацыя і ратунак ад вывазу ў Германію ў партызанскіх балотах. Калі ў 1944 годзе сям’я прыехала ў Нясвіж, то яны «думалі — трапілі ў  рай: дзяўчаты на роварах ездзяць, хлопцы ходзяць у  добрым адзенні, вечарам у валейбол гуляюць. Каля года жылі ў самім замку. Там нікога не было, вокны раскрытыя ляпалі, і толькі на ноч прыходзіў вартаўнік, казаў: “Глядзіце, Чорная Панна ходзіць...”»

А ў ратушы меў майстэрню любімы настаўнік — Міхась Канстанцінавіч Сяўрук, які ў Віленскім універсітэце вучыўся жывапісу ў яшчэ аднаго сёлетняга юбіляра Фердынанда Рушчыца. Вось такая ўзвышаная пераемнасць жыве праз пакаленні мастакоў, закаханых у родны край. У майстэрні Міхася Канстанцінавіча вучні спасцігалі таямніцы жывапісу на найлепшых узорах мастацтва. Аднойчы настаўнік прынёс бюст Нікола да Удзана, і ў гэты дзень адбылося літаральнае сутыкненне са скульптурай — у перапынку няўрымслівыя вучні разбілі шэдэўр Данатэла на дробныя аскепкі…

Шлях у мастацтва працягваўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Навучанне перарвала позва ў армію, дзе тады служылі тры гады. «Я будаваў Волга-Дон, — прыгадвае Леў Мікалаевіч. — Я добра плаваў, то першыя два дні былі сілы пераплысці Дон, але цяжка працавалі ў джунглях уздоўж Дона, наша рота павінна была 6 км лесу высекчы, узарваць карчы. Ваду пілі з ракі. Камары, уночы змеі пад падушкай…»

Пасля войска, у 23 гады, Леў Мікалаевіч вяртаецца да вучобы ў 9 клас вячэрняй школы і на 2 курс вучылішча, якое месцілася ў будынку Опернага тэатра. Жывапісам займалася моладзь, скульптурай — старэйшыя, некаторыя — франтавікі, якія і пераманілі яго да сябе. Сярод выкладчыкаў быў Віктар Папоў, чые фігуры ўзвышаюцца на даху Палаца прафсаюзаў. У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце Леў Гумілеўскі вучыўся ў Аляксея Глебава і Андрэя Бембеля. Завяршэнне вучобы супала з будаўніцтвам Салігорска, дзе малады скульптар быў уражаны працай гарнякоў. Постаць асілка-шахцёра ўвасобіў у дыпломнай працы.

Работа Льва Гумілеўскага «Янка Купала. “Я адплаціў народу, чым моц мая магла...”» у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

Аляксей Глебаў запрасіў маладых калег Льва Гумілеўскага і Анатоля Анікейчыка ў творчую каманду, якая падарыла мінчанам і гасцям сталіцы Беларусі велічную постаць Янкі Купалы і мілы, лірычны фантан «Купалінкі». «Добра, калі твор жыве дзесь у горадзе», — кажа Леў Мікалаевіч. Думаю, што ўдзячныя жыхары многіх гарадоў і мястэчак, а таксама турысты з гэтым пагодзяцца. Велічна ляціць над Магілёвам «Крылатая». У родным Нясвіжы — паркавая камазіцыя «Русалка», абліччы Юрыя Нясвіжскага і Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Францішак Багушэвіч сустракае ў Смаргоні, Максім Багдановіч — у Ялце. Эскізы гэтых і многіх іншых работ, якія толькі мараць сустрэцца з намі на вуліцах і плошчах, цесна шыхтуюцца на паліцах майстэрні. Тут сабраліся Давыд Гарадзенскі і Ефрасіння Полацкая, Серафім Жыровіцкі, Антоній Тызенгаўз, Адам Міцкевіч, Аляксандр Пушкін, Сяргей Рахманінаў, Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч... Адусюль — абліччы Купалы. Побач з работамі бацькі — творы сына Сяргея, з якім не толькі дзеляць майстэрню, але і рэалізоўваюць сумесныя праекты. «Цяпер мы адліваем у бронзе “Апошняе развітанне Уладзіславы з Янкам”».

«Я працую паволі, думаю, скульптура спее… Мой рэкорд — прысвечаная Міхасю Міцкевічу, юнаму Якубу Коласу, “Альбуцкая крыніца”, каб перадаць прагу і спаталенне душы. Гэта ўсё родныя мне людзі, мае дзеці — нельга выбраць, каго люблю больш. Я з імі вітаюся, яны — са мной. Лепім для душы, мне весялей з гэтым жыць…»

Ад імя калег і ўсіх аматараў вытанчанай творчасці майстра віншуем шаноўнага Льва Мікалаевіча з юбілеем і зычым здароўя і плённых гадоў на радасць сям’і, сябрам і людзям, якім яго шчодры талент штодзень дорыць сустрэчу з Мастацтвам!

Марыля БАРТКОВА

Фота прадастаўлены Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.