Вы тут

Голыя


Голыя

Ніколі не праміну на сметніку пупсіка. Сёння двух аднолькавых прынесла дахаты. Вялікія, са шчанюка нямецкай аўчаркі. Сцягнастыя, як бройлеры. Шчакатыя, збоку калі глядзець, кірпатых носікаў не бачна. Пыцкастыя, нібы чмялі ў вусны пакусалі. Два маленькія Гарганцюа, немагчыма не ўзяць. Але і брудныя. У пральную машынку ўкінула. Грукаталі там незадаволена. Дзеля іх жа карысці.
На пяцігоддзе цёця Марыя падарыла мне двух таксама пупсікаў у  атласавай падшыванай капэрце. Ці ружовага, ці то, можа, нябескага колеру. Хутчэй за ўсё, і тое і іншае разам. Перламутравага, будзем лічыць. Я дакрануцца не магу да іх. Ззяюць на крухмальным покрыве бацькоўскага ложку двухспальнага пластмасавыя копіі дзяцей, ззяюць капэртай сваёй, абробленай карункам па ўсім перыметры, ззяюць дзівоснай ракавінкай з  патаемнага месца неіснуючага акіяна.
Цёця ўсё сапсавала, калі ўголас пачала чытаць кніжку. Яна была нязменным дадаткам да асноўнага падарунка ад цёці. А ў сталым узросце непрыкметна ператварылася ў асноўны. Кніжка была вершаваная, пра хлопчыка з Чукоткі. Нават памятаю імя — Велюрка. Хіба так хлопчыкаў завуць? Так нават дзяўчынак не завуць. Здзівіла моцна. Хутка зрабілася кніга ўлюбёнай. Але ў дзень народзінаў цёця кнігай ненаўмысна спалохала. Чытала пра ваўка, як воўк зубамі клацае, і для нагляднасці паляскала зубамі: «Клац-клац!». Я адсунулася ад цёці на другі бок канапы. Забілася ў самы кут, назіраю. Цёцін твар выцягваецца, абрастае поўсцю, іклы пабліскваюць у змроку, канапа пакрываецца мохам, дарма што зялёная. Не да пупсікаў, калі робіцца такое. Разумею, што нейкім чынам мяне спакушаюць на іх забыцца. Я амаль паддаюся.
Карацей, зразумела цяпер, што не проста забіраю пупсікаў кінутых, а ратую іх ад небяспекі. Ці мала — воўк, маньяк. Прыношу дадому, у якім бы стане ні былі, якімі б раздрапежанымі ні выглядалі. Адмываю, чышчу. Яшчэ прыдумала для іх адмысловую фрызуру. Састрыгаю валасы, бо яны звычайна ў такім стане, што расчасаць нельга. А рэшткі валасяныя сярнічкай абсмальваю. Па мне, гэта вельмі прыгожа. Не кожнаму даспадобы знешнасць упрыгожаных пупсікаў.
Аднойчы такі пупсік, даволі буйны, з абсмаленай галавой, сядзеў ля ўвахода ў кухню на стуле. Стул — бабуліна спадчына. Венскі, гнуты. Самае тое, каб пасадзіць на яго пупсіка, адмытага, пастрыжанага. Тут і прыйшлі сантэхнікі. Дык я спачатку не здагадалася, чаму ў кухню не заходзяць, з калідора размаўляюць. А яны, я не адразу зразумела, відавочна напалохаліся. Толькі не прызналіся. Мужчынам сорамна баяцца лялькі. Тым больш голага пластмасавага дзіцёнка.
Лётчык Бёртан з рамана «Салярыс» польскага пісьменніка Станіслава Лема таксама адчуў страх, калі ўбачыў голае немаўля над паверхняй станцыі Салярыс. Яго, канешне, можна зразумець, бо немаўля мела гіганцкі, чатырохмятровы, рост. Я памятаю з глыбокага дзяцінства з’яўленне гэтага вобраза як падзею асабістага жыцця. Ён пакінуў такі глыбокі адбітак, што калі я пераглядвала фільм у свядомым узросце, дык літаральна ашалела, адкуль Бёртан ведае пра мой успамін. Адзін з самых жудасных у жыцці.
Ён быў голы. Цалкам голы, як нованароджаны. Быў мокры, а дакладней слізкі, ягоная скура блішчэла. Ад такога выгляду рабілася жудасна. Я  разглядзеў яго вельмі добра. Хвалі падымалі і апускалі яго, аднак, незалежна ад гэтага, ён рухаўся сам, і гэта было агідна!.. Ён выглядаў, ну, як ў нейкім музеі, як лялька, але толькі жывая лялька. Адкрываў і закрываў рот, вырабляў разнастайныя рухі, агідна. Так, бо гэта не былі ягоныя рухі. Я  не набліжаўся да яго больш чым на некалькі метраў, дваццаць можа. Я казаў ужо, які ён быў велізарны, дзякуючы гэтаму бачна яго было вельмі добра. Вочы яго блішчэлі, і наогул ён здаваўся жывым дзіцёнкам, толькі вось рухі... быццам нехта спрабаваў... быццам нехта выпрабоўваў... Тыя рухі былі ненатуральныя. Тыя рухі не мелі ніякага сэнсу... Яны былі метадычныя. Адбываліся па чарзе, групамі і серыямі. Быццам нехта хацеў даследаваць, што той дзіцёнак у стане зрабіць рукамі, а што — тулавам і ротам, з  тварам было найгорш, мяркую, з той прычыны, што твар звычайна вельмі выразны, а тут ён быў як твар... не, не магу растлумачыць. Твар быў жывы, так, аднак не чалавечы. Гэта значыць, што рысы твару, канешне, і вочы, і скура, і ўсё, але выраз, міміка — не. Твар не можа выглядаць так, каб адна палова была вясёлая, а другая — сумная, каб адна частка пагражала або баялася, а другая трыумфавала ці нешта ў гэтым родзе. Але з гэтым дзіцёнкам так было. Разам з тым усе рухі і гульня мімікі адбываліся з незвычайнай хуткасцю (пераклад аўтарскі).
Таму, напэўна, палюбіла я пупсікаў. Па прынцыпе супрацьпастаўлення. Здаецца, няма ніякай сувязі з Салярысам, але мяне, акрамя пупсікаў, ніякія лялькі не цікавілі. А пупсікі цікавілі неапісальна. Бо яны, у адрозненне ад велізарнага пупса Станіслава Лема, былі маленькія, не рухаліся павар’яцку. І на ўсякі выпадак, калі раптам захочуць варухнуцца, можна спавіць тугой насоўкай.
Мы гулялі з сябрамі, як звычайна, познім вечарам. У апошні дзень гэтага лета. Нехта запытаўся, пра што я зараз пішу. Пра пупсікаў, кажу. Не чакала, што гэтая простая тэма зацікавіць сяброў, нават хлапцоў. Лёша расказаў, як малымі яны з сябрам выкрадалі пупсікаў у дзяўчынак. Калі дзяўчынкі сыходзілі палуднаваць, дык легкадумна пакідалі цацкі на двары, а вярнуўшыся — пупсікаў не далічваліся. Я пытаюся Лёшу: «Нашто вам яны патрэбныя былі?» — «А мы іх аблеплівалі пластылінам. У монстраў разнастайных ператваралі».
Света расказала пра чорнага пупсіка. Яны з траюраднай сястрой збіралі пралескі каля псіхбальніцы, дзе працавала Свеціна бабуля санітаркай. І там па дарозе ўніз да старога млына XVI стагоддзя кветкі раслі. А пад кветкай, неглыбока ў зямлі, раскапалі яны чорнага пупсіка. Света з ім гулялася доўгі час, некалькі гадоў, пакуль не пачула гісторыю пра чорную лялечку. Лялечка ў  гісторыі ноччу ажывала, каб забіць усіх у хаце. Па чарзе. У піянерскіх лагерах мы млелі ад страшылак. Пра зялёныя вочы, пра чырвоныя гольфы, труну на колцах. Агульнавядомыя сюжэты, усе іх ведаюць. Але пра чорную лялечку Света пачула значна раней, яшчэ да лагераў, не гатовая была ўспрымаць адэкватна байку па маленстве і лялечку выкінула за плот.
Кажа тады Света:
— Я ж думала, яна такая адна трапілася мне, як прадказальнік чорных нейкіх падзей, іх было ў жыцці, а на днях мама расказала, што яшчэ ў ейным дзяцінстве ў прадмаг завезлі цэлую партыю гумовых чорных галышоў. І ўсе дзяўчынкі гулялі з імі тымі часамі ў Жодзішках. Нармальныя чорныя галышы. Гэта мне было прывітанне з 60-х.
— Хоць вочы, роцік былі каляровыя? — пытаюся, мы тады якраз міма могілак гарадскіх ішлі.
— Не. Поўнасцю чорны. І тады, калі мне расказалі пра чорную лялечку, як яна паўстае і гавора: «Дзевачка-дзевачка…».
Тут нас прабілі дрыжыкі, і мы пабеглі.
Цікава было б даведацца, хто прыдумаў чорных пупсікаў выпускаць, дзе і навошта. Вось бела-ружовыя пластмасавыя — іншая справа. Бяскрыўдныя і  не моцна дарагія. Па 50 капеек. Як убачыла ў ГУМе зефірку ў ванначцы! Як паляцела дахаты праз паўгорада! Мама з татам нават не заўважылі, што без пупсіка мне не жыць. Не далі грошай. Я ў слязах паляцела праз увесь горад на Вілейскую, да бабулі. Бабуля ўсё адразу зразумела. Нягледзячы на тое, што пенсія 25 рублёў. Але дзіўна — бабуля мела ганаровы медаль «Мацігераіня» за сямёра дзяцей. І такая пенсія мізэрная. Каб я тады гэта разумела, ніколі з-за пупсіка не лётала б як падсмаленая. Я моцна бабулю любіла. І не толькі з-за пупсіка.
Света казала, што вельмі сябравала з Наташай, траюраднай сястрой, з якой знайшла чорнага галыша. І тут Света кажа: «Наташа загінула пад цягніком у Воршы, калі ехаць збіралася ў будатрад». Не збіраюся прывязваць гэту жудасную падзею да чорнай міфічнай лялечкі. Я проста для сябе нечакана працытавала Чэслава Мілаша: «Ворша — дрэнная станцыя» з верша «Трывогасон», дзе паэт апісвае, як у шасцігадовым узросце ледзь не згубіўся на варшанскай чыгунцы. Цягнік бежанцаў з Расіі ўжо крануўся, там была яго мама. Бацька Мілаша служыў у расейскім войску, і маці з двума дзецьмі суправаджала мужа на фронце. А ў 1918-м яны вярталіся ў Вільню праз Воршу.
Калі я працытавала радок пра дрэнную Воршу, дык Света здрыганулася: «Адкуль ён ведаў?! Адкуль ён ведаў?!» І я расказала біяграфічную дэталь, вышэй апісаную. Але Света ўсё не пагаджалася і пераводзіла радок на сваю любімую сястру.
А я не магу не пераводзіць верш Мілаша «Падрыхтоўка» на наш час:

Яшчэ адзін год падрыхтоўкі.
Ужо заўтра засяду за працу над вялікім творам,
у якім маё стагоддзе з’явіцца як было.
Сонца ў ім будзе ўзыходзіць над правымі і няправымі,
вёсны і восені будуць прыходзіць няўхільна сваёй чаргою,
дрозд у вільготнай гушчэчы гняздо сабе злепіць глінай,
і будуць вучыцца лісы лісінай сваёй прыродзе.

І ўсё. І ў дадатак войскі
бягуць па замёрзлых раўнінах, выкрыкваючы праклёны
мільярдагалосым хорам; танкавыя гарматы
вырастаюць з-за рогу вуліцы; і ў прыцемках вязні
між вартавымі вышкамі і лагернымі дратамі.

Не, гэта будзе не заўтра. Праз пяць, праз дзесяць гадоў.
Дагэтуль цяжка не думаць пра тое, што рабіць матцы,
пра тое, чым ёсць чалавек, народжаны ад кабеты,
што звіўся ў клубок і хавае голаў пад ударамі цяжкіх ботаў;
бяжыць, ахоплены полымем з галавы да ног,
бульдозерам утрамбаваны ў гліняны дол.
З мядзведзікам на руках. Яе сын. Зачаты ў каханні.

Я не навучыўся яшчэ гаварыць як трэба, спакойна.
А літасць і гнеў псуюць стылёвую раўнавагу.

(пераклад Андрэя Хадановіча)
 

Таня СКАРЫНКІНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.