Вы тут

У гасцях у дачкі пісьменніка Яна Скрыгана



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


У гасцях у дачкі пісьменніка Яна Скрыгана

Працягваем серыю цікавых навін пра падзеі сумеснага праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, у якой мы распавядаем пра каштоўныя выданні і дакументы, цікавыя сустрэчы, дзейнасць даследчыкаў праекта.

Зусім мала часу застаецца да юбілею яшчэ аднаго сябра літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, выдатнага пісьменніка Яна Скрыгана (1905–1992). 16 лістапада мы будзем адзначаць яго 115-годдзе, да гэтай даты плануецца адкрыццё віртуальнага раздзела, прысвечанага юбілею пісьменніка, у межах праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”, а таксама правядзенне літаратурнага вечара “Кругі лёсу Яна Скрыгана”, які адбудзецца 12 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Пры працы над раздзелам узнікла праблема, якую мы не маглі вырашыць без спадчынніка пісьменніка. Згодна з аўтарскімі правамі, якія не дазваляюць на працягу 50 гадоў размяшчаць поўныя тэксты кніг пісьменніка ў вольным доступе без аўтара ці яго нашчадкаў, пачаліся пошукі выйсця. Дзякуючы гісторыка-краязнаўчаму музею “Бацькаўшчына” ў а.г. Камень на Капыльшчыне, дзе размешчана экспазіцыя, прысвечаная пісьменніку, мы выйшлі на сувязь з Галінай Іванаўнай Скрыган. Гэтым летам быў падпісаны з ёю аўтарскі дагавор, які даў магчымасць размясціць кнігі Яна Скрыгана, а таксама аўтарскія артыкулы самой Галіны Іванаўны ў межах праекта. Укладальніца кніг самога пісьменніка, успамінаў пра яго: “Ян Скрыган ва ўспамінах” (2010), “Сэрцу горкая далячынь” (2013), “Добра, што я іх ведаў” (2014) – да 115-годдзя бацькі актыўна працавала над выхадам “Фоталетапісу з хатняга архіва Яна Скрыгана” (2020), які яна прэзентуе ў бібліятэцы на мерапрыемстве. Дзякуючы гэтаму выяўленчаму матэрыялу, пачалася праца над фотагалерэяй пісьменніка і падраздзелам праекта, прысвечаным ушанаванню памяці аўтара.

Напярэдадні мерапрыемства адбылася сустрэча з Галінай Скрыган, якая рыхтуецца шырока адзначыць юбілей бацькі не толькі ў НББ, але і ў бібліятэцы імя Маякоўскага ў Мінску. Цікава наведваць тыя мясціны, якія дыхаюць успамінамі пра пісьменніка. На кватэры ў дачкі пісьменніка асобныя куточкі з фотаздымкамі аўтара, яго асабістымі рэчамі і самаробнымі вырабамі, створанымі яго рукамі. Асабліва хацелася пабачыць знакамітыя кіёчкі Яна Скрыгана, якія ён выразаў сам.

Куток Яна Скрыгана на кватэры Галіны Іванаўны Скрыган

Фотаздымкі на сцяне ў кватэры Г. Скрыган

Цікавыя рэчы пра пісьменніка з вуснаў самой Галіны Іванаўны робяць яго зразумелым і такім звычайным. Напрыклад, аказалася, што спіна Скрыгана заўсёды была роўная, яму не патрабавалася кіёчка. Але ён выразаў іх, аздабляючы спецыяльнымі скуранымі завязкамі, каб зручна было хадзіць. Гэта была дань модзе, якой прытрымліваўся ён разам з П. Броўкам. І было смешна, калі ў транспарце яму вызвалялі месца, гледзячы на кіёчак у яго руцэ.

Знакамітыя кіёчкі Я. Скрыгана, якія захоўваюцца і ў гісторыка-краязнаўчым музеі “Бацькаўшчына” (а.г. Камень на Капыльшчыне)

Шмат цікавага расказала Галіна Іванаўна пра свайго бацьку, пра сваю падрыхтоўку да юбілеяў, якія яна адзначае кожныя 5 гадоў. Праходзілі яны ў розных месцах: Доме літаратараў, а.г. Камень, літаратурным музеі М. Багдановіча. І гэта заўсёды вялікія мерапрыемствы, якія збіраюць сяброў, пісьменнікаў, музейшчыкаў і бібліятэкараў, якія захоўваюць памяць пра Яна Скрыгана. І з кожным разам больш людзей прыходзіць і прыязджае, памятаючы шчырую і вельмі адкрытую душу яго дачкі, якая заўсёды гатова падзяліцца ўспамінамі пра свайго вядомага бацьку.

Быў адкрыты да людзей і сам пісьменнік, што перадалася і яго дачцэ:

“Наогул, мне шанцавала на добрых людзей. Былі і дрэнныя, але яны неяк скора забываліся. Можа, такая ўласцівасць чалавечай памяці, што благога яна доўга не хоча трымаць”.

Ян Скрыган

Фота Таццяны Лаўрык

Крыніца: https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/u-gastsyakh-u-dachki-pismennika-yana-skrygana/

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».