Вы тут

Сёння пытанне не толькі ў Асноўным законе, а ў тым, як будуць змяняцца кіраванне, эканоміка, сацыяльная сфера і інш.


Актыўнасць грамадства ў абмеркаванні неабходных змен, якіх патрабуе развіццё нашай дзяржавы, павінна быць выкарыстаная для ўдасканалення як Асноўнага закона, так і заканадаўства ў цэлым.


Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі своеасаблівай дыялогавай пляцоўкі, што ў фармаце круглага стала адбылася ў сценах рэдакцыі газеты «Звязда». У размове ўзялі удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар СВІЛА, член Савета Рэспублікі Віктар ЧАЙЧЫЦ, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ала ШАЎЦОВА і галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Дзмітрый ШАЎЦОЎ.

«Мы ўжо прайшлі этап, калі нам была патрэбна моцная цэнтралізаваная ўлада»

«Звязда»: Чаму ў Беларусі ўзнікла патрэба перачытаць Канстытуцыю, задумацца пра яе трансфармацыю? І калі такая патрэба ўзнікла?

Віктар Чайчыц: На мой погляд, вельмі важнае пытанне — «Калі?». Зараз усе пра гэта кажуць, больш за тое, асобныя людзі лічаць, што гэта звязана з наступствамі сёлетніх выбараў. Але і інтэрнэт, і дзяржаўныя СМІ сведчаць: пра тое, што наспела неабходнасць змянення Канстытуцыі, Прэзідэнт казаў амаль два гады таму.

Віктар Свіла: Упершыню кіраўнік дзяржавы заявіў пра гэта публічна падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» 1 сакавіка 2019 года. Потым пацвердзіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Ён сказаў, што мы ўжо прайшлі той этап, калі нам патрэбна была моцная цэнтралізаваная ўлада, надышоў час нагружаць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады.

Віктар Чайчыц: Усе згодныя, што Канстытуцыя — гэта жывы арганізм: змяняецца жыццё, змяняецца заканадаўства. Змяненні, якія былі ўнесеныя ў 1996 годзе, на мой погляд, на той момант адпавядалі патрабаванням часу. Тады спатрэбілася ўзмацненне вертыкалі, каб аператыўна вырашаць архіважныя пытанні, напрыклад, супрацьстаяць таму ж разгулу злачыннасці. Цяпер мы ўбачылі, што частку паўнамоцтваў ад Прэзідэнта можна ўжо перадаць парламенту, Савету Міністраў, на мясцовы ўзровень. Не трэба думаць, што мы гэта робім або пад ціскам, або каб дагадзіць некаму. Калі дагадзіць, то толькі нашым грамадзянам.

Цяпер пытанне змянення Канстытуцыі яшчэ больш наспела, і людзі сталі праяўляць актыўнасць. Ні ў якім разе нельга яе падаўляць: калі ласка, прапаноўвайце, кажыце, мы будзем спрабаваць рэалізаваць вашы ідэі. Праўда, часам людзі надзвычай спрошчана разумеюць, што такое Канстытуцыя, іх прапановы вельмі асабістыя. Гэта датычыцца як грамадзян, так і арганізацый і аб’яднанняў.

Віктар Свіла: Мы на сёння стварылі досыць жыццядзейную сістэму дзяржаўнага ладу, усе галіны ўлады сфарміраваныя і працуюць, і наступіў перыяд, калі можна пераразмяркоўваць паўнамоцтвы. Уласна кажучы, гэты працэс ужо адбываецца. Нядаўна кіраўнік дзяржавы расказаў пра прапанову перанесці больш за 70 паўнамоцтваў ад Прэзідэнта на ўсе ўзроўні ўлады. Праўда, гэта не тыя паўнамоцтвы, што вызначаны ў адпаведным артыкуле Канстытуцыі, але іх вытворныя.

«Любыя прапановы важныя»

Дзмітрый Шаўцоў: Законатворчасць — гэта цэлая навука і вельмі карпатлівая работа. Калі ў 2012 годзе я стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў пятага склікання, то думаў: дайце кропку апоры — і я перакулю свет. Але калі садзіўся з калегамі за круглы стол, то юрысты мне тлумачылі, што адна мая папраўка надта прыватнага характару, другая ідзе ў разрэз з дзеючым заканадаўствам, трэцяя не будзе працаваць. Тады я пачынаў глядзець на законатворчы працэс больш рознабакова і ўжо сам адкідваў некаторыя ідэі. Асобныя мае прапановы ўсё ж такі трапілі ў Закон «Аб ахове здароўя», але іх фармулёўка запатрабавала велізарнай работы і дапамогі правазнаўцаў.

«Звязда»: Навошта тады патрэбна шырокае абмеркаванне паправак у Канстытуцыю?

Дзмітрый Шаўцоў: Грамадскае абмеркаванне неабходна для прыняцця многіх законаў, асабліва калі яны закранаюць сацыяльную сферу. Для абмеркавання іх праектаў ствараюцца дыскусійныя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя, яны размяшчаюцца ў агульны доступ. Там таксама адсейваецца частка прапаноў, частка выкарыстоўваецца на іншым узроўні, а частка ўлічваецца, бо аказваецца слушнай.

Ала Шаўцова: Большая частка прапаноў будзе рэалізаваная. Калі не на ўзроўні Канстытуцыі, то на ўзроўні Грамадзянскага, Падатковага кодэксаў, Кодэкса аб шлюбе і сям’і і іншых нарматыўных прававых актаў, што з’яўляюцца фундаментам сацыяльных, эканамічных каштоўнасцяў. Грамадзяне будуць пачутыя — пытанне часу. Ён неабходны, каб заканадаўчы орган змог прапановы прапрацаваць і выйсці на ўзровень унясення змяненняў і дапаўненняў у прававыя акты.

Звярніце ўвагу: мы набылі суверэнітэт фармальна ў 1990 годзе, калі 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай ССР прыняў Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь». Дакумент абвяшчаў самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады Беларусі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць. І толькі ў 1999-м, амаль праз 10 гадоў, прынялі асноўную масу кадыфікаваных актаў.

Такім чынам, цяпер надышоў этап, калі колькасць павінна перарасці ў якасць. Сёння змены ў грамадстве, эканоміцы, палітыцы, адукацыі, ахове здароўя, жыллёвай палітыцы настолькі колькасна выраслі, што неабходна якаснае заканадаўства. Не здзіўляюся, што прапановы актывістаў зараз датычацца не столькі змен канстытуцыйнага акта, колькі дзеючага заканадаўства. Гэта крэдыт даверу, які дае народ, каб змянілася ўсё бягучае заканадаўства ў нейкіх сферах.

Цяпер заканадаўчаму органу, міністэрствам, камітэтам, дэпартаментам прасцей будзе працаваць, таму што фактычна прайшло апытанне грамадскага меркавання, якое мае вялікую важнасць. Мы разумеем, чаго людзі хочуць і якія рэформы жадаюць убачыць.

Пытанне зараз не толькі ў змяненнях у Канстытуцыю. Пытанне ў тым, што прайшло дастаткова часу пасля таго, як краіна ўстала з кален перад эканамічнымі ісацыяльнымі праблемамі, якія былі ў 1990-ыя гады. Канстытуцыя — гэта як сцяг у грамадстве, і толькі вяршыня айсберга ў заканадаўстве.

Прыняццем новай Канстытуцыі праблемы не вырашацца. Недарэмна ж існуе паняцце дэкларатыўнай Канстытуцыі. Зрабі яе хоць «залатую», але калі ў грамадстве не будзе нічога змяняцца, яна не будзе працаваць. Сёння пытанне не толькі ў Асноўным законе, а ў тым, як будуць змяняцца кіраванне, эканоміка, сацыяльная сфера, ахова здароўя, адукацыя і іншае.

Я памятаю, як прымаўся Адміністрацыйны кодэкс. Яго ўносяць на разгляд у Савет Рэспублікі, а ўжо паступаюць прапановы па змяненні і дапаўненні акта. Гэта быў адзін з самых змяняемых прававых актаў. Таму справа не ў тым, што была дадзена адмашка мяняць Канстытуцыю з-за пратэстаў, а ў тым, што грамадства да гэтага даспела. Час прыйшоў.

Віктар Чайчыц: У Канстытуцыі ўсяго не прапішаш. Гэта — Асноўны закон, закон законаў. Але цяпер любыя прапановы грамадзян важныя для дзяржавы і грамадства. Нават калі нейкія прапановы не ўвойдуць у Канстытуцыю (большасць не ўвойдзе па аб’ектыўных прычынах, пра якія мы тут сказалі), яны ўсё роўна карысныя для ўсёй галіны дзяржаўнай улады, каб убачыць, што людзей хвалюе. Іншыя кампетэнтныя органы, напрыклад, Савет Міністраў, выканкамы, органы мясцовага самакіравання будуць займацца гэтымі пытаннямі.

Над Канстытуцыяй у канчатковай рэдакцыі павінны працаваць прафесіяналы: юрысты, нарматворцы, але з улікам прапаноў, якія атрыманы ад грамадзян. Зараз больш за ўсё прапаноў датычыцца сацыяльных аспектаў: пенсій, адпачынкаў па доглядзе за дзецьмі... І так было заўсёды. Падчас грамадскага абмеркавання праекта закона «Аб нарматыўных прававых актах», прапаноў, лічы, не было. А калі абмяркоўвалі змяненні ў заканадаўства «Аб абыходжанні з жывёламі», то прапаноў была вялізная колькасць.

Вельмі важна, каб меркаванні ўсіх былі ўлічаны і накіраваны ў адпаведнасці з кампетэнцыяй. Мы павінны кіравацца прынцыпам: калі нехта нас не зразумеў, гэта не яго віна, а наша — у тым, што не змаглі растлумачыць. Зараз нам трэба растлумачыць людзям, якія выказалі шмат прапаноў, што большасць іх прапаноў будзе разгледжана на іншым узроўні. Інакш крыўды, што гэтыя прапановы не ўвайшлі ў Канстытуцыю, можа быць шмат. І гэта трэба будзе ўлічыць парламенту і ўсім.

Задаваць вектар развіцця дзяржавы

Ала Шаўцова: Хачу правесці паралель: работа над тэкстам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў ААН пачалася ў 1945 годзе, а прынятая яна была толькі ў 1948 годзе, таксама ж работа над тэкстамі двух пактаў па правах чалавека была пачатая ў 1951 годзе, а прынятыя яны былі толькі ў 1966 годзе. Распрацоўка любога нарматыўнага прававога дакумента, тым больш Канстытуцыі — гэта складаная, карпатлівая, адказная работа многіх спецыялістаў. Трэба заўсёды ўлічваць, што ў кожнага нарматыўнага прававога акта ёсць свая задача, якая павінна адпавядаць патрабаванням часу, мэтам і зместу. Людзі, якія сёння прыцягнутыя да абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю, сапраўды, павінны разумець юрыдычную сілу гэтага дакумента, якім ён павінен быць па структуры, тое, што яна будзе адлюстроўваць не толькі існуючыя асновы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) ладу, але і вызначаць мэты, задачы будучага развіцця дзяржавы і грамадства: якія тут павінны быць прававыя, ідэалагічныя, палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя пазіцыі.

Так было і з Канстытуцыяй 1994 года: у рабочых камісіях, якія яе распрацоўвалі, узнікла вострая дыскусія вакол тэрміна «сацыяльная дзяржава», вельмі многія нават спецыялісты не да канца разумелі, што гэта такое, праводзілі паралель, а часам і атаясамлівалі з тэрмінам «сацыялістычны».

Напрыклад, зараз не ўсе разумеюць, што ў першым артыкуле многія пазіцыі прапісаныя: і прававая, і дэмакратычная, і сацыяльная дзяржава. Не бачаць вытворных адсюль змястоўных аспектаў. Прапануюць некаторыя катэгорыі, якія жадаюць убачыць у Канстытуцыі, але яны ўжо ў ёй ёсць.

Мне ўвогуле вельмі падабаецца першы раздзел Асноўнага закона. У яго ўвайшлі амаль усе палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, якая была прынятая ў 1990 годзе на піку вельмі сур’ёзных палітычных падзей. Цікава, што тады для аўтараў быў пастаўлены надзвычай кароткі тэрмін — некалькі дзён. Адзін з іх, мой навуковы кіраўнік прафесар Анатоль Аляксандравіч Галаўко расказваў, як гэта было цяжка. Сёння мы кажам пра перафармаціраванне іншых частак Канстытуцыі: у частцы пераразмеркавання паўнамоцтваў дзяржаўных органаў, рэдагавання правоў і свабод чалавека, асобных паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў і Канстытуцыйнага суда, асноў фінансава-крэдытнай сістэмы.

Канстытуцыя — гэта не аднамомантны акт. Яна павінна дзейнічаць доўга, быць устойлівай. І ў ёй павінны быць прапісаныя нормы, якія актуальныя не толькі тут і цяпер, не толькі тое, што хвалюе грамадства сёння. Сацыяльна-эканамічныя пытанні — вельмі дынамічная сфера: сёння актуальныя адны пенсіі, заўтра — іншыя, сёння актуальныя адны адпачынкі па доглядзе за дзіцем, заўтра — іншыя. Тое ж датычыцца эўтаназіі, абортаў... Мы не можам па гэтых пытаннях уносіць кожны раз змяненні ў канстытуцыйны акт. Ён павінен быць перспектыўны, застацца нашым дзецям. Канстытуцыя ЗША дзейнічае амаль 300 гадоў, таму што і цяпер у ёй прапісаны толькі грунтоўныя асновы дзяржаўнага ладу.

А ў Вялікабрытаніі ўвогуле няма канстытуцыйнага акта. Там яго прадстаўляюць кансалідаваныя законы. Канстытуцыя Іспаніі, напрыклад, вельмі аб’ёмная, у ёй шмат падрабязнасцяў, дэталяў, але гэта не ёсць добра, у выніку дастаткова ўнутрыпалітычных праблем, у тым ліку з Каталоніяй. Канстытуцыя павінна насіць стабільны і перспектыўны характар, задаваць вектар развіцця дзяржавы.

Дарэчы, Канстытуцыя СССР 1937 года для свайго часу была бліскучым нарматыўным прававым актам. Шкада, што ў шырокай літаратуры няма імёнаў юрыстаў, якія яе пісалі. Праз 10 гадоў яна аказала каласальны ўплыў на краіны сацыялістычнай арыентацыі і на працэс прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У ёй бездакорна былі прапісаныя правы і свабоды. Мы кажам тут пра нарматыўны акт, а не пра сацыяльна-палітычную сістэму, якая на той момант існавала. Тая Канстытуцыя праіснавала амаль 40 гадоў.

Работа з прапановамі ў парламенце

Віктар Свіла: Збор прапаноў распачаўся 2 кастрычніка, ён працягваецца, актыўнасць людзей не падае. На канец кастрычніка колькасць прапаноў налічвала тысячы.

Людзі, якія ўносяць гэтыя прапановы, не абавязаныя быць юрыстамі. Яны выказваюць свае пажаданні, меркаванні. Ёсць два варыянты выкарыстаць гэта. Мы ў Палаце прадстаўнікоў вырашылі, што ўсе прапановы, якія не датычацца Канстытуцыі, будуць размеркаваныя па нашых профільных Камісіях у якасці «сыравіны» для далейшай работы над канкрэтнымі законапраектамі.

Лічу, што вынікам збору прапаноў павінен стаць нейкі агрэгіраваны прадукт, які ўлічвае агульнае меркаванне. Няхай яго будзе цяжка сфармуліраваць дакладна, але пэўная пазіцыя павінна быць выкладзена. Бо ўсенароднае абмеркаванне патрэбна, каб атрымаць устойлівы дакумент, разлічаны на доўгі перыяд часу, які вызначыць далейшае развіццё нашай краіны.

Я ўжо прыводзіў у СМІ прыклад канкрэтных прапаноў: адна з іх датычыцца замацавання ў Канстытуцыі палажэння пра тое, што шлюб — гэта добраахвотны саюз выключна паміж мужчынам і жанчынай. Дарэчы, з 400 каментароў адной з дыскусійных пляцовак у інтэрнэце траціна датычыцца менавіта падобных пытанняў — гендарнай роўнасці, шлюбна-сямейных адносін і падобнага. Ёсць прапанова больш шырока адлюстраваць у Канстытуцыі пазіцыю рэлігіі. Частка прапаноў з’яўляюцца дыяметральна супрацьлеглымі па адной і той жа тэме. У гэтым складанасць апрацоўкі ўсяго масіву інфармацыі. Калі мы прымаем нечы бок, нам трэба абгрунтаваць — чаму, бо ёсць і іншы пункт гледжання.

Цікава, што ў Расійскай Федэрацыі пайшлі шляхам прыняцця Закона «Аб удасканаленні рэгулявання асобных пытанняў арганізацыі і функцыянавання публічнай улады». Мы таксама можам разгледзець падобны спосаб унясення змяненняў у Канстытуцыю.

Асноўны масіў прапаноў, якія паступаюць, датычыцца парадку абрання, фарміравання, тэрмінаў паўнамоцтваў Прэзідэнта і парламента. Ёсць тыя, што датычацца развіцця шматпартыйнай сістэмы, удзелу палітычных партый у выбарах. Гэта, калі казаць пра рэчы, якія адносяцца да распараджэння Канстытуцыі.

Нягледзячы на тое, што вялікая колькасць выказаных ідэй датычыцца нарматыўных прававых актаў больш нізкага ўзроўню, мы стараемся ні ў якім разе не пагасіць актыўнасць людзей. Мне вельмі падабаецца, што гэты працэс набірае ўсё большы размах і мае перспектыву.

«Звязда»: Фінал абмеркавання адбудзецца падчас Усебеларускага народнага сходу?

Віктар Свіла: Што да алгарытму ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, яго агучыў Прэзідэнт падчас Паслання беларускаму народу і парламенту: шырокае вывучэнне грамадскага меркавання — вынясенне прапаноў на Усебеларускі народны сход — рэферэндум — унясенне змяненняў.

Фармат дыялогавых пляцовак

Віктар Свіла: На дыялогавай пляцоўцы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, дзе мне давялося паўдзельнічаць, не ўсе з тых, хто прадстаўляе сябе апанентамі дзеючай улады, аказаліся гатовыя весці канструктыўны дыялог. Але пачуць адзін аднаго можна, толькі калі з павагай ставішся да апанента, не вырываеш мікрафон і даеш магчымасць сказаць усё.

Зараз актыўна вядзецца размова аб партыйным будаўніцтве. У нашай краіне зарэгістравана 15 партый, у парламенце прадстаўлены дэпутатамі пяць з іх. Задача кожнай партыі — заваяванне ўлады. Таму ўносяцца прапановы ў раздзел Канстытуцыі, які датычыцца гэтага аспекту.

Дзмітрый Шаўцоў: Накідаць тэзісы на дыялогавай пляцоўцы проста, але тэхнічна забяспечыць іх рэалізацыю вельмі складана. На дыялогавай пляцоўцы, дзе ўдзельнічаў я, доўга абмяркоўвалі пераход ад мажарытарнай сістэмы да прапарцыянальнай, змешанай. Калі пераходзіць на змешаную сістэму выбараў, трэба рабіць аднамандатныя акругі і частку ад партыйных спісаў. Як гэта зрабіць тэхнічна? 50 на 50? Робім аднапалатны парламент ці пакідаем двухпалатны? Як будуць у кожную з палат выбірацца парламентарый? Калі кажам пра 110 акругоў, дэпутатаў будзе 220 — палову выберам мажарытарным чынам, палову па партыйных спісах. Аднак павелічэнне колькасці дэпутатаў вядзе да павелічэння фінансавання.

Калі зменшыць колькасць дэпутатаў, павялічацца акругі. Сам я заўсёды выказваўся супраць змешанай сістэмы. Калі ў парламенце акругу прадстаўляе непасрэдна «Іваноў», ён падсправаздачны сваім выбаршчыкам і прасоўвае іх інтарэсы. Калі выбіраць па партыйных спісах, там зусім іншыя механізмы. Сыход ад існуючай сістэмы мае шмат падводных камянёў...

Віктар Чайчыц: На дыялогавай пляцоўцы ў Мінгарсавеце прагучалі самыя розныя прапановы па мясцовым самакіраванні, сельскіх Саветах — як надаць ім больш паўнамоцтваў, аддзяліць выканаўчыя органы ад заканадаўчых. Усё быццам бы добра, але з’яўляецца пытанне: дзе на гэта ўзяць грошы? Як гэта ўсё будзе? Сёння перыяд, калі мы напрацоўваем данныя, як студэнты перад сесіяй. Атрымліваем інфармацыю, а потым наступае час, калі неабходна ўсё раскласці па палічках.

Ёсць прапановы, якія, на думку тых, хто прапануе, датычацца толькі Канстытуцыі. Канстытуцыйны суд, напрыклад, кажа пра замацаванне яго паўнамоцтваў і статусу ў асобным артыкуле. Узнікаюць пытанні адносна таго, хто з’яўляецца суб’ектам звароту ў Канстытуцыйны суд. Сёння Канстытуцыйны суд актыўна займаецца змяненнямі і ўжо прапрацаваў шмат Канстытуцый іншых краін, каб узяць адтуль лепшае.

У грамадзян узнікае пытанне аб судзе прысяжных, гэта таксама неабходна абазначыць. Без Канстытуцыі нельга будзе прапісаць у Крымінальным ці Крымінальна-выканаўчым кодэксах: калі абвінавачаны не давярае суду, ён мае права склікаць суд прысяжных. Дадам, што суд прысяжных — вельмі аўтарытэтны орган, які вымагае велізарныя расходы.

На дадзены момант грамадства ў нас актыўнае. Кожны чалавек хоча, каб ад яго нешта залежала. Калі людзі ўносяць прапановы — значыць, вераць, што іх пачуюць. Ёсць давер, галоўнае яго не страціць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Важна не страціць давер людзей

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.