Вы тут

У Гродне ветэрынарны ўрач выходжвала нованароджанае львяня ва ўласнай кватэры


Нядаўна ў пары львоў Гродзенскага заапарка нарадзіўся малы. Але радасная падзея ледзь не завяршылася трагічна — праз 10 дзён ільвіца перастала карміць свайго малога. Клопат аб малым узяла на сябе ветэрынарны ўрач Алена Камарэц.


Увогуле, нараджэнне нашчадка львоў стала сюрпрызам нават для саміх работнікаў заапарка. Напрыканцы верасня падчас абходу загадчыца секцыяй драпежных жывёлаў убачыла, што львіца ў вальеры не адна.

— Мы чакалі прыплод у мінулым годзе, калі наш леў Джоні праяўляў інтарэс да львіцы Пярсеі. Але тады нашчадак так і не з’явіўся. Мы падумалі, што гэта з-за ўзросту львіцы — усё ж такі ёй 11 гадоў, і яна яшчэ ні разу не была маці. Таму з’яўленне малышкі гэтай восенню стала для ўсіх сапраўдным шокам, і разам з тым вельмі радаснай падзеяй, — расказала Алена Камарэц.

Работнікі заапарку рабілі ўсё, каб забяспечыць адпаведны догляд, цішыню і спакой для маці і нованароджанай. Стараліся не турбаваць яе, гатавалі спецыяльную ежу. І ўсё ішло добра. Але праз 8–10 дзён у заапарку сталі заўважаць, што звераня не актыўнае, вялае, амаль не ўстае. З дапамогай відэаназірання ўстанавілі, што львіца папросту не корміць свайго малога. Было вырашана тэрмінова забраць яго ад маці і перавесці на штучнае кармленне.

А паколькі ва ўмовах заапарку забяспечыць кругласутачны нагляд немагчыма, ветэрынар Алена Камарэц узяла на сябе абавязкі матулі і забрала малую да сябе ў кватэру. Звераня было вельмі галоднае, але трэба было даваць ежу паступова, пачалі карміць малочнай сумессю. Паступова ўвялі ў рацыён казінае малако і тварог, які самі і рабілі. Пазней прывучылі да звыклай ежы драпежнікаў — мяса. У кватэры ветэрынара звераня правяло некалькі тыдняў.

— Было шмат клопатаў, але зараз сітуацыя стабілізавалася, малая львіца нармальна стала есці, таму было вырашана вярнуць яе ў заапарк, — паведаміла суразмоўца. — Але для шырокага агляду яна недаступна. Мы самі стараемся яе наведваць паасобку, бо пры вялікай колькасці людзей малое палохаецца, выказвае нервовасць.

У новай насельніцы заапарка ўжо ёсць і свая мянушка — яе назвалі Джына. Гэта гучнае і кароткае імя, якое, па словах работнікаў заапарка, добра ўспрымаецца на слых. Джына даглядаецца згодна з графікам. Ёсць у яе і позняе вячэрняе кармленне, дзеля якога работнікі заапарка спецыяльна прыходзяць у 9–10 гадзін вечара.

Дарэчы, бацьку Джыны таксама гадавалі ў заапарку з двух месяцаў. Ён трапіў сюды вельмі слабым з перасоўнага заапарка. Яго доўга лячылі ад траўмаў і іншых хваробаў. У Гродне ён ужо 8 год. А вось Пярсея прыбыла сюды ў аднагадовым узросце з Калінінградскага заапарка.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.