Вы тут

«Карункі жыцця» Вольгі Паўленкі. Вясковая настаўніца сваімі посцілкамі пераўзышла еўрапейскі авангард


Сёння гераіняй майго артыкула будзе матуля мастачкі Марыі Ісаёнак — Вольга Елісееўна Паўленка. У мінулым годзе споўнілася 100 гадоў з дня яе нараджэння. Столькі яна, вядома, не пражыла, памерла ў 89 гадоў у Мінску ў сям'і дачкі. Творчасцю займалася апошнія дзевяць гадоў жыцця — так склалася, што да сталых гадоў не было часу і магчымасці ў поўнай меры праявіць свой мастацкі талент.


Вольга Елісееўна вязала абрусы. Каля 70 — цэлая калекцыя. Шкада, не дажыла да сваёй выстаўкі, якую зладзіла мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская ў галерэі «Добрыя думкі». Яна першая прызнала яе творы мастацкімі.

Вольга Паўленка нарадзілася ў вёсцы Вялікае Бабіна Віцебскай вобласці 15 студзеня 1919 года. Скончыла педагагічнае вучылішча ў Мінску і ўсё жыццё працавала настаўніцай пачатковых класаў. Да вайны — у Зембіне. Калі пачалася вайна, бацька на кані завёз яе дадому ў вёску. Па дарозе выкінуў усе педагагічныя кніжкі, якія яна забрала з сабой. Сказаў: «Забудзь, што ты настаўніца, бо цябе немцы застрэляць».

У вайну захварэла на двухбаковае запаленне лёгкіх, ляжала ў бальніцы пад гарой кажухоў, якія змог прывезці бацька. Тую частку бальніцы, дзе лячылі мясцовае насельніцтва, немцы не чапалі. Вазіў сала і самагон доктару-немцу, каб той хоць бы крыху яе лячыў... А калі забраў дамоў, Вольга не магла стаяць на нагах: яе калаціла ліхаманка. Але, пэўна, наканавана было жыць. Маладосць узяла сваё.

Калі скончылася вайна, Вольгу ўжо з двума малымі дзецьмі адправілі ў Гарадок Віцебскай вобласці, а адтуль у вёску Кісялі, што ў 20 кіламетрах ад Гарадка. Вёска стаяла ў надзвычай прыгожым месцы на беразе возера. Школы ў Кісялях не было, і настаўніцы даводзілася хадзіць у Янава праз лес на работу. Зімы былі на Віцебшчыне надта снежныя. Уставаць мусіла рана. Сын Коля ў вайну захварэў на грып, што прывяло яго да інваліднасці. Калі вырашылі пабудаваць у Кісялях пачатковую школку, настаўніцы даводзілася быць прарабам, кіраваць будаўніцтвам. Затое школа — насупраць новай хаты, якую пабудаваў яе муж наўзамен хаткі з земляной падлогай. Стала нават дырэктарам гэтай школкі.

Жыццё сельскай настаўніцы было няпростае: уся гаспадарка, і школа, і дзеткі на ёй. Муж працаваў трактарыстам усё лета ў полі, а зімой рамантаваў тэхніку ў раёне. Па ваду трэба было хадзіць да возера, несці вёдры ў гару. Зімой была неабходнасць расчышчаць палонку. А яшчэ — напаліць у печы, дагледзець скаціну, накарміць траіх дзетак. У той час у дэкрэтны водпуск маглі ісці толькі на тры месяцы, і малодшую дачку, 11-месячную Любачку, прыходзілася браць з сабою ў школу — неўзабаве дзіця прастыла і памерла. Але ніколі, нягледзячы на работу дома, Вольга не дазваляла сабе не падрыхтавацца да ўрокаў, сядзела да ночы, правярала сшыткі пры лямпе-газоўцы, пісала планы ўрокаў.

З дзяцінства адчувала цягу да прыгажосці, любіла маляваць крэйдай, прутком на пяску.... Убачыла ў часопісе карціну літоўскага мастака Чурлёніса і перамалявала. У хаце заўсёды стаялі прыгожыя букеты палявых кветак. Любіла вырошчваць усякую ўсячыну. Вышуквала ў часопісах і выпісвала па пошце дзівосныя расліны. Лета было радасцю: разам з дзецьмі хадзілі ў маліны, у грыбы. Сонейка, вада ў азёрах, сунічкі, стагі сена, узгоркі...

І зараз, гледзячы на ўзоры на посцілках, настольніках ды пакрывалах, бачыш у іх усе радасці і нягоды жыцця сельскай жанчыны. Святло і цені, чорнае і белае, чырвонае і блакітнае, жоўтае... Дзіўна, як можна спалучыць у адным абрусе столькі колераў! Гэтаму навучыць немагчыма. Гэта можна толькі ўвабраць у сябе ад прыроды. І гэта — Віцебшчына, паўночны край.

Плесці свае карункі «тамбуркай» Вольга Елісееўна пачала, калі пераехала да дачкі ў Мінск, у 80 гадоў, каб не сумаваць без справы. Прасіла купіць рознакаляровыя ніткі і радавалася ім, як мастак фарбам. І так яе гэта захапіла, што дня не хапала на здзяйсненне задум, даводзілася дзецям-мастакам прымушаць яе класціся спаць. Яна ніколі не сумавала дома: пляла свае карункі, наладжвала ў кватэры «выстаўкі», разлажыўшы, развесіўшы свае вырабы на сталах, падлозе, сценах, і чакала, калі прыйдуць з майстэрні дачка ды зяць, мастак Мікола Ісаёнак. І ён будзе цешыцца і пляскаць у ладкі, прыгаворваючы: «А-яй, як жа прыгожа». І назвы сваім творам давала паэтычныя, у якіх адчуваюцца захапленне жыццём і радасць творчасці: «Напякла я аладкі», «Сонейка заходзіць», «Лунная саната».

Дачка Марыя, мастачка-каларыстка, заўсёды здзіўлялася яе народнаму чуццю колеру і гармоніі. Калі Вольга Елісееўна пляла з нітак многа маленькіх квадрацікаў ці кружочкаў, здавалася, настолькі гэта страката, што немагчыма аб'яднаць у адно цэлае. І вось усё сабрана ў абрус, і вось яна, гармонія. Фантастычным чынам майстрыха злучыла ў сваёй творчасці два пачаткі: дакладную геаметрыю і яркі каларыт. Гульня з маштабам здзіўляе, гульня формаў зачароўвае. Адчуваецца такая ўнутраная смеласць і абсалютнае прыроднае пачуццё рытму, мернасці — ладу, што думаеш: гэта ж сучасныя абстрактныя карціны ў тэкстылі! Калі б мы зараз побач павесілі постары шэдэўраў еўрапейскага авангарду, то невядома, што перамагло б па дынаміцы, унутранай гармоніі і адначасова дзёрзкасці. Цікава яшчэ, што ў абрусах ёсць цесная сувязь з традыцыйнымі «выкладанымі» посцілкамі і дыванамі Віцебшчыны ў тэхніцы пераборнага ткацтва. Вольга Елісееўна, несумненна, бачыла іх у сялянскіх хатах. Што гэта, як не абуджаная генетычная памяць? Разам з тым яна адлюстравала і свае асабістыя думкі і пачуцці, сваё жыццё, свой настрой.

Пляла свае карункі да апошніх дзён і адышла ў іншы свет ціха і спакойна. Простая, бездакорная, сціплая беларусачка, як і сотні іншых. Але пакінула пасля сабе цэлы скарб. Ён заўсёды натхняе дачку: яна напісала шмат твораў з матчынымі абрусамі, а цяпер вырашыла выдаць альбом з яе творамі.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.