Вы тут

У Мінску з 10 да 13 лістапада пройдзе выстаўка-кірмаш «Прадэкспа-2020»


У Мінску з 10 да 13 лістапада пройдзе 26-я Міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш «Прадэкспа-2020». У праграме — прэзентацыі, форумы, майстар-класы, інтэрактыўныя шоу.


— Гэтае мерапрыемства мае вялікае значэнне ва ўмовах пандэміі і глабальнай перабудовы ўсіх бізнес-працэсаў, рэзка зменлівага асяроддзя, звязанага з ізаляцыяй грамадства і бізнесу ў многіх краінах. Зараз асабліва важна не страціць рынак збыту прадукцыі. Каб гэтага не адбылося, трэба заставацца ў кантакце з мэтавай аўдыторыяй, своечасова рэагаваць на патрабаванні рынку, мець паразуменне з партнёрамі для сумеснага пераадолення складаных сітуацый. Таму мы прадугледзелі некалькі фарматаў удзелу ў «Прадэкспа», у тым ліку ў рэжыме анлайн, — расказаў начальнік упраўлення выставак і кірмашоў выставачнага цэнтра «БелЭкспа» Аляксандр ЗДОБНІКАЎ.

Спецыяліст адзначыў, што з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі падчас мерапрыемства будуць прынятыя меры для недапушчэння распаўсюджвання каранавіруса. «Прадугледжаны шматлікія вільготныя прыборкі, бескантактавыя вымярэнні тэмпературы, масачны і пальчатачны рэжымы. Мы будзем кантраляваць, каб гэта выконвалі ўсе ўдзельнікі. Да таго ж выстаўка-кірмаш арганізавана такім чынам, каб абмежаванне масавасці не паўплывала на эфектыўнасць яе правядзення».

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей БАГДАНАЎ звярнуў увагу, што на пляцоўцы збярэцца больш чым 80 удзельнікаў са сваімі экспазіцыямі, якія прадставяць мясную, малочную, перапрацоўчую і іншыя галіны харчовай індустрыі.

— Будзе прадстаўлены шэраг навінак. Пройдзе дзелавы форум «Стратэгічныя перспектывы развіцця харчовай прамысловасці Беларусі», які збярэ прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў, органаў дзяржкіравання, кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў харчовай сферы і іншых, яны раскажуць пра тэндэнцыі ў сферы на найбліжэйшую будучыню. Таксама пройдзе кангрэс вытворцаў і гандлёвых сетак, на які мы запрасілі кіраўнікоў буйных і малых гандлёвых прадпрыемстваў з усёй краіны, што супрацоўнічаюць з беларускімі вытворцамі. Галоўныя пытанні, якія будуць абмяркоўвацца ў яго рамках, — актуальныя метады прасоўвання беларускіх тавараў на рынку, сусветныя тэндэнцыі ў сферы і іншыя.

«Прадэкспа» — адна з найбуйнейшых выставак у краіне. Традыцыйная падзея спрыяе актыўнаму супрацоўніцтву вытворцаў, пакупнікоў, гандлёвых сетак, наладжванню карысных кантактаў, прасоўванню новых гандлёвых марак, продажу харчовай прадукцыі, і, што галоўнае, павышэнню канкурэнтаздольнасці беларускіх прадуктаў харчавання ў міжнародным фармаце.

Намеснік старшыні праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў «Белкаапсаюз» Інеса КАРАТКЕВІЧ расказала, што падчас выстаўкі на іх стэндзе будзе прадстаўлена харчовая прадукцыя больш чым 300 прамысловых прадпрыемстваў. «Разглядаем гэтую пляцоўку як магчымасць для адкрытага дыялогу з аўдыторыяй, нацэлены на прасоўванне якасных беларускіх тавараў. Мы прадэманструем нашы навінкі, якіх толькі сёлета за 211. Большасць з іх накіравана на здаровае харчаванне, з павялічанай доляй выкарыстання натуральнай айчыннай сыравіны».

Усе наведвальнікі выстаўкі-кірмашу таксама змогуць паназіраць за кулінарным Кубкам, прафесійным форумам хлебапёкаў і кандытараў «Міжнародны хлебны салон», прыняць удзел у розных дэгустацыйных конкурсах і шоу. Пра некаторыя са «смачных» конкурсаў расказала намеснік старшыні Федэрацыі шэф-кухараў і кандытараў, галоўны рэдактар часопіса «Пекар і кандытар» Людміла АЎСЯННІКАВА:

— Сёлета будзе прадстаўлены традыцыйны Чэмпіянат кандытарскага мастацтва па 13 намінацыях, у ім паўдзельнічаюць як прафесійныя кандытары, якія не раз прадстаўлялі нашу краіну на Сусветных кулінарных конкурсах, так і выкладчыкі розных устаноў адукацыі. Таксама пройдзе конкурс «Беларусь шакаладная», у ім прымуць удзел адны з самых моцных беларускіх шакалацье. Яны створаць шакаладны 3D-торт, шакаладныя ўпрыгажэнні і дэсерты. Іх прадэманструюць мадэлі Нацыянальнай школы прыгажосці на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця выстаўкі ў 14 гадзін. Таксама будзе прадстаўлена шырокая праграма майстар-класаў: роспіс карцін шакаладам, гатаванне нізкакаларыйных труфеляў і іншае.

Нагадаем, выстаўка-кірмаш «Прадэкспа» пройдзе ў выставачным комплексе «БелЭкспа». Наведаць яе можна як па папярэдняй рэгістрацыі, так і па квітку, які можна набыць на ўваходзе пляцоўкі, яго кошт — 10 рублёў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв’ю: БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пляцоўка магчымасцяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».