Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Расказваем пра самыя гучныя спартыўныя падзеі.


1. Беларускія самбісты прывезлі 13 медалёў рознай вартасці з чэмпіянату свету, які прайшоў у Наві-Садзе (Сербія). Чэмпіёнамі свету ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Анжэла Жылінская (72 кілаграмы) і Аляксандр Кокша (75 кілаграмаў). Андрэй Казусёнак, які выступае ў катэгорыі 100 кілаграмаў, заваяваў чацвёртае «золата» чэмпіянату свету ў кар'еры.

Сярэбраныя медалі ў беларускую скарбонку паклалі Вера Гарэлікава (64 кг), Настасся Скварцова (68 кг), Святлана Цімашэнка (80 кг), Уладзіслаў Саяпін (68 кг) і Дзмітрый Хахлоў (звыш 100 кг). Бронзавыя ўзнагароды заваявалі Уладзіслаў Бурдзя (57 кг), Іван Аніскевіч (62 кг), Цімафей Емяльянаў (82 кг) і Аляксей Сцепанькоў (90 кг). Бронзавы медаль заваяваў і Сяргей Капылоў (68 кг), які выступае ў раздзеле баявога самба.

У агульнакамандным заліку беларуская каманда заняла другое месца. На першым месцы — расійская дружына, у яе 25 узнагарод.


2. У Мінску адбыўся турнір па мастацкай гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач. Сёлета турнір праходзіў у 18-ы раз і ўпершыню пад эгідай Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі. Беларускі Аліна Гарнасько, Настасся Салас, Дзіна Агішава і Лізавета Зоркіна з каманды Беларусь-1 перамаглі ў камандным шматбор'і, атрымаўшы ад суддзяў 341,850 бала. Дзяўчаты сталі ўладальніцамі галоўнага прыза — імянных статуэтак Марыны Лобач.

У індывідуальным шматбор'і на першую прыступку п'едэстала паднялася Аліна Гарнасько з вынікам 105,850 бала. Яна ж перамагла і ў практыкаваннях з булавамі. Выступленне Аліны ў гэтым відзе праграмы суддзі ацанілі на 29,100 бала. Яшчэ адзін залаты медаль спартсменка заваявала ў фінале з мячом, выступіўшы на 26,700 бала.

Найлепшай у практыкаваннях з абручом суддзі прызналі Настассю Салас, паставіўшы ёй 26,150 бала. Настасся стала пераможніцай і па выніках практыкаванняў са стужкай, яе адзнака — 24,100 бала.

За два дні турніру 24 спартсменкі з Беларусі, Ізраіля, Літвы, Арменіі разыгралі 13 камплектаў узнагарод. Беларускі падымаліся на п'едэстал ва ўсіх відах праграмы. У фінале турніру першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка ўзнагародзіў Марыну Лобач медалём Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь «За выдатныя заслугі».


3. Ілья Шымановіч устанавіў нацыянальны і еўрапейскі рэкорды на турніры Міжнароднай лігі плавання, які скончыўся ў Будапешце. Дыстанцыю ў 100 метраў брасам беларус праплыў за 55,85 секунды. На папярэднім этапе спаборніцтваў Ілья праплыў 50 метраў брасам за 25,57 секунды і тым самым абнавіў нацыянальны рэкорд. У вырашальным заплыве гэтага віду праграмы беларускі плывец фінішаваў другім з вынікам 26,27 секунды.

Беларуска Настасся Шкурдай святкавала перамогу ў заплыве на 100 метраў комплексным плаваннем з вынікам 58,39 секунды. Яна прыплыла да фінішу першая і на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем, яе час — 56,03 секунды.


4. На кортах тэніснага клуба «Аква Мінск» адбыўся міжнародны турнір сярод тэнісістаў да 14 гадоў Mіnsk Cup. У спаборніцтвах узялі ўдзел каля 100 спартсменаў з Арменіі, Германіі, Ізраіля, Малдовы, Расіі і Украіны. Пераможцам адзіночнага разраду ў юнакоў стаў Ягор Пляшыўцаў. У фінале ён абыграў беларуса Данііла Рыжанкова з вынікам 7:5, 6:2. У парным разрадзе найлепшым стаў расійскі дуэт Ягора Пляшыўцава і Ягора Горына, якія абыгралі сваіх суайчыннікаў Багдана Нікіфарава і Івана Нікалаева з вынікам 6:1, 6:1. Беларускія тандэмы Мар'ян Драздовіч/Данііл Рыжанкоў і Яўген Бурсаў/Уладзімір Кадобін спыніліся ў паўфінале.

У жаночым адзіночным разрадзе перамагла расійская тэнісістка Кіра Матушкіна. У фінале яна абыграла беларуску Соф'ю Гапанькову. Вынік сустрэчы — 6:3, 7:6. У парным разрадзе перамогу святкаваў беларускі дуэт Соф'і Гапаньковай і Варвары Бярновіч. Яны аказаліся мацнейшыя за расійскіх саперніц Аляксандру Герасімаву і Ірыну Хайндраву, якіх абыгралі з вынікам 6:2, 6:2.


5. Барцы выступілі на Кубку Беларусі па вольнай і жаночай барацьбе. Сёлета гэта першы турнір, дзе дарослыя спартсмены змаглі прадэманстраваць свае сілы. Сярод мужчын у розных вагавых катэгорыях перамогу святкавалі Дзмітрый Шамела (57 кілаграмаў), Уладзіслаў Андрэеў (61 кг), Нюргун Скрабін (65 кг), Абдула Ахмедаў (70 кг), Азамат Нурыкаў (74 кг), Андрэй Карпач (79 кг), Расул Ціхаеў (86 кг), Аркадзь Пагасян (92 кг), Аляксандр Гуштын (97 кг) і Віталь Пясняк (125 кг).

У дзяўчат перамогі святкавалі найлепшыя спартсменкі краіны Васіліса Марзалюк у катэгорыі 76 кілаграмаў і Ірына Курачкіна ў катэгорыі 57 кілаграмаў. Акрамя іх, у сваіх катэгорыях на першую прыступку п'едэстала падымаліся Наталля Варакіна (50 кг), Кацярына Пічкоўская (53 кг), Заліна Сідакова (55 кг), Ганна Вагер (59 кг), Аліна Максімава (62 кг), Яўгенія Андрэйчыкава (65 кг), Марыя Мамашук (68 кг), Таццяна Леаненкава (72 кг).

Кубак Беларусі па вольнай і жаночай барацьбе стаў для спартсменаў выдатнай магчымасцю праверыць свае сілы перад чэмпіянатам свету, запланаваным на снежань.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Калекцыя перамог і рэкордаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.