Вы тут

Спадчына без спадчыннікаў, альбо што рабіць з закінутымі сінагогамі


Калі аб'екты спадчыны разбураюцца, мала клапаціцца толькі пра кансервацыю і аднаўленне, важна падумаць пра мясцовыя супольнасці, якім такія будынкі могуць паслужыць. Уласна, менавіта з людзей, якія жывуць побач, і пачынаецца вяртанне. Руіны ці пабудовы, што рассыпаюцца, перастаюць быць кучай камянёў, калі людзі даведваюцца, якая гісторыя стаіць за кожным помнікам. А самае дзіўнае пачынаецца, калі будынкі абрастаюць новымі падзеямі і ідэямі, ператвараюцца ў культурную прастору, здольную мяняць усіх, хто туды прыходзіць.


Сёлета Беларускі камітэт Міжнароднага Савета па помніках і гістарычных мясцінах (ІКАМОС) і прадстаўнікі мясцовых супольнасцяў з розных куткоў нашай краіны распачалі маштабны праект «Захаванне і актуалізацыя былых сінагог у Беларусі», у межах якога праводзяцца адукацыйныя семінары, шэраг разнастайных культурных мерапрыемстваў, вывучаецца вопыт па рабоце з падобнымі аб'ектамі ў іншых краінах. А галоўнае, назапашваюцца ідэі, як надалей працаваць з любой спадчынай. Усё ж сёння вельмі многа аб'ектаў патрабуюць увагі. Важна прасачыць, як розныя традыцыі ўзаемадзейнічалі, аказвалі ўплыў на мясцовае жыццё і як нашы аб'екты ўпісваюцца ў сусветную культурную скарбонку.

Безліч пытанняў

Пытанне, што рабіць з закінутымі сінагогамі, — адно з самых балючых: гэта спадчына без спадчыннікаў. У гады Другой сусветнай вайны ў многіх гарадах і мястэчках яўрэйскае насельніцтва было вынішчана. Разам з носьбітамі культуры і традыцый часта знікала і частка мясцовай гісторыі. Нельга забывацца, што ў многіх гарадах і мястэчках яўрэі да вайны складалі 30-50 працэнтаў насельніцтва.

Старшыня праўлення Беларускага камітэта ІКАМОС Сцяпан Стурэйка, акрэсліваў праблему, якую неабходна паспрабаваць вырашыць у межах новага праекта па захаванні спадчыны («Сінагогі: паміж забыццём і прыняццем»): «Калі мы гаворым пра сінагогі, найперш згадваем самае відавочнае — будынкі, але гэта толькі вяршыня айсберга. Нельга забывацца пра культуру і яе сляды, у тым ліку нематэрыяльныя, часам яны не ўспрымаюцца як свае, як тыя, у якія трэба інвеставаць маральныя і матэрыяльныя рэсурсы».

Часта такія аб'екты стаяць у цэнтрах паселішчаў, але сёння яны не лічацца важнымі. Напрыклад, да «Дажынак», Дзён пісьменства, іншых мерапрыемстваў рэстаўраваліся цэрквы і касцёлы, замкі і сядзібы, гістарычныя будынкі, часам і шараговая забудова. А ці ўкладваліся сродкі ў сінагогі? І гэта пры тым, што многія з іх з'яўляюцца шыкоўнымі помнікамі архітэктуры. Хіба што можна згадаць пра кансервацыю сінагогі ў Быхаве — будынка, створанага яшчэ ў ХVІІ стагоддзі.

Ці многа вы знойдзеце даследаванняў, прысвечаных яўрэйскай архітэктурнай спадчыне? А колькі будынкаў знікала на нашых вачах і пры гэтым не фіксавалася, як яны выглядалі. Напрыклад, у Лоеве сінагога была разабраная ўжо ў ХХІ стагоддзі і пры гэтым да нас дайшло вельмі мала яе выяў.

Па падліках Цэнтра яўрэйскага мастацтва Яўрэйскага ўніверсітэта Іерусаліма, які ў 2018 годзе выдаў даведнік па сінагогах Беларусі, у нашай краіне захавалася каля 120 аб'ектаў. Большасць з іх знаходзіцца ў здавальняючым стане і працягвае існаваць, праўда, вельмі рэдка як рэлігійныя будынкі. Часцей у іх размешчаныя кінатэатры, дамы культуры, склады, аўтамайстэрні і нават райаддзелы міліцыі. Другая палова будынкаў альбо дажывае апошнія дні як аб'екты камунальнай гаспадаркі з высокай ступенню зносу, або пабудовы ўжо закінутыя ці нават у стане руін.

Сярод пакінутай часам яўрэйскай спадчыны ёсць і сапраўдныя архітэктурныя жамчужыны, напрыклад сінагогі ў Ружанах, Ашмянах. Некаторыя важныя гістарычна — як сінагога ў Віцебску, у якой малілася сям'я Шагала. З больш чым 120 аб'ектаў у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў патрапіла толькі каля двух дзясяткаў будынкаў.

Для большасці гэтых аб'ектаў адзіная надзея на выратаванне — аказацца патрэбнымі бізнесу ці мясцовым жыхарам.

Застаецца безліч пытанняў. Ці трэба ўсе гэтыя аб'екты ўключаць у дзяржаўны ахоўны спіс? Як вызначыцца, што трэба ўратаваць абавязкова і для чаго? Напрыклад, ці трэба захоўваць будынкі, якія не ўяўляюць архітэктурнай каштоўнасці? Хто павінен браць адказнасць за іх? Ці можна гэту адказнасць падзяляць у тым ліку з яўрэямі, якія пакінулі межы Беларусі, з'яўляюцца грамадзянамі іншых дзяржаў, але не забываюцца пра малую радзіму і гатовы ўкладаць грошы ў захаванне памяці? Як дапамагчы мясцовым жыхарам, якія выступаюць за захаванне такіх аб'ектаў? Якім чынам будуць аднаўляцца будынкі і якія функцыі яны будуць выконваць? Так, калі ў іх рабіць музеі, ці будуць яны рэнтабельныя і запатрабаваныя ў невялікіх населеных пунктах? І зноў жа, як упісаць новыя формы работы, каб гэта не выглядала дзікунствам, не крыўдзіла людзей, для якіх сінагога — рэлігійны аб'ект? Наогул, як пры вырашэнні лёсу будынкаў улічыць інтарэсы ўсіх (у тым ліку пажаданні яўрэяў) і запусціць рэнтабельныя праекты, дзякуючы якім спадчына будзе аднаўляцца і захоўвацца?

Важна знаёміцца і з вопытам работы з такой спадчынай у іншых краінах. Так, у Польшчы падобныя аб'екты могуць мець статус ахоўваемых помнікаў, быць адрэстаўрыраванымі з захаваннем усіх нормаў, але пры гэтым у будынках з адноўленымі роспісамі, нанесеных на розныя турыстычныя карты, можа размяшчацца... звычайная прадуктовая крама ці нават бар. У Літве сінагогі становяцца мультыкультурнымі пляцоўкамі, на іх базе расказваюць пра Халакост і гісторыю яўрэяў, пра каштоўнасць чалавечага жыцця, гуманізм, правы чалавека. Тут можна гаварыць пра ўзаемаўплыў розных культур, паказваць фільмы, праводзіць выстаўкі і прэзентацыі, даваць магчымасць для сустрэч і навучання самых розных катэгорый, знойдуцца мерапрыемствы і для дзяцей, і для людзей старэйшага ўзросту.

Сацыяльны патэнцыял

За кожным архітэктурным аб'ектам стаіць і культурная спадчына. У наш час трэба не толькі рэанімаваць забытыя веды, сэнсы, здабыткі, але і генерыраваць новыя ідэі.

Сёння ў Беларусі ў розных гарадах дзякуючы намаганням мясцовых ініцыятыў выпрацоўваюцца новыя канцэпцыі развіцця будынкаў сінагог, вядзецца даследаванне па гісторыі сінагог у пасляваенныя гады, калі яны перасталі служыць рэлігійнымі аб'ектамі, бо нават такія пошукі могуць выявіць цікавыя факты.

Часам само жыццё падказвае, у якім кірунку рухацца. У мястэчках захоўваецца памяць пра тое, што, здавалася б, вынішчана і сцёрта вайной. Усплываюць імёны вядомых месцічаў-яўрэяў, мы даведваемся пра тое, які ўнёсак яны зрабілі ў культуру і навуку. Рэшткі яўрэйскіх пабудоў упісваюцца экскурсаводамі ў новыя маршруты.

Эксперт Беларускага камітэта ІКАМОС Ганна Альбертаўна Выгонная заўважае, што падчас рэалізацыі разнастайных культурных праектаў у малых гарадах ёй міжволі даводзіцца сутыкацца з яўрэйскай культурай, якую таксама трэба перажываць і трансліраваць.

Здавалася б, у сучасным Лоеве мала што можа нагадваць пра гісторыю яўрэйскага мястэчка, але, калі ў гарадскім пасёлку пачалі размалёўваць бетонную сцяну на беразе Дняпра, каб стварыць выяву жыцця, што тут было ў мінулым стагоддзі, прыйшлі да ідэі напісаць песні, якія тут раней гучалі. Адна з песень была на ідыш. Таксама тут па матывах яўрэйскіх аўтараў мясцовыя жыхары рабілі спектакль. У музеі «Бітвы за Дняпро» згадваюць не толькі пра ваенную трагедыю яўрэйскай абшчыны Лоеўскага раёна, у экспазіцыі можна пабачыць экспанат — байкі Крылова, перакладзеныя ў 1920-я гады на ідыш.

Нават калі ў былых мястэчках ужо не засталося аб'ектаў, якія належалі яўрэям, у мясцовых супольнасцях яшчэ працягваюць успамінаць пра іх. У Ёлчы, што знаходзіцца ў Брагінскім раёне, дзеці разам з мастакамі малявалі карту сваёй мясцовасці. Карта аказалася з сюрпрызамі — у кішэньках была інфармацыя пра тое, як раней выглядала тэрыторыя, што за аб'екты на ёй стаялі. Месцічы ведаюць, дзе размяшчаўся жылы яўрэйскі дом, і якія аб'екты, належалі яго гаспадарам. Таксама падзеі, што адбываліся ў Ёлчы, апісаны ў апавяданні Паўстоўскага «Карчма на Брагінцы», і калі мясцовыя жыхары па ім рабілі спектакль, знаёміліся з гісторыяй, узнаўлялі прабелы ў ёй, перажывалі мінулае.

Некалькі гадоў таму жыхары Ашмян ставілі тэатральную пастаноўку на аснове сабраных тут гісторый. Задума была паказаць вобраз цэнтральнай плошчы. Ашмяны — класічны беларускі горад, дзе царква, касцёл і сінагога знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці. Тэма розных народаў і ўяўленняў гучала ў гэтым спектаклі.

Так, адбіткі старой культуры працягваюць уплываць на нас. Натуральна, такая памяць будзе вельмі карысная пры распрацоўцы праектаў, якія стануць рэалізоўваць у адноўленых аб'ектах спадчыны.

Ноу-хау

«Шматвекавое шчыльнае суседства народаў, змяшэнне культур таксама можа быць нацыянальным брэндам», — упэўнена Мая Кацнэльсон, заснавальніца Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны. Асноўная задача гэтай грамадскай арганізацыі — вывучэнне і трансляцыя ведаў аб тым, якая яўрэйская культура існавала на нашых землях, як яна ўплывала на беларускую культуру і наадварот. Актывісты стараюцца прыцягваць да сваіх праектаў у тым ліку і выхадцаў з Беларусі. Яны працавалі, у прыватнасці, са спадчыннікамі Лазара Хідэкеля — аднаго з заснавальнікаў легендарнага аб'яднання «УНОВИС» Віцебскай мастацкай школы. На жаль, сёння імя гэтага яскравага прадстаўніка авангарда і першага ў свеце супрэматычнага архітэктара ў Беларусі амаль забытае.

Супрацоўнічае аб'яднанне і з праўнучкай мастака і архітэктара Эль Лісіцкага — сёлета быў рэалізаваны праект па стварэнні на аснове адной з яго работ формы для футбольнага клуба «Віцебск». Дарэчы, падобных праектаў у свеце яшчэ не было. Як заўважыла Мая Кацнэльсон, сёння важна развіваць новыя формы і ўяўленні, ганарыцца здабыткамі, зробленымі на нашай зямлі, паказваць, што ў жыхароў Беларусі глыбокі культурны код.

Сінагогі маглі б стаць месцамі для эксперыментаў і пошукаў новых формаў работы ў тым ліку па вяртанні гонару за адкрыцці і дасягненні, зробленыя на нашай зямлі.

Актывісты з Гродна таксама клапоцяцца не толькі пра захаванне будынка сінагогі, але і пра напаўненне яе зместам. Нават музычныя фестывалі, выстаўкі карцін могуць працаваць на прадухіленне антысеміцкіх настрояў, на выхаванне культурнага чалавека, які здольны ўспрымаць свет у яго разнастайнасці. Аб'екты спадчыны могуць станавіцца не толькі музеямі ці якімі іншымі культурнымі ўстановамі, але і цэнтрамі нефармальнай адукацыі, месцамі, адкуль людзі будуць выходзіць з новымі ведамі, ідэямі, думкамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Добраўпарадкаванне. У гарадах, на сельгаспрадпрыемствах, могілках, уздоўж трас і ў дварах

Да канца года ў краіне павінны ліквідаваць усе міні-палігоны для адходаў.

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.