Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Прафсаюзы працавалі і будуць працаваць


Улада будзе падтрымліваць іх на ўсіх узроўнях, запэўніў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка кіраўніка Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орду.


«Хачу вас папярэдзіць, што вам не трэба перад кімсьці апраўдвацца, бо мы бачым, я асабліва, які зараз ажыццяўляецца накат на афіцыйныя прафсаюзы, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Таму ні ў якім разе ніхто не павінен ні перад кім апраўдвацца. Тым больш, сыходзіць у абарону. Прафсаюзы працавалі і будуць працаваць. Улада будзе падтрымліваць прафсаюзы на ўсіх узроўнях».

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ніколі да прафсаюзаў не было адназначна станоўчых адносін, бо яны знаходзіліся паміж молатам і кавадлам ва ўсе часы: з аднаго боку работнікі, інтарэсы якіх яны абараняюць, з іншага — інтарэсы кіраўніцтва прадпрыемства.

Калісьці Аляксандр Лукашэнка займаў пасаду кіраўніка прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі.

«Вось тады я зразумеў, што такое прафсаюзы і прафсаюзны рух, — прыгадвае кіраўнік дзяржавы. — Ніколі ім не было проста. Ніколі. Таму да гэтага трэба адносіцца спакойна».

Зараз сітуацыя ўскладняецца, па меркаванні беларускага лідара, знешнім ціскам на краіну.

«Ну а прафсаюзы, паколькі яны занялі жорсткую пэўную пазіцыю, на іх ажыццяўляўся і ажыццяўляецца гэты накат. Таму трэба да гэтага спакойна адносіцца, — лічыць Прэзідэнт. — Хтосьці сыйдзе з прафсаюзаў — мізэрная колькасць, у параўнанні з той, якая маецца, — няхай. Вы ж бачыце, я не перажываю з нагоды таго, што нехта са студэнтаў сышоў, нехта з рабочых — гэта справа кожнага. Хтосьці захацеў з’ехаць, няхай з’язджае. Не трэба нікога трымаць».

Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў запрашэнні з боку краін-суседзяў беларусаў да сябе:

«Вунь, сёння прайшла інфармацыя з Латвіі — некаторыя туды з’ехалі. Паклікалі іх туды, разумееш? Наш урад там, прэзідэнт у нас у выгнанні, „белыя“ гэтыя паклікалі. І дзе яны зараз жывуць у гэтай краіне? У нейкай рэзервацыі за два з паловай долары ў дзень. Дзе мільёны, якія абяцалі? Альбо хаця б тысячы долараў, якія абяцалі нашым?».

Прафсаюзы не павінны ні перад кім апраўдвацца, бо праводзяць лінію, якая прапісаная ў іх статуце, згодна з заканадаўствам, падсумаваў гэты тэзіс Прэзідэнт.


Прафсаюзы павінны ўзяць на кантроль цэны і якасць камунальных паслуг

Другой тэмай сустрэчы стаў кантроль цэнаўтварэння.

«Бачу, што прафсаюзы больш, нават, чым дзяржаўныя органы, займаюцца гэтай праблемай, — ацаніў выкананне свайго ранейшага даручэння Прэзідэнт. — І паверце, людзі, якіх вы закліканыя падтрымліваць, гэта ацэняць. Яны ўжо ацанілі.

На думку кіраўніка дзяржавы, спасылка на рынак і дэмакратыю ў гэтым пытанні не да месца.

«Убачылі і рынак, і дэмакратыю. Ва ўсіх краінах, не толькі Еўропа, але і Амерыка прадэманстравала сваю дэмакратыю, — заўважыў ён. — Таму інтарэсы народа, інтарэсы нашых працаўнікоў павінны быць пакладзеныя ў аснову нашай палітыкі».

Дадатковае даручэнне Прэзідэнта — маніторынг якасці камунальных паслуг.

«Тарыфы тут мы кантралюем, мыш не прапаўзе, але на якасць трэба звярнуць увагу, бо цэнаўтварэнне і камунальныя паслугі — тое, як яны аказваюцца, заўсёды ў сацапытаннях ідуць на першым месцы», — аргументаваў ён.

Прыватныя арганізацыі, дзе да канца года не з’явяцца пярвічкі ФПБ, будуць ліквідаваныя

«Мы з вамі дамаўляліся, што да канца гэтага года прафсаюзныя арганізацыі будуць створныя на ўсіх прыватных прадпрыемствах. Гэта пытанне да канца года павінна быць вырашана, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Калі толькі да канца года прыватныя прадпрыемствы не створаць па вашым патрабаванні прафсаюзныя арганізацыі, гэтыя прыватныя прадпрыемствы будуць ліквідаваныя. Вы павінны ўнесці гэтыя прапановы. Жартаваць мы не будзем больш. Мы бачым, як некаторыя сябе павялі і ўзялі курс на знішчэнне дзяржавы і дзяржаўнасці ў нашай краіне».

«Чаму б’юць па прафсаюзах — таму што гэта адна з асноў нашага грамадства»

Яшчэ адна тэма сустрэчы — удзел прафсаюзаў у заключэнні калектыўных дагавароў.

Калектыўны дагавор — дакумент, які рэгулюе сацыяльныя адносіны паміж наймальнікам і працаўніком, удакладніў старшыня ФПБ.

«Ёсць пытанне, якое мы ставілі досыць даўно, і яно зараз адрэгулявана ў абноўленым Працоўным кодэксе — пра тое, што не члены прафсаюза Калектыўным дагаворам не карыстаюцца, — удакладніў Міхаіл Орда. — Гэта — галоўная матывацыя членства ў прафсаюзе».

Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся, што тыя, хто выйшаў з грамадскай арганізацыі, не павінны карыстацца дабротамі, якіх гэтая арганізацыя дабілася.

«Чаму я так настойваю на гэтым? Таму што многія загуляліся ў палітыку, — патлумачыў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка. — Хочаш палітыкай займацца — калі ласка, ідзі ў партыю. Дрэнныя прафсаюзы? Не трэба да іх звяртацца. Трэба ўсе кропкі над і расставіць».

Дзяржава будзе ўмацоўваць прафсаюзныя арганізацыі, паўтарыў ён.

«Чаму б’юць па прафсаюзах — таму што гэта адна з асноў нашага грамадства. Хочуць знішчыць і выбіць увогуле прафсаюзы як асноўную апору нашай дзяржавы, якая займае патрыятычную пазіцыю», — бачыць небяспеку беларускі лідар.

У размове з журналістамі Міхаіл Орда дадаў, што Калектыўны дагавор мае магчымасць адсылачных нормаў на заканадаўства. Гэта значыць, што калі ў заканадаўстве маецца нейкі стандарт, а наймальнік і працоўны калектыў вырашылі стварыць сацыяльную гарантыю, якая перавышае гэты стандарт, то іх рашэнне будзе правамоцнае.

«І, безумоўна, калектыўны дагавор — гэта матывацыя, бо чалавек, які плаціць членскія ўнёскі, павінен разумець, што, калі спатрэбіцца, яго падтрымаюць, будуць абараняць праз суд. І гэта практыка ў нас пашыраецца штогод».


Даведка «Звязды»:

Як паведамляе прэс-служба ФПБ, Міжнародным універсітэтам «МІТСО» сумесна з галоўным упраўленнем юрыдычнай работы і прававога забеспячэння Федэрацыі прафсаюзаў распрацаваныя прапановы па змяненні Канстытуцыі. Гэтыя распрацоўкі — аснова для абмеркавання пытання змянення галоўнага дакумента краіны ў працоўных калектывах, сказана ў прэс-рэлізе арганізацыі.

Прапановы ФПБ у сацыяльна-працоўнай сферы:

З кас узаемадапамогі на аказанне матэрыяльнай падтрымкі работнікам, якія аказаліся ў найбольш складанай сітуацыі, і закупку дэзсродкаў накіравана больш за 14 мільёнаў рублёў, інфармуе прэс-служба Федэрацыі. ФПБ таксама стварыла фонд дапамогі медыцынскім работнікам, якія захварэлі на ковід, з гэтага фонду з мая па верасень аказана дапамога больш чым 6 тысячам работнікам аховы здароўя на суму каля 4 мільёнаў рублёў.

Федэрацыя прафсаюзаў накіравала ва ўрад прапановы па падтрымцы ва ўмовах пандэміі асобных галін эканомікі і грамадзян. Сярод іх:

  • даваць работнікам, якія маюць  прыкметы вострых рэспіраторных  вірусных інфекцый, за кошт сродкаў наймальніка да пяці дзён самаізаляцыі цягам году без афармлення бальнічных і прадастаўлення медыцынскіх дакументаў, якія пацвярджаюць хваробу;
  • даваць работніку з яго згоды аплачаны адпачынак да 15 каляндарных дзён для знаходжання ў самаізаляцыі, калі гэты работнік патэнцыйна можа быць носьбітам інфекцыі;
  • на прадпрыемствах бесперапыннага цыклу і там, дзе выкарыстоўваюцца небяспечныя ўстаноўкі, ствараць з ліку асобных катэгорый работнікаў часовыя «падменныя працоўныя рэзервы» на выпадак выбывання асноўнага персаналу ў выпадку захворвання;
  • цалкам вызваліць ад падаходнага падатку даходы, якія атрыманыя ад прафсаюзных арганізацый (матэрыяльная дапамога);
  • прызначаць маладым работнікам, якіх упершыню прынялі на працу, дапамогу па часовай непрацаздольнасці па аналогіі з падыходамі ў адносінах да маладых спецыялістаў і рабочых, якія працуюць па размеркаваннм (цяпер тым, хто ўпершыню працаўладкаваўся, але працуе не па размеркаваннм, дапамога прызначаецца з разліку 50 % найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва).

«Да сёння застаецца актуальным пытанне выканання рашэння судоў пра спагнанне з работнікаў штрафаў, якія накладзеныя на арганізацыю, якія былі прынятыя да ўступлення ў сілу абноўленага Працоўнага кодэксу, — паведамляе прэс-служба ФПБ. — Размова пра выпадкі, калі работнікі вымушаныя выплачваць сумы ў дзясяткі тысяч рублёў». Рашэнне гэтага пытання ФПБ бачыць шляхам падпісання адпаведнага ўказу кіраўніка дзяржавы або праз змяненне заканадаўства.

Маніторынг цэн:

У кастрычніку, згодна з маніторынгам ФПБ, значна выраслі цэны на наступныя прадукты:

бульбу (11 %), грэчку (60 %), алей раслінны (20 %), рыс (12 %), рыбу (12 %), садавіну (16 %).

Будзе дапоўнена

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».