Вы тут

Больш за 140 новых высокапрадукцыйных экалагічна бяспечных сартоў раслін створана ў Беларусі


У краіне за апошнія гады створана і перададзена на дзяржаўнае выпрабаванне больш за 140 новых высокапрадукцыйных экалагічна бяспечных сартоў раслін. Сярод іх — азімая яравая пшаніца, азімае яравое трыцікале, яравы ячмень, грэчка, больш за 20 новых сартоў шматгадовых траў, як злакавых, так і бабовых. Аб гэтым расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце і вытворчасці Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве Дзмітрый ЛУЖЫНСКІ.


Унікальная «Амелія»

— Стварэнне новых сартоў і іх выкарыстанне дазваляюць падняць ураджайнасць як мінімум на 5—15 %, а таксама значна сэканоміць на пестыцыдах і мінеральных угнаеннях, бо гэтыя сарты ўтрымліваюць больш як макра-, так і мікраэлементаў. Да таго ж, яны маюць гены ўстойлівасці да самых шкоднасных і распаўсюджаных захворванняў. Сёлета на рынак выйшла шмат навінак, сярод якіх — сорт азімай пшаніцы «Амелія». Ён унікальны, мае вельмі буйное зерне, а таксама з'яўляецца хлебапякарным, з мукі такога збожжа можна выпякаць якасны белы хлеб. Сёлета вялікая ўвага аддавалася грэчцы, было пытанне з забеспячэннем ёй нашай краіны. У апошнія гады пасяўныя плошчы пад гэту культуру былі зніжаны і даводзілася закупляць яе за мяжой. Аднак у бягучым годзе намі была выраблена неабходная колькасць відаў насення, як арыгінальных, так і элітных, што дазволіць у найбліжэйшай будучыні выйсці на 35 тысяч гектараў пасяўных плошчаў, — гэта цалкам пакрые патрэбы краіны ва ўласнай сыравіне для вытворчасці грэчкі.

Дзмітрый Лужынскі адзначыў, што асаблівую ўвагу трэба аддаць вырошчванню проса.

— У паўднёвых раёнах яно павінна замяніць такія вільгацелюбівыя культуры, як ячмень і авёс. Таксама на сёння вельмі важная задача — забяспечыць жывёлу якаснымі, паўнавартаснымі кармамі, паменшыць завоз элементаў дадатковага харчавання з-за меж краіны, бо Беларусь — перш за ўсё жывёлагадоўчая краіна. Для гэтага праводзяцца распрацоўкі па ўкараненні ў сельскую гаспадарку высокабялковых культур на аснове зернебабовых і шматгадовых бабовых траў. У краіне назіраецца павелічэнне пасеваў люцэрны. Гэтая культура засухаўстойлівая, здольная даваць да трох-чатырох укосаў у год, яе бялок вельмі добра засвойваецца жывёламі, але для яе мала прыдатных глеб, таму мы вырошчваем яе ў сумесях са злакавымі травамі, якія ўзбагачаюць люцэрну цукрам. Нашым цэнтрам выведзены новыя сарты розных злакавых траў, якія балансуюць корм па цукры і бялку і дапамагаюць мець гарантаваны выхад кармавых адзінак з гектара плошчы. Такая сумесь можа вырошчвацца на адным месцы ад трох да пяці гадоў.

Каштоўны «Біяфлан-фортэ»

Намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр БУДЗЕВІЧ расказаў, што распрацавана тэхналогія вытворчасці аргана-мінеральнага сарбенту на аснове трэпелу, дражджэй і спіртавой брагі. Яе выкарыстанне забяспечыць павелічэнне сярэднясутачнага прыросту жывой масы маладняку буйной рагатай жывёлы і знізіць сабекошт прадукцыі.

— Таксама быў распрацаваны кармавы бялковы канцэнтрат на аснове прадуктаў біясінтэзу цытрынавай кіслаты, гэта бялковы прадукт з утрыманнем пратэіну не менш за 20 % і прыродных арганічных кіслот. Сумесна з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці прадстаўлены на рынку біёлага-хімічны кансервант «Біяплант максі-2», які дазваляе знізіць кошт сутачнага рацыёну жывёлы, а таксама тэхналогія сухога біякансерванта «Біяфлан-фортэ», яго выкарыстанне дазваляе павышаць малочную прадукцыйнасць жывёлы. У краіне былі распрацаваны тэхналогіі звышхуткай замарозкі эмбрыёнаў буйной рагатай жывёлы, гэта дазволіць знізіць іх сабекошт і зменшыць імпарт біяматэрыялаў. У Інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі імя С. М. Вышалескага распрацаваны ветэрынарны прэпарат «Эндаметрафаг», яго прымяненне прыводзіць да зніжэння выкарыстання антыбіётыкаў у схемах лячэння кароў пры эндаметрыце.

Першы «Войт»

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр НАН па бульбаводстве і плодаагародніцтве сёлета праводзіць селекцыю 82 культур. Аб гэтым расказала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Іна РОДЗЬКІНА.

— З моманту стварэння цэнтра мы значна пашырылі пералік культур, па якіх праводзім селекцыю. У 2006 годзе такіх было 37, у 2020-м — 82. Сярод іх бульба, 41 пладовая, ягадная, бахчавая, арэхаплодная і 40 агароднінных культур. Што датычыцца селекцыі бульбы, то асноўныя патрабаванні да айчынных сартоў — прадукцыйнасць на ўзроўні 60—70 тон з гектара. Утрыманне крухмалу для тэхнічных сартоў прадугледжана на ўзроўні 22—25 %, а збор — 15—16 тон з гектара. Патрабаванні для сталовых сартоў — павышаная біялагічная каштоўнасць і прыдатнасць да прамысловай перапрацоўкі. За апошнія пяць гадоў у дзяржаўны рэестр сартоў Беларусі былі ўнесены пяць новых сартоў бульбы селекцыі цэнтра. Гэта бульба ранняй групы спеласці «Першацвет», сярэдняранні сорт «Карсан», сярэдняспелы «Лель», сярэдняпознія «Нара» і «Рубін». Акрамя традыцыйных культур цыбулі рэпчатай і часнаку створаны першы айчынны сорт цыбулі-парэю «Войт», які адаптаваны да нашых умоў надвор'я.

Іна Родзькіна адзначыла, што дзякуючы даследаванням у галіне селекцыі пладовых і ягадных культур створаны і перададзены на дзяржвыпрабаванні першыя айчынныя сарты персіка, два гатункі фундука, капусты белакачаннай, яблыні «Карпач» і малін.

Работа ў «лічбе»

У Акадэміі навук з 2017 года распрацавана стратэгія «Навука і тэхналогіі: 2018—2040», у якой адзначаны асноўныя кірункі ў тым ліку і для аграпрамысловага комплексу, якія звязаны з укараненнем тэхналогій лічбавай вытворчасці, расказаў загадчык лабараторыі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі Віктар ГАЛДЫБАН.

— Лічбавыя тэхналогіі ўжо выкарыстоўваюцца ў розных краінах, яны могуць быць карысныя пры выкананні тэхналагічных працэсаў, такіх як сяўба, уборка. На сёння ўжо ёсць комплексы машын, якія выконваюць тэхналагічныя аперацыі і вядуць абмен інфармацыяй без удзелу чалавека. Мы вядзём работу ў гэтым кірунку. У арганізацыі распрацаваны аптычныя сартавальныя машыны для аддзялення некандыцыйных клубняў бульбы ад асноўнай масы, што забяспечвае якасную апрацоўку. Таксама распрацоўваюцца праграмныя комплексы, якія дазваляюць аграномам або спецыялістам гаспадаркі найбольш зручна і хутка наладзіць працэс работы з дапамогай лічбавых тэхналогій.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Прэв’ю: dikiymir.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?