Вы тут

Душа адраджаецца ў сэрцах родных і блізкіх



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Душа адраджаецца ў сэрцах родных і блізкіх
Да 115-годдзя з дня нараджэння Яна Скрыгана (1905–1992)

Мне падабаецца знаёміцца з роднымі беларускіх пісьменнікаў і тымі, хто ведаў іх добра ці сябраваў з імі. Няважна, хто гэта — жонка, дачка, сястра, унук ці сын. Часцей яны застаюцца малавядомымі. Але ёсць такія спадчыннікі, якія сваёй працай робяць несмяротным імя і самі становяцца знакамітымі дзякуючы самаадданаму служэнню памяці сваіх вядомых продкаў. Леанід Маракоў, Алеся Бабарэка, Галіна Скрыган…
За два гады працы нашага сумеснага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» мне ўдалося наладзіць стасункі з многімі цікавымі і незвычайнымі людзьмі, сярод якіх былі спадчыннікі пісьменнікаў-«маладнякоўцаў». Пра некаторых я даведалася, калі знаёмілася з творчасцю літаратараў. Напрыклад, Леанід Маракоў — пляменнік Валерыя Маракова, аднаго з сяброў «Маладняка». З юбілею, прысвечанага гэтай асобе, і пачалася праца сумеснага праекта чатырох арганізацый. Леаніда я сустракала як чытача беларускай залы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і не ведала, што ён зрабіў для вяртання імя свайго дзядзькі — паэта, расстралянага ў крывавую ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Цяпер прозвішча Л. Маракова — таксама пісьменніка, які ствараў і мастацкую літаратуру, — застанецца ў памяці людзей яшчэ і дзякуючы ўкладанню ім тытанічна складанай і такой неабходнай працы — «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі», якая выйшла ў дзесяці тамах (першы том пабачыў свет у 2002 годзе). Выхад гэтага энцыклапедычнага даведніка даў магчымасць пазнаёміцца са звесткамі пра людзей з беларускай інтэлігенцыі, загінулых у жорсткія гады рэпрэсій.
На адкрыцці праекта, прымеркаванага да 120-годдзя Адама Бабарэкі, Ганна Вячаславаўна Запартыка расказала пра старэйшую дачку пісьменніка — Алесю Бабарэка, якая шчыра падзялілася архівам бацькі, разумеючы, што ўсё, што засталося ад пісьменніка, павінна захоўвацца на радзіме, пра якую ён марыў і па якой сумаваў, будучы далёка на пасяленні. Там і развіўся ў яго талент філосафа: спрыяла гэтаму адарванасць ад родных мясцін, настальгічныя згадкі пра радзіму. Алеся Бабарэка пісала ўспаміны пра бацьку, дапамагала выхаду двухтомніка яго твораў. Пішучы мемуары, яна сама стала пісьменніцай.
А Галіна Іванаўна Скрыган не толькі згадвае пра бацьку ў мемуарах, але і публікуе тыя тэксты, якія пісьменнік не паспеў надрукаваць. Кожныя пяць гадоў, да чарговага юбілею бацькі, яна пры падтрымцы родных рыхтуе і выдае новую кнігу, куды ўваходзяць творы Яна Скрыгана, успаміны сяброў, знаёмых, сучаснікаў і даследчыкаў.


У кнігу «Ян Скрыган ва ўспамінах» (2010), якую Галіна Скрыган выдала да 105-годдзя пісьменніка, уключаны згадкі пра яго блізкіх — Алега Савельева (брата Галіны Скрыган па маці) унукаў Юрыя, Яна і Вольгу. Для Алега Ян Скрыган быў чалавекам, які ведаў пра ўсё на свеце і некалі прышчапіў яму жаданне вучыцца, імкненне больш ведаць. Для старэйшага ўнука Юрася дзед — сімвал захавання роднай мовы, бо толькі ён у сям’і гаварыў па-беларуску. У жыцці пісьменніка, як пісаў унук, мова была прафесіяй і працай, бо ён прымаў удзел у фарміраванні сучаснай літаратурнай мовы ў 1920–1930-х гадах. Разам з дзедам знікла з сям’і гаворка, якая жыла яшчэ ў пасляваенныя гады ў краіне, хавалася па вёсках — пісьменнік змагаўся за захаванне традыцыйнай беларускай мовы.

Ян Скрыган

Галіне Іванаўне было два гады, калі разам з бацькамі, братам Алікам (Алегам) і сястрой маці яна апынулася ў высылцы. Звычайна чалавек мала памятае пра сябе ў такім узросце, але са сталеннем падрабязнасці дзіцячага жыцця вяртаюцца ў памяць, і тады хочацца узнавіць дэталі, якія раней захоўваліся глыбока ў душы.
У прадмове да кнігі «Ян Скрыган ва ўспамінах» яна пісала: «У маладосці над усёй гэтай філасофіяй, як правіла, не задумваешся, як не задумваешся і аб тым, што рака часу няўмольна зносіць у мінулае дні, месяцы, гады... Тады галава была занятая ўсім, чым заўгодна, — і вучобай, і максімалісцкімі амбіцыямі, і высокімі бясхмарнымі планамі на будучыню. <...> Гады праляцелі, а падумала вось пра што: як жа са скарацечнасцю жыцця, за калейдаскопам падзей, за бясконцай занятасцю сямейнымі праблемамі я, бывала, не знаходзіла часу, каб зразумець клопаты майго бацькі, прасякнуцца яго думкамі і перажываннямі».
І вось час прыйшоў пісаць, згадваць, звярнуцца да ненадрукаванага са спадчыны бацькі.
Сёлета да чарговага юбілею пісьменніка Галіна Іванаўна падрыхтавала альбом «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана», у якім можна ўбачыць фотаздымкі, захаваныя ў сям’і, рукапісы, выявы кніг з аўтографамі. Вялікі раздзел выдання прысвечаны ўшанаванню памяці літаратара: на працягу гадоў праходзілі мерапрыемствы да юбілеяў Янкі Скрыгана, большасць імпрэз падрыхтавана пры ўдзеле сям’і пісьменніка. Нацыянальная бібліятэка атрымала гэтае выданне, каб з яго дапамогай сабраць матэрыял пра творцу, падрыхтавацца да стварэння чарговага віртуальнага раздзела праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечанага 115-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Мне згадваецца гутарка з Галінай Іванаўнай, падчас якой яна з цеплынёй расказвала пра тое, як бацька спрабаваў падпісаць на фотаздымку прозвішчы ўсіх сяброў «Маладняка», якія ўдзельнічалі ў І з’ездзе літаб’яднання. А гэта была немалая колькасць удзельнікаў. Пісьменніку хацелася згадаць усіх, хто ў тыя дні падтрымаў згуртаванне. А ў прадмове да ўкладзеных Галінай Скрыган дзённікаў «Добра, што я іх ведаў» (2014) яна пісала, што, успамінаючы сваіх таварышаў юнацтва, знакамітых аўтараў, «ён заўсёды імкнецца не проста дакладна ўзнавіць воблік кожнага з гэтых людзей, але і не менш дакладна падаць няпростыя працэсы фарміравання іх творчых індывідуальнасцей». Літаратар адчуваў абавязак перад нашчадкамі, бачыў сваю місію ў тым, каб пакінуць будучыні памяць аб часе, падзеях, людзях.

Ян Скрыган з дачкой Галачкай (фота да другога арышту). Ківіылі (Эстонія), 1949 год. З дамашняга архіва

У 1936 годзе Ян Скрыган быў арыштаваны. Пра мінулае, год знаходжання ў пастарунку, цяжкія дзесяць гадоў працы ў высылцы мы даведваемся з яго ўспамінаў у аўтабіяграфічным нарысе «Свая аповесць» (1964): «Я павінен быў падпісаць, што з’яўляюся членам контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі, якая ставіць сабе за мэту адрыў Савецкай Беларусі ад Савецкага Саюза і далучэнне яе да буржуазнай Польшчы, контррэвалюцыйную агітацыю, пасобніцтва замежным дзяржавам, узброенае паўстанне, дыверсіі, тэрор на адказных партыйных і дзяржаўных дзеячоў».
У адказ на супраціўленне Скрыгана ён пачуў: «Нам трэба тая праўда, якой ад цябе патрабуюць». Алег Савельеў, зводны брат Галіны Скрыган, пісаў ва ўспамінах пра Янку Скрыгана, што ён перанёс «нечалавечыя двухгадовыя катаванні, з якіх зубатычыны ботамі двух-трох чалавеказвяроў былі самымі лёгкімі». У яго выбівалі прызнанне пра падрыхтоўку замаху на Сталіна, Молатава і іншых.
Пісьменніку давялося за васямнаццаць гадоў высылкі папрацаваць землякопам, цесляром, конюхам, вадавозам, будаўніком, сплаўшчыкам, бухгалтарам, рэвізорам. Пабываць у Сібіры, Узбекістане, Эстоніі, зноў у Сібіры. Але, нягледзячы на гэтыя вырваныя з жыцця гады, ён вярнуўся ў Беларусь і адразу далучыўся да актыўнай літаратурнай працы. Так, з 1955 года ён — рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, Саюз пісьменнікаў вярнуў яго ў свае рады пасля васямнаццацігадовага маўчання.
Улетку гэтага года мы працавалі над праектам, прысвечаным 120-годдзю Уладзіміра Дубоўкі (1900/1901–1976) — беларускага пісьменніка, перакладчыка, крытыка, мовазнаўца, які таксама шмат зрабіў для фарміравання беларускай літаратурнай мовы, правапісу і лексікі. Так і Ян Скрыган у 1950-я: толькі рэабілітаваны ў 1954-м, пры правядзенні чарговай рэформы беларускай мовы ў першых радах выступіў у абарону яе на старонках друку. У артыкуле «Думкі аб мове» («ЛіМ». 1957. 20 лют.) ён паставіў пытанне аб неабходнасці ачышчэння беларускай мовы ад прымусова ўведзенных у яе русіцызмаў. Скрыган пісаў, што «гэтак народ не гаворыць» або што «мы адрываемся ад народнага творчага асяроддзя».

Ян Скрыган у ссылцы (сядзіць другі злева, з дачкой на руках). Дзень шахцёра. Сухабузімскае, Краснаярскі край (Сібір), 1952 год. З дамашняга архіва

У энцыклапедыях, на інтэрнэт-сайтах можна шмат прачытаць пра лёс гэтага аўтара, але мне хочацца распавесці, як жылі рэпрэсаваныя пісьменнікі, высланыя далёка ад радзімы, як марылі вярнуцца назад, каб змагацца за адраджэнне культуры і мовы сваёй дзяржавы.
У 1949 годзе Янку Скрыгана забралі ў другі раз, ужо ў Эстоніі, куды ён прыехаў з горада Ферганы з сям’ёй пасля нараджэння дачкі. Жонка засталася адна з двума дзецьмі і сястрой у Эстоніі. Жанчына добра ведала, што яе можа чакаць пасля арышту мужа. Лёс вядомы: саму ў турму, а дзяцей — у дзіцячы прытулак. Рэчы былі сабраныя за дзень, і разам з дзецьмі яна пакінула Эстонію. А каб улады не здагадаліся, што сям’я з’язджае, была імітавана прагулка з дзецьмі. Толькі такім чынам яны змаглі пазбегнуць кары пасля зняволення пісьменніка.
Першыя ўспаміны Галіны Іванаўны — пра жыццё ў сібірскім сяле Сухабузімскім, непадалёк ад горада Краснаярска, на кватэры ў Слобжыных. Ёй тады было два гады, брату Аліку — каля дванаццаці. Там яны пражылі год, потым бацька атрымаў сваё жыллё — гэта была зямлянка на ўскрайку сяла. Галіна Іванаўна пісала, што маленькія акенцы знаходзіліся пад столлю і відаць было толькі абутак людзей, якія праходзілі. Цяжка жыць у такіх умовах, але яны радаваліся, бо — разам.
З замілаваннем Галіна Іванаўна піша пра тое, як бацька яе, маленькую, любіў насіць на плячах і спяваць адну мелодыю, як пазней яна даведалася, ля-мажорны танец Эдварда Грыга. У Скрыгана быў тонкі слых і прыемны тэмбр, ён любіў спяваць. Магчыма, ад яго перадаліся гэтыя здольнасці Галіне Іванаўне — яна стала музычным работнікам.
Дзяўчынка была нязменнай спадарожніцай бацькі. Часта яны разам хадзілі на шпацыр праз лес да Дома пісьменнікаў «Каралішчавічы», куды прыходзілі і дзеці іншых літаратараў. Да Дома яны дабіраліся ляснымі сцяжынкамі, а па дарозе бацька расказваў пра дрэвы, наследаваў спевы птушак. Апалае лісце падабалася яму сваёй прыгажосцю, таму нярэдка паміж старонак кніг у бібліятэцы пісьменніка можна было знайсці засохлыя лісты.
Маці Галіны Іванаўны — моцная, бойкая жанчына-масквічка, якая не разгубілася ў цяжкіх абставінах, навучылася садзіць агарод, рабіць закруткі, выжываць у экстрэмальных умовах. Зусім не такім быў Янка Скрыган — спакойны, ціхі чалавек. Ён не любіў бяздзейнай цікавасці, рэдка згадваў сваё жыццё, поўнае трагічных падзей. Але часта расказваў дзецям сон, які сніўся яму двойчы ў жыцці. Гэты сон сімвалізаваў арышт — сякера, закінутая ў яго над галавой. Так было ў 1936-м і 1949-м, і абодва разы пісьменніка арыштоўвалі. Ён быў упэўнены, што бачыў папярэджванне перад будучым зняволеннем.

Першы зборнік «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўваўся ў 1956 годзе). З фондаў НББ

Пасля першага арышту ў 1936 годзе і высылкі Ян Скрыган страціў сваю першую сям’ю. Думаў, што жонка Галіна, у гонар якой і была пазней названа дачка, і сын Усевалад загінулі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, падчас бамбёжкі. Сын павінен быў толькі нарадзіцца, калі пісьменніка арыштавалі, таму бацька яго так і не ўбачыў. Але ў 1960-я ён атрымаў ліст ад Усевалада, які шукаў яго праз Саюз пісьменнікаў. Аказалася, што сям’я Скрыгана не загінула, апынулася ў Германіі, а пасля вайны засталася там жыць. Усевалад выпадкова ўбачыў кнігу з прозвішчам Скрыган і падумаў, што гэта можа быць яго бацька. Паміж сем’ямі завязалася перапіска, а ў 2007 годзе Сева сустрэўся з Галінай Іванаўнай. На жаль, Ян Скрыган да таго часу ўжо памёр. Так атрымалася, што бацька і сын так ніколі ў жыцці і не сустрэліся.
Пры ўдзеле партнёраў праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» Нацыянальная бібліятэка Беларусі падрыхтавала новы віртуальны раздзел, прысвечаны юбілею пісьменніка. Дзякуючы дазволу Галіны Іванаўны Скрыган бібліятэка змагла адкрыць чытачам доступ да поўных тэкстаў твораў Янкі Скрыгана. У межах праекта было размешчана восем паўнатэкставых кніг, з якімі можна пазнаёміцца і якія ёсць магчымасць спампаваць у поўным аб’ёме: «Затока ў бурах» (1929, дапрацоўвалася ў 1956 годзе), «Шугае сонца» (1930), «Права на энтузіязм» (1931), «Недапісаны профіль» (1932) і іншыя. Бібліятэка плануе алічбаваць і альбом «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана», дзякуючы яму можна пазнаёміцца са шматлікімі матэрыяламі, якія дбайна захоўвае сям’я. Частка іх перададзена ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. У Галіны Іванаўны выходзілі артыкулы ў газетах і часопісах, а таксама прадмовы да кніг, прысвечаныя бацьку. Гэтыя тэксты таксама даступныя ў межах праекта.

«Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана» (2020)

Галіна Іванаўна пісала: «Мой бацька, які прайшоў у сваім жыцці сапраўды праз усе кругі пекла, заўсёды верыў у перамогу розуму і справядлівасці на зямлі. Ён заўсёды імкнуўся бачыць у людзях лепшыя бакі душы . Любіў пагаварыць, пафіласофстваваць, каб зразумець вытокі тых ці іншых учынкаў. Любіў зносіны з маладымі, і, бачачы перад сабой таленавітую, цікаўную натуру, імкнуўся падтрымаць упэўненасць у сваіх сілах, падказаць, накіраваць, дапамагчы знайсці сябе. І рабіў гэта сапраўды шчыра. Мусіць, таму да яго заўсёды цягнуліся людзі».

Таццяна ЛАЎРЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».