Вы тут

Да 15 лістапада ўсе работы па ўборцы ўраджаю неабходна скончыць


Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў на працоўнай сустрэчы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Іванам Крупко і віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Субоціным.


«Добра, што вельмі нядрэнна мы спрацавалі ў гэтым годзе. У час сабралі асноўныя культуры. Ды і год быў нядрэнны. І самае галоўнае, як мы дамаўляліся пазаўчора, аб’ём узялі — неабходна пераараць усё. Асабліва палі кукурузныя, дзе вялікая колькасць астаткаў, іх трэба заараць — гэта ж арганіка, арганічныя ўгнаенні», — сказаў Прэзідэнт і дадаў, што неабходна па максімуме падняць зябліва, каб не было праблемы з ім увесну.

Кіраўнік краіны паставіў задачу — заараць глебу пад яравы сеў ужо восенню. «Дзесьці вы 60 працэнтаў зябліва паднялі, 40 працэнтаў засталося — гэта магчыма на працягу лістапада пераараць», — паведаміў Прэзідэнт.

Ён пацікавіўся ў міністра эфектыўнасцю працы сельскай гаспадаркі і фінансавай сітуацыяй на прадпрыемствах АПК.

«Я разумею, што вельмі няпроста сялу. Яму заўсёды было няпроста. За межамі аказваецца сур’ёзная падтрымка сельскім прадпрыемствам, фермерам. Мы таксама падтрымліваем сельскую гаспадарку, наколькі можам, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Як у нас справы з фінансамі, таму што тыя крэдыты, якія брала сяло, трэба вяртаць. Тым больш, што такая магчымасць ёсць, каб разлічыцца з банкамі і бюджэтам па даўгах».

Яшчэ адна тэма, якая, на думку Прэзідэнта, тычыцца ў асноўным віцэ-прэм’ера — захаванне ўраджаю і яго пастаўка ў магазіны. Ён звярнуў увагу, што на тыдні, размаўляючы з кіраўніком прафсаюзаў Міхаілам Ордам, папрасіў узяць на кантроль цэнаўтварэнне па асноўных пазіцыях тавараў.

«Асноўныя пазіцыі будуць кантралявацца. Гэта прадукты харчавання, то бок вашы пытанні. Таму мы дамаўляемся, што поўнасцю краіна нарыхтуе стабілізацыйныя фонды, запасаў да мая–ліпеня прадуктаў харчавання, каб хапіла краіне. Асабліва гародніну, бульбу і зерне для хлебапячэння трэба поўнасцю нарыхтаваць», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён даў заданне ўзяць пад кантроль працу вертыкалі мясцовай улады па забеспячэнні харчаваннем насельніцтва ў зімовы і вясновы перыяд, каб не было хістання коштаў.

«Атрымліваецца, вы мне ўвосень дакладваеце, што з лішкам у сховішчах харчавання, а цэны пачынаюць скакаць у красавіку, маі месяцы на выключна беларускіх прадуктах як бульба, ці на капусту, ці грэчка. Але дзякуй Богу, грэчкі пасеялі ў дастатковай колькасці і сабралі годны ўраджай. Мабыць хопіць, і прадаць нават зможам», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Прэзідэнт папрасіў міністра і віцэ-прэм’ера па выніках года далажыць, як спрацавала Віцебшчына ў эксперыменце з сямю інтэграванымі структурамі ў АПК.

«Сем структур гэтых, галоўная структура (мяса, малако ці хлебакамбінат), як яны спрацавалі і які вынік? Ні ў якім разе нельга прапусціць гэта пытанне. Пройдзе 3–5 гадоў, прыйдуць зноў і рукі развядуць, скажуць, што не атрымалася. Кожны год трэба кантраляваць, якую аддачу дае гэта сістэма работы. А потым (мне здаецца з вопыту, гэта нядрэнная сістэма работы) яе прыйдзецца перакладваць на іншыя вобласці. Магчыма не ў цэлым, але на асобныя раёны, рэгіёны абласцей», — заявіў Прэзідэнт.

На яго думку, знойдуцца прадпрыемствы, якія магчыма будзе аб’яднаць у інтэграцыйныя структуры для перапрацоўкі прадукцыі фермаў.

Прэзідэнт адзначыў, што галоўнае стратэгічнае пытанне да кіраўнікоў аграрнага сектару — праграма для сельскай гаспадаркі на пяцігодку, якую неабходна прадставіць на Усебеларускім народным сходзе.

Аляксандр Субоцін, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі: «Усёй лінейкай прадуктаў па годных коштах мы будзем забяспечаны»

Віцэ-прэм’ер растлумачыў, чаму часам цэны на агародніну адрозніваюцца ў залежнасці ад пары года.

«Даручэнне атрымалі, таму ў гэты раз усё будзе добра і ўсёй лінейкай прадуктаў па годных коштах мы будзем забяспечаны, — падкрэсліў Аляксандр Субоцін. — Часам «сваволяць» і сеткі, калісьці лагістыка дае збой, калісьці свядома хтосьці раздувае праблему ў сродках масавай інфармацыі і гэта правакуе скачкі цэн. Усюды свая прычына, але ўсё вяртаецца ў нармальную каляіну».

Па словах віцэ-прэм’ера, за 9 месяцаў года экспартам сельская гаспадарка нягледзячы на пандэмію прырасла на 233 мільёны долараў у параўнанні мінулым годам.

«У нас, як правіла, рэдка нешта з прадуктаў заканчваецца, бо мы самі сябе забяспечваем у поўным аб’ёме, ды і яшчэ гандлюем на мільярды долараў. У гэтым годзе ўжо больш за 100 краін, з якімі мы маем гандлёвыя адносіны ў сферы прадуктаў харчавання», — сказаў ён.

Іван Крупко, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання: «Па выніках 10 месяцаў 2020 года аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак вырас на 104,6 %»

Па словах Івана Крупко, аб’ём росту на сельскагаспадарчых прадпрыемствах — 106,7 %. Пры гэтым асабістыя падсобныя гаспадаркі спрацавалі на 96 % да ўзроўню мінулага году.

Іван Крупко паведаміў пра асноўныя складнікі праграмы развіцця АПК на будучую пяцігодку — рост аб’ёмаў прадукцыі на 114 %, атрымаць у амбарнай вазе да 10 мільёнаў тон зерня, вырасці ў аб’ёмах вытворчасці малака да 9,2 мільёнаў тон, забяспечыць устойлівы фінансавы рост АПК краіны ў цэлым.

Больш за 90 % прадпрыемстваў з растэрміноўкай сваіх даўгоў забяспечвалі рост і выконвалі фінансавыя абавязкі, — паведаміў міністр. Гэта дало магчымасць павялічыць ім і выручку, і заробкі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Як дзейнічалі партызаны ва Усакінскім лесе на Клічаўшчыне

Піша сын аднаго з партызан Генадзь Сахрай.

Грамадства

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Алена Богдан: Любы рух павінен быць паступальным, а не разбуральным

Яна расказала чытачам «Звязды», ці плануе Беларускі саюз жанчын стаць першай жаночай палітычнай партыяй у краіне і як гэта — сумяшчаць работу ў дзяржапараце з актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Хітра ўладкавана чалавечая памяць. Бывае, нешта ўбачыў-пачуў, а што — хоць забі — назаўтра не ўспомніш, а нешта — якраз наадварот — «ляжыць» там гадамі ці нават дзесяцігоддзямі і ўспамінаецца досыць часта...

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.