Вы тут

Аграрыі Гомельшчыны сёлета на трэць павялічылі намалот


У бягучым годзе аграрыі рэгіёна з найлепшымі вынікамі па збожжы падыходзяць да завяршэння года. Працаўнікамі вёскі намалочана 915 тысяч тон збожжавых, зернебабовых і крупяных культур, што складае 132 % да ўзроўню мінулага года.


Лідары вытворчасці

Пераможца абласных «Дажынак» з Рагачоўскага раёна камбайнер Сяргей Карпенка.

Калі ацэньваць уклад у каравай кожнага раёна, то самыя істотныя долі ў Буда-Кашалёўскім — 94,2 тысячы тон збожжа, Рэчыцкім — 86,3 тысячы тон, Рагачоўскім — 86,3 тысячы тон.

Па ўраджайнасці тройку лідараў узначальвае Рэчыцкі раён — 33 ц/га, на другім месцы — Чачэрскі 32,2 ц/га, на трэцім — Буда-Кашалёўскі — 31,4 ц/га. Усяго ж 10 раёнаў паказалі тэмп росту валавога збору вышэйшы за сярэднеабласны.

Падводзячы вынікі жніва-2020, трэба адзначыць, што першым у вобласці завяршыў уборку збожжавых і выканаў дзяржзаказ Добрушскі раён. Самая высокая ўраджайнасць сярод гаспадарак — 53 ц/га — паказала ААТ «Отар» Чачэрскага раёна. Па 49 ц/га — паказчыкі «Антонаўка-Агра» Жлобінскага раёна і аграфірмы імя Лебедзева ў Веткаўскім раёне. У КСУП «Саўгаса-камбіната «Зара», «Тураўшчыны» і філіяла Рэчыцкай «Савецкай Беларусі» — па 47 ц/га.

Найлепшыя на жніве

Колькасць тысячнікаў за гэтую ўборачную ў параўнанні з мінулай кампаніяй павялічылася ў тры разы і склала 375 экіпажаў.

Усяго ў вобласці кожны трэці экіпаж з пачэсным званнем тысячнікаў. Па колькасці такіх экіпажаў лідзіруюць Буда-Кашалёўскі, Рагачоўскі і Рэчыцкі раёны.

Пераможцы абласных «Дажынак» з Буда-Кашалёўскага раёна (злева направа) Васіль Галавацкі і Дзмітрый Карпаў.

Тысячу і больш тон збожжа з палёў перавезлі 303 кіроўцы. Пры гэтым кожны восьмы — з маладой змены. На рахунку 55 чалавек — па дзве тысячы тон, яшчэ ў шасці — па тры. Самы высокі вынік — без малога 4  тысячы тон.

У гэтым годзе 75 маладзёжных экіпажаў сабралі запаветную тысячу тон збожжа. Гэта ў тры разы больш, чым летась.

Яшчэ адной асаблівасцю ўборачнай кампаніі — 2020 стала работа 11 жанчын у складзе экіпажаў-тысячнікаў, працавала больш за 100 сямейных экіпажаў-рэкардсменаў.

Новая тэхніка

Асаблівую ўвагу ў рэгіёне надаюць абнаўленню тэхнічнага парку. З улікам мінулага года ў гэтую ўборачную кампанію на палях рэгіёна працавала 2260 адзінак новай тэхнікі, у тым ліку — 28 газаматорных камбайнаў экалагічнага класа, якія добра зарэкамендавалі сябе ва ўборцы збожжавых і кукурузы. Сярод відавочных пераваг новай айчыннай тэхнікі — выдаткі на газ амаль у 2,5 раза меншыя, чым на дызельнае паліва.

Аграсэрвісы вобласці сёлета вярнулі ў працоўны строй больш за 200 адзінак тэхнікі, сярод іх 16 камбайнаў і 50 энерганасычаных трактароў.

Па працы — узнагароды

На галоўным свяце аграрыяў Гомельшчыны «Дажынкі-2020», якое прайшло ў Мазыры, падзякі Прэзідэнта Беларусі атрымалі дырэктар УП «Палессе-Аграінвест» Петрыкаўскага раёна Міхаіл Капінскі і механізатар агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна Іван Вырвіч. Ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта ўзнагароджаны дырэктар КСУП «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна Алег Слінько і трактарыст-машыніст агракамбіната «Холмеч» Васіль Коваль.

Галоўны аграном філіяла «Аграфірма імя Лебедзева» РУП «Гомельэнерга» Алеся Крывіцкая.

Першае месца сярод раёнаў па вытворчасці збожжа — у Жлобінскага. Тут тэмп росту валавога збору збожжа да сярэдняга ўзроўню папярэдніх трох гадоў склаў 130 %. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый пераможцам названа эксперыментальная база «Крынічная» Мазырскага раёна. Пальма першынства сярод камбайнераў збожжаўборачных камбайнаў — у Івана Вырвіча з агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна. Найлепшым маладзёжным экіпажам названы тандэм Дзмітрыя Ляшчынскага і Рамана Даніліка з «Савецкай Беларусі» Рэчыцкага раёна. Першае месца сярод кіроўцаў, якія перавозілі зерне ад камбайнаў, прысудзілі Рыгору Малочку з ААТ «Чамярысцкі» Брагінскага раёна. Дыпломы першай ступені сярод галоўных аграномаў уручылі Мікалаю Быкоўскі з СВК «50 гадоў Кастрычніка» Рэчыцкага раёна і Алесі Крывіцкай, якая прадстаўляе аграфірму імя Лебедзева РУП «Гомельэнерга» Веткаўскага раёна.

Кукуруза і бульба

Трэба адзначыць, што істотны ўклад у вытворчасць збожжа ў вобласці належыць кукурузе — каля 250 тысяч тон. Сярод лідараў па хуткасці і ўраджайнасці ў гэтым кірунку — Светлагорскі і Мазырскі раёны.

Цяпер убрана кукурузы на зерне звыш 20 тысяч гектараў, намалочана каля 103 тысяч тон збожжа з сярэдняй ураджайнасцю 50 ц/га. На кармавыя мэты ўбрана кукурузы амаль 245 тысяч гектараў, нарыхтавана больш за 3,7 мільёна тон зялёнай масы. Што датычыцца ўборкі агародніны і бульбы, то накапана каля 80 тысяч тон караняплодаў, нарыхтавана звыш 23 тысяч тон агародніны.

Вытворчасць сельгаспрадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у студзені—верасні 2020 года ў бягучых цэнах склала 2403 мільёны рублёў, што ў супастаўных цэнах на 2,1 % больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Удзельная вага вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі Гомельскай вобласці ў рэспубліканскім паказчыку займае каля 15 %.

Малако і мяса

За дзевяць месяцаў гэтага года ў грамадскім сектары Гомельскай вобласці выраблена амаль 735 тысяч тон малака. Сярэдні надой ад каровы склаў 3330 кілаграмаў. З пачатку кастрычніка бягучага года, згодна з аператыўнай інфармацыяй, у сельгасарганізацыях вобласці валавая вытворчасць малака складае 100 % да аналагічнага леташняга перыяду. За студзень—кастрычнік гэтага года выраблена (вырашчана) 155,7 тысячы тон жывёлы і птушкі: буйной рагатай жывёлы — 97,8 % да студзеня—верасня 2019 года, свіней — 118,6 % і птушкі — 97,9 %. За дзевяць месяцаў бягучага года выраблена звыш 271 мільёна штук яек.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падчас віншавання працаўнікоў вёскі.

У сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці на 1 кастрычніка 2020 года налічваецца амаль 646 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў малочнага напрамку — 220 тысяч галоў, свіней — 349 тысяч, авечак — звыш дзвюх тысяч.

Лідзіруючую пазіцыю, як па надоях малака на карову, так і па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, займае Мазырскі раён.

Адным з самых паспяховых і перспектыўных гаспадарак Гомельскай вобласці з'яўляецца КСУП «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна. Гаспадарка мае поспех па ўсіх вышэйпералічаных напрамках і ўваходзіць у дзясятку найлепшых сельгасарганізацый Рэспублікі Беларусь.

Экспарт з плюсам...

Экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання з'яўляецца адным з прыярытэтаў у працы аграпрамысловых прадпрыемстваў вобласці.

За студзень—верасень бягучага года экспартавана сельскагаспадарчай прадукцыі на 334 мільёны долараў ЗША, што склала 111 % да аналагічнага перыяду мінулага года.

У цяперашні час прадукцыя Гомельскай вобласці пастаўляецца ў 31 краіну свету.

Пакуль асноўным напрамкам паставак прадукцыі на экспарт з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Гэта найбольш прэміяльны рынак як па цэнавым фактары, так і па выдатках на лагістыку. Сельгаспрадукцыі пастаўлена ў Расійскую Федэрацыю больш чым на 255 мільёнаў долараў ЗША, ці 112 %.

Прыярытэтным для аграпрамысловых прадпрыемстваў таксама застаецца рынак Казахстана. У гэтую краіну за дзевяць месяцаў бягучага года пастаўлена прадукцыі больш чым на 35 мільёнаў долараў ЗША, або 128 % да мінулага года.

Перспектыўны рынак — Кітайская Народная Рэспубліка. Сюды пастаўляецца мяса-малочная прадукцыя. Экспарт у Кітай ад Гомельскага рэгіёна — 7,2 мільёна долараў ЗША.

...і заробкі — таксама

Заработная плата застаецца найважнейшым стымулам росту прадукцыйнасці працы, а адпаведна і эфектыўнасці працы кожнага прадпрыемства.

Па выніках васьмі месяцаў намінальна налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў у сельскай гаспадарцы Гомельскай вобласці склала 775 рублёў, што на 16 працэнтаў больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

У асобных сельскагаспадарчых арганізацыях рэгіёна заработная плата перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Гэта такія гаспадаркі, як КСУП «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна, СВК «50 гадоў Кастрычніка» Рэчыцкага раёна, ААТ «Звязда» і ААТ «Отар» Чачэрскага раёна, ААТ «Сцяг Радзімы» Гомельскага раёна, УП «Палессе-Аграінвест» Петрыкаўскага раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Белта

Загаловак у газеце: Важкі каравай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.