Вы тут

Старшыня Савета Рэспублiкi Наталля Качанава правяла прамую лiнiю


Трэба сказаць, звычайна ў гэты дзень тэлефон у яе рабочым кабiнеце не змаўкае нi на хвiлiну — ахвотных расказаць асабiста спiкеру верхняй палаты парламента аб тым, што хвалюе, з кожным разам менш не становiцца. I гэта добра — веданне таго, з якiмi праблемамi сутыкаюцца жыхары таго цi iншага рэгiёна, дазваляе рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання адэкватна рэагаваць на патрэбы i запыты людзей на месцах.


У асноўным тэматыка зваротаў застаецца нязменная: зямельныя i камунальна-бытавыя пытаннi складаюсь «касцяк» усiх праблем, з якiмi звяртаюцца заяўнiкi. Напрыклад, 75-гадовую пенсiянерку з Бабруйска Эму Iванаўну непакоiць тое, што на зямлi, якой яна валодае ў вёсцы Вiнаградаўка Сычкаўскага сельсавета, пакуль немагчыма пабудаваць жыллё. Жанчына пераканана, што яе спадчыннiкi ў будучым хацелi б гэта зрабiць, але мясцовыя ўлады адмаўляюць з нагоды таго, што, маўляў, участкак будзе выкарыстоўвацца не па прызначэннi.

З крыху iншай праблемай, але ўсё ж таксама па зямлi, да старшынi Савета Рэспублiкi звярнуўся фермер з Дзяржынскага раёна. Ён расказаў, што ў свой час узвёў дзве пабудовы на сваiм участку ў вёсцы Каменка Негарэльскага сельсавета, але са змяненнем нормаў адпаведнага заканадаўства трапiў у непрыемнае становiшча: вось ужо пяць гадоў не можа ўзаконiць гэтыя будынкi.

Жыхарка Заслаўя Таццяна Васiлеўна агучыла прапанову наконт магчымасцi прадпрыемстваў, якiя валодаюць непрыдатным i старым жыллём, прадаваць яго мясцовым жыхарам, — можа, знойдуцца ахвотныя пашырыць свае плошчы вось такiм чынам?!

Спiкер верхняй палаты парламента пагадзiлася, што пытаннi па зямлi i жыллi актуальныя, i даручыла Дзяржкамiтэту па маёмасцi акцэнтаваць на iх увагу.

Гэтая ж заяўнiца агучыла яшчэ адну тэму: уладальнiкi жылля сядзiбнай забудовы часта вымушаны ацяпляць свае пабудовы з дапамогай печаў (а хацелася б ужо i электрычнасцю), награваць ваду бойлерамi — мiж тым, карыстанне электрабытавымi прыборамi сёння нятаннае. Цi ёсць магчымасць перагледзець нормы льгот па аплаце электраэнергii, спытала яна.

Сярод агучаных на прамой лiнii прапаноў асаблiвую ўвагу выклiкае вось гэтая: мiнчанка Таiсiя Iосiфаўна лiчыць мэтазгодным адмянiць аплату праезду ў грамадскiм транспарце для сталiчных жыхароў, якiя маюць статус «дзецi вайны», як гэта зроблена ў дачыненнi да ветэранаў.

Тэлефанавалi з розных рэгiёнаў краiны, каб проста падзякаваць за тое, што, нягледзячы на ўсе выпрабаваннi, кiраўнiцтва краiны змагло захаваць мiр i стабiльнасць. У прыватнасцi, пенсiянер з Крычава абураўся паводзiнамi сваiх аднагодкаў, якiя выходзяць на вулiцы:

— Чаго не хапае?! Пенсii павышаюцца, усё ёсць! Дзякуй вам, што ў складаную хвiлiну вы падтрымалi Прэзiдэнта...

Словы ўдзячнасцi i падтрымкi таксама выказалi заяўнiцы з Бабруйска Любоў Сцяпанаўна i Эма Iванаўна.

Што датычыцца зваротнай сувязi, заўсёды цiкавiла, як вырашаюцца праблемныя пытаннi, з якiмi людзi звяртаюцца на прамую лiнiю да Наталлi Качанавай.

Як паведамiлi ў Савеце Рэспублiкi, на адну з апошнiх лiнiй патэлефанаваў жыхар Баранавiч з просьбай пасадзейнiчаць у працаўладкаваннi. Раней ён звяртаўся да адказных асоб на розных узроўнях, але яго пытанне так i не вырашылася. Пасля прынятых Саветам Рэспублiкi мер заяўнiк быў працаўладкаваны.

Цi вось яшчэ прыклад. Раней да старшынi Савета Рэспублiкi звярнулася маладая барысаўчанка, якая выхоўвае дзiця, з просьбай дапамагчы ёй у атрыманнi жылля ў iнтэрнаце i, адпаведна, рэгiстрацыi там. Разгляду яе звароту аддалi пiльную ўвагу ў мясцовым райвыканкаме. Пасля таго як жанчына сабрала неабходныя дакументы i яны былi разгледжаны на пасяджэннi жыллёвай камiсii райвыканкама, у адпаведнасцi з заканадаўствам сям'i было выдзелена жылое памяшканне ў iнтэрнаце.

Канешне, не ўсе пытаннi, з якiмi звяртаюцца грамадзяне, можна вырашыць адразу. Некаторыя з iх патрабуюць дэталёвай прапрацоўкi з зацiкаўленымi i застаюцца на кантролi ў Савеце Рэспублiкi.

Так, напрыклад, на прамую лiнiю звярнулася сталiчная жыхарка з iнiцыятывай стварэння ў горадзе скейтадрома i распрацоўкай праекта з дапамогай маладых архiтэктараў у выглядзе студэнцкiх дыпломных праектаў. Iдэю накiравалi ў Мiнгарвыканкам для разгляду з усiмi зацiкаўленымi бакамi. Вынiкам стала дамоўленасць з БНТУ аб распрацоўцы студэнтамi архiтэктурнага факультэта ўнiверсiтэта праекта скейтпарка ў межах курсавога праектавання вясной 2021 года. Пад такiя аб'екты вызначаны пляцоўкi ў парку Перамогi. БНТУ перададзены даныя тапаграфiчнай здымкi, а таксама заданне на праектаванне, падрыхтаванае з удзелам грамадскай арганiзацыi «Беларуская федэрацыя скейтбордынга». Засталося толькi крыху пачакаць, каб скейтары, нарэшце, атрымалi годнае месца для ўдасканальвання свайго майстэрства.

У тэму

Большасць зваротаў — ад мiнчан

За 9 месяцаў бягучага года членамi Савета Рэспублiкi былi разгледжаны 3417 зваротаў, у тым лiку членамi Прэзiдыума Савета Рэспублiкi — 2446 (68,6 %), праведзены 674 асабiстыя прыёмы, на якiя звярнулiся 1965 грамадзян, а таксама 276 прамых лiнiй.

У верхнюю палату парламента звяртаюцца пераважна пiсьмова. Дарэчы, за дзевяць месяцаў 2020 года колькасць зваротаў вырасла ў пяць разоў у параўнаннi з такiм жа леташнiм перыядам.

Як паведамiлi ў Савеце Рэспублiкi, аўтарамi найбольшай колькасцi пiсьмовых зваротаў з'яўляюцца жыхары сталiцы — 789 (42,3 %). Другiмi iдуць прадстаўнiкi Мiнскай вобласцi — 314 (16,8 %). Самая малая колькасць пiсьмовых зваротаў фiксуецца ад жыхароў Гродзеншчыны — 84 (4,5 %).

Па структуры пытаннi насiлi iндывiдуальны характар i датычылiся жыллёвага фонду i ЖКГ (20,1 %), землеўладання i землекарыстання (6,7 %), працаўладкавання i занятасцi (5,1 %), сацыяльнага i пенсiйнага забеспячэння (4,5 %), архiтэктуры i будаўнiцтва (2,6 %).

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Просьбы, прапановы, падзякi...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.