Вы тут

Дэпутаты Магiлёўскай вобласцi падагульнiлi вопыт работы органаў мясцовага самакiравання


Шмат актыўных людзей iмкнецца зрабiць свае населеныя пункты больш цiкавымi i прывабнымi. Адны талакой добраўпарадкуюць зоны адпачынку, другiя ствараюць дзiцячыя пляцоўкi, трэцiя ўладкоўваюць мясцiны памяцi. I гэты вопыт бясцэнны, бо народныя праекты iдуць ад душы i амаль не фiнансуюцца. Магiлёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў разам з аблсаветам дэпутатаў правялi семiнар i падагульнiлi гэты вопыт. Мэта — дасканала вывучыць яго i распаўсюдзiць.


Семукачы як генератар iдэй

Пра шматлiкiя праекты старшынi Семукацкага сельсавета Тамары Укружскай i яе каманды мы пiсалi неаднаразова. Акцэнт робiцца на патрыятычным выхаваннi моладзi i захаваннi традыцый раёна. Тут добра арганiзаваная работа па аказаннi дапамогi маламаёмным, адзiнокiм i сацыяльна неабароненым грамадзянам, ветэранам вайны i працы. Iнiцыятывы ад насельнiцтва ахвотна падтрымлiваюцца i рэалiзуюцца.

Мясцовыя патрыёты сваiмi рукамi зрабiлi ў Семукачах алею ў гонар удзельнiкаў усiх войнаў ХХ стагоддзя.

— Самым распаўсюджаным вiдам дзейнасцi па навядзеннi парадку на аддаленых i маленькiх населеных пунктах з'яўляецца правядзенне суботнiкаў, — лiчыць Тамара Укружская. — Жаданне навесцi парадак павiнна зыходзiць ад жыхароў. I ў гэтым выпадку вялiкая роля адводзiцца старастам. Яны выступаюць сувязным звяном памiж грамадзянамi i сельвыканкамам, праводзяць сельскiя сходы, iнфармуюць жыхароў аб рабоце Савета i рашэннях, прынятых на пасяджэннях выканкама. Сёлета ў нас адбылiся 25 сельскiх сходаў.

У сваёй прэзентацыi дэпутат наглядна паказала, як рукамi iнiцыятыўных жыхароў добраўпарадкуюцца калодзежы, мемарыяльныя мясцiны, ствараюцца сцежкi здароўя. З мiнулага года па iнiцыятыве насельнiцтва рэалiзуецца праект «Вяртанне да вытокаў», у рамках якога адноўлена крынiца ў вёсцы Паўлаўск i працягваюцца работы па аднаўленнi водных аб'ектаў у вёсцы Алень i аграгарадку Семукачы. Па iнiцыятыве самой старшынi Тамары Укружскай у аграгарадку Семукачы створаны этнаграфiчны пакой у выглядзе беларускай хаткi. Апагеем народнай самадзейнасцi стала стварэнне да 75-годдзя са дня Вялiкай Перамогi алеi памяцi ў гонар удзельнiкаў войнаў XX стагоддзя.

Найлепшыя па садзейнiчаннi ў самазанятасцi

Летась Краснапольскi раён стаў адным з найлепшых партнёраў праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасцi i самазанятасцi насельнiцтва ў сельскiх раёнах Магiлёўскай вобласцi». Ён рэалiзуецца Слаўгарадскiм райвыканкамам у партнёрстве з Быхаўскiм, Клiчаўскiм, Краснапольскiм i Чэрыкаўскiм райвыканкамамi i Мiжнародным фондам развiцця сельскiх тэрыторый пры фiнансавай падтрымцы Еўрасаюза. У рамках праекта на тэрыторыi Горскага сельсавета рэалiзавана мясцовая iнiцыятыва «Расток». На базе дапаможных гаспадарак грамадзян былi арганiзаваны дзве пляцоўкi, дзе 15 жыхароў аграгарадка атрымалi веды па вырошчваннi па новых тэхналогiях расады агароднiнных i кветкавых культур. У вынiку шэсць сем'яў былi ўцягнутыя ў самазанятасць i палепшылi якасць свайго жыцця. Падчас рэалiзацыi яшчэ адной «аграрнай» iдэi на базе Палужскага дзiцячага садка-сярэдняй школы была створана эксперыментальная цяплiца па вырошчваннi клубнiчнай расады. Некалькi чалавек далучылiся да дзейнасцi i атрымалi ў сваё карыстанне бясплатную расаду. Акрамя таго, на базе школы створаны бiзнес-клас, дзе можна будзе на працягу года навучаць гэтай справе да 50 чалавек. I гэта толькi некалькi праектаў з тых, якiя былi рэалiзаваны на тэрыторыi раёна.

— З мэтай стварэння ўмоў для дзяржаўна-прыватнага дыялогу, супрацоўнiцтва i ўзаемадзеяння, а таксама павышэння значнасцi грамадскiх iнiцыятыў у раёне працуюць шэсць iнiцыятыўных груп, — адзначыла старшыня Краснапольскага райсавета Анжалiка Гоман. — Iх дзейнасць каардынуе наш раённы Савет дэпутатаў. У справе таксама ўдзельнiчае некамерцыйная арганiзацыя «Мясцовы фонд развiцця тэрыторый «Старт-Усход».

Асноўнай пляцоўкай рэалiзацыi мясцовых iнiцыятыў i развiцця праектнай дзейнасцi з'яўляюцца тэрыторыi сельсаветаў раёна. Там створаны рэсурсныя цэнтры для збору неабходнай iнфармацыi, планавання i абагульнення наяўнага вопыту работы.

Дапамога для актыўных

Пра мясцовую форму супрацоўнiцтва дэпутатаў з актывiстамi расказаў старшыня Асiповiцкага райсавета Сяргей Сувеяў. З мэтай каардынацыi дзейнасцi камiтэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання ў раёне створаны савет органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання з дзесяцi чалавек i зацверджана палажэнне аб iм. На яго падставе найбольш актыўныя члены органаў самакiравання штоквартальна заахвочваюцца ў памеры адной базавай велiчынi. Летась былi адзначаны 183 чалавекi — яны атрымалi дапамогу на агульную суму 4,7 тысячы рублёў. Сёлета на заахвочванне 90 чалавек выдаткавана ўжо 2,5 тысячы рублёў.

— Стымуляванне органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання дазваляе актывiзаваць работу i ўзмацнiць ролю нашых памочнiкаў як пярвiчнага сувязнога звяна структур улады з насельнiцтвам, — падкрэслiў старшыня райсавета. — Такiя людзi, як Наталля Барадаўка, Наталля Мельнiк, Лiлiя Лабус, Iгар Гапа, на практыцы пацвярджаюць прынцып «Стараста — гэта не званне i не пасада. Гэта спосаб жыцця».

— Клiмавiцкi, Асiповiцкi, Краснапольскi i Магiлёўскi раёны вельмi паказальныя ў плане работы з iнiцыятывамi грамадзян, — адзначыла намеснiк старшынi Магiлёўскага абласнога Савета дэпутатаў Iрына Раiнчык. — Мы вырашылi зрабiць аналiз iх дзейнасцi i паказаць iншым раёнам, якiм чынам можа быць пастаўлена работа па грамадскiм самакiраваннi.

— Трэба аб'яднаць патэнцыял i магчымасцi партнёраў адпаведнай тэрыторыi для самастойнага вырашэння пытанняў мясцовага значэння, развiцця iнiцыятывы i арганiзацыi дыялогу з насельнiцтвам, — падкрэслiла выканаўчы дырэктар Магiлёўскай абласной асацыяцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў Палiна Церашкова. — Уцягванне камiтэтаў тэрытарыяльных органаў самакiравання ў рашэнне агульнагарадскiх, раённых задач непазбежна прывядзе да ўмацавання iнстытута мясцовага самакiравання.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва асацыяцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў

Загаловак у газеце: Дапаможнiк для iнiцыятыўных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».