Вы тут

Масачны рэжым. Што i каму мы павiнны ў гэтым жыццi


Сёння навiна дня — у Мiнску ўведзены абавязковы масачны рэжым. Усе ходзяць, абмяркоўваюць, разважаюць, цi трэба сядзець у той масцы, калi ты адзiн у кабiнеце. Настрой пануе хутчэй легкадумны, такое ўражанне, што нiкога гэта паведамленне асаблiва не закранула. Вось каб вясной, на пачатку эпiдэмii, яго абвясцiлi — тады быў бы гвалт i аларм. Усе б кiнулiся па маскi, якiя тады пэўны час былi ў дэфiцыце, пэўна, нехта б з некiм пасварыўся цi пабiўся, навiнавыя сайты стракацелi б iнфармацыяй пра дэфiцыт, пра цэны, пра тое, што робiцца i не робiцца, каб збiць ажыятаж... А цяпер што — нецiкава зусiм — маскi аднаразовыя i шматразовыя розных колераў i фасонаў прадаюцца не тое што ў крамах i аптэках — у шапiках на прыпынках. Купiў, надзеў, пайшоў далей. Справы ўсяго на дзве хвiлiны, i праблем з выкананнем вымушана ўведзенага рэжыму пагалоўна ўсiмi насельнiкамi i гасцямi сталiцы быць не павiнна.


Але — i кiньце ў мяне камянюкай, калi гэта не так — я ўпэўнена, што праблемы будуць. Калi яшчэ можна ўявiць, што без маскi ў метро цi магазiн чалавека проста не пусцiць ахова, дык як быць з тралейбусамi i аўтобусамi (асаблiва ў час пiк)? Спадзявацца на тое, што ўсе раптам уключаць калi не грамадскую свядомасць, дык iнстынкт самазахавання, неяк сёння не даводзiцца. Магчыма, iх дапамаглi б уключыць штрафы, як напрыклад, у Германii, дзе за з'яўленне без маскi ў грамадскiм месцы заплацiш 50 еўра i больш. Але ж у нас пакуль што штрафы не прадугледжаны, i толькi ўрачы нясмела так гавораць пра найгоршыя санкцыi, якiя мы выстаўляем сабе самi, — верагоднасць заразiцца абсалютна непрадказальнай немаччу i заразiць сваiх блiзкiх. Але цi многiя iх, урачоў, чуюць?

Нядаўна давялося ў будны дзень ехаць на прыгарадным «дачным» аўтобусе на Мiнск. Пасля абеду на iм вяртаюцца са сваiх участкаў пенсiянеры, маладзейшыя людзi ў гэты час вялiкая рэдкасць. Тым разам з маладзейшых ехалi толькi я ды жанчына з велiкаватай ужо дзяўчынкай гадоў дзесяцi. I мацi, i дачушка былi без масак. Гэта стала вельмi заўважна, калi на прыпынках пачалi заходзiць пажылыя дачнiкi. Вы не паверыце, але гэта сапраўды так — ва ўсiх былi закрытыя маскамi твары. Калi iх стаў амаль цэлы аўтобус, мацi з дачкой на фоне гэтага лакальнага масачнага рэжыму глядзелiся як белыя вароны. Бабулi i дзяды кiдалi на iх дакорлiвыя позiркi, але вы думаеце, iх гэта збянтэжыла? Яны гучна размаўлялi, смяялiся, малая яшчэ i раз-пораз кашляла, нават не прыкрываючыся далонню. Калi ж нарэшце адна пажылая жанчына вельмi ветлiва папрасiла або надзець маскi, або хаця б памаўчаць, маладзiца выдала ёй у твар цэлую тыраду. Калi пераказваць коратка — мне той вiрус па барабане, я маладая, нi мяне, нi дачку халера не возьме. А што магу вас заразiць — дык я вам нiчога не павiнна i ўвогуле нiкому тут нiчога не павiнна. Баiцеся — адыдзiце далей. А мы як ехалi, так i паедзем згодна з купленымi бiлетамi.

Я гэту асобу даволi добра ведаю, яна ў недалёкай ад маёй вёсцы садзiлася ў аўтобус, пажылы бацька яе праводзiў, пяшчотна так унучку цалаваў. Хацела ёй штосьцi сказаць у адказ, але што? Яна ж мне сапраўды нiчога не павiнна, а заклiкаць чужога па сутнасцi чалавека да сумлення — мы для гэтага надта далiкатныя. Што само па сабе нядрэнна. З гэтымi думкамi я толькi ўнурыла твар пад маскай яшчэ i ў каўнер i неяк даехала да горада.

Мы сапраўды нiчога нiкому не павiнны. Але ж многiя з нас так доўга апошнiм часам расказвалi самiм сабе, якiя мы неверагодныя, як нават падчас масавых хаджэнняў па сталiцы здымаем абутак, калi становiмся на лаўку, i прыбiраем пасля сябе смецце, якiя мы салiдарныя, як адно аднаго падтрымлiваем. Куды ж тады дзяецца наша неверагоднасць, калi мы спускаемся ў метро без маскi, размаўляем, смяёмся з сябрамi (я перш за ўсё маладых людзей маю на ўвазе, якiя гэтай самай уласнай неверагоднасцю больш за ўсё i цешацца). Такiя прыгожыя, упэўненыя ў сабе, i мы нiчога не баiмся, i мы крутыя, не тое, што гэтыя дзiвакi са схаванымi па самыя вочы тварамi. (Кожны, хто ездзiў у мiнскiм метро, не сумняваюся, лавiў на сабе позiркi хлопцаў i дзяўчат, у якiх гэта чыталася.) А што ў сябра цi проста ў таго незнаёмага хлопца, які едзе побач у вагоне, бабуля заўтра трапiць з цяжкiм паражэннем лёгкiх у рэанiмацыю — дык гэта не мы. Гэта не наша зона адказнасцi. I да нашай неверагоднасцi, чалавечнасцi, сумленнасцi гэта нiякiх адносiн не мае...

Вось я, магчыма, дрэнна пра нас усiх думаю, але здаецца, што ўвядзенне масачнага рэжыму мала што зменiць. Пакуль у нас самiх нешта ў галаве не шчоўкне. А шчоўкае яно, як правiла тады, калi закранае асабiста. Я нездарма прыгадала той выпадак у аўтобусе. Знаёмыя сярод навiн нашага вясковага наваколля расказалi пра бацькоў той маладзiцы, якiх пазаўчора абаiх з пнеўманiяй забрала «хуткая». Я ўвогуле чалавек не злы, але вельмi хацелася б сёння пачуць ад яе, што i каму яна павiнна.

Алена ЛЯЎКОВIЧ

Фота: grodnonews.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.