Вы тут

Мікалай Каспяровіч. Піянер краязнаўчага руху


Сярод шматлікіх кніг з асабістых бібліятэк беларускіх літаратараў, гісторыкаў і краязнаўцаў, падараваных Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, захоўваюцца выданні са збору выдатнага беларускага краязнаўцы, мастацтвазнаўцы і літаратуразнаўцы 1920-х гадоў Мікалая Каспяровіча.


Мікалай Іванавіч — адзін з прадстаўнікоў бліскучай кагорты навукоўцаў, выхадцаў з простага народа, якія зрабілі значны ўнёсак у беларускую навуку. Многае з таго, пра што ён гаварыў і пісаў, актуальна і сёння. Колькі яшчэ мог зрабіць гэты надзвычай таленавіты чалавек, калі б не гвалтоўнае адлучэнне ад навукі, а потым і трагічная смерць у 37 гадоў.

Нарадзіўся М. Каспяровіч у маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён) у сям’і арандатара. З 12 гадоў, пасля заканчэння царкоўнапрыходской школы, пачаў працаваць. Падчас Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй трапіў у Кастрамскую губерню Расіі. На радзіму вярнуўся толькі ў 1917-м. Быў настаўнікам і інструктарам беларускіх школ у Ігуменскім павеце, паступіў у Мінскі настаўніцкі інстытут, які рэарганізавалі ў Інстытут народнай асветы. Вучыўся і далей: скончыў Беларускія курсы, Вышэйшыя мінскія педагагічныя курсы, Вышэйшыя курсы беларусазнаўства. З 1922 г. — член Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасці.

У пачатку 1920-х гадоў Мікалай Каспяровіч працаваў інструктарам Наркамата асветы БССР, потым інспектарам сацыяльнага выхавання Слуцкага аддзела народнай адукацыі, займаўся арганізацыяй беларускіх школ. Праблем было шмат: не хапала падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, кадраў.

Мікалая Каспяровіча лічылі піянерам краязнаўчага руху на Случчыне. У 1923 г. ён арганізаваў краязнаўчую канферэнцыю, прысвечаную пытанням выкладання беларускай мовы і літаратуры.

Спецыяльная камісія пад яго кіраўніцтвам займалася стварэннем музеяў. Імкнуліся арганізаваць у школах хоць невялічкія музейныя куткі. Асаблівую ўвагу звярталі на ахову помнікаў старажытнасці і мастацтва. Слуцкая павятовая камісія беларусазнаўства — адна з першых краязнаўчых арганізацый у Беларусі.

У 1924 г. Мікалая Іванавіча па загадзе Наркамасветы Беларусі пераводзяць у Віцебск на пасаду інспектара па сацыяльным выхаванні ў Акруговы аддзел народнай адукацыі. Тут ён аднавіў Акруговае таварыства краязнаўства — дзейсную арганізацыю, якая адпавядала патрэбам часу. Вялікую метадычную дапамогу краязнаўчым суполкам аказвалі складальнікі зборніка «Віцебшчына » (пад кіраўніцтвам і рэдакцыяй М. Каспяровіча), які выдавала Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства, і супрацоўнікі рэспубліканскага часопіса «Наш край», на старонках якога актыўна друкаваўся вучоны.

У фондах аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца экзэмпляры выдання «Віцебшчына» (2 тамы). У першым, які пабачыў свет у 1925 г., надрукаваны артыкулы М. Каспяровіча: тэкст даклада «Віцебская архітэктура ў гістарычным аспекце», нататкі пра народны арнамент.

Пры падтрымцы М. Каспяровіча ў Віцебску ўзнікла філія Усебеларускага аб’яднання творчай моладзі «Маладняк», якая займалася прапагандай беларускай літаратуры сярод вяскоўцаў. Сярод яе мерапрыемстваў — святкаванне 20-годдзя творчай дзейнасці Янкі Купалы. На вечарыне прысутнічаў сам класік беларускай літаратуры. Значнай падзеяй стала святкаванне юбілею Змітрака Бядулі.

Актыўная навуковая праца М. Каспяровіча звярнула на сябе ўвагу кіраўнікоў сферы айчыннай адукацыі і навукі. У Віцебску вучоны правёў шэраг выдатных даследаванняў. У ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца «Беларуска-расійскі слоўнічак», «Віцебскі краявы слоўнік», «Віцебскі краёвы слоўнік: (матар’ялы)» і інш.

У 1926 годзе М. Каспяровіча перавялі ў Мінск на пасаду навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі, адначасова ён быў прызначаны адказным сакратаром друкаванага органа гэтай арганізацыі — краязнаўчага часопіса «Наш край», які ўзначальваў Змітрок Бядуля.

Шмат часу вучоны аддаваў этнаграфічным даследаванням, якія былі неад’емнай часткай краязнаўчай праграмы Інбелкульта. Калі віцебскі перыяд адзначаны дзейнасцю па збіранні і апісанні калекцыі для Віцебскага гістарычнага музея, дык у Мінску даследчык заняўся распрацоўкай метадалогіі збіральніцтва калекцый. Па яго меркаванні, этнаграфічная калекцыя павінна была ўтвараць аснову нацыянальнага музея.

У 1929 г. пабачыла свет адно з галоўных даследаванняў М. Каспяровіча — «Краязнаўства: Нарысы» — значная праца навукоўца, якая не страціла каштоўнасці і сёння. Гэта своеасаблівы вынік дзейнасці па вывучэнні роднага краю. Нарысы пра вандроўкі па розных мясцінах Беларусі — асобны жанр у яго спадчыне. Сярод ранніх публікацый Мікалая Іванавіча ёсць апавяданні аб вандроўках: «Менск — Зарэчча», «Менск — Беніца» (артыкулы на старонках «Савецкай Беларусі» за 1920 г.).

У фондах кніжніцы захоўваецца цікавая краязнаўчая праца М. Каспяровіча — артыкул «Пра быт на Чэрвеншчыне », змешчаны ў зборніку «Чэрвеншчына» (1930). Аўтар распавядае пра склад насельніцтва ў раёне, асноўная частка якога — беларусы. Ён піша, што іх побыт мала чым адрозніваецца ад побыту прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей. Яўрэі надзвычай добра валодаюць беларускай мовай, татары гавораць толькі па-беларуску, як і пераважная большасць палякаў. У даследаванні апісваюцца сядзібы, хаты, лазні, гумны, адзенне. Аўтар піша, што большасць вяскоўцаў носіць саматканую адзежу з лёну і толькі ў выключных выпадках — з канапель. Моладзь імкнецца хадзіць у куплёным, асабліва ў выхадныя дні. Шыюць адзежу ў асноўным самі, часам мясцовыя краўцы. Нататкі пра «старую» Чэрвеньшчыну М. Каспяровіч напісаў у 1929 г. пасля экспедыцыі па гэтым краі.

Цікавасць вучонага да мастацкай спадчыны выявілася падчас працы ў Віцебску. Мастацкая секцыя Віцебскага таварыства краязнаўства, у якой М. Каспяровіч прымаў самы актыўны ўдзел, на працягу 1925—1926 гг. ажыццявіла шэраг выданняў, прысвечаных праблемам мастацтва. Збіраючы гістарычны матэрыял, М. Каспяровіч надрукаваў артыкул «Матэрыялы да вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва», які быў змешчаны ў выданні «Маладняк » (1927).

У снежні 1926 г. на пасяджэнні камісіі гісторыі мастацтва Інбелкульта Мікалай Іванавіч выступіў з дакладам «Беларускі экслібрыс», у якім разгледзеў кніжны знак у гістарычным развіцці пачынаючы з XVI ст. У дакладзе праявілася цікавасць аўтара не толькі да праблем гісторыі і культуры, але і да праблем беларускай кнігі. Работы вучонага «Беларускі кніжны знак» змяшчаліся на старонках перыядычных выданняў: «Чырвоны Сейбіт» — «Менск у графіцы А. М. Тычыны»; «Чырвоная Краіна» — «Беларускае мастацтва»; «Наш Край» — «Краязнаўства ў сучаснай графіцы».

У 1926 г. у Мінску па ініцыятыве М. Каспяровіча, прафесара М. Шчакаціхіна, мастакоў А. Шлюбскага і А. Тычыны было створана Беларускае таварыства бібліяфілаў. Адзіным следам існавання гэтай суполкі з’яўляецца кніга А. Шлюбскага «Exlibris’ы А. Тычыны» (1928), якая выйшла тыражом 200 экзэмпляраў. Сёння яе экзэмпляр знаходзіцца ў фондах ЦНБ НАН Беларусі. Між экслібрысаў, выкананых Анатолем Тычынам, прысутнічае экслібрыс М. Каспяровіча. На малюнку, выкананым у тэхніцы цынкаграфіі, беларускія старадаўнія арнаменты, карта Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі; з левага боку — літара «М», якая азначае месца знаходжання сталіцы Беларусі і адначасова з’яўляецца першай літарай імя ўласніка знака.

У фондах ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца кнігі з асабістага кнігазбору М. Каспяровіча з яго экслібрысам. Піянер краязнаўчага руху На жаль, ніводнай кніжкі з яго асабістай бібліятэкі з экслібрысам Анатоля Тычыны не знойдзена. Але вядома, што А. Тычына зрабіў экслібрыс на кнігі М. Каспяровіча па беларусазнаўстве. У фондах кніжніцы на кнігах з бібліятэкі М. Каспяровіча ёсць экслібрыс беларускага мастака Яўхіма Мініна. Біяграфія мастака яркая і цікавая, а лёс, на жаль, таксама кароткі. Выкладаў у Віцебскім мастацка-практычным інстытуце, Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Адзін з асноватворцаў беларускага экслібрыса, выканаў кніжныя знакі М. Каспяровіча, А. Шлюбскага, І. Мялешкі і інш. Усяго вядома дзесяць яго работ. У 1930-я гады мастак афармляў літаратурныя творы Максіма Горкага і Івана Тургенева. Быў членам Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства, Беларускага таварыства бібліяфілаў, Камісіі гісторыі мастацтва Інстытута беларускай культуры. Экслібрыс М. Каспяровічу ён зрабіў у 1925 г., калі той знаходзіўся ў Віцебску. М. Каспяровіч друкаваўся на старонках мясцовай прэсы, арганізоўваў краязнаўчую і пісьменніцкую суполкі, чытаў лекцыі, займаў розныя пасады ў гарадскіх аддзелах культуры. Яшчэ не выйшаў славуты «Віцебскі краёвы слоўнік», не напісана галоўная кніга яго жыцця «Краязнаўства», яшчэ ён поўны планаў і задум. А мастак стварае для яго экслібрыс. Вобразны, запамінальны, сімвалічны.

У цэнтры малюнка экслібрыса — выява дзяўчыны са старадаўнім фаліянтам у руках. Побач гусінае пяро з чарніліцай. Хто яна, гэтая прыгажуня? Магчыма, мастак уявіў маладую Беларусь, якая ўважліва ўчытваецца ў сваю яшчэ добра не спазнаную гісторыю, сваю будучыню. З левага боку размешчана арнаментальная палоска са стылізаваным васільком, узятая са старых віленскіх выданняў, і адпаведны надпіс на беларускай мове: «З кнігі М. Касьпяровіча».

Асабісты кнігазбор М. Каспяровіча малавядомы. Але кантакты вучонага з многімі дзеячамі беларускай навукі і культуры дазваляюць сцвярджаць, што ў яго бібліятэцы было шмат кніг, у тым ліку падараваных аўтарамі, з аўтографамі і дарчымі надпісамі.

Алена ДЗЕНІСЕНКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.