***
Скрыпка ў юных руках у Сымона-музыкі.
Струн шчымотных яе чую вечныя зыкі.
Тут, на плошчы,
дзе мудры пясняр прыпыніўся,
Бессмяротнаю музыкай зноўку я ўпіўся.
Пад бярозамі рослымі моўчкі праходжу
І Сымонаву постаць вачамі знаходжу,
І на твар песняра з-пад бяроз пазіраю:
Строга слухае ён, што Сымонка іграе.
Быццам хоча спытаць:
граеш, хлопча, ці тое?
Бачыш, сонца ўзышло над зямлёй
залатое.
Іншы люд, іншы час — і другія напевы,
Як і іншага ветру уздыхі-павевы.
Трэба струнам разгон даць, юнак,
небывалы,
Каб гучала айчынная музыка шквалам,
Сэрцы тых, хто адрокся ад мовы,
паліла
Нескаронага духу магутнаю сілай,
Каб у кожнай душы Беларусь красавала
І прыгодна і годна з былін паўставала,
Засяляла сучаснасці новай прасторы,
Каб не стаў наш народ
на бяспамяцтва хворы.
Ты, Сымонка, зайграй, а я сэрцам пачую,
Падкажу табе, граць трэба песню якую.
Іх стварыў мноства я ў дні
сірочай нядолі,
Што пад неба Айчыны не вернецца болей,
Іх балесна спяваў на пажарышчы хаты,
Перажыўшы душой лёсу
скрушныя страты, —
На вайне той пакінуўшы жонку і сына.
Ды краіна і я — падняліся з руінаў.
І сягоння, Сымон, мы з табою абое
Ўсё павінны зрабіць тут, каб слова жывое
Самай спеўнаю музыкай свету гучала.
Калі ўдвух не асілім — пасобіць Купала,
Страсяне над зямлёй гэтак неба
прасторы,
Што агністай расою асыплюцца зоры.
…Я глядзеў на рухавыя пальцы Сымона,
Сёння гралі яны так парыўна-натхнёна,
Што прахожыя ўсе прыпыніліся — чулі
Гукі музыкі той ў плошчы ранішнім гуле,
І яна узнімала іх душы на крылы,
І сваю Беларусь ў сэрцы кожным
тварыла.
***
Настаўнікі мае школьныя —
Вайною душы пасечаныя —
У дні светлыя, вольныя
Вучылі ўсяму чалавечаму.
На ўроках нат не абмовіліся,
Як у крывавым пекле
З помстай кіпучай змовіліся,
Ворага трапна секлі.
Гісторык Васіль Адамавіч
У партызанскім атрадзе
Фашысцкімі крочыў слядамі,
Засады з байцамі ладзіў.
Матэматык Міхаіл Паўлавіч,
Каго ў нябёсах насіла,
Цыстэрны варожыя спальваў
Бомбакіданнем з «Іла».
Завуч Уладзімір Фёдаравіч*,
Камандзір франтавой разведкі,
Не раз языкатага ворага
Прыводзіў жыўцом у сведкі.
Настаўнікі мае школьныя
Прадметы свае выкладалі,
На нас, гарэзных свавольнікаў,
Прыхмурана паглядалі.
Дазналіся мы ад іншых,
Дзе, як ваявалі яны
І ворага білі, нішчылі
Няшчадна ў гадзіну вайны.
Патрабавальнымі, строгімі
На ўроках заўсёды былі…
Сумленна сваімі дарогамі
За імі і мы пайшлі.
Бурка
Над Нараччу на дачы Куляшова
Бурка, з Каўказа далёкага госця,
Забыта вісіць ды хмурыцца сурова:
Паэта не бачна штосьці!
На цвік павесіў і недзе падаўся,
Зусім пра яе пазабыў.
Хаця б на раніцы прывітаўся,
Дзверы ў пакой адчыніў.
На плечы, варсістую,
хоць бы накінуў,
Усцешыў павагай спаўна,
І позіркам гордым, каўказскім,
арліным
На Нарач паглянуў з акна.
…Бурку па ворсе шорсткім
пагладзіў,
Ды толькі прызнацца не змог:
Паэт ёй, госці каўказскай, не здрадзіў,
Бо родны пакінуў парог.
Падаўся туды, дзе барвяныя зоры —
Вунь ранішні след на вадзе.
З вечнасцю ён ужо год каторы
Свае дыялогі вядзе.
І засталася пакрыўджанай бурка
Паэта ў пакоі чакаць.
Прасіла і соннага раскатурхаць,
Каб зноўку яго рука,
Як колісь на сцэне, з усёй цеплынёю
Кранула,
Знайшоў каб хоць колькі хвілін,
І разам бы прыгадалі ўсё тое,
Што зычылі горцы —
Расул і Кайсын.
Арольда Конці. 1976
Гэта Арольда Конці,
Да вас прамаўляю з журбою.
Я — на нябачным фронце,
Мой стол — маё поле бою.
Я словам змагаўся з хунтай,
Не адсядзеўся ціха,
Калі лёс адважваў фунтамі
Маёй Аргенціне ліха.
Кляйміў я Айчыны ворагаў
Гнеўным словам заўсёды
І расплаціўся дорага
За кожны глыток свабоды.
Я жыў на ўскраі балота
У ціхай вясковай хаціне,
Мяне жыўцом з самалёта
Зубам кракадзіла скінулі.
Гэта Арольда Конці,
Да вас прамаўляю з журбою,
Павек на нябачным фронце,
Мой стол — маё поле бою.
***
«Як у Бога за пазухай!» —
Кажуць так пра шчаслівых.
Толькі ў Бога за пазухай
А ці быў я калі?
Мабыць, быў, бо не раз
Ў днях пагрозна-жахлівых,
Сцісшы ў сэрцы адчай,
Ўваскрасаў на зямлі.
Толькі вера адна
Боль змагчы дапаможа
І падорыць душы
Сіл гаючых уздым.
Верце ў скрусе Яму! —
У запазусе Божай
Тут, на грэшнай зямлі,
Месца хопіць усім.
***
Будуць падаць снягі на зямлю —
Не твае!
Будуць ветры шумець над зямлёй —
Не твае!
Будуць ліўні шаптацца з зямлёй —
Не твае!
Будзе сонца ўставаць над зямлёй —
Не тваё!
Будуць птушкі спяваць на зямлі —
Не твае!
Будуць дрэвы стаяць над зямлёй —
Не твае!
Будуць сцежкі ляжаць на зямлі —
Не твае!
Будзе жыта расці на зямлі —
Не тваё!..
Толькі будуць ісці праз стагоддзі па ёй
Дзеці, ўнукі і праўнукі,
Сотні пра… пра… —
Ўсе твае!
***
Вось і горад уступае ў раніцу —
Гудка ўздрыгнуў коламі імклівымі,
Шчэ ў агуслым, пашарэлым мораку
Заблішчэў акон жаўцяным
россыпам,
Сілуэты гмахаў начапураных
На палосцы неба праявіліся,
Кволая зара ружовашчокая
Да бетону сцен халодных горнецца,
І міргаюць ліхтары вачастыя,
Уздоўж вуліц стройна
маршыруючы.
Я з балкона з горадам вітаюся, —
Як і я, ён размінае мускулы, —
Чую сэрца стук яго каменнага,
Бачу твар яго бетонна-стоены —
Прасвятлеў, вачамі вокан лыпае,
Свежаком залётным выціраецца.
* Васіль Адамавіч Зелянкоўскі, Міхаіл Паўлавіч Рудчанка, Уладзімір Фёдаравіч Піляк.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.